У горадзе Краснагорску Маскоўскай вобласьці каля канцэртнай залы «Крокус Сіці Хол» адкрылі мэмарыял у памяць аб ахвярах тэракту ў 2024 годзе.
Да стэлаў з чорнага граніту з 14 журавамі прыйшлі некалькі соцень чалавек, каб ускласьці кветкі.
Акрамя гэтага, Сьледчы Камітэт Расеі паведаміў аб завяршэньні сьледзтва ў дачыненьні да 19 абвінавачаных па справе аб тэракце.
«На падставе сабраных доказаў сьледзтва прыйшло да высновы, што тэрарыстычны акт быў сплянаваны і арганізаваны спэцслужбамі недружалюбнай дзяржавы ў мэтах дэстабілізацыі абстаноўкі ў Расеі», — сьцьвярджае СК Расеі.
Аб якой менавіта краіне ідзе гаворка, не ўдакладняецца.
У прэс-рэлізе таксама сказана, што арганізацыяй тэракту нібыта займаліся шэсьць грамадзян з краін Цэнтральнай Азіі, частка зь якіх праходзіць пад псэўданімамі. Яны знаходзяцца за мяжой, іх завочна арыштавалі і аб’явілі ў вышук.
Паводле СК Расеі, арганізатары нібыта завэрбавалі чацьвярых выканаўцаў тэракту, грамадзян Таджыкістана.
Тэракт у маскоўскай канцэртнай зале «Крокус» адбыўся 22 сакавіка 2024 года. Яго ахвярамі сталі не менш як 145 чалавек, больш за 500 чалавек былі параненыя.
Частку людзей расстралялі нападнікі, а большасьць загінула падчас пажару, у тым ліку задыхнуліся прадуктамі гарэньня. Пацярпелымі па справе аб тэракце прызнаны больш за 1700 чалавек. Сьведкамі праходзяць больш за 800 грамадзян.
Адказнасць за тэракт узяла на сябе ячэйка «Вілаят Харасан» — філія «Ісламскай дзяржавы», аднак расейскія ўлады настойвалі нібыта на наяўнасьці «ўкраінскага сьледу», што таксама сьцьвярджаў Уладзімір Пуцін.