Радашкавічы, Маладачанскі раён
„Стары 2000-ы год адыходзіў у гісторыю. Аб гэтым сведчылі старыя неонавыя надпісы, якія красаваліся на праспекце імя 80-годдзя Кастрычніцкай рэволюцыі, цэнтральнай магістралі Радашковіч. Вогненныя літары заклікалі: „Калі вы жадаеце па-сапраўднаму сустрэць Новы год — адпраўляйцеся ў святочнае падарожжа на месяц. Там у кафэ „Пад зямлёй“ вы знойдзеце багаты выбар гарачых і халодных штучных страў“. „Лепшым навагоднім падарункам з’яўляецца кішэнная атамная электрастанцыя з запасам паліва на пяць год. Спяшайцеся набыць яе ў Цэнтральным радашковіцкім універмагу“ — паведамляў наступны надпіс. На вуліцах горада адчувалася перадсвяточнае ажыўленне. Бесперапынна імчаліся атамнабілі, напоўненыя падарункамі і цацкамі для ўпрыгожвання штучных ёлак. На верхніх пляцоўках рэстаранаў раз-пораз садзіліся і ўзнімаліся рэактыўныя верталёты. Па высланых гумаю тратуарах спяшаліся з чарговай чатырохгадзіннай змены рабочыя і інжынеры заводаў — мэблевага, штучных замяніцеляў ільновалакна, кішэнных тэлевізараў“.
Як цікава чытаецца гэты навагодні футурыстычны „Рэпартаж з будучыні“ напярэдадні Новага 1958 году. Напісаў артыкул „Новы 2001-ы“ малады супрацоўнік радашкавіцкай раённай газэты Адам Мальдзіс. І сёе-тое ўгадаў. І пра штучныя ёлкі, і пра багаты выбар штучных страў. І пра кішэнныя тэлевізары, якія, вядома, вырабляюцца зусім не ў Радашкавічах. І пра кішэнную атамную станцыю. Якая, што праўда, ляжыць толькі ў адной кішэні. Дзіўна, чаму малады журналіст не згадаў пра лякамабілі? Зрэшты, на дварэ іншая эпоха! Усяго некалькі гадоў прайшло ад сакавіка 1953-га, а ўжо і карыкатуры весялейшыя, і тэксты больш людзкія, і няма вечнага правадыра на кожнай бачыне. Але, апісваючы фантастычную касьмічную будучыню, нават Мальдзіс ня мог уявіць яе без працадзён.
„Толькі на працадні мы выдалі ў адыходзячым годзе чатырыста атамнабіляў і некалькі дзесяткаў турысцкіх пуцёвак на Месяц, Марс і Венеру. Аднак, у нас усё яшчэ ёсць і недахопы. Мала новых твораў развучыў у старым годзе наш сімфанічны аркестр. Яшчэ не ў кожнай вёсцы ёсць шырокаэкранны кінотэатр. Інжынер па штучнаму дажджу многа ўдзяляе ўвагі сардэчным справам і таму часамі пускае дождж не туды, куды трэба“.
Турыстычныя пуцёўкі не ў Парыж і нават не ў сацыялістычную Прагу. Гэта ўжо такая фантастыка, пра якую і падумаць страшна. Лепш ужо на Марс з Вэнэрай. Пагатоў да іх рукой падаць (ёсьць такія вёскі ў Беларусі). А яшчэ ў 1957-м Радашкавічы пакінуў чалавек, пра якога газэта „Сцяг Ільіча“ нічога не напісала. Хоць для многіх радашкаўцаў ягоны ад’езд за заходнюю мяжу, то бок значна далей за Марс з Вэнэрай, значыў нашмат больш за будучыя падарожжы на Месяц.
У пасьляваенныя часы, каб атрымаць сур’ёзны лягерны тэрмін, не абавязкова трэба было хаваць у агародзе закапаны кулямёт, абрабаваць сельскую краму ці дапамагчы ежай і начлегам лясному брату. Дастаткова было, як у выпадку валожынскай хутаранкі Ганны Бабіч, пра якую я ўжо апавядаў, трымаць у доме антысавецкую літаратуру. Пад гэтае азначэньне можна было падагнаць што заўгодна. Ад старых польскіх газэт да рэлігійных кніг. Таму ў групе рызыкі значыліся сьвятары, асабліва каталіцкія. Як ксёндз Стэфан Шыманскі, 1911 году нараджэньня, ураджэнец вёскі Майдан Сіняўскі Яраслаўскага раёну Львоўскай вобласьці. Жыхар мястэчка Радашкавічы, паляк, адукацыя вышэйшая духоўная.
„Шиманский Стефан Казимирович, проживая в м. Радошковичи, того же района Молодеченской области и являясь настоятелем Радошковического Римско-католического костёла, будучи враждебно настроенным к Советскому строю, на протяжении с 1941 года до дня ареста, используя религиозные предрассудки, систематически проводил антисоветские высказывания как в личных беседах с гражданами так и в своих проповедях в костёле, с клеветой на Советскую власть и её действительность, на проводимые мероприятия партией и правительством по реализации государственных займов, извращал законы Советской власти, изложенные в Конституции СССР. Восхвалял государственный строй и материальныя условия жизни бывшей Польши. Кроме того, на протяжении с 1938-1939 года и до дня ареста Шиманский хранил у себя на квартире антисоветскую контреволюционную литературу «Календарь матки», «Будьте верными» и журнал «Рыцеж непоколяный»“.
У паваеннай сталінскай Беларусі, дзе яшчэ ня скончылася лясная вайна, дзе раённыя начальнікі ня езьдзяць на бліжэйшы хутар без аховы, дзе каталіцызм можа быць толькі польскім, з амбону нясуцца прамовы пра савецкую рэчаіснасьць? Гэты ксёндз альбо вар’ят, альбо герой ва ўсіх сэнсах слова.
Незвычайную памылку друку я заўважыў у адным з нумароў абласной газэты. Чытачоў знаёмілі зь песьняй „Мы, беларусы“, якая неўзабаве стане гімнам БССР. Апошні куплет быў надрукаваны вось у такім выглядзе:
Дружбай народаў мы назаўсёды
Нашы граніцы ў сталь закуём.
Ворагаў храмы грозным ударам
З нашых прастораў прэч мы змяцём.
Я не паверыў вачам. „Ворагаў храмы“? Знайшоў фанаграму на YouTube. Ну вядома, у тэксьце Клімковіча — „ворагаў хмары“! Але ж рука наборшчыка адчувала эпоху лепш за самога аўтара-паэта!
Радашкавічы, ці, на савецкі капыл, Радашковічы, колішні раённы цэнтар Маладачанскай вобласьці, амаль не зьмяніліся з 1950-х. Дастаткова разгарнуць раённую газэту „Сцяг Ільіча“, дзе сфатаграфаваная галоўная плошча мястэчка. Усё тыя ж даваенныя будынкі і сёньня на месцы. На ўзвышшы дамінуе райкам партыі. Вось толькі знайсьці ў сёньняшніх Радашковічах тых радашкавіцкіх старажылаў ужо ня так лёгка. І ня толькі з прыроднай невясёлай прычыны. Многія радашкаўцы зьехалі ў 1950-я ў Польшчу. Ужо няма тых, хто хадзіў на службу. Але яшчэ жывуць тыя, хто бачыў ксяндза Шыманскага дзіцячымі вачыма. Спадарыню Аліну, карэнную жыхарку Радашкавічаў з дому шляхціца Фэлікса Вольскага, ксёндз Шыманскі хрысьціў.
— Я нарадзілася ў сорак другім годзе. Ён мяне хрысьціў. У мяне ёсьць малітоўнік зь ягоным надпісам. Помню, як у першы клас я пайшла ў сорак дзявятым, ён яшчэ служыў. А калі я ўжо ў другі клас пайшла, яго ўжо арыштавалі. Бацька мой быў землямерам. Акончыў беларускую гімназію. Тут, у Радашкавічах, была беларуская гімназія! Мой бацька нават з Максімам Танкам вучыўся! Пасьля вучыўся ў Вільні на землямера. У яго былі ўсе карты, усе пляны сядзібаў. У трыццаць дзявятым годзе ў бацькі быў прыёмнік і матацыкл. Ён калі за мамай ухажываў, на матацыкле яе падвозіў! Пан! А як прыйшлі камуністы, у яго было многа грошай у Вільні. І яны са сваім другам Рычардам паехалі ў Вільню здымаць грошы. Штосьці прывёз. Але столькі прапала... Бацька мой шляхецкага роду. Зямлі было многа. Лес. Усе былі агрэсіўна настроены да савецкай уласьці. Таму ня трэба было агіціраваць нікога. У трыццаць дзявятым нас прысаедзінілі, а ў сорак першым пачалася вайна. І, каб не вайна, тут, мусіць, нікога б не было. Бо ўсе мелі нейкую зямлю. Былі гаспадары.
Далікатная, каротка падстрыжаная, хударлявая, можна нават сказаць вытанчаная, пані Аліна паказвае мне старыя дакумэнты канца 1940-х. Замест лесу новая ўлада адарыла сям’ю некалькімі соткамі зямлі. Але ж магла і назаўжды вырваць у лягерную невараць бацьку Аліны.
— Забралі ўсю зямлю. Але прынялі рашэньне выдзеліць яму ноль трынаццаць гектар. Гэта трынаццаць сотак значыць. У сорак дзявятым была ў нас нацыяналізацыя. Я пайшла ў першы клас, а ў нас паўсюль запісвалі ў калхозы... Ксёндз агітаваў? Ня трэба было ніякай агітацыі. Усе ўсё бачылі. Арыштоўвалі ўсіх, хто штосьці меў. Тут жа граніца была. Хто працаваў на гэтай граніцы, усіх адразу адпраўлялі. Нехта вярнуўся, але мала. Не любілі бальшавікоў. Бо надта многа загінула людзей.
Тое, што бацька Аліны Фэлікс, ужо асуджаны і адпраўлены ў лягер, быў вернуты назад, інакш як цудам не назавеш.
— Мае бацькі выжылі, і слава Богу. Везьлі ў Петразаводзк, але не давезьлі. Выпусьцілі. Ён жа землямер, а пачыналася калектывізацыя. Яго вярнулі. Трэба было срочна землі мераць. А ў яго дзела было не палітычнае, а нейкае іншае. І яго вярнулі. І бацька выжыў. Землеўстраіцелем работаў.
Але вернемся да Стэфана Шыманскага.
— Невысокага росту, паўнаваты, сымпатычны, у сутане. Можа, хто зь ім і вітаўся. Але нам у школе гаварылі: „Всё! Религии нет! Вы ничего не видите и не знаете никого!“ Помню, як я ішла са школы і зь ім павіталася. А ўсе ад яго адварачваліся. Я ведала, што людзі ў касьцёл хадзілі. Мяне матка вадзіла, хоць ужо запрашчалі. Тады было многа людзей. Гэта давала плюсы для ўласьці. Каб сачыць за ўсімі. Бо толькі пачалася ў нас савецкая ўласьць, а ўжо начальства было — будзь здароў! І ваенкаматы, і райкомы, і камсамольскія арганізацыі, і МВД, і МГБ, і суды, і чаго тут толькі не было. Усё было!
Такое ўражаньне, што, як толькі ўдалося „утихомирить“ неспакойны край, як толькі адчулі сваё поўнае панаваньне, адразу адпусьцілі лейцы і пачалі аб’ядноўваць раёны. Гэта значыць, скарачаць аддзелы МГБ. Але была яшчэ адна асаблівасьць у гэтым скарачэньні.
Колькі раёнаў зьнікла ў гады пасьля Сталіна? Вось гэты адміністрацыйны мартыралёг: Відзаўскі, Дзісьненскі, Дунілавіцкі, Івянецкі, Ільлянскі, Крывіцкі, Куранецкі, Пліскі, Радашкавіцкі, Сьвірскі, Юрацішкаўскі. Нават пры беглым аглядзе адразу разумееш, што выпадковых пунктаў тут няма. Памяць адразу падказвае вобразы, зь якімі гэтыя назвы асацыююцца. Відзы — самы высокі ў краіне касьцёл. Хто хоць раз праяжджаў празь Відзы, ужо гэтыя 60-мэтровыя шпілі Траецкага сабору не забудзе. Старажытная Дзісна, вядомая яшчэ з часоў Полацкага княства — замчышча, старыя камяніцы, аграмадзіна касьцёла на беразе Дзьвіны. Дунілавічы зь іх велічным барокавым саборам XVIII стагодзьдзя. Ці трэба камусьці напамінаць Івянец? Белы касьцёл, шэдэўр віленскага барока, найулюбёнейшы аб’ект усіх беларускіх фотамастакоў. Ільля. Там знаходзіўся, можа быць, самы велічны помнік памяці паўстанцаў 1863 году. Фундаваная нашчадкам палеглага паўстанца Мечыславам Багдановічам, тая капліца ўзьнімалася на 15 мэтраў над рынкавым пляцам. Крывічы, вядомыя мне зь „Лісткоў календара“ Максім Танка як цэнтар цывілізацыі навакольля. У Крывічах над усім абшарам пануе вежа касьцёла сьвятога Андрэя. А ў Куранцы — сьціплы, але вельмі зграбны драўляны касьцёл зь фігурнай званіцай і, напэўна, самыя вялікія могілкі паўстанцаў Каліноўскага. Сьвір неяк нават няёмка назваць гарадзкім пасёлкам (такі яе сёньняшні статус). Сваім пасадам Сьвір цягне на горад. Высачэзнае замчышча, бераг вялікага возера, дыхтоўныя камяніцы і па-над усім — „домская“ званіца агромністага сабора сьвятога Мікалая. Што праўда, з гэтага краязнаўчага маршруту крыху выпадаюць Юрацішкі, якія вырасьлі дзякуючы чыгунцы, і Падсьвільле, цэнтар Пліскага раёну, якое паўстала з прычыны дысьлякацыі ў ім польскай памежнай заставы. Але ж апошнія славяцца сваёй забудовай у „закапанскім“ стылі. І гэта скасаваныя раёны ў адной толькі Маладачанскай вобласьці.
Нават сёньня гэтыя колішнія райцэнтры вылучаюцца сярод астатніх мястэчак. Недзе на былой рынкавай плошчы расьсеўся грунтоўны сталінскі райкам з калёнамі, недзе местачковую забудову пацясьніў клясычны Дом культуры з заўсёдным портыкам. Але ёсьць адна акалічнасьць, якая аб’ядноўвае райцэнтры. У іх ва ўсіх былі закрытыя касьцёлы. Недзе быў зроблены склад, як у Дунілавічах, недзе арганізаваная спартовая заля, як у Відзах, а недзе нават зрабілі заводы, як у Сьвіры ды Радашкавічах. У Куранцы касьцёл проста разабралі. Як і капліцу памяці паўстанцаў у Ільлі. Шчасьлівым выключэньнем стаіць касьцёл у Крывічах, які местачкоўцы адбілі, кідаючыся пад колы аўтамабіляў.
Але вяртаемся ў 1951 год, дзе раённая газэта „Сцяг Ільіча“ спрабуе заразіць сваіх чытачоў аптымізмам.
„Пры белапольскай уладзе Радашковічы з’яўляліся глухім гмінным мястэчкам. Насельніцтва яго паступова змяншалася. Непазнавальна змяніліся Радашковічы за гады совецкай улады. Нягледзячы на вялікія разбурэнні ў час Вялікай Айчынай вайны пасёлак хутка адбудаваўся, вырас. Даюць сваю прадукцыю промкамбінат, арцель «3-е ліпеня», працуюць РДК, бальніца на 75 ложкаў, бібліятэка, школа-дзесяцігодка, некалькі магазінаў. У наступныя гады тут разгорнецца яшчэ большае будаўніцтва. Маладосць прыйшла да старадаўняга пасёлка“.
Зразумела, што там, куды прыйшла маладосьць, касьцёлу месца не было. Можа, Стэфан Шыманскі і пазьбег бы лягеру, каб служыў недзе ў гмінным мястэчку, але ён апынуўся ў раённай сталіцы. Жыхарка Радашкавічаў Марына Пясэцкая, народжаная ў 1935-м, добра памятае ксяндза Стэфана. Але галоўнае, што паведаміла пані Марына, не пра ксяндза, а пра ягоную паству.
— Я тады яшчэ падлёткам была. Хадзілі ў касьцёл з падругай Ядзенькай. І адна, Патоцкая, напісала на яго, што ён проці ўласьці. Патоцкая была такая, латышка. Пераехалі ў Радашкавічы. Яна на яго наклевятала, а потым жа пісалі цэлае прашэньне. І там быў цэлы каляндар подпісаў! Усе парафіяне падпісаліся! Была цятрадзь вялікая. І цэлы быў журнал росьпісей. Просьбы, што ён невінаваты, што ён толькі рэлігію прапаведаваў, пра Бога. І пасьля паслалі ў суд і яго асвабадзілі. Дапамагло. Але ён пасядзеў. Калі вярнуўся, расказваў, што надзірацелі жалелі яго. Што ён ня мог цяжкую работу рабіць. Земляную работу там капалі цюрэмшчыкі. А яго паставілі кветкі даглядаць, клюмбу. А калі вярнуўся, месныя ўлады сказалі яму лучшэ ўехаць. Што будуць прасьледаваць.
„Шиманский Стефан Казимирович, 1911 года рождения, уроженец деревни Майдан-Синявский Ярославского района Львовской области, житель местечко Радошковичи, Молодечненской области, образование высшее духовное, беспартийный, холост, несудимый, осуждён по ст. 65 УК БССР с санкцией ст. 64 УК БССР с применением Указа Президиума Верховного Совета СССР от 26 мая 1947 года «Об отмене смертной казни» к заключению в исправительно-трудовом лагере сроком на 25 лет с конфискацией всего имущества, с поражением прав по п.п. «а», «б», «в» ст. 34 УК БССР на пять лет“.
У артыкулах, паводле якіх судзілі сьвятара, кожнае слова гучыць, як сьмяротны прысуд.
„65. Сношения в контрреволюционных целях с иностранным государством или отдельными его представителями, а равно способствование каким бы то ни было способом иностранному государству, находящемуся с Союзом ССР в состоянии войны или ведущему с ним борьбу путём интервенции или блокады, влекут — меры социальной защиты, указанные в ст. 64 настоящего Кодекса“.
„64. Вооружённое восстание или вторжение в контрреволюционных целях на советскую территорию вооружённых банд, захват власти в центре или на местах в тех же целях и, в частности, с целью насильственно отторгнуть от Союза ССР и отдельной союзной республики какую-либо часть её территории или расторгнуть заключённые Союзом ССР с иностранными государствами договоры влекут — высшую меру социальной защиты — расстрел или объявление врагом трудящихся с конфискацией имущества и с лишением гражданства БССР или иной союзной республики и тем самым гражданства Союза ССР и с изгнанием из пределов Союза ССР навсегда, с допущением при смягчающих обстоятельствах понижения до лишения свободы на срок не ниже трёх лет с конфискацией всего или части имущества“.
Праявіць салідарнасьць з арыштаваным сьвятаром пры жыцьці таварыша Сталіна? Паставіць подпіс у абарону чалавека, асуджанага паводле самага страшнага антысавецкага артыкулу на найвышэйшую меру пакараньня? Гэта больш, чым салідарнасьць. Працягвае Марына Пясэцкая:
— Цяпер во сяджу і думаю — ужо тых людзей няма. Як падумаю пра гэта, дык тыя подпісы ў мяне ў вачах стаяць. Столькі іх было. І старыя, і маладыя, і дзеці. Усе падпісваліся. Ня помню, хто хадзіў па дамах.
Са словаў пані Марыны я зразумеў, што Стэфан Шыманскі выйшаў зь лягеру яшчэ пры жыцьці Сталіна. Але ж гэта занадта фантастычна. Яснасьць унесла іншая старажылка Радашкавічаў, Ірына Ніжанкоўская:
— Перад сваім ад’ездам у Польшчу ён падараваў мамінай сяброўцы адну кніжку. Па музычнай літаратуры. Яна 1956 году выданьня. А выехаў ён недзе праз год. Значыць у 1957-м. А перад ад’ездам ён тут жыў некалькі гадоў. Не служыў, ні туды ні сюды. Тады вярталіся, хто былі настаўнікамі пры немцах. Я ведаю, што тады, як ён вярнуўся, людзі хацелі, каб адчынілі касьцёл. Пісалі, зьвярталіся. Ім сказалі, што гэта немагчыма, бо там была бомба ад сорак першага году. Сказалі, што гэта небясьпечна. А потым там зрабілі керамічныя майстэрні. Гэта людзям ня шкодзіла.
Дзякуючы сувязям, якія падтрымлівалі радашкаўцы з радзімай, вядома, што ксёндз вельмі сумаваў па мястэчку. Гаворыць Марына Пясэцкая:
— Ён у Польшчы захварэў на дыябэт і асьлеп. Прайшлі годы, радашкоўскія павыяжджалі. І ён быў на свадзьбе. Мацкевічы дочку аддавалі. І ён такую рэч казаў, так хваліў Радашкавічы. Казаў, што людзі, каторыя не жылі ў Радашкавічах, ня знаюць сьвету, ня знаюць, што такое жызьня. Так ён васхваляў гэтыя Радашкавічы. Але ён мусіў выехаць. Уласьці яго заставілі выехаць, а так ніколі не паехаў бы. Харошы быў ксёндз. Служыў для людзей. Невысокі такі быў, кругленькі. Ён тады ў Польшчу забраў прыслугу, Гаспосю. Ён і яе з сабой павёз у Польшчу. Ня кінуў яе тут. Там яму нялёгка было. Бо там ксяндзоў многа. Там у яго цяжолая жызьня была.
У гэтай справе няма трагедыі і сьмерці. Асуджаны сьвятар вярнуўся і дажываў свой век у Польшчы. Але загадка ў гэтай справе ёсьць. Фэлікс Шыманскі атрымаў 25 гадоў лягераў як выключную меру. Ягоны працэс прыпаў на той час, калі савецкае кіраўніцтва вымушана было адмяніць расстрэлы. Бо па вайне ў лягерах не хапала рук. Але людзі, якія падпісваліся ў ягоную абарону, выдатна ведалі, чым можа абярнуцца іх учынак. Адкуль такая сьмеласьць у „гуманныя“ нерасстрэльныя часы? І што дае такую сьмеласьць? Вера ва Ўсявышняга, пачуцьцё справядлівасьці, патрэба застацца чалавекам у сваіх вачах?
Але чаму так баялася Рымска-каталіцкай царквы савецкая ўлада? Ну здаецца — царква пад надзейным вокам МГБ, абмежаваная польскай мовай, для польскай жа меншасьці. А вось гэтага, відаць, і баяліся. Ненадзейнасьці гэтай царквы як выключна польскай. Таму і закрывалі касьцёлы. А касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў Радашкавічах, той самы, дзе хрысьцілі Янку Купалу, закрылі адразу па вайне, у 1946-м. Вярнулі вернікам толькі ў 1990 годзе. Як і астатнія касьцёлы несавецкай царквы. Якія ўрэшце сталі бастыёнам беларушчыны. І страхі бальшавікоў спраўдзіліся.
Забіць упалмінзага. Новая кніга Зьмітра Бартосіка
У гісторыі Беларусі ХХ стагодзьдзя найбольш замоўчанымі і засакрэчанымі застаюцца старонкі супраціву беларусаў савецкай акупацыі, русіфікацыі і калгасам. Праўда пра гэты супраціў зьнішчаная або схаваная ў архівах КГБ, а жывыя сьведкі падзеяў памерлі. Вырваныя з гістарычнай памяці нацыі веды пра саму сябе, пра сваю нязгоду і герояў змаганьня супраць чужынскіх парадкаў — ці не галоўная прычына таго, што гэтыя парадкі ўсё яшчэ пануюць у рэальнасьці, несучы беларусам выраджэньне, няволю і вымушаную эміграцыю.
На працягу дваццаці гадоў Зьміцер Бартосік езьдзіць па Беларусі ў пошуку праўдзівых сюжэтаў мінулага. Гэтым разам у рукі аўтару трапляюць дакумэнты Маладачанскага абласнога суду (быў такі пасьля вайны), якія выпадковым чынам апынуліся ў адкрытым доступе. У свой час гэтыя дакумэнты скапіяваў гісторык Міхась Чарняўскі. Асноўныя артыкулы крымінальных справаў — антысавецкі „бандытызм“, антысавецкія паўстаньні, падпольле, агітацыя, погляды і настроі. Дзясяткі справаў — толькі малы фрагмэнт таго валу судовых працэсаў, што адбываліся ў былой Заходняй Беларусі.
Зьміцер Бартосік з дакумэнтамі ў руках выпраўляецца па адрасах колішніх падзеяў і часьцяком знаходзіць старажылаў, якія распавядаюць пра фігурантаў тых крыміналаў. „Не хацелі ўступаць у гасударства гэта“ — такі лейтматыў успамінаў і тлумачэньне ўчынкаў, за якія ўдзельнікі атрымлівалі па 25 гадоў турмы.
Людзі адстойвалі сваю маёмасьць, сваю мову і сваю свабоду са зброяй у руках, утвараючы партызанскія атрады „лясных братоў“, змагаючыся з прышлай чужой уладай. Чакалі, што Захад, паставіўшы кропку на Гітлеры, паставіць яе і на Сталіне.