За мінулыя суткі ўдары расейскіх войскаў атрымалі больш за 20 населеных пунктаў, паведамілі ў Генштабе Узброеных сіл Украіны.
Паводле зьвестак штаба, праціўнік нанёс два ракетныя і 26 авіяўдараў, нанёс больш за 80 удараў з рэактыўных сістэм залпавага агню.
«Пад удары праціўніка патрапілі больш за дваццаць населеных пунктаў:: Белапольле ў Сумскай вобласьці, Славянск, Паўлаўка і Навасёлка ў Данецкай вобласьці, Марганец у Днепрапятроўскай вобласьці, Праўдзіна і Білагірка ў Херсонскай вобласьці. Войскі РФ атакавалі Мікалаеў з пятнаццаці бесьпілотнікаў-камікадзэ, адзінаццаць з якіх былі зьбітыя», — гаворыцца ў паведамленьні.
Раніцай у панядзелак, 17 кастрычніка, сталіцу Ўкраіны Кіеў атакавалі з бесьпілётнікаў-камікадзэ. У Кіеве прагрымела некалькі выбухаў, пазьней над адным з будынкаў у цэнтры гораду падняўся дым, пішуць украінскія СМІ. У нежылым доме на месцы прылёту пачаўся пажар.
Сьпікер Паветраных сіл Украіны Юры Ігнат на брыфінгу 17 кастрычніка паведаміў, што ўсё дроны Расея запусьціла з паўднёвага кірунку. Паводле яго, з 21.30 16 кастрычніка да 11-й 17 кастрычніка ўкраінскія вайскоўцы зьбілі 37 дронаў іранскай вытворчасьці.
Пазьней у эфіры тэлеканалу Юры Ігнат удакладніў, што раніцай 17 кастрычніка з тых дронаў, што заляцелі на тэрыторыю Ўкраіны, ніводны зь іх ня быў запушчаны з тэрыторыі Беларусі.
«На мінулым тыдні зь Беларусі запускаліся 13 дронаў, і яны былі зьбітыя», — сказаў Юры Ігнат.
«Працуюць пажарныя падразьдзяленьні. Пашкоджана некалькі жылых дамоў. На месцы знаходзяцца мэдыкі. Інфармацыя аб пацярпелых удакладняецца», — дадаў мэр Кіева Віталь Клічко. Знайшлі цела аднаго загіблага, трох пацярпелых шпіталізавалі, выратавальная апэрацыя працягваецца.
Кіраўнік украінскага ўраду Дзяніс Шмыгаль паведаміў, што раніцай 17 кастрычніка Расея атакавала энэргетычную інфраструктуру ў трох абласьцях Украіны.
«У прыватнасьці, зафіксавана пяць удараў дронамі ў Кіеве. Пашкоджаны энэргетычныя аб’екты і жылы будынак. Агрэсар таксама нанёс удар па крытычнай інфраструктуры на Днепрапятроўшчыне і Сумшчыне. Сотні населеных пунктаў абясточаныя ў выніку атакі», — паведаміў Дзяніс Шмыгаль у сваім тэлеграм-канале.
У Кіеве працуюць сыстэмы СПА.
Кіраўнік Сумскай абласной вайсковай адміністрацыі Дзьмітро Жывіцкі паведаміў, што пасьля расейскага абстрэлу ягонага рэгіёну ёсьць пацярпелыя.
«Роменскі раён. Ракетны ўдар па аб’ектах крытычнай інфраструктуры пасьля 5-й раніцы. Ёсьць пацярпелыя», — напісаў ён у Telegram.
Таксама ноччу расейскія войскі атакавалі аб’ект энэргетычнай інфраструктуры ў Днепрапятроўскай вобласьці — там узьнік моцны пажар.
Украінскія вайскоўцы раніцай зьбілі тры расейскія крылатыя ракеты над Днепрапятроўскай вобласьцю, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі рэгіёну Валянцін Рэзьнічэнка.
«Да сьвітаньня вайскоўцы камандаваньня авіяцыі „Ўсход“ зьнішчылі тры расейскія крылатыя ракеты над рэгіёнам. Дзьве — над Крывароскім раёнам, адну — над Нікапальскім», — напісаў ён у тэлеграме.
Але, па словах Рэзьнічэнкі, адна расейская ракета пацэліла ў аб’ект энэргетычнай інфраструктуры — там моцны пажар.
Нікапальскі раён на ўсходзе краіны абстралялі з «Градаў» ды цяжкай артылерыі, туды прыляцела ажно 30 снарадаў.
Апошнім часам, акрамя ракетных удараў, Расея пачала актыўна выкарыстоўваць для нападаў бесьпілётнікі-камікадзэ іранскай вытворчасьці. Зь іх дапамогай акупанты наносяць удары па аб’ектах украінскай інфраструктуры.
Паводле ўкраінскай выведкі, Расея замовіла ў Іране 2400 бесьпілётнікаў-камікадзэ «Шагед». Напярэдадні, 16 кастрычніка, іранскія дроны-камікадзэ тыпу «Шагед-136» атакавалі Мікалаеў на поўдні Ўкраіны. Яны трапілі ў аб’екты прамысловай інфраструктуры і фармацэўтычны склад.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.