Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз шторм «Фіёна» ў Канадзе зьніклі цэлыя вуліцы. Іх, як і некалькіх чалавек, змыла ў мора


Руйнаваньні, якія прынёс шторм
Руйнаваньні, якія прынёс шторм

Стыхія, якая абрынулася на паўднёва-ўсходняе ўзьбярэжжа Канады, абарвала лініі электраперадач, і змыла ў мора дамы.

Адна жанчына прапала бязь вестак пасьля таго, як яе вынесла ў Лабрадорскае мора ў Ньюфаўндлэндзе, піша ВВС.

У пятніцу статус урагану «Фіёна» перавялі ў трапічны шторм. Такія зьявы — рэдкасьць у Канадзе, і паліцыя заявіла, што шторм быў «не падобны на тое, што мы калі-небудзь бачылі». Вайскоўцы накіраваныя ў Новую Шатляндыю для аказаньня дапамогі мясцовым жыхарам.

У некаторых раёнах пяці правінцый прайшлі праліўныя дажджы і хуткасьць ветру складала да 160 км/г, што прывяло да масавых паводак і сотняў тысяч людзей, якія засталіся безь сьвятла.

Прэм’ер-міністар Джастын Трудо сказаў: «Калі фэдэральны ўрад чымсьці можа дапамагчы, мы будзем там». Таксама ён сказаў, што больш не паляціць у Японію для ўдзелу ў пахаваньні былога прэм’ер-міністра Сіндза Абэ, бо Канадзе неабходна справіцца з наступствамі шторму.

Папярэджаньні аб трапічных штормах абвешчаныя ў атлянтычных правінцыях Новая Шатляндыя, Востраў Прынца Эдуарда, Ньюфаўндлэнд, Нью-Брансуік, а таксама ў некаторых раёнах Квэбэку.

У Порт-о-Баск з насельніцтвам 4067 чалавек на паўднёва-заходнім ускрайку Ньюфаўндлэнду інтэнсіўная паводка прывяла да таго, што некаторыя дамы і офісныя будынкі былі змыты ў мора, паведаміў CBC мясцовы журналіст Рэнэ Рой. У раёне дзейнічае надзвычайнае становішча. Ён дадаў, што многія дамы засталіся ў выглядзе «кучы друзу ў акіяне», дадаўшы: «Ёсьць жылы дом, якога літаральна ня стала. Ёсьць цэлыя вуліцы, якія зьніклі».

Пазьней афіцыйныя асобы пацьвердзілі, што як мінімум 20 дамоў страчаны.

Каралеўская канадзкая конная паліцыя паведаміла, што адну жанчыну выратавалі пасьля таго, як яе «закінула ў ваду, калі яе дом абрынуўся». Па іх словах, ёсьць яшчэ адно паведамленьне аб зьніклай жанчыне, але ўмовы заставаліся занадта небясьпечнымі, каб праводзіць пошукі.

Энэргетычныя кампаніі папярэджваюць, што аднаўленьне электразабесьпячэньня можа заняць некалькі дзён, паколькі хуткасьць ветру застаецца занадта высокай, каб пачаць працу на абарваных лініях электраперадач.

Апошні раз Новая Шатляндыя пацярпела ад трапічнага цыклёну ў 2003 годзе з ураганам «Хуан», штормам другой катэгорыі, у выніку якога загінулі два чалавекі і былі моцна пашкоджаны будынкі і расьліннасьць.

Раней на гэтым тыдні «Фіёна» ўжо прынесла хаос у Пуэрта-Рыка і Дамініканскую Рэспубліку, і многія раёны там застаюцца без электрычнасьці і вады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG