Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я адчувала сябе, як вадалаз». Частка 11 новай кнігі Зьмітра Бартосіка «Забіць упалмінзага»


Ядзейкі, Валожынскі раён

Прозьвішча Мятліцкага сустракаецца ледзь ня ў кожнай судовай справе, датычнай Радашкавіцкага раёну.

Ад вёскі Ядзейкі, што ляжыць за ляснымі пагоркамі на поўнач ад Ракава, засталося літаральна пару хат. У гэтых Ядзейках жыла, як паведамляе пратакол Маладачанскага суду, Шуляк Сьцепаніда Васілеўна, 1900 году нараджэньня, зь сялян-сераднякоў, непісьменная, удава, калгасьніца, беларуска. Але ні правільныя нацыянальнасьць і сацыяльны статус, ні нават тое, што Сьцепаніда ня проста ўдава, а ўдава франтавіка, пра што маўчыць пратакол, ня сталі абярэгам ад 80-га „бандыцкага“ артыкулу, паводле якога Сьцепаніда атрымала дзесяць гадоў лягеру.

„На территории Радошковического и смежных с ним районов Молодеченской и Баранавической областей действовала вооружённая бандитская группа, возглавляемая бандитами Метлицким и Шидловским, куда входили племянники подсудимой Шуляк — братья Лехтаровичи Мечеслав (убит) и Викентий, осуждён военным трибуналом.

Шуляк Степанида, проживая в дер. Ядейки Радошковического района, установила преступную связь с указанной бандой весной 1948 г. и поддерживала таковую до ареста, а именно встречалась с бандитами Метлицким и Лехтарович в своем доме, представляла им убежище в своем доме и надворных постройках для укрытия от преследования со стороны органов Советской власти. Представляла бандитам продукты питания“.

Я ішоў паўзь нежылыя хаты да апошняй, адкуль даносіўся дзіцячы голас. На зялёным шырокім двары перад старым домам маладая жанчына гуляла з маленькай дачкой. На прызьбе грэлася на сонцы хударлявая бабуля. Я назваў старой імя Сьцепаніды Шуляк. Старая ўсьміхнулася:

— Гэта мая мужыкова маці. Сьвякруха. Ліхтаровіч — яе дзявочая фамілія. А той Ліхтаровіч — яе родны брат, — пачала свой расповед Соф’я Шуляк. — Хто там яшчэ? Мятліцкі? Ня буду называць іх бандай. Бо на маіх вачах гадаваліся. Там і сыны, і бацькі добрыя. Былі багатыя людзі. А куды яны пасьля падзеліся? Прапалі. Толькі адзін адседзеў Мятліцкі дваццаць пяць год і вярнуўся сюды, Сьцяпан. Але ён тут ня жыў. Паехаў кудысьці. Не захацеў тут жыць. Паглядзеў гэтыя сялібы. А ўжо ж бацькі пазьміралі былі. А братоў там неяк пабілі... Заможная была сям’я. Вунь іх сад. А хату партызаны спалілі.

Соф’я Шуляк
Соф’я Шуляк

Які часам пастаральны бывае беларускі краявід за вакном аўтамабіля. То таполі адбіваюцца ў маляўнічай сажалцы, то мільгануць старыя прысады. Тут, каля дарогі на Ядзейкі, раскінуўся яблыневы сад. Уся гэтая пастараль з горкім смакам. Бо прырода не стварае сажалак і ня садзіць садоў. Гэта ўсё прыкметы да канца ня зьнішчанай несавецкай Беларусі. А ў большасьці выпадкаў гэта ўсё сьляды зьнішчаных гаспадароў, чыіх імёнаў ужо амаль ніхто ня памятае. Вось у гэтага саду гаспадарамі былі Мятліцкія. І ня трэба пратаколаў, каб зразумець, чаму браты Мятліцкія пайшлі ў лес. Рукатворная прыгажосьць — як знак бяды.

— У Мятліцкіх былі тры сыны. Сьцёпка, Віцька, Косьця. Сястра была. Аднаго застрэлілі. Ніхто ня ведае, хто. Сьцёпка сядзеў, Віцька быў у турме ды вярнуўся. І яны начавалі тут. Дык дажа што былі сястры дзеці — сядзелі па дваццаць пяць год. Дзеці Стэфкінай сястры! За тое, што зналіся. Многа сядзела нявінных.

Ну натуральна, не магло быць у тутэйшых мясьцінах пратакольнай Сьцепаніды і людзі яе памятаюць як Стэфку, Стэфанію. Як сказаў мне мовазнаўца Вінцук Вячорка, тыповая адаптацыя адпаведна расейскаму „кананічнаму” стандарту.

Стэфанія Шуляк
Стэфанія Шуляк

1949 год быў юбілейны. На працягу ўсяго гэтага году абласная газэта з нумару ў нумар не дае забыцца, каму спаўняецца 70 гадоў.

Мы шчасце ў жыцці адшукалі,
Мы выйшлі з спрадвечнай начы.
Народ наш адзначыў сам Сталін!

Радзіму любіць навучыў!

Вясёлыя песні па праву
Рыхтуй, беларускі народ.
Твая маладая дзяржава

Святкуе трыццаты свой год!

„Новае жыццё трывала ўваходзіць у быт. Не тужлівыя песні аб цяжкай нядолі, а бадзёрыя, жыццярадасныя ўрываюцца ў сельскую вуліцу, звіняць на вечарах у школе, усюды, дзе збіраецца моладзь. Гэтыя песні адлюстроўваюць не толькі сённяшні дзень, але і заўтрашні. У іх гучыць гонар за сваю маладую Совецкую краіну, за свайго правадыра. З вялікай любоўю і натхненнем паўтарае моладзь маладога калгаса выдатныя словы песні — «Сталин — это народ, что к победам идёт!»“

„Асобнае месца ў творчасці Янкі Купалы займае вобраз вялікага правадыра і настаўніка, друга беларускага народа, тварца беларускай дзяржаўнасці Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна. Лепшыя, найбольш дасканалыя і эмацыянальныя вершы Янкі Купалы належаць да цыкла песень аб Сталіне і яго партыі.

Як яснае сонейка — гэтак нам свеціць.
Шляхі ён да шчасця і радасці квеціць.
Каб гора не зналі старыя і дзеці“.

— Як хто правініўся, Сталін адразу застрэліць. Пры тым, што начальнік усім благі, — успамінае Соф’я Шуляк. — Добры начальнік ня будзе. Мой брат дваццаць пяць год брыгадзірам быў. Памёр даўно, але і да сёньня клянуць, што благі быў. Помню, трактар прыйдзе гэтыя землі араць, дык бабы пад трактар клаліся. Трактарыст вылезе, выцягне з-пад трактара — і паедзе далей араць. Ой... Клаліся пад трактар, каб не аралі яе зямлі. Собственнай. Гэта ж была собственнасьць яшчэ ад Польшчы. А калхоз абагуліў і пазабіраў. Што было лішняга, ня можна было, каб было. Адна карова і сотак трыццаць. Астатняе адбіралі. Я помню, Паўлючыха Шніпава пад трактар палезла. Дык трактарыст вылез, адцягнуў. Дык усе рагаталі.

Аказваецца, гэтая форма мірнага пратэсту, пра якую згадвае Соф’я Шуляк, кіданьне пад трактар, была распаўсюджаная ў Заходняй Беларусі ня менш за ўзброены супраціў.

— А ў Мятліцкіх бацькі былі ня ўрэдныя. З усімі яны і дзяліліся, і мірыліся. Але рабіць людзі ішлі, наймалі. А хто там дзе быў, ці ў бандытах, ці ў партызанах? Хто ў Сталіна быў, хто ў Гітлера? Такі быў час... Помню, ехалі паліць людзей... Гэта, мусіць, пры Сталіну. Пасьля ўсё казалі: дзе ты быў, як Доры гарэлі? Як завяжуцца вáдзіцца. „Дзе ты быў, як Доры гарэлі?“

„Доры“ для мясцовых людзей гучыць, як „Хатынь“. Як пекла. Доры спалілі 23 ліпеня 1943 году. Палілі ў царкве. 146 ахвяр, зь якіх 36 дзяцей. Тое, што спадарыня Соф’я блытае Сталіна з Гітлерам, можна патлумачыць узростам, усё ж 93-і год жыцьця! Але яна блытае Сталіна менавіта з Гітлерам. А як жа ўся гэтая газэтная бравада? Пра вялікага і мудрага? Выходзіць, гэты сталінскі салют не пакінуў у сьвядомасьці ніякага сьледу. Сталін і Гітлер пераблыталіся ў памяці старой, склаліся ў абое рабое.

Я сядзеў у хаце старой Соф’і, нявесткі рэпрэсаванай Стэфаніі Шуляк, за сталом разам з дачкой Соф’і, якая прыехала ў Ядзейкі праведаць маці. Мы разглядалі вялікі сямейны фотаальбом. У Стэфаніі і Стэфана Шулякоў было чацьвёра дзяцей. Яўген, Уладзімер, Марыя і малодшы Канстанцін. Вольга — дачка малодшага сына Канстанціна. Пра падзеі канца 1940-х Вольга даведалася ўжо дарослай. Гэта ад дзяцей утойвалі.

Вольга, дачка Соф’і
Вольга, дачка Соф’і

— Папа, он никогда не говорил про это. Никогда. Я сейчас говорила со своей сестрой, перед вашим приездом. Когда я ей позвонила, она начала плакать. У неё была почти истерика. „Это наша беда! Это наша судьба! Это наше горе! Никто не лезьте!“ Для них это был шок. Не так, как для меня. Я младше. Они больше знали. Папа вообще ничего не говорил про это, настолько для них это было болезненно. Ни за что осудили. Особенно дядю Женика. Он старший сын был. Я не то чтобы мимо этого. Меня старались не грузить. Я была самой младшей. И когда я ей сказала про вас, она агрессивно восприняла это. А назавтра позвонила: нет, Оля, встречайся, разговаривай. Меня это так тронуло, что я весь день не могла придти в себя. Я догадывалась, что мы „семья бандитов“. Какие-то непонятки, которые все умолчали и старались про это не вспоминать.

Сям’я бандытаў. Уяўляеце, як з такой пячаткай жыць у вёсцы? У якасьці ілюстрацыі я вам агучу кароткі дыялёг, які ў мяне адбыўся з кабетай з суседняй вёскі. Я зайшоў, каб пагаварыць на гэтую тэму зь яе мужам, 90-гадовым мясцовым старажылам. Да старога мяне не пусьцілі. На двары былі старая гаспадыня і яе дачка, якая прыехала з гораду.

Я (ветліва): Добры дзень, хацеў бы зь дзядзькам Лёнем пагаварыць.

Дачка (недаверліва): А чом?

Я: Пра сорак дзявяты год. Пра Стэфанію, пра Ліхтаровічаў.

Гаспадыня (заклапочана): Гэта тыя, што ў бандзітах былі?

Дачка (агрэсіўна гучна, каб заглушыць словы старой): Табе дзела, хто дзе быў? Ва ўсякіх бандзітах!

Гаспадыня (вінавата): Ну яны ж там былі. Пастралялі, падушыліся.

Увесь бандытызм Стэфаніі Шуляк заключаецца ў тым, што яна дала пераначаваць і паесьці сваім родным пляменьнікам, сынам брата. Дзесяць гадоў за чалавечнасьць. Але самым пацярпелым у гэтай справе выглядае старэйшы сын Стэфаніі Яўген, „дзядзя Жэнік“, чые паказаньні таксама паслужылі прысуду. Акрамя маці, былі арыштаваныя сыны Яўген і Ўладзімер. Уладзімера, як непаўналетняга, адпусьцілі. А вось Яўгена арыштавалі ў 1950 годзе, калі ён праходзіў тэрміновую службу ў Савецкай арміі.

Яўген Шуляк
Яўген Шуляк

— Дядя Женя, когда вернулся, он был вообще никакой. Он сразу уехал в Карелию. У него была не то что бы боль... Какая-то обида на всё. На жизнь, на судьбу. И больше он сюда... Хотя он старший... Бабушка отсидела и вернулась. Она страдала, но не так. Может, он в каких-то лагерях, в каких-то условиях был нестерпимых. Да ещё молодой совсем.

Нядоўга пажыўшы на радзіме, Стэфанія і Яўген паехалі ў Карэлію. Вярнуліся ў Беларусь у сярэдзіне 1970-х, пасяліліся ў Бабруйску. Яўген тут ажаніўся, нарадзіліся двое сыноў. Стэфанія памерла ў 1983 годзе.

— В Бобруйске все умерли. У них такая судьба поломанная. У него два сына было. Все поумирали. А вот наши все... Ой, не дай Бог, не хочу сглазить. Как-то всё у него кувырком. Не сложилось. Два сына умерли в молодом возрасте.

Вольга паказвае мне „Акт описи“ канфіскаванай маёмасьці ў Стэфаніі Шуляк.

— После её ареста остался папа с тётей Маней. Вот в этом доме жили. Свинья — две. Овцы — одна. Швейная машинка „Зингер“. Шкаф красный.

Тое, што самы справядлівы суд у сьвеце забраў у асірацелай сям’і машынку „Зінгер“, не зьдзіўляе. „Зінгер“ пасьля вайны быў нашмат каштоўнейшы за сёньняшні „Мэрсэдэс“. Няйначай, які міліцэйскі начальнік ужо пры першым ператрусе запрыкмеціў будучы трафэй. „Хороший будет подарок жене на Первомай“. Але на халеру ім старая шафа?..

— У меня было больше страданий, что деда забрали. В сорок четвёртом году. Он был непригодным для воинской службы. И по возрасту, и по инвалидности. В сорок четвёртом призвали, а в сорок пятом погиб. Сколько она писала, чтобы его найти. Я так понимаю, под её диктовку кто-то писал.

Стэфану Шуляку ў 1944-м было 45 гадоў. У яго было чацьвёра дзяцей. Ён быў па стане здароўя непрызыўны — меў кепскі слых. Але быў мабілізаваны ў Савецкую армію. Вось ліст, напісаны Стэфаніяй 11 чэрвеня 1946 году.

„Командиру роты.

Сердечно прошу Вас, сообщите о судьбе моего мужа, Шуляк Стефана Александровича, жит. дер. Ядейки Есьмановского с/совета, Родошковического р-на Молодеченской области. Который был призван в Красную Армию 25 июля 1944 года. Я последнее письмо получила 20 апреля 1945 года, тогда он стоял коля реки Одри, а сейчас уже год часу, как нет мне писем и никаких известий. Я всеми силами старалась и стараюсь помогать нашей Красной Армии. К сему жена защитника Родины, Шуляк Стефанида Васильевна, убедительно прошу Вас сообщить что с ним случилось, или же он убит или же ранены.

Прошу не отказать моей просьбы. Шуляк. С.В.“

А вось папера з радашкавіцкага райваенкамату ад 24 ліпеня 1947 году. Цэлы год спатрэбіўся ўладзе для адказу.

„Шуляк Стефаниде Васильевне.

Ваш муж солдат

Шуляк Степан Александрович.

В бою за социалистическую родину, верный воинской присяге проявил геройство и мужество

Погиб

25 апреля 1945 года, похоронен“.

Пра вернасьць вайсковай прысязе, пра мужнасьць і сьмеласьць у баі за сацыялістычную радзіму ёсьць. А вось дзе пахаваны — у брацкай магіле ці асобнай, у якім месцы (самае важнае для сям’і) — гэтага няма. Можа, ваенная тайна? Лішне казаць, што гераізм і мужнасьць, праяўленыя ў баях за Радзіму, самым справядлівым судом ніяк не ўлічыліся.

Далей мой шлях ляжаў у вёску Манькаўшчына, дзе жыве старэйшая сястра Вольгі Раіса. Раіса — абаяльная, усьмешлівая спадарыня, добра памятае сваю бабулю. Пасьля лягеру і да ад’езду ў Карэлію разам з сынам Яўгенам Стэфанія гадавала Раісу ў Ядзейках.

Раіса, сястра Вольгі
Раіса, сястра Вольгі

— Яна ў нас была, калі мне было гадоў пяць. Я памятаю, як яна нам казкі расказвала. Я яе казкі цяпер унукам сваім расказваю. Пра Цярэшку. Пра яе лёс я, вядома, ня ведала. Усе гэтую тэму абыходзілі. Хіба б я сваіх пляменьнікаў не пакарміла, каб такая сытуацыя? Тады многія аддавалі сваіх дзяцей у чужыя вёскі хавацца па чардаках. Хто яго знае, што там было. Мой дзядзька ў чужой вёсцы хаваўся на гарышчы, каб не забралі ў армію. Бо дзядуля быў гарбаты і ня мог працаваць.

А мы тым часам паедзем у Валожын. Дзе нас чакае працяг гэтай гісторыі.

Спадарыня Леакадзія Раткевіч не адразу пагадзілася на гутарку. Яна ўнучка Стэфаніі Шуляк. Яе маці, Марыя Шуляк, выйшла замуж за Мікалая Мятліцкага. З тых самых Мятліцкіх, якія наводзілі жах на савецкіх служак у ваколіцах Ракава ў канцы саракавых.

Леакадзія Раткевіч
Леакадзія Раткевіч

— Імя Мятліцкага там ня ўказана? Хутчэй за ўсё, гэта Сьцяпан. Гэта дваюрадны брат майго бацькі. Калі бабуля вярнулася з турмы, мая маці ўжо выйшла замуж. За Мятліцкага. Я ў дзявічастве Мятліцкая. І як узнала, што яе дачка выйшла замуж, дык так плакала... Сказала, што было адно дзіця — і тое Мятліцкія зьвялі. Не хацела, каб мая маці выходзіла замуж за Мятліцкага. Бо адсядзелі празь іх.

Я чытаю ўголас старыя судовыя дакумэнты, а мая суразмоўца ня можа стрымаць сьлёз. Для яе за гэтымі бляклымі літарамі на пажоўклых аркушах — бяда вялікай сям’і.

— Там начавалі і пляменьнікі, і гэты Сьцяпан начаваў. Скажуць: „Зьбяры на стол“, і зьбірала. А што было рабіць? Віна яе ў тым, што не данесла. Што яны ў яе начавалі. Жанчына была занятая гаспадаркай, домам, а ня тымі даносамі. І Жэню абвінялі ў тым жа самым. І дзядзя Жэня там перанёс такі голад страшны! І па гэтай прычыне без пары і памёр.

Я ўжо бачыў каля Ядзеек рэшткі яблыневага саду, які некалі саджалі Мятліцкія. Але належаў ім ня толькі сад. Гэта была магутная гаспадарка. Закладзеная яшчэ дзедам, за расейскімі дарэвалюцыйнымі часамі.

— Дзед Даніла скупіў усе абшары тут, у Яршэвічах. Да Пятрылаўкі. І пяшком хадзіў у Вільню афармляць гэту зямлю. Дзед майго мужа. Быў надта багаты, бо скупіў гэтыя землі. Усе хацелі гэтай зямлі. Нават я помню сваё маленства. Як прыходзілі кожную вясну да нас са сваёй кулячкай і абмяралі зямлю. І надта шкода было, калі нейкую паласу адразалі. У маім дзецтве зямля — была цэлая трагедыя, калі кусочак адрэжуць. А там і землі былі, і каровы былі, і сад быў, каторы адышоў пад калхоз.

Свайго стрыечнага дзядзьку, таго самага, які са зброяй у руках змагаўся супраць той улады, якая, па сутнасьці, абрабавала сям’ю, Леакадзія бачыла толькі аднойчы.

— Давялося неяк убачыць Сьцяпана Мятліцкага. У мяне ўжо быў маленькі сын. Мы прыехалі ў вёску на выходныя. І бацька прывёў мужчыну сядога. Ну і прадставіў. Што гэта яго брацельнік Мятліцкі. Што ён адседзеў дваццаць пяць гадоў. Відна, што ў маладосьці ён быў мажны такі мужчына. А тады ён быў... можна сказаць, што нікакой. Глухі голас, сядой. З гутаркі мы панялі, што ён баптыст. І была яшчэ жывая ягоная сястра ў Ракаве. Анця. Яна тожа за брата сядзела. Бацька расказваў, што ў маладосьці Сьцяпан быў такой неймавернай сілы! Энкавэдзісту пракусіў сапог. Я не панімаю, як яны займаліся разбоем і не ўцягнулі гэтых падросткаў — бацьку, бацькавага брата. Як іх гэта ўсё мінула? Яны ж у іх начавалі, і ня раз. Яны начавалі ва ўсіх. Бабы ўсе іх шкадавалі. І ўсе сядзелі і трэсьліся. Баяліся, што закладуць. Мятліцкі пражыў пасьля турмы нядоўга. Але ўдалося яго ўвідзець.

Угаворваючы людзей на гутарку, я нярэдка сутыкаюся з адмовай. Што для мяне дзіўна, бо чаго сёньня ўжо баяцца? Гэтая сталінская змрочная эпоха нібыта мінула. Але для маіх суразмоўцаў, людзей немаладых і разумных, яна працягваецца. І іхныя сваякі, асуджаныя паводле антысавецкіх артыкулаў, не рэабілітаваныя.

— Хоць ён мой сваяк, але панёс наказаніе заслужана. Яны і магазіны рабавалі, і забівалі. Сельсавецкіх служачых. Бацька расказваў, што неяк на хрысьціны пайшлі і вызвалі тога маладога бацьку на вуліцу. Мусіць, старшыню сельсавету. І там жа на месцы загубілі. Каб мы зналі, што нас гэта касьнецца і хто-небудзь калі гэтым зацікавіцца, ясна, што мы б распытвалі падробней. А так нават мамка гаварыла — ня суньцеся, куды ня трэба. Бо вы Мятліцкія! Мая сястра замуж ішла, а жаніх у бацькі пытаецца: „Ці ведаеш ты ў Ядзейках Мятліцкіх“? А той кажа: „Былі там нейкія бандзіты“. Вось такая слава.

Леакадзія Раткевіч, стрыечная пляменьніца Сьцяпана Мятліцкага, асуджанага на 25 гадоў лягераў за бандытызм, расказала мне, што ягоныя сваякі могуць жыць у Ракаве. Родная сястра Сьцяпана Антаніна Мятліцкая была асуджаная, як і ўсе астатнія ўдзельнікі таго працэсу, у 1951 годзе. Але вярнулася ў Беларусь праз год, бо ў лягеры зацяжарала. Яе амніставалі разам з народжанай у лягеры дачкой. Спадарыня Леакадзія ня памятала ні тэлефона, ні адрасу. Ведала толькі, што дачка Антаніны Тамара працавала бухгальтаркай у дзіцячым лягеры Акадэміі навук. Без асаблівай надзеі я паехаў пад Ракаў, па дзіцячых лягерах, але пасьля зусім ня доўгіх пошукаў ужо сядзеў у старым ракаўскім доме, піў чорны чай зь печывам, а спадарыня Тамара паказвала мне сямейны фотаальбом, зусім нічога не хаваючы ў размове пра дзядзьку і маці.

Антаніна Мятліцкая з дачкой Тамарай
Антаніна Мятліцкая з дачкой Тамарай

— Мая маці сядзела за тое, што насіла братам яду ў лес. Я ў яе распытвала, чаму іх усіх пасадзілі. Яна гаварыла, што яны проці Саветаў былі. У іх пазабіралі ўсё на сьвеце. Яны былі багатыя! Сям’я Мятліцкіх. Дзед езьдзіў у Амэрыку! Зарабіў там даляраў, прыехаў сюды і купіў зямлі. І яны не маглі ўсю зямлю абрабатываць самі. Наймалі працоўную сілу. А раз наймалі, значыць, капіталісты. І калі сталі іх раскулачваць — а там і дом вялікі, і зямлі многа — тады гэтыя сыны пайшлі ў апалчэньне. Ну і ўсё. Сталі там і біцца, і страляцца, і ўсё на сьвеце.

Як дакладна спадарыня Тамара назвала тое рушаньне, куды пайшоў яе дзядзька. Апалчэньне. Пагадзіцеся, быць пляменьніцай апалчэнца — гэта ня тое самае, што сваячкай бандыта. Чым болей слухаю сваякоў, тым больш разумею, што вымусіла Мятліцкіх у тое апалчэньне ісьці.

Тамара, дачка Антаніны Мятліцкай
Тамара, дачка Антаніны Мятліцкай

— Яны ўсе абразаваньне мелі. Дзед даў ім абразаваньне. Яны ў Вільні вучыліся. Адзін зь іх, Косьця, быў настаўнікам. А тады, як сталі шукаць, страляць гэтых братоў, ён вылазіў з вакна. Уцякаў. Яго застрэлілі, гэтага Косьцю, падчас той аблавы. Ён ваабшчэ ня меў ніякага дачыненьня да іхных спраў. Ён проста стаў уцякаць. А Сьцёпа адсядзеў канкрэтна дваццаць пяць гадоў. Пасьля прыяжджаў да нас у Ракаў. Зусім стары.

Вось ужо сапраўды, свой лёс не падманеш. Адзін брат, які не пайшоў у лес, загінуў ад дурной кулі падчас аблавы на свайго ж ляснога брата, які адбудзе цалкам 25-гадовы тэрмін і яшчэ пажыве пасьля лягеру. Спадарыня Тамара адшукала ягоную фатаграфію. Напэўна, лягерную. На тле драўлянага плоту стаіць яшчэ не стары чалавек у ватоўцы і аблавусе. Хударлявы, але, відаць, моцны. Вусны сьціснутыя ў нядобрай усьмешцы, вочы па-драпежніцку прыжмураныя. Харызма такая, што за такім апалчэнцам сам у апалчэньне пойдзеш. Прыгажун!

Той самы Сьцяпан Мятліцкі
Той самы Сьцяпан Мятліцкі

— Ён, як адсядзеў, да нас прыяжджаў. Падаркі прывозіў. Ня нам судзіць. Яны проці ўласьці пайшлі! Дзе ён сядзеў, ён там і застаўся зь нейкай жанчынай жыць. У Мардовіі. Пасьля прыйшло адтуль саабшчэніе, што ён памёр, прыяжджайце. Але ж хто паедзе ў гэткую даль?

Мая суразмоўца нарадзілася ў лягеры. Але, каб успомніць, як называецца месца нараджэньня, Тамары давялося зазірнуць у пашпарт. „Горьковская область. Краснобаковский район. Пос. Чибирь“.

Пасёлак Чыбір? Тут і мне ёсьць што ўспомніць. Чыбір — гэта станцыя Горкаўскай чыгункі за горадам Сухабязводным. Ёсьць гарады, якія ўзьнікалі на гандлёвых шляхах, пры берагах магутных рэк. Ёсьць гарады, заснаваныя вялікімі палкаводцамі. Ёсьць гарады прамысловыя, што будаваліся разам з заводамі. Сухабязводнае — гэта дзіця ГУЛАГу. Горад зьявіўся ў 1930-х гадах як цэнтар Унжанскага (ад назвы ракі Унжа) папраўча-працоўнага лягеру. Сумнавядомага Унжлагу, вялікай краіны ў архіпэлягу ГУЛАГ. Па тэрыторыі Унжлаг сувымерны са Швайцарыяй. На ягоных 28 лагпунктах валілі лес тысячы людзей. Колькі іх засталося ляжаць у тайзе, мы ніколі не даведаемся. На пачатку 1950-х насельніцтва Унжлагу складала 30 тысяч чалавек.

Пра Унжлаг я ўпершыню даведаўся, калі вучыўся ў Ніжагародзкай тэатральнай вучэльні. Падчас гарбачоўскай перабудовы. Тады праўда пра Вялікі тэрор аглушала і п’яніла адначасова. П’яніла, бо ў паветры штодня, здавалася, болела свабоды. І здымкі сатлелых баракаў і ржавых паравозаў у тайзе здаваліся нейкім назаўжды пройдзеным страхоцьцем. І менавіта тады для мяне сьмешная назва на мапе „Сухобезводное“ перастала быць сьмешнай. Ад яе павеяла змрокам і безнадзейнасьцю. Тады, у 1986-м, я нават уявіць ня мог, што калі-небудзь пабываю ў гэтым Сухабязводным.

Летам 2016-га я ехаў зь Ніжняга Ноўгараду ў Сухабязводнае. Вёз перадачу палітвязьню зь Беларусі Кірылу Сілівончыку. У дарозе чытаў зьвесткі пра Унжлаг. Праз гэты лягер прайшло нямала знакамітых расейцаў. Сьпявачка Лідзія Русланава, праваабаронца Леў Копелеў, ураджэнец Дрыбіна пісьменьнік Залман Шыфрын, бацька артыста Яфіма (Нахіма) Шыфрына. Былі тут і беларусы. Уладзімер Арлоў у „Імёнах Свабоды“ пісаў пра паэта Сяргея Ракіту, які памёр ва Унжлагу. А я прыгадаў, як сам калісьці сустракаўся з жыхаркай Саскай Ліпкі Марыяй Дзярновай, якая за сувязь з паваеннымі антысавецкімі партызанамі атрымала найвышэйшую меру пакараньня — 25 гадоў. Вясёлая Марыя аказалася беларускай з паэтычным поглядам на жыцьцё. Называла свой лягер „лагерочкам“. І найперш успамінала ня цяжар лесапавалу, а тое, як на тым лесапавале хадзілі ў грыбы.

ГУЛАГам павеяла яшчэ на Маскоўскім вакзале Ніжняга Ноўгараду. Зайшоў быў там у прыбіральню. І злая, непрыгожая цёця, якая прадавала туалетныя білеты, гледзячы ў вочы, строга спытала: „Мужчина, вам по-большому?“ Я крыху зьбянтэжыўся. Такіх допытаў у грамадзкіх прыбіральнях у маім жыцьцёвым досьведзе яшчэ не было. Пагатоў за мной стаялі людзі. „Ну вы такие вопросы задаёте, что отвечать неудобно“, — пажартаваў я цытатай зь фільма „Міміно“. Але строгая цёця не ўсьміхнулася. Зірнуўшы на пакутны выраз майго твару і вырашыўшы, што я „по-большому“, цётка ацаніла маю мажную постаць і хуценька адмерала мне паперы — на тры свае локці. Калі б я быў крыху страйнейшы, яна б мне выдала, напэўна, шматок у два свае локцікі. І па яе вачах было ясна, што спрэчкі тут бескарысныя. Краіна можа разьлівацца нафтай і газам, можа спальваць мільёны на войны і панты. А цётка на Маскоўскім вакзале ня дасьць лішняга сантымэтра туалетнай паперы, гэтага сымбалю дабрабыту зь ейнай маладосьці.

Сухабязводнае аказалася сонным пыльным пасёлкам. Ад станцыі да калёніі цягнулася доўгая вуліца з шэрымі платамі, іржавымі гаражамі, драўлянымі баракамі і пахілымі слупамі лініі электраперадач. Нават пагода не рабіла краявід прыгажэйшым. Сіняе неба толькі падкрэсьлівала яго паныласьць. У маленькай краме недалёка ад лягеру, дзе я купіў цыгарэты, перакінуўся парай слоў з пажылай прадавачкай. Якая мне і паведаміла, што „не то теперь Сухобезводное. Ох не то! Работы-то нету!“ Я нават адразу ня ўцяміў, пра якую работу „кручинится русская женщина“. І яе дзед, і яе бацька, і яе дзядзька былі ВОХРаўцамі. І такіх працоўных дынастый тут было нямала. Унжлаг — гэта ж было „градообразующее предприятие“. „Раньше-то! Со всего Союза тут сидели, — бедавала старая. —И с Украины, и из Белоруссии, и из Прибалтики“. У мяне ад яе бедаваньняў пабеглі дрыжыкі. Жартаваць цытатай „уж лучше вы к нам“ зусім не хацелася. Саюзная дзяржава ў нас ужо ёсьць. Жаданьне „поработать“ у нашчадкаў ВОХРы яшчэ не прапала. Што ж павінна адбыцца, каб беларусы ўцямілі, што іх тут чакаюць. Па іх тут сумуюць. Іх, можна сказаць, тут любяць. Няўжо, каб засвоіць назаўсёды простую ісьціну „любі сваё“, прыйдзецца паўторна здаць гэты іспыт — яшчэ раз нарадзіцца на станцыі Чыбір?

Расейская пісьменьніца Марына Яфімава, якая эмігравала ў ЗША яшчэ ў 1970-я гады, у сваіх успамінах на Радыё Свабода „Роман с русским языком“ трапна апісвала сваё наведваньне радзімы пасьля доўгіх гадоў растаньня. „Но вокруг звучала русская речь, и я чувствовала себя, как водолаз, долго пробывший в немом подводном мире и вынырнувший, наконец, к долгожданным звукам земли“. Пачуўшы гэтую фразу, я, памятаю, тады задумаўся: а дзе ж павінен вынырнуць беларускі эмігрант, каб насаладзіцца роднымі гукамі? Ну не на менскай жа вуліцы. Ня кажучы ўжо пра абласныя цэнтры. Можа, на мітынгу апазыцыі? Наўрад ці. На літаратурнай імпрэзе ці на канцэрце беларускай групы? Хіба так. Але лепш за ўсё выправіцца туды, дзе жывуць беларусы звычайныя — такія, як мае суразмоўцы. Бо як мы пазнаём звычайнага паляка? Ці літоўца? Найперш па гуках мовы. Ужо потым можна знаёміцца, высьвятляць, наколькі ён прасунуты ў гісторыі ці нацыянальнай кухні. Але першая прыкмета — мова. І Леакадзія, і Тамара... Ды амаль усе мае суразмоўцы — слыхавая асалода для таго, хто даўно ня быў у Беларусі. Вось толькі Беларусь значна адступіла і сьціснулася.

Я разгарнуў абласную „Сялянскую газету“ за 1949 год. Адразу становіцца зразумела, хто прыйшоў і якое месца ў новай краіне адведзена беларусам.

„Найбольш выдатная нацыя з усіх нацый, уваходзячых у склад Совецкага Саюза — так адазваўся вялікі Сталін аб рускім народзе. У светлыя святочныя дні нашай гістарычнай перамогі над злейшымі сіламі Германіі на ўвесь свет прагучала здравіца геніяльнага правадыра і палкаводца: «Я падымаю тост за здароўе рускага народа не толькі таму, што ён — кіруючы народ, але і таму, што ў яго ёсць ясны розум, стойкі характар і цярпенне». У гэтых словах правадыра знайшлі сваё яскравае выражэнне пачуцці падзякі і ўдзячнасці рускаму народу, якія напаўняюць сэрцы мільёнаў людзей“.

„Другі год у 45-й чыгуначнай школе працуе літаратурны гурток, арганізаваны загадчыкам навучальнай часткай Міхаілам Сяргеевічам Шашчэнка.

Міхаіл Сяргеевіч сумеў зацікавіць вучняў старэйшых класаў і гурток стаў хутка расці. Тут глыбока вывучаецца выдатнае наследдзе нашай літаратуры: працы Белінскага і Пісарава, Дабралюбава і Чэрнышэўскага, совецкіх крытыкаў“.

„У гады акупацыі аб існаванні бібліятэкі даведаліся каты-фашысты. Яны рашылі знішчыць нашы кнігі. У дом уварваўся немец, зрабіў старанны вобыск і знайшоў частку літаратуры. Са звярынай злосцю фашыст схапіў томік Пушкіна і кінуў кнігу ў агонь“.

„Далёка ад нашай вёскі Масква, а здаецца, што зусім яна блізка, бо кожны дзень ва ўсім нашым жыцці мы адчуваем цяпло і клапатлівую руку Масквы.

Кім бы мы былі, калі-б не Масква? Яна — сэрца Радзімы — прынесла нам пазбаўленне ад польскіх памешчыкаў, яна вызваліла нас ад нямецка-фашысцкага рабства, яна дала нам свабоду і шчасце. Калі-б не Масква, жылі-б мы ў нястачы, кабале і горы, свету белага не ўбачылі-б.

У Маскве нарадзілася Сталінская канстытуцыя. Гэта асноўны закон нашага жыцця. Па гэтаму закону мы атрымалі вялікія правы, па гэтаму закону мы, беларусы, сталі людзьмі звацца“.

Сваю першую сустрэчу з прадстаўніком „найбольш выдатнай нацыі з усіх нацый“ добра памятае былы супрацоўнік Маладачанскага абкаму Анатоль Грузьдзіловіч:

— У нашай школе ўсе прадметы былі толькі на беларускай мове. Але калі я паступаў у інстытут... Вось экзамэн па фізыцы. Фізыку я знаў добра. Усе пытаньні на экзамэне былі таксама на беларускай мове. І адказваць я пачаў па-беларуску. Экзамэнатар прагледзеў пісьмовае рашэньне задачы і гаворыць мне: „Ну задачку ты хорошо решил. Но на белорусской мове ты мне на пятёрку не ответишь. Если будешь на русском отвечать, может, пятёрку и заработаешь“. І я з „напружаньня“ перайшоў на „напряжение“. І неяк адказаў. Ён паставіў мне пяцёрку. І аказалася, што, калі б я атрымаў чацьвёрку, то не прайшоў бы. Не хапіла б аднаго бала. Што тычыцца мовы ў Маладэчне. Гарадок быў маленькі. Сельскае насельніцтва і частка прыежджых з усходняй часткі Беларусі і крыху з Расеі. Начальства ў асноўным з Усходу. Былыя ўсходнія „замы“ тут сталі начальнікамі. А мясцовых пры ўладзе практычна не было. І не давяралі, і адукаваных людзей было мала. Таму ўся дакумэнтацыя вялася на расейскай мове, толькі „шапка“ дакумэнта была двумоўная.

95-гадовы вэтэран Канстанцін Пяцко, былы начальнік райфінаддзелу, які езьдзіў па вёсках толькі ўдзень і толькі з аховай, як сапраўдны савецкі патрыёт бачыў на той час толькі адну праблему — кадравую.

— Кадров нету! Нету кадров! Значит, привлекать приходится безграмотных бывших партизан. Или помогают другие области. Особенно Гомельская область. И единственное, что было нового в то время — Машеров был в Молодечно первым секретарём комсомола, он начал связываться с минскими ВУЗами. И он начал привлекать для работы в Молодеченской области студентов! Часть их после окончания поехала туда работать, часть не поехала. И тут встал вопрос пригласить в область молодых специалистов со всего Советского Союза! Начали запрашивать. Мы получили — Ленинград, Москва, Казань, Киев, Львов! Вот какие кадры приехали к нам!

Так выглядала паглыбленая інтэграцыя 1940-х. Кажучы сёньняшнімі словамі, былая Віленшчына, як і ўся Заходняя Беларусь, увайшла ў „саюзнае гасударства“. І першае пытаньне, якое вырашаў цэнтар — кіраўніцкія кадры. Моўнае пытаньне было наступным. Бо той, хто кіруе, той і загадвае, на якой мове гаварыць.

Сярод усіх нумароў „Сялянскай газеты“ за 1949 год адзін нумар вылучаецца. Ён цалкам зроблены па-расейску. Ён такі быў адзіны. Напэўна, абкамаўскія ідэолягі самі спалохаліся таго, што зрабілі. Іхныя панэгірыкі „колхозному счастью“ загучалі занадта ўжо натуральна і таму хлусьліва. Наступны нумар ужо выйшаў па-беларуску. Для беларускай мовы пакідалася ніша. Для вершыкаў пра Сталіна, для самадзейнасьці, для вясковых школ і вось для такіх лістоў у рэдакцыю ад „простых людзей“:

„У 28 кіламетрах ад Вілейкі, у баку ад шасейнай дарогі, сярод лясоў, раскінулася невялікая вёска Засценкі. Была яна пры панскай Польшчы гіблым краем, «мядзвежжым» кутком. Сяляне Засценак жылі ў нястачы, цемнаце і невуцтве, пераносячы соцыяльны і нацыянальны прыгнёт.

Дзесяць гадоў назад наша совецкая Радзіма працягнула руку брацкай дапамогі працоўным заходніх абласцей Беларусі, вырвала іх з-пад панскага ярма.

Велізарныя змены адбыліся за гэты час у Засценках, як і ва ўсіх гарадах і вёсках заходніх абласцей. Сёння Засценкі — квітнеючая калгасная вёска. Яна жыве жыццём усёй краіны.

Жыхары Засценак ведаюць: гэта Масква прынесла ў іх хаты шчасце. І таму першыя думы свае накіроўваюць яны ў Маскву, туды, дзе жыве і працуе вялікі правадыр совецкага народа таварыш Сталін. Сёння Засценкі не «мядзвежжы» куток, а часціца магутнай совецкай дзяржавы, часціца Масквы“.

Я сапраўды ніколі ня чуў у жывой беларускай мове слова „калгас“. Толькі ў літаратурных тэкстах і ў мове журналістаў. А вось слова „калхоз“ гучыць у беларускай мове вяскоўцаў зусім натуральна. Як супрацьлегласьць чамусьці нармальнаму і людзкаму. Свайму.

Забіць упалмінзага. Новая кніга Зьмітра Бартосіка

У гісторыі Беларусі ХХ стагодзьдзя найбольш замоўчанымі і засакрэчанымі застаюцца старонкі супраціву беларусаў савецкай акупацыі, русіфікацыі і калгасам. Праўда пра гэты супраціў зьнішчаная або схаваная ў архівах КГБ, а жывыя сьведкі падзеяў памерлі. Вырваныя з гістарычнай памяці нацыі веды пра саму сябе, пра сваю нязгоду і герояў змаганьня супраць чужынскіх парадкаў — ці не галоўная прычына таго, што гэтыя парадкі ўсё яшчэ пануюць у рэальнасьці, несучы беларусам выраджэньне, няволю і вымушаную эміграцыю.

На працягу дваццаці гадоў Зьміцер Бартосік езьдзіць па Беларусі ў пошуку праўдзівых сюжэтаў мінулага. Гэтым разам у рукі аўтару трапляюць дакумэнты Маладачанскага абласнога суду (быў такі пасьля вайны), якія выпадковым чынам апынуліся ў адкрытым доступе. У свой час гэтыя дакумэнты скапіяваў гісторык Міхась Чарняўскі. Асноўныя артыкулы крымінальных справаў — антысавецкі „бандытызм“, антысавецкія паўстаньні, падпольле, агітацыя, погляды і настроі. Дзясяткі справаў — толькі малы фрагмэнт таго валу судовых працэсаў, што адбываліся ў былой Заходняй Беларусі.

Зьміцер Бартосік з дакумэнтамі ў руках выпраўляецца па адрасах колішніх падзеяў і часьцяком знаходзіць старажылаў, якія распавядаюць пра фігурантаў тых крыміналаў. „Не хацелі ўступаць у гасударства гэта“ — такі лейтматыў успамінаў і тлумачэньне ўчынкаў, за якія ўдзельнікі атрымлівалі па 25 гадоў турмы.

Людзі адстойвалі сваю маёмасьць, сваю мову і сваю свабоду са зброяй у руках, утвараючы партызанскія атрады „лясных братоў“, змагаючыся з прышлай чужой уладай. Чакалі, што Захад, паставіўшы кропку на Гітлеры, паставіць яе і на Сталіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG