І чаму для гэтага спатрэбілася амаль два месяцы? І чым былі адметныя іншыя інаўгурацыі пасьля ранейшых сфальсыфікаваных выбараў? Абмяркоўваем у жывым эфіры «ПіКу Свабоды» з палітолягам і гісторыкам Розай Турарбекавай.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты інтэрвію
— У Беларусі публічныя акцыі з нагоды Дня Волі немагчымыя. Яны адбудуцца за мяжой і, напэўна, ня будуць вельмі масавымі, бо яшчэ год таму на людзей, якія выйшлі за мяжой на Дзень Волі, у Беларусі завялі крымінальныя справы. Як вы мяркуеце, ці Лукашэнка хоча адцягнуць увагу людзей ад Дня Волі сваёй інаўгурацыяй? Ці тут шырэйшы кантэкст?
— З аднаго боку, рэжым ставіць перад сабой такую мэту — прадэманстраваць перавагу над беларускімі дэмакратычнымі сіламі, якой ён дабіўся дзякуючы гвалту і перасьледу. Але атрымліваецца, што інаўгурацыя Лукашэнкі 25 сакавіка гуляе на карысьць Дня Волі, а ня супраць. Бо такім чынам падкрэсьліваецца гэтая дата і яе значнасьць для ўсіх беларусаў, уключаючы Лукашэнку. Масавасьць чыноўніцкага апарату, які будзе стаяць у шэрагах на гэтым мерапрыемстве, ня ёсьць дэманстрацыяй перамогі. Гэта хутчэй дэманстрацыя чагосьці іншага. А што тычыцца акцыяў пратэсту і акцыяў, прысьвечаных Дню Волі за межамі Беларусі, можна шмат разважаць, наколькі яны будуць масавымі, але геаграфія гэтых імпрэзаў, гэтых акцыяў будзе дастаткова шырокая. Я таксама зьбіраюся разам з сваёй сям’ёй выйсьці на такую акцыю. Для нас Дзень Волі працягвае заставацца галоўным сьвятам. Ну і Лукашэнка, атрымліваецца, разам з намі...
— Лукашэнка прызначыў урад да інаўгурацыі, хоць паводле палітычнай традыцыі ўва ўсім сьвеце гэта робіцца пасьля таго, як прэзыдэнт прыняў прысягу. Калі для Лукашэнкі інаўгурацыя была фармальнасьцю, навошта яе ўвогуле праводзіць?
— Яна патрэбна як рытуал. Рытуалы, іх неабходнасьць палягае ня ў тым, што яны нешта вырашаюць. Проста ідзе псыхалягічнае замацаваньне, сацыялізацыя яго новага тэрміну. Чарговасьць не выконваецца? Ну дык гэта вядомая формула — часам не да законаў. А пагарда да фармальных працэдур, пагарда да закону, уключаючы асноўны закон краіны — Канстытуцыю, была асабліва яскрава прадэманстраваная пасьля 2020 году. Для дыктатара і дыктатарскага рэжыму галоўнае не вяршэнства закону, а вяршэнства палітычнай волі адной асобы. Людзі, якія зараз нібыта прадстаўляюць новы ўрад, насамрэч не зьяўляюцца ўрадам у поўным сэнсе гэтага слова, яны прызначэнцы, яны не валодаюць ніякай палітычнай суб’ектнасьцю, самастойнасьцю. Гэта максымальна рытуалізаваныя рэчы, якія, хутчэй за ўсё, падкрэсьліваюць значнасьць фігуры дыктатара і нязначнасьць літаральна ўсіх астатніх фігураў. Гэта ўсё проста гульня дыктатара, які старэе, але які ўлады з сваіх рук не выпусьціць да апошняга... Думаю, мэдыцына стаіць на варце таго, каб максымальна яго прывесьці ў форму для гэтага рытуалу.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум