Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дарожка дадому крывёй заплыла». Частка 7 новай кнігі Зьмітра Бартосіка «Забіць упалмінзага»


Пілаты, Шаркоўшчынскі раён

Калі прачытаеш пару дзясяткаў „бандыцкіх“ спраў, наступныя будуць здавацца копіямі папярэдніх. Паўсюль адны і тыя ж фармулёўкі, адны і тыя ж абароты ў адносінах да асуджаных. Гэта сьведчыць ня толькі пра канвэер карнай машыны, але і пра маштабы заходнебеларускага „бандытызму“. Аднак варта толькі зьявіцца ў „тыпавой“ справе нейкай жывой дэталі, як адразу бясколерная карціна ажывае. А пагатоў калі пра „наследие мрачных времён“ пакінулі свае словы самі ўдзельнікі і сьведкі.

Вёска Пілаты ўжо амаль зьнікла. Але для мяне гэта нейкае містычнае месца. І сваёю назвай, і тым, што адбывалася ў яе ваколіцах. А галоўнае — менавіта там я сустрэўся са спробай занатаваць, асэнсаваць і нават прасьпяваць тое, што адбылося.

Але давайце разгорнем гадавікі шаркоўшчынскай раёнкі „Калгасны шлях“ за 1948 і 1949 гады. Сярод звыклых матэрыялаў пра стварэньне новых калгасаў і клопаты таварыша Сталіна можна даведацца нямала дзівосаў.

„Лепшыя арцелі мастацкай вышыўкі — Бабруйская, Чачэрская, Віцебская і Кармянская — зрабілі чатырыста настольных гарнітураў для экспарту за мяжу. Гарнітур складаюць расшыты крыжам абрус, дарожка і чатыры салфеткі. Першая партыя тавараў накіравана ў Ленінградскі порт для адпраўкі ў Нью-Йорк“.

„Калектыў Пінскага суднарамонтнага завода закончыў будаўніцтва першага пасажырскага цеплахода. Цеплаход спушчан на ваду. Выпрабаванні паказалі выдатную работу ўсіх механізмаў. У хуткім часе першынец Пінскага суднабудаўніцтва — цеплаход «Максім Горкі» выйдзе ў свой першы рэйс. Ён зможа перавозіць адначасова 300 пасажыраў“.

„На правым беразе Дняпра на развалінах былога вагонарамонтнага завода будуюцца карпусы першага ў Беларусі лакамабільнага завода. Да канца пяцігодкі прадпрыемства будзе ўжо выпускаць 4 тысячы лакамабіляў у год“.

Вось ня думаў, што старая сталінская газэта адкрые нешта новае для мяне асабіста. Але ж наколькі былі вузкімі мае навуковыя далягляды! Я ніколі ня ведаў пра існаваньне такога цуду інжынэрнай думкі, як лякамабіль. Гэта гібрыд лякаматыва і аўтамабіля. Колы, як у трактара. Сьпераду тырчыць высачэзная паравозная труба. І з таго коміна валіць густы дым. Фантастычная карціна. Якая, к чорту, АЭС! Вось дзе наша выратаваньне! Для лякамабіля ня трэба ні нафты, ні газу. Знай толькі дровы падкідвай. На чым жа езьдзіць па аграгарадах, як не на лякамабілі? Уяўляеце карцінку? Сотні міні-паравозаў у палях і на дарогах. А які прыгожы атрымаўся б лякамабільны прэзыдэнцкі картэж! „Мэрсам“ ужо нікога ня зьдзівіш. А вось ад такога імпартазамяшчэньня сам Кім Чэн Ын здох бы ад зайздрасьці. Я ўжо не кажу, наколькі б вырас паток турыстаў у нашу лякарэспубліку.

А вось і мясцовая навіна, якая, пэўна, парадавала ўсіх сялян Шаркоўшчынскага раёну. Зьвяртаю ўвагу на дату гэтай нататкі — лістапад 1948 году.

„Нядаўна на базу заготжывёлы сяляне в. Маскалюкі Слабадскога сельсавета В. Міхайлаў, Е. Сцепанава прывезлі жывёлу для здачы ў лік мясапаставак бягучага года. Разлічыўшыся з дзяржавай па мясапастаўках за 1948 год, сяляне папрасілі прыёмшчыка залічыць застаўшаеся мяса ў лік паставак паследуючых гадоў.

— Я патрыёт сваёй Радзімы, — заявіў пры гэтым селянін В. Міхайлаў, — здаю мяса ў лік паставак будучых гадоў у чэсць надыходзячай знамянальнай даты беларускага народа — 30-годдзя ўтварэння БССР.

Пасьля падліку аказалася, што селянін В. Міхайлаў здаў у лік паставак 1950 года 50 кілаграм мяса, а сялянка Е. Сцяпанава 41 кілаграм“.

Яшчэ ня скончыўся 1948 год, а гэтыя таварышы здаюць мяса ў лік 1950-га? Мы ўжо ведаем ад Міхала Залескага тыя „тонкасьці“ здачы мяса, калі дзеля пэўнай колькасьці кіляграмаў даводзілася забіваць значна большую вагою жывёліну. Але тут не слана ж забілі. Пэўна, у спадароў Міхайлава і Сьцяпанавай сапраўды здарылася нешта сур’ёзнае, каб такі энтузіязм прачнуўся. Бачна, што людзі адкупляліся. Ад чаго? Ад турмы ці ад высылкі?

Але пакуль краіна асвойвае выпускі лякамабіляў. Пакуль беларускія „салфеткі“ заваёўваюць нью-ёрскі рынак. Пакуль няшчасныя калгасьнікі ў 1948-м здаюць мяса ў лік 1950-га, ня ўсё яшчэ гладка ў савецкай краіне.

Вось і газэта ў артыкуле „Разгільдзяй і п’яніца зрывае будаўніцтва“ абрынулася на старшыню калгасу Шуневіча.

„Праўленне калгаса не праяўляе клопатаў па забеспячэнню грамадскай жывёлы грубымі і сакавітымі кармамі. Касьба праводзіцца марудна, а да сіласавання тут зусім не прыступалі. Пры папусціцельстве старшыні калгаса разбазарваюцца арцельныя сенажаці. З касой у руках на калгасным лузе арудуе аднаасобнік Баговіч.

Чым жа занят старшыня і чаму ён не кіруе калгасам? Сістэматычныя п’янкі, свае асабістыя справы адымаюць у Шуневіча ўвесь яго час. Днём ён будуе свой уласны дом, а вечарам п’е, на калгасных конях раз’язджае па гасцях. На сялібе калгаса Шуневіч паяўляецца даволі рэдка і то не заўсёды ў цвярозым стане. Вядома, што пры такім становішчы не можа быць і гутаркі аб правільнай расстаноўцы рабочай сілы і цягла. Некаторыя несвядомыя калгаснікі, адчуваючы бескантрольнасць, не выходзяць на працу“.

Што сталася з гэтымі цудоўнымі людзьмі, Баговічам і Шуневічам? Пасьля такіх публікацый у партыйнай газэце ўлада мусіла неадкладна рэагаваць. А найперш рэагавалі ўнутраныя органы. І калі аднаасобнік Баговіч мог адрабіцца ўступленьнем у калгас, дык старшыню калгасу маглі прышпіліць які-небудзь сабатаж. Але што была за мода ў савецкай прэсы ніколі не называць імёнаў. Толькі прозьвішчы. Зрэшты, у наступным матэрыяле ўжо назвалі поўнае імя „несазнацельнага“ таварыша — з калгасу з двухсэнсоўнай назвай „Памяць Ільіча“.

„У калгас уліліся ўсе сяляне вёскі. Побач з добрасумленнымі і працалюбівымі сялянамі ў сельгасарцель уступіў і гультай Владзімір Цітовіч. У час перавыбараў кіраўніцтва калгаса ён пранік у члены праўлення. За ўвесь час прабывання ў праўленні В.Цітовіч нічога не зрабіў карыснага для калгаса, а наадварот займаецца разлажэннем працоўнай дысцыпліны. (...) Ён беспрычынна тыднямі не выходзіць на працу. А калі нядаўна калгаснікі, абураныя паводзінамі Цітовіча, запатрабавалі ад яго выхада на працу, то паследваў адказ: «Мне трэба праводзіць уборку на сваёй сялібе»“.

Вось чаго не было ў „Калгасным шляху“, дык гэта крымінальнай хронікі. Зь ёю маглі азнаёміцца толькі адмысловыя чытачы.

„Материалами предварительного и судебного следствия установлено

В 1950 году на территории Шарковщинского р-на Молодеченской области действовала вооружённая грабительская банда во главе с Лясковским Михаилом в состав которой входили Малявко В.И., Малявко В.Ю., Котович С.В. и др. лица. Участники указанной банды занимались вооружёнными ограблениями магазинов сельпо и советских граждан.

Подсудимые Гуща Виктор и Гуща Иван весной 1950 года установили связь с бандитами, оказывали банде Лясковского помощь путем снабжения бандитов продуктами питания, а также принимали участие в ограблении с ними магазинов.

Так Гуща Виктор весной 1949 года совместно с Малявко Виталием Ивановичем и Лясковским М.В. учавствовал в ограблении магазина в дер. Пилаты Шарковщинского р-на. Ограбление магазина произвели Лясковский и Малявко, а Гуща Виктор в это время находился возле магазина.

Награбленные товары Гуща Виктор совместно с Лясковским и Малявко отнесли в лес, где их и спрятали. На второй день похищенные вещи участники ограбления между собой разделили, а спиртные напитки там распили. Из награбленных вещей Гуща Виктор получил два отреза сукна, шерстянной платок и др. мелкие товары. Все эти вещи Гуща Виктор принёс домой, использовав их затем на свои нужды.

В результате ограбления было похищено в магазине д. Пилаты товаров на 20430 руб 07 коп“.

Сярод дзясяткаў крымінальных спраў за 1950 год гэтая зьвярнула маю ўвагу знаёмым прозьвішчам — Ляскоўскі. Справа ў тым, што Ўладзіслаў Ляскоўскі — герой маёй самай першай перадачы сэрыі „Палітычная геаграфія“, якая выйшла ў сакавіку 2002 году. Жыхар Шаркоўшчыны. Былы настаўнік, краязнаўца, грамадзкі дзяяч, аўтар шматлікіх публікацый пра гісторыю свайго краю. Ці не ягоны сваяк стаяў на чале банды ў 1940-х? З гэтым пытаньнем я і паехаў у Шаркоўшчыну да спадара Ўладзіслава.

Уладзіслаў Ляскоўскі
Уладзіслаў Ляскоўскі

— Я знайшоў у дакумэнтах, што мой прапрадзед Міхал Ляскоўскі купіў царкоўную зямлю каля Новага Пагоста і служыў старастам у царкве. Меў дужа вялікую сям’ю. Ягоны сын Васіль, мой прадзед, пасяліўся ў 1882 годзе ў Запрудзьдзі, дзе нарадзіўся і я. І нашыя запрудзкія Ляскоўскія перарвалі сувязі з тымі, новапагостаўскімі. А там іх многа было. Бо сям’я была вялікая. Таму гэтага Міхала Ляскоўскага я ня ведаў. Але чуў, што такі ёсьць. Што ён быў кіраўніком паўстаньня ці як сказаць... Барацьбы з уладай. І вось калі пералавілі яго сяброў і ён застаўся адзін, не здаваўся. Акружылі хату, дзе ён знаходзіўся, як расказвалі потым людзі. Ён адстрэльваўся. Потым, як ня стала чым страляць, кінуўся ўцякаць. Але застрэлілі яго. А потым, як мне расказвалі, прывезьлі хаваць туды, дзе міліцыя. Яна і цяпер там. Побач з кінатэатрам. І закапалі гэтага Мішку, і зрабілі туалет над ягонай магілай. Настолькі ён ім насаліў. Унутраны міліцэйскі туалет над ім зрабілі. Каб помсьціць з раніцы да вечара. А матку ягоную ў Сібір саслалі. Пры Хрушчову яна прыехала — хаты няма, нічога няма. І пайшла ў дом састарэлых. Я да яе езьдзіў у 1970-я. Пазнаёміцца хоць зь цёткай. Старушка, але дзяржалася крэпка. Казала: „Белых мядзьведзяў пасла“. Даволі бадзёрая была.

Калі я слухаў пра месца пахаваньня Міхала Ляскоўскага, дык міжволі спацеў. Справа ў тым, што ў 2002 годзе я быў бяз дай прычыны затрыманы мясцовай міліцыяй для высьвятленьня асобы. Хоць дакумэнты ў мяне былі пры сабе, я правёў тры гадзіны ў пастарунку. У тым самым пастарунку! Але ж, дзякуй Богу, прыбіральня ўжо была сучасная, таму я ніяк не зьняважыў прах гэтага чалавека. Але якая вернасьць традыцыям у карнікаў! Могуць зьмяняцца колеры дзяржаўных сьцягоў, могуць мяняцца ідэалёгіі. Могуць удасканальвацца мэтады задушэньня супраціву. Але, як і ў часы графа Мураўёва, найгоршая кара для паўстанца — пахаваньне пад прыбіральняй.

Такім чынам, улетку 1950 году ў Маладачанскім судзе слухалася справа братоў Гушчаў, Віктара ды Івана. З матэрыялаў суду вынікала, што браты Гушчы былі ўдзельнікамі антысавецкай банды Міхала Ляскоўскага. Бралі ўдзел у рабаваньні крамаў у вёсках Пілаты і Сьнегі. Хавалі нарабаванае дабро. Дапамагалі бандзе харчамі. За свае злачынствы 23-гадовы Віктар Гушча і 20-гадовы Іван Гушча, абодва „из крестьян-бедняков, беспартийные, белоруссы“, атрымалі паводле 80-га артыкулу восем і сем гадоў адпаведна.

Вельмі часта я чуў, што ў асноўным у лясы ішлі людзі, якія хаваліся ад мабілізацыі 1944 году. Але братам Гушчам ніякая мабілізацыя не пагражала — у вайну яны былі яшчэ падлеткамі. Цікавую дэталь расказаў мне Ўладзіслаў Ляскоўскі. Аказваецца, улады па вайне аб’яўлялі амністыю, каб выбавіць тых дэзэртыраў зь лясоў.

— Шмат было маладзейшых за прызыўны ўзрост. Бо тых, хто хаваўся ад арміі, пералавілі і судзілі. Судзілі ня строга, яны хутка варочаліся. А гэта было маладое пакаленьне, якое ў вайну было пацанамі. А пасьля вайны савецкай улады не прызналі. Вельмі актыўнай барацьбы яны не вялі. А рабаваць крамы іх прымушаў голад. Не падпарадкоўваліся ўладам.

Яшчэ ў той судовай паперы, акрамя Міхала Ляскоўскага, згадваюцца „Малявко В.И., Малявко В.Ю. и другие“. І самае цікавае — менавіта гэтыя „другие“. Аказваецца, у справе Міхала Ляскоўскага было асуджана больш за 20 чалавек. Іхныя імёны захаваліся дзякуючы аднаму зь фігурантаў гэтай справы, вязьню ГУЛАГу Язэпу Шудзелю. Пад канец жыцьця ён вырашыў апісаць усё тое, праз што яму давялося прайсьці ў маладосьці. Язэп 1930 году нараджэньня. Па вайне зь вінтоўкай ахоўваў тую самую краму ў Пілатах. І неяк захацелася хлопцу схадзіць на танцы, на вячоркі. Папрасіў свайго таварыша Анатоля Маляўку павартаваць за яго. У тую ж ноч крама была абрабаваная.

Пісаў Язэп Шудзель свае ўспаміны на неймавернай трасянцы, часам вершамі, часам нейкім дзіўным гекзамэтрам. Частку ягоных успамінаў адрэдагаваў літаратар з Пастаў Алесь Касьцень, а выдаў пастаўскі выдавец Міхась Гіль. Гэтыя ўспаміны амаль непісьменнага чалавека лепш за шматтомныя зборы шматлікіх пісьменьнікаў паказваюць, наколькі складаным быў той час. А таксама ілюструюць, што падзеі канца 1940-х — гэта рэха часоў рэвалюцыі, гэта канфлікт бацькоў-бальшавікоў і іхных дзяцей. Гэта драма, якая не саступае эпапеі „Ціхі Дон“, але ў якой не знайшлося свайго Шолахава. Зрэшты, каштоўнасьць школьных сшыткаў Язэпа Шудзеля не ў літаратурным штукарстве.

Сшытак Язэпа Шудзеля
Сшытак Язэпа Шудзеля

Пілаты, Каўшэлева, Новы Пагост — родныя мясьціны хормайстра і этнографа Генадзя Цітовіча. У 1947 годзе для фільма „Родныя напевы“ хор Цітовіча запісаў, напэўна, сваю самую знакамітую песьню — „Рэчанька“. „Ой, рэчанька, рэчанька. Чаму ж ты ня поўная...“ У той самы час, калі дзяўчаты ў вянках сьпявалі на вечаровым беразе, на радзіме музыкі адбываліся вось такія падзеі:

„Маляўка Юльян Казіміравіч вызначыўся ў час першага прыходу Савецкай улады ў наш край, са сьнежня 1918 году па лістапад 1919-га. У гэты час ён уступае ў партыю бальшавікоў і разам з другім мясцовым бальшавіком Кукуцём з удзелам атраду чырвонаармейцаў арганізавалі ў Новым Пагосьце валасны рэвалюцыйны камітэт і чынілі суд і расправу над мясцовым насельніцтвам. З прыходам Савецкай улады з 1939-га па 1941 год Маляўка Юльян працуе старшынём Каўшэлеўскага сельсавету. А бацька Гушчаў, Віталя і Івана, Гушча Стэфан — старшынём Більдзюскага сельсавету. І тут кідаецца ў вочы розьніца ў іх паводзінах. Былы грозны Маляўка Юльян цяпер паважна адносіцца да людзей. Пасябраваў нават з панічом Канаплянскім Віталём Міхайлавічам, што пражываў у фальварку Васілева і меў сорак гектараў зямлі. Ня даў яго вывозіць у Сібір. А ў гэты час Гушча Стэфан лютуе. Ні да кога ня мае літасьці. Адправіў у Сібір нават сям’ю свайго дзядзькі, што пражывала ў вёсцы Карчы. Дзядзька, Гушча Антон, працаваў лесьніком у пана Канаплянскага. Разам зь ім вывезьлі ягоную маці Настасьсю, дачку Ганну, сыноў Міхала і Аляксандра. Маці ў Сібіры памерла, а Антону разам з сынамі ўдалося выехаць у Польшчу.

Маляўка Юльян Казіміравіч і Гушча Стэфан былі пакараныя сьмерцю падчас нямецкай акупацыі за сувязь з партызанамі. Гэта адбылося ў ліпені 1943 году. У 10 гадзін вечара Юльяна Маляўку арыштавалі ў сябе дома, у вёсцы Пілаты. Не дазволілі яму нават узяць з сабой харчоў, адказаўшы сынам, што яны яго „самі накормяць“. Туды ж прывялі зь вёскі Карчы партызанскіх сувязных — Гушчу Стэфана, Дзегцяронак Еўдакію, Драбовіч Ірыну і яшчэ аднаго мужчыну, прозьвішча ня памятаю. Адвялі іх за Новы Пагост. Зь левага боку дарогі ў сасоньніку загадалі выкапаць магілу. І ўсіх пяцярых расстралялі. У гэты час арыштавалі і Канаплянскага Віталя Міхайлавіча, што меў сяброў сярод партызанаў. Яго павесілі на скрыжаваньні вуліц у Новым Пагосьце. Так загінуў нашчадак знакамітага ў ХІХ стагодзьдзі роду Канаплянскіх. Калі ж прыйшла маці Канаплянскага і папрасіла дазволу разьвітацца з сынам, ёй адразу не дазволілі: „Калі загалосіш, то будзеш вісець побач з сынам. Калі не заплачаш, то можаш разьвітацца“. Маці валодала вялікай воляй. Разьвіталася бяз плачу.

Прайшло пяць гадоў. Падрасьлі дзеці Маляўкі і Гушчы. І падаліся ў антысавецкі партызанскі атрад. Цяжка паверыць, але дзеці падтрымалі змаганьне з той уладай, за якую ў свой час так зацята змагаліся іх бацькі“.

Язэп Шудзель
Язэп Шудзель

Алесь Касьцень памёр у 2009-м, Язэп Шудзель загадкава зьнік у 2013-м. Пайшоў з дому, і больш яго ніхто ня бачыў. Але засталіся гэтыя ўспаміны. Пра Калыму, пра так званыя „суччыя войны“ ў лягерах, пра жыцьцё паўночных народаў. А таксама пра тое, што тварылася ў савецкіх пастарунках па вайне.

„Начальства ведала, што большасьць нас, палітычных, — гэта бязьвінныя вясковыя хлопцы, якія ня ведалі, што такое палітыка і адкуль яна бярэцца. Відаць, Бэрыя даводзіў плян, колькі людзей пасадзіць, а сьледчыя імкнуліся плян выканаць. Успомнілася, быў такі лейтэнант Шыркін зь менскай контравыведкі МГБ і старшы лейтэнант Сьвілкаў, якія дапытвалі мяне ў Шаркоўшчыне. У кабінэце МГБ, у прысутнасьці самога начальніка, капітана Бердашкевіча. Які сам не дапытваў. Дапытвалі Шыркін, Сьвілаў, прозьвішча трэцяга я ня памятаю, такім парадкам — сорак-пяцьдзясят хвілін білі, а дзесяць-дваццаць хвілін давалі аддыхнуць. Каб падумаў і падпісаў тое, што ім патрэбна было для справы. Каб мяне пасадзіць. Білі да таго часу, пакуль ня страціш прытомнасьць. І тады ў маёй зьбітай галаве ўзьнікае шум, звон, быццам іграе аркестар. І тады яны мне падсоўваюць аркуш паперы, каб я падпісаў. Другога выйсьця не было, як падпісаць. Каб выжыць. І вось тады я ўжо на іх кручку. І што б потым я ні гаварыў, мне не было веры. Гэтыя тры афіцэры былі сапраўднымі злыднямі, выхаванцамі Бэрыя. Я іх абвінавачваю, ды толькі ня ведаю, дзе яны цяпер. Можа, цяпер займаюць месца Бэрыя і наносяць шкоду другім людзям, як гэта рабілі з намі?“

А як жа мне поўнай быць?
Зь беражкамі роўна плыць?
Янка коніка паіў,
Маня ваду чэрпала.

Якой поўнай магла б быць Беларусь, каб яе ня вычарпалі! Каб усе гэтыя людзі, пералічаныя рукой былога калымскага вязьня, засталіся на сваіх берагах.

„Жыхар вёскі Пілаты Маляўка Веньямін Іванавіч, 1929 году нараджэньня, занёс у банду брату паесьці. Другі яго брат, Маляўка Генадзь, якому было 12 гадоў, схадзіў у лес праведаць брата. Арыштаваны.

Чапулёнак Міцька, жыхар вёскі Лучкі. Меў жонку, трое сыноў ад двух да шасьці гадоў, і дзьвюх дачок, ад сямі да дзевяці гадоў. Арыштаваны. Ня вытрымаў катаваньняў. Страціў розум.

Маляўка Станіслаў. Пражываў у Пілатах. Але калі пляменьнік Віталь пайшоў у банду, то, ратуючыся ад жахлівых наступстваў, пераехаў жыць у Мёрскі раён, у вёску Вусаўцы. Але яго і там знайшлі.

Цярпілка Аркадзь Васілевіч. 1922 году нараджэньня. Жыхар вёскі Лучкі. Меў жонку, Маляўку Марыю, дачку Лію трох гадоў, сына Генадзя двух гадоў. Даў паесьці бандзе. Асуджаны. Памёр у лягеры ў Сібіры“.

Цярпілка... Якое алегарычнае беларускае прозьвішча. Але яно не дапамагло свайму ўладальніку.

Я паехаў у Пілаты, дзе мяне чакала новая гісторыя, якой няма ў тэчках Чарняўскага. Машыністкі з МГБ, напэўна, з заплюшчанымі вачыма маглі набіраць тыя аднолькавыя фармулёўкі пра „оказание помощи вооружённым террористическим бандам“ ды іншыя „снабжения бандитов самогоном“. Але гісторыя, якая чакала мяне ў Пілатах, — гэта зусім па-за рамкамі дабра і зла. Нават з папраўкай на сталінскія часы. Гэта пра тое, што ў расейскім лягерным арго называецца „беспределом“. Якое, дарэчы, ніяк не перакладаецца ні на якую іншую мову.

У Пілатах, ад якіх засталася толькі адна хата, схаваная лесам, я нікога не засьпеў. Але каля самай дарогі Шаркоўшчына — Мёры, зусім недалёка ад гэтай вёскі зь біблейскаю назваю, ёсьць невялікія могілкі. Там у самым пачатку стаяць два танныя помнікі. Пад адным спачывае Вера Ўльянаўна Шудзель, народжаная ў 1909-м і памерлая ў 1981 годзе. Гэта маці. А з фота на суседнім помніку на нас глядзіць дачка, Людміла Чарняўская.

Зь лёгкай усьмешкай і моднай фрызурай, якая, паводле майстра і пісьменьніка Сяргея Календы, называецца „халодныя хвалі“ (кудзеры замацоўваюцца цукровай вадой або півам, а сама мода лічылася францускай). Даты жыцьця 1931–1949. Тое, што пасьля вайны гінулі людзі, не сакрэт. Гінулі бандыты, гінулі ўдзельнікі антысавецкай партызанкі, гінулі партработнікі і эмгэбісты. Але сьмерць Людмілы Чарняўскай, а галоўнае, жыцьцё пасьля сьмерці, — такога я яшчэ не сустракаў. Расказалі мне пра яе жыхаркі мястэчка Каўшэлева. Прыгажуня Людміла была мясцовай паштаркай. Акрамя лістоў і газэт, паштары ў той час насілі пэнсіі салдацкім удовам. І гэта былі адзіныя жывыя грошы на вёсцы. Бо працавалі калгасьнікі, як вядома, не за грошы, а за працадні. Вось гэтыя грошы і сталі прычынай сьмерці Людмілы Чарняўскай. Старажылка суседняга Каўшэлева Марыя Бяспальчык расказвала мне гэтую гісторыю, як быццам казку баяла.

Марыя Бяспальчык
Марыя Бяспальчык

— І тады работала Дабрасольцава такая, Фрося, заведуюшчай на пошце. А пошта была ў Бардзенцах. Ну і быў міліцыянэр. Там сядзеў, на пошце. А тады грошы аддавалі паштальёнам і яны насілі іх пехатою. І тая Фрося мелася атрымаць грошы. Але не атрымала. І паштарка бяз грошай пайшла. А той міліцыянэр думаў, што атрымала, і пайшоў упярод. І там на павароце ў лес тую дзяўчыну і забіў. А там непадалёк, на хутары стаяў дом. І тады той міліцыянэр прычапіўся да маладога мальца. „Вось у цябе тапор. І ты яе забіў“. А той малец шчапаў дровы. І гэтага мальца былі пасадзіўшы.

Іншая жыхарка Каўшэлева, Эвэліна Язёнак, таксама ня можа забыць тую гісторыю.

Эвэліна Язёнак
Эвэліна Язёнак

— Я ведаю месца, дзе яе забілі. Як звалі тых мальцаў, я ня ведаю. А начальнік Шаркоўшчынскай міліцыі Казарын у іх тапара папрасіў. Думаў, што яна грошы нясець бальшыя. А ў той дзень ёй грошай не далі. Ну ён яе пераняў, гнаў яе. Я крыві ня бачыла, але мне расказвалі. Уцякала яна, бедная, крычала. Так расказвалі мальцы, якіх асудзілі. Ён усё на іх зьвярнуў. Яго нават сабака апазнаў! Далі ж панюхаць адзежу забітай. А ўсё роўна пакрылі яго. Выкруціўся. У Віцебск перавялі. Дык і цяпер так, дзе грошы і ўласьць. Начальнік міліцыі Казарын. Ён не мясцовы. Прыслалі. Фашыст. Абвініў няшчасных мальцаў. Там над імі так ізьдзяваліся, мучылі. А яму ўсё сышло з рук.

Але жыцьцё паштаркі Люсі працягваецца пасьля фізычнай сьмерці. Люся стала гераіняй папулярнай у навакольлі песьні.

— Як на вячорках музыкі зморацца, дык людзі яе пяюць. А песьню злажыла Валя такая была. Яна зь ёй дружыла, дужа любіла яе. Я памятаю яе, Люсю. У нашай хаце танцы часта рабілі. Каса ў яе была. Красівая была дзевачка.

У дзярэўні Юзафова жыла бедная ўдава.
Муж на вайне забіты. Тры дочкі ў яе былі.
Старшай дочкай Люсенька ў яе была.
Яна, як цьвяточак у садзіке, цьвіла.

А далей я ня помню. Усё забылася. Там усё было расказана, у песьні. Як ён напаў. Матка яе ўвесь час хадзіла па інстанцыях. „Гэты бандыт забіў! Што вы прывязаліся да мальцаў гэтых?“ Усюды крыла, як знала. Але ніхто да яе не прыслухаўся. Ды зналі яны ўсе. Ці называлася ў песьні фамілія Казарын? Вы што? Хто там Казарына будзе чапаць? Баяліся ж усе. Прыйшлі б на вячоркі ды арыштавалі б каго хочаш, нешта прыдумалі б. Тады ж было — сьцеражы Божа. Матка не баялася. Казала: мне ўсё роўна. Ігнарыравалі яе. Ды што салдацкая ўдава магла даказаць? Ды ў той час, пасьля вайны. Ды й цяпер...

Дарожка дадому крывёй заплыла,
Люсенька-дачушка дамоў не прыйшла.

Ён жа яе сек тапаром. Галаву расьсек. Усё крывёй заплыўшы было. А потым сьцягнуў з дарогі яе і накрыў лазой. І тапор там кінуў.

Больш за паўтара куплета Эвэліна, на жаль, успомніць ня здолела. Яшчэ крыху дадала жанчына на каўшэлеўскай вуліцы, якая вярталася з гасьцей:

— Так. Была такая песьня.

Мамачка да сонца рана ўставала.
І дачку ў дарожку рана выпраўляла.
Люсенька да сонца раніцай ішла.
Ня знала, што ў дарозе бяда сьцерагла.

Далей ня памятаю. Але ўсе плакалі над гэтай песьняй. Такая была дзяўчынка! Очань красівая, очань.

Старая паказала мне дом Аліны Катовіч, якая абавязкова мусіць ведаць тую песьню. Але і ў Аліны мяне чакала расчараваньне. Словы песьні старая ня памятала. Затое забойцу запомніла.

— Гэты чалавек пастаянна там на пошце тоўкся. Ня раз яго была відзеўшы. Усё высматрываў. Дзенюжак хацеў. Міліцыянэр, ды яшчэ ж глаўны нейкі. Ня просты міліцыянэр. І яго адгэтуль убралі. Кудысьці перамясьцілі. А нявінныя мальчыкі сядзелі. І мала пажылі пасьля. Вы ж знаеце, як там дапрашвалі? І білі, і ўсяго было. Каб прызналіся. Лагунёнкі. Маладыя зусім. Доўга сядзелі, настаяшча. І скора памёрлі, як прыйшлі зь цюрмы. Іх выпусьцілі раней. Але былі замучаныя. Мала пажылі.

Каб уявіць карціну злачынства, ня трэба быць Шэрлакам Холмсам. Начальнік раённай міліцыі, ведаючы, у які дзень і якім маршрутам пойдзе 18-гадовая паштарка з грашыма, робіць засаду на яе і забівае сякерай. Сякерай, якую перад тым узяў у хлопца, што сек дровы. Каб затым сьпіхнуць на таго хлопца віну. Пры поўнай міліцэйскай кругавой паруцы начальніка пераводзяць у іншае месца. А няшчасны ідзе ў лягер. Ці сьпявалася пра гэта ў песьні? Можа, старыя пявуньні не хацелі адкрываць незнаёмаму чалавеку ўсю песьню? Чагосьці асьцерагаліся? Можа, там, у песьні, нешта ёсьць пра несправядлівую ўладу ці пра міліцыю? Зрэшты, сваё стаўленьне да той улады яны выказалі. Ніхто зь іх ня верыць у тое, што сапраўдны забойца панёс пакараньне.

Шаркоўшчынскі краязнаўца Ўладзіслаў Ляскоўскі мне расказаў, што засудзілі ня двух чалавек, а аднаго. І той суд быў падобны на мітынг супраць кулакоў. Бо засуджаны хлопец быў зь сям’і хутаран, якія не ішлі ў калгас. Няшчасны адседзеў восем гадоў. Пасьля лягеру нават ажаніўся, але пражыў толькі тры гады. А сапраўдны забойца, той начальнік міліцыі, быў-такі выкрыты і асуджаны на доўгі тэрмін. Але ў гэта ў вёсцы ніхто ня верыць, бо ня ўпісваецца такі сюжэт ні ва ўяўленьне пра савецкае жыцьцё, ні ў народную песьню.

Неўзабаве вёска Пілаты зьнікне зусім. Але яна застанецца ня толькі кропкай на старых мапах. Дзякуючы амаль забытай песьні пра паштарку Люсю і некалькім асобнікам успамінаў пілатаўскага палітвязьня Язэпа Шудзеля. Пілаты ўжо ня зьнікнуць, нават толькі дзякуючы аднаму радку „Дарожка дадому крывёй заплыла“.

Забіць упалмінзага. Новая кніга Зьмітра Бартосіка

У гісторыі Беларусі ХХ стагодзьдзя найбольш замоўчанымі і засакрэчанымі застаюцца старонкі супраціву беларусаў савецкай акупацыі, русіфікацыі і калгасам. Праўда пра гэты супраціў зьнішчаная або схаваная ў архівах КГБ, а жывыя сьведкі падзеяў памерлі. Вырваныя з гістарычнай памяці нацыі веды пра саму сябе, пра сваю нязгоду і герояў змаганьня супраць чужынскіх парадкаў — ці не галоўная прычына таго, што гэтыя парадкі ўсё яшчэ пануюць у рэальнасьці, несучы беларусам выраджэньне, няволю і вымушаную эміграцыю.

На працягу дваццаці гадоў Зьміцер Бартосік езьдзіць па Беларусі ў пошуку праўдзівых сюжэтаў мінулага. Гэтым разам у рукі аўтару трапляюць дакумэнты Маладачанскага абласнога суду (быў такі пасьля вайны), якія выпадковым чынам апынуліся ў адкрытым доступе. У свой час гэтыя дакумэнты скапіяваў гісторык Міхась Чарняўскі. Асноўныя артыкулы крымінальных справаў — антысавецкі „бандытызм“, антысавецкія паўстаньні, падпольле, агітацыя, погляды і настроі. Дзясяткі справаў — толькі малы фрагмэнт таго валу судовых працэсаў, што адбываліся ў былой Заходняй Беларусі.

Зьміцер Бартосік з дакумэнтамі ў руках выпраўляецца па адрасах колішніх падзеяў і часьцяком знаходзіць старажылаў, якія распавядаюць пра фігурантаў тых крыміналаў. „Не хацелі ўступаць у гасударства гэта“ — такі лейтматыў успамінаў і тлумачэньне ўчынкаў, за якія ўдзельнікі атрымлівалі па 25 гадоў турмы.

Людзі адстойвалі сваю маёмасьць, сваю мову і сваю свабоду са зброяй у руках, утвараючы партызанскія атрады „лясных братоў“, змагаючыся з прышлай чужой уладай. Чакалі, што Захад, паставіўшы кропку на Гітлеры, паставіць яе і на Сталіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG