«Расейскія сілы, якія дзейнічаюць на поўдні Ўкраіны, імаверна, павялічваюць паток матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня праз Марыюпаль (Данецкая вобласьць. — РС), спрабуючы кампэнсаваць зьніжэньне прапускной здольнасьці Керчанскага моста», — адзначаюць у брытанскай выведцы.
Паводле выведнікаў, ва ўмовах напружаньня ў Херсоне і пагаршэньня маршрутаў паставак праз Крым наземная лінія сувязі праз Запароскую вобласьць становіцца ўсё больш важнай для ўстойлівасьці расейскай акупацыі, а горад Мелітопаль зьяўляецца вузлом шляхоў забесьпячэньня і месцам маштабнай прысутнасьці расейскай авіяцыі.
Марыюпаль мяжуе з так званай «Данецкай народнай рэспублікай», у якую Расея накіроўвае жывую сілу і тэхніку празь некантраляваны Ўкраінай з 2014 году ўчастак украінска-расейскай мяжы. З Марыюпалю да Мелітопалю Запароскай вобласьці каля 200 кілямэтраў, і ўся гэтая тэрыторыя — пад часовай акупацыяй расейскіх войскаў.
Бясьпека Ўкраіны залежыць ад вызваленьня поўдня ад расейцаў
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) сьцьвярджаюць, што ўкраінскія падразьдзяленьні працягваюць наступ у Херсонскай вобласьці.
«Украіна павінна вярнуць пэўныя тэрыторыі, якія зараз знаходзяцца пад расейскай акупацыяй, каб гарантаваць сваю доўгатэрміновую бясьпеку і эканамічную жыцьцяздольнасьць. Здольнасьць Украіны абараніць сябе ад наступнага расейскага нападу патрабуе вызваленьня большай часткі Херсонскай і Запароскай абласьцей», — адзначаецца ў штодзённай справаздачы ISW.
Паводле амэрыканскіх экспэртаў, эканамічнае «здароўе» Ўкраіны патрабуе вызваленьня астатняй часткі Запароскай вобласьці і большай часткі Данецкай і Луганскай абласьцей, у тым ліку тых тэрыторый, якія Расея захапіла ў 2014 годзе.
«Бясьпека Ўкраіны будзе істотна ўзмоцнена вызваленьнем Крыму, што таксама прынясе карысьць здольнасьці NATO гарантаваць бясьпеку свайго паўднёва-ўсходняга флянгу», — адзначаюць у Інстытуце вывучэньня вайны.
У справаздачы зьвяртаюць увагу на тое, што «намеры Пуціна ў дачыненьні да Ўкраіны наўрад ці зьменяцца, нават калі дамовяцца аб спыненьні агню. Крэмль выкарыстае любое спыненьне баявых дзеяньняў, каб замацаваць свае посьпехі, замарозіць лінію фронту і падрыхтавацца да новага этапу агрэсіі супраць Украіны.
Паводле амэрыканскіх экспэртаў, доўгатэрміновая абароназдольнасьць Мікалаева, Адэсы і ўсяго ўкраінскага Чарнамор’я ў немалой ступені залежыць ад вызваленьня заходняга Херсону.
Кантроль Расеі над ЗАЭС — ядзерная пагроза для чарнаморскага рэгіёну
Вызваленьне ключавых тэрыторый на ўсходзе Херсонскай і захадзе Запароскай абласцей таксама важнае і з пункту гледжаньня разьмяшчэньня Запароскай АЭС. Калі Ўкраіна страціць станцыю, спатрэбяцца значныя інвэстыцыі, каб кампэнсаваць генэрацыйныя магутнасьці.
«Прадэманстраваная Расеяй безадказнасьць у дачыненьні да ядзерных абʼектаў ва Ўкраіне таксама робіць вяртаньне станцыі пад кантроль Украіны важным з пункту гледжаньня бясьпекі», — адзначаецца ў справаздачы ISW.
Паводле экспэртаў, дазвол Маскве захаваць кантроль над Запароскай АЭС ставіць Украіну і ўсе чарнаморскія дзяржавы пад пастаянную небясьпеку наступстваў жаданьня Расеі «гуляць» зь ядзерным агнём. «Таму расейцаў таксама трэба трымаць па-за межамі радыюсу дзеяньня артылерыі Энэргадара», — мяркуюць яны.
Яшчэ адной пагрозай для атамнай станцыі экспэрт называюць працяг расейскай акупацыі Мелітопаля, які зьяўляецца важным вузлом дарог, якія ідуць ад Дняпра вакол плаціны Новая Кахоўка да ўзьбярэжжа Азоўскага мора і ў канчатковым выніку да Марыюпалю, з аднаго боку, і з другога — у акупаваны Крым.
«Калі расейцы захаваюць кантроль над Мелітопалем і дарогамі, якія ідуць ад яго на поўдзень і ўсход, яны могуць і, хутчэй за ўсё, ператвораць яго ў буйную мілітарызаваную базу, зь якой можна будзе наносіць мэханізаваныя атакі па пераважна роўных стэпавых землях на поўнач і захад. Такая база, якая можа быць падобнай да Белгарада ў Расеі па абʼёме вайсковых абʼектаў і магчымасьцях, стане пастаяннай пагрозай для Запароскай АЭС, украінскіх пазыцый на ўсходнім беразе Дняпра і буйных гарадоў, у тым ліку Запарожжа і Дніпра», — тлумачаць экспэрты ў сваёй справаздачы.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.