Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніхто не дазнаецца пра паўстаньне ў Крыжоўцы». Частка 1 новай кнігі Зьмітра Бартосіка «Забіць упалмінзага»


На працягу дваццаці гадоў Зьміцер Бартосік езьдзіць па Беларусі ў пошуку праўдзівых сюжэтаў мінулага. Гэтым разам у рукі аўтару трапляюць дакумэнты Маладачанскага абласнога суду, якія выпадкова апынуліся ў адкрытым доступе. Аўтар з дакумэнтамі ў руках выпраўляецца па адрасах колішніх падзеяў.

Памяці Міхася Чарняўскага

Археалёгія Беларусі

Спытае анёл, хто ты,
І пачуе: капач.
Спытае анёл, што капаў,
Пачуе: мінуласьць.
Спытае анёл, што знайшоў,
Пачуе: прышласьць.
Узрадуецца анёл, бо гэта боская справа,
І заплача, бо ўсе палі тут мінныя
І ўсе шляхі вядуць празь іх,
А іншых няма
Aд зямлі да неба.
І ад неба да зямлі.

Аляксандар Лукашук, Радыё Свабода

Слова на дарогу

Часьцяком завязка інтрыгі літаратурнага твора хаваецца ў падрабязным апісаньні таго фатальнага дня, які цалкам зьмяніў жыцьцё героя. Ён у драбніцах можа прыгадаць, чым займаўся, пра што думаў, якое за вакном было надвор’е... Калі прагучаў той самы званок. Пасьля чаго герой выпраўляецца ў падарожжа. Дзе яго чакаюць такія адкрыцьці, якіх да яго яшчэ не рабіў ніхто.

Я ня памятаю таго дня, калі мне патэлефанаваў наш знаны выдавец, чые кнігі займаюць добрую паліцу ў маёй шафе. Адбылося гэта пасьля ўзьлёту майго „Верабейкі“ да гедройцеўскіх вышынь. Штотыдзень вось ужо дваццаць гадоў я вандраваў па Беларусі ў пошуках жывой гісторыі і вусных сюжэтаў для сваіх радыёперадач і пэрыядычна пакутаваў ад таго, што мае патэнцыйныя героі ўсё хутчэй пакідаюць гэты сьвет, а значыць, новых тэмаў для падарожжаў і новых адкрыцьцяў ужо не прадбачыцца. Ну не пісаць жа пра пасьляваенную ўдаваную калгасную радасьць. І тут гэты званок.

— Зайдзі, калі ласка, да мяне. І як мага хутчэй. Па тэлефоне ня буду распавядаць пра ўсе дэталі. Але цябе гэта можа зацікавіць. Толькі не забудзься на аб’ёмную флэшку.

Зразумела, я вырашыў не адкладаць запрашэньне да сьвятога ніколі. І вось дзень свайго візыту да спадара выдаўца запомніў ужо ў дэталях.

Ягонае выдавецтва знаходзіцца на першым паверсе звычайнага блёчнага дому, якімі забудаваны ўвесь гэты раён, вядомы старым менчукам як Шалман. Галоўны фокус Менску ў тым, што за любым банальным фасадам цябе могуць чакаць цікавыя неспадзяванкі. Ніколі не забудуся, як апынуўся аднойчы ў гасьцях у вучонага балотазнаўца Вячаслава Раковіча, дзе за звычайнымі дзьвярыма мяне чакаў сапраўдны музэй этнаграфіі і гарадзкога побыту. Не забудуся таксама, як шукаў сьляды БНР у сёньняшнім Менску і трапіў у аўтэнтычны інтэр’ер эпохі 1918 году. У кватэру немаладой менскай дамы, далёкай сваячкі аднаго з айцоў-заснавальнікаў першай беларускай дзяржавы. Кватэру з кандэлябрамі, з разьбянымі шафамі ды парцалянавымі статуэткамі.

Таму і гэтым разам, увайшоўшы зь дзённага сьвятла ва ўтульны паўзмрок, я быў гатовы да незвычайнага. Але ўявіць, што падрыхтаваў мне гаспадар гэтых прыцемак, ніяк ня мог. Усё адбывалася, як у дэтэктыўным стандарце. Глыбокі фатэль, моцная кава, ветлівая ўступная размова пра бягучыя справы. І нарэшце.

— Я паклікаў цябе, каб перадаць пэўныя дакумэнты. Іх чыста выпадкова знайшоў адзін добра вядомы табе гісторык, Міхась Чарняўскі. Ён працаваў у звычайным раённым архіве і нечакана натрапіў на некалькі тэчак, якіх ніяк ня мусіла там быць. Гэтыя тэчкі павінны былі назаўжды зьнікнуць у закрытых архівах КГБ. Чарняўскі прынёс з сабой фотаапарат і пачаў здымаць. Усё, што там было. Аркуш за аркушам. Зірні, калі ласка. Ты, вядома, нічога ня чуў пра паўстаньне ў Крыжоўцы. І я таксама ня чуў. Чарняўскі разумеў, што зямнога часу яму засталося нямнога. І прасіў мяне перад сьмерцю аб адным: каб я перадаў гэты архіў у самыя надзейныя рукі. Асабліва ён хваляваўся, што ніхто не раскажа, ніхто не дазнаецца пра паўстаньне ў Крыжоўцы.

— Але ж я не гісторык, не архівіст. Я ўсяго толькі...

— Усяго толькі аўтар вось гэтай кнігі. Гэтага мне дастаткова.

Выдавец паказаў майго „Верабейку“.

— Ты нават не ўяўляеш, што цябе чакае наперадзе...

Імя Міхася Чарняўскага толькі дадавала ўсёй сцэне загадкавасьці і чароўнасьці. Вядомы археоляг і дысыдэнт, якога звольнілі з Акадэміі навук у 1970-я, сябра Ўладзімера Караткевіча і Зянона Пазьняка, пісьменьнік і грамадзкі дзяяч, ён заўсёды быў крыху ў цені сваіх публічных таварышаў. І пазнаёміўся я зь ім, ня ведаючы, што мой новы знаёмец — Міхась Чарняўскі, чалавек, які ніяк не адпавядаў маім яшчэ школьным уяўленьням пра беларускага дзеяча.

А ўяўленьні мае зьявіліся дзесьці ўвосень 1982 году. Тады мой гомельскі таварыш і аднаклясьнік першым з нас дваіх наведаў Менск.

„Ну і як табе беларуская сталіца?“ — спытаўся я. „Жах, — адказаў прыяцель. — Шырокі пусты Ленінскі праспэкт. Бясконцы дождж. Шэрыя дамы за далягляд. Нават зялёныя дрэвы ўздоўж тратуараў таксама здаюцца шэрымі. А ў тых дамах змрочных пісьменьнікі сядзяць“. — „Чаму пісьменьнікі?“ — „Ну а хто ж яшчэ? Толькі пісьменьнікі там і жывуць. Сядзяць у гэтых шэрых дамах суткамі і пішуць усякую херню на беларускай мове“.

Пасьля той размовы я разгарнуў падручнік беларускай літаратуры. Адтуль зь непрыхаванай гідлівасьцю глядзеў на мяне галоўны беларускі байкапісец. Я ўявіў гэты твар у вакне шэрага сталічнага гмаха, і мне надоўга перахацелася ехаць у сталіцу рэспублікі.

Адкуль нам было ведаць, пра што і як піша Мікола Ермаловіч у сваім самвыдацкім часопісе „Гутарка“. Мы яшчэ не пазнаёміліся з сапраўдным Васілём Быкавым. І Караткевіча зналі толькі з экранізацыяў. Мы нічога ня ведалі і ведаць не маглі ні пра разгром „акадэмічнага асяродку“, ні пра паседжаньні „на паддашку“, ні пра „Майстроўню“. Гэта ўсё прыйдзе пазьней. У маім выпадку значна пазьней за авалоданьне беларускай мовай.

У сярэдзіне 1990-х, ужо надрукаваўшы пару артыкулаў у „Нашай ніве“ ды напісаўшы некалькі песень, я адчуваў сябе часткай творчага асяродку. А мой таварыш, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі, устурбаваўся маёй сямейнай неўладкаванасьцю і ўсё часьцей, склаўшы мне кампанію, па-братэрску накіроўваў мяне туды, дзе маглі быць маладыя незамужнія дочкі з інтэлігенцкіх сем’яў. Чые прозьвішчы мне тады нічога не гаварылі. Такім чынам мы весела бадзяліся, як пэрсанажы гогалеўскай „Жаніцьбы“, па прыстойных беларускіх дамах. Дзе на стары Новы год, дзе на дзень нараджэньня. І неяк зімовым вечарам апынуліся сярод панэльных пяціпавярховікаў у раёне Партызанскага праспэкту на нейкай сямейнай урачыстасьці.

Запомніўся гаспадар дома. Нестары, невысокі, зь вельмі прыемным тварам, з уважлівымі вачыма чалавек. Інтэлігент прыродны. Ніякай позы ці пошласьці ні ў словах, ні ў жэстах, ні ў інтанацыі. Дачка — сапраўдная прыгажуня, усьмешлівая бляндынка зь вялікімі вачыма. І настолькі чыстым позіркам, што ніякай надзеі на лёгкі флірт не заставалася. Я быў зьбянтэжаны і заціснуты, што вылілася ў нейкае блазенскае гусарства. Я сьпяваў не зусім дарэчнага тут раньняга Высоцкага. Сыпаў не зусім прыстойнымі анэкдотамі. Шмат сабе наліваў і гучна сьмяяўся над сваімі ж жартамі.

У нейкі момант зірнуў на прыгажуню і прачытаў у вялікіх вачах толькі адно: „Божа, які ідыёт!“

Праз колькі гадоў, ужо крыху павысіўшы ўзровень сваёй абазнанасьці ў беларускіх справах, я адчуваў сорам і за сябе школьніка, і за сябе „творцу“. Аказваецца, ня ўсе пісьменьнікі жылі на ленінскіх праспэктах. І ня ўсе пісалі „ўсякую херню“. На пачатку нулявых я купіў кніжку Міхася Чарняўскага „Як пошуг маланкі“. Нарыс, прысьвечаны сапраўднаму беларускаму падпольшчыку Расьціславу Лапіцкаму. І гэтая тоненькая брашура для мяне пераважыла многія тамы і расплюшчыла вочы на іншую Беларусь.

І вось на адной зь літаратурных вечарын я сустрэў аўтара гэтай кнігі. І ўтрупянеў. Гэта быў той самы інтэлігентны чалавек з засьнежанага пяціпавярховіка. Ён ужо ведаў мяне з маіх радыёпадарожжаў. Магчыма, нават чуў нейкія песьні. Можа быць, ён і забыў даўно пра мой раскошны „творчы вечар“ 1990-х за ягоным сталом. Але кожнага разу, калі мы перасякаліся на розных імпрэзах, я заўжды баяўся прачытаць у ягоных вачах: „Божа...“, ну і далей па тэксьце.

Цяпер Міхася Чарняўскага няма ў жывых, а я стаю ў дзьвярах выдавецтва і атрымліваю ад яго такое вось прывітаньне.

— Зьвярні асаблівую ўвагу на справу ў вёсцы Крыжоўка, — працягваў выдавец, — Чарняўскі называў тое, што там адбывалася, паўстаньнем. І больш за ўсё перад сьмерцю перажываў, што не напісаў пра тую Крыжоўку. „Гэта бомба! І я не пасьпеў яе рвануць!“ — у адчаі сказаў ён мне. Адным словам, дзейнічай.

Я выйшаў з выдавецтва, калі на вуліцы ўжо зьвечарэла. У маёй кішэні ляжаў маленькі пэнал, поўны фатаздымкаў з маладачанскага архіву. На скрыжаваньні шумела будоўля станцыі мэтро „Кавальская Слабада“. У шэрых дамах запалілася сьвятло. Але звычайны, сумны бэтонны менскі краявід раптам страціў сваю банальнасьць. Дрэвы! Высокія старыя дрэвы. Яны былі пасаджаныя ў гэтым прадмесьці задоўга да пабудовы мікрараёну. Яны памятаюць іншыя кірункі вуліц, іншыя дамы, іншыя жыцьці і сьмерці. Менскія дрэвы памятаюць больш за менскія будынкі.

Вярнуўшыся дадому, я не адразу ўставіў флэшку ў кампутар. З салодкім задавальненьнем адцягваў момант сустрэчы з тым таямнічым, што атрымаў для працы. Запарваў моцную гарбату, глядзеў тэлевізар, дзе ішоў нейкі сумны хакей, курыў на бальконе. Крыху баючыся расчаравацца ў тым, што мяне мусіла зьдзівіць. Урэшце, калі ўсе сямейнікі паснулі і ў доме запанавала ціша, я падвёў курсор да кнопкі open. Каб прасядзець каля манітора да раніцы, нэрвова ўзіраючыся ў каляровыя здымкі сініх, жоўтых, шэрых аркушаў з мутнымі літарамі друкарскіх машынак.

Адна тэчка была нашмат таўсьцейшая за іншыя — справа паўстаньня ў Крыжоўцы. Дзясяткі дакумэнтаў — рукапісных, друкаваных, з Расеі. І было мноства маленькіх тэчак зь іншымі сюжэтамі, ад самага канца вайны да хрушчоўскай адлігі. Усяго больш за сто судовых справаў. У асноўным — пра бандытызм і дапамогу бандытам.

У кожным раёне дзейнічала па некалькі ўзброеных атрадаў. Якіх кармілі, лячылі, якім давалі прытулак тысячы людзей. Выглядала, што адразу пасьля вайны на гэтай зямлі пачалася новая вайна, якую вялі войскі МГБ. Вялі бяз танкаў і „кацюш“, без гармат і самалётаў. Толькі аўтаматамі і кулямётамі. Але той вайной была ахопленая ўся заходняя частка Беларусі. Тайны і яўны фронт быў літаральна паўсюль...

Я заснуў пад раніцу ў смутнай горычы. Яшчэ з часоў „Верабейкі“ я зразумеў, што нічога ня ведаю пра „зямлю, дзе прыходзіцца жыць“. Маштаб антысавецкай партызанкі і геаграфія таго, што праз гады назавуць мірным супрацівам, адначасова ўражвалі і абезнадзейвалі. Няўжо ўсе гэтыя ахвяры, усе гэтыя гады лягераў, усе драмы — усё гэта было дарэмна? А імёны супраціву так і засталіся б нікому не вядомымі, не зьвярні Міхась Чарняўскі ўвагу на зашмальцаваныя архіўныя тэчкі?

На наступны дзень я ўзяў з паліцы „Атлас БССР“ 1959 году выданьня і ўважліва паглядзеў на сёмую вобласьць.

Маладачанская вобласьць была сфармаваная ў верасьні 1944 году. Па сутнасьці, гэта тая самая Віленская вобласьць БССР, якая ў 1939-м стала рэальнасьцю толькі на месяц-паўтара.

Па вайне БССР падзялялася на 12 абласьцей. Зроблена гэта было на выпадак новай вайны. Лічылася, што ў мэтах абароны ў невялікай вобласьці лягчэй арганізаваць мабілізацыю. Пасьля сьмерці правадыра, у 1954 годзе, вобласьці сталі ўзбуйняць. Іх засталося сем. Да Маладачанскай адышлі часткі былых Полацкай і Баранавіцкай.

Сёмая вобласьць налічвала 850 тысяч чалавек, зь якіх 90 працэнтаў жылі ў вёсцы. Гэта была самая вясковая вобласьць краіны. Вядома, быў тут і свой абкам партыі, і свой аблзаг, і свая абласная газэта, якая спачатку называлася „Сялянская газета“, а з 1951-га — „Сталінскі шлях“. Былі і свае абласныя ўправы МУС і МГБ. Быў, вядома, і абласны суд, які выпісваў тэрміны па лініях абодвух ведамстваў.

Аднак празь некалькі гадоў Маладачанская вобласьць зьнікла. Чым яна не задаволіла маскоўскіх кіраўнікоў? Журналіст Валянцін Жданко, які вывучаў тэму, лічыць, што ўся справа ў дэмаграфіі. У параўнаньні з астатнімі абласьцямі БССР Маладачанская вылучалася ня толькі сваім аграрным характарам, але і малалюднасьцю. Менавіта таму ў студзені 1960-га яе зьліквідавалі. Разам з настаўніцкім інстытутам, „Сталінскім шляхам“ і судом. І вось тут пачынаецца наша гісторыя.

Архівы абласнога суду, як і архівы абласных МГБ і МУС, мусілі адправіцца на новыя адрасы. Штосьці ў Менск, штосьці ў Горадню, штосьці ў Віцебск. У тыя цэнтры абласьцей, паміж якімі і падзялілі колішнюю Віленшчыну. Але ці то ў мітусьні сьпешнага пераезду, ці то ад нядбайнасьці самых нізавых выканаўцаў некалькі тэчак нікуды не паехалі.

Я сабе ўявіў такую карціну. 1960 год. Ужо сем гадоў няма ў жывых Сталіна. Татальны страх нібыта прайшоў. Ужо ходзяць палітычныя анэкдоты пра кукурузу ды прыпеўкі пра Хрушчова. І вось нейкі недарэка-сяржанцік, грузячы сакрэтныя скрыні ў цяжкавік, перакуліў адну зь іх на зямлю. Каб не марнаваць часу, запхнуў хуценька ў машыну тое, што пасьпеў падабраць. Сказаў свае чароўныя словы „Ну и хер с ним“ і заскочыў у кабіну да кіроўцы. А нашыя тэчкі, выпадкова выкінутыя са скрыні, адправілася ў звычайны, несакрэтны, раённы архіў. Дзе празь некалькі гадоў іх выпадкова ўбачыў Чарняўскі.

З такім маім дапушчэньнем пагадзіўся гісторык і знаўца савецкіх архіваў Ігар Кузьняцоў. Тэчкі маглі проста „згубіцца“ ў адным з кабінэтаў на пачатковым этапе пераезду, а потым, калі асноўны архіў разьехаўся, на іх маглі махнуць рукой і накіраваць у звычайны архіў. Галоўнае ў такіх памылках — чалавечы фактар. І такая службовая нядбайнасьць — галоўная радасьць для дасьледчыка. А можа, нехта са служывых пакінуў гэтыя тэчкі цалкам сьвядома? Пакінуў, рызыкуючы. У разьліку на будучага гісторыка. Пакінуў нават ня тэчкі, а тэчку. Адну толькі, важную для сябе, тэчку. Астатні стос пайшоў „для адводу вачэй“. Тады вынікае, што ў маіх руках апынулася бязмоўнае пасланьне... Мэта зразумелая — вярнуць добрае імя несправядліва асуджанага. Але каго? А можа, хацелі вярнуць памяць пра ўчынак, які можа цэламу народу зьмяніць уяўленьне пра самога сябе?

Мне ўспомнілася гісторыя антычнага злачынцы Герастрата, які спаліў храм Артэміды, каб ня быць забытым. Эфэскі абласны суд пастанавіў ніколі ня згадваць ягонага імя. І ўсё б атрымалася так, як задумаў элінскі судзьдзя, калі б не гісторык Фэапомп. Дзякуючы яму ўчынак і імя засталіся ў стагодзьдзях. І гэта справядліва. Бо ня кожны чалавек здольны на ўчынак. Але кожны ўчынак варты памяці. Пагатоў зьдзейсьнены як акт свабоды ў несвабодным часе. І платай за які стала само жыцьцё. Нават безыменны герой працягвае жыць, калі памятаецца ягоны чын. А тут, у гэтых тэчках, не абстрактныя герастраты, а зусім канкрэтныя людзі.

І я пачаў глядзець усё ад пачатку.

Забіць упалмінзага. Новая кніга Зьмітра Бартосіка

У гісторыі Беларусі ХХ стагодзьдзя найбольш замоўчанымі і засакрэчанымі застаюцца старонкі супраціву беларусаў савецкай акупацыі, русіфікацыі і калгасам. Праўда пра гэты супраціў зьнішчаная або схаваная ў архівах КГБ, а жывыя сьведкі падзеяў памерлі. Вырваныя з гістарычнай памяці нацыі веды пра саму сябе, пра сваю нязгоду і герояў змаганьня супраць чужынскіх парадкаў — ці не галоўная прычына таго, што гэтыя парадкі ўсё яшчэ пануюць у рэальнасьці, несучы беларусам выраджэньне, няволю і вымушаную эміграцыю.

На працягу дваццаці гадоў Зьміцер Бартосік езьдзіць па Беларусі ў пошуку праўдзівых сюжэтаў мінулага. Гэтым разам у рукі аўтару трапляюць дакумэнты Маладачанскага абласнога суду (быў такі пасьля вайны), якія выпадковым чынам апынуліся ў адкрытым доступе. У свой час гэтыя дакумэнты скапіяваў гісторык Міхась Чарняўскі. Асноўныя артыкулы крымінальных справаў — антысавецкі „бандытызм“, антысавецкія паўстаньні, падпольле, агітацыя, погляды і настроі. Дзясяткі справаў — толькі малы фрагмэнт таго валу судовых працэсаў, што адбываліся ў былой Заходняй Беларусі.

Зьміцер Бартосік з дакумэнтамі ў руках выпраўляецца па адрасах колішніх падзеяў і часьцяком знаходзіць старажылаў, якія распавядаюць пра фігурантаў тых крыміналаў. „Не хацелі ўступаць у гасударства гэта“ — такі лейтматыў успамінаў і тлумачэньне ўчынкаў, за якія ўдзельнікі атрымлівалі па 25 гадоў турмы.

Людзі адстойвалі сваю маёмасьць, сваю мову і сваю свабоду са зброяй у руках, утвараючы партызанскія атрады „лясных братоў“, змагаючыся з прышлай чужой уладай. Чакалі, што Захад, паставіўшы кропку на Гітлеры, паставіць яе і на Сталіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG