Вось першая датай судовая справа. Артыкул — сабатаж. Гэта сорак чацьвёрты год. Яшчэ няма ніякіх бандытаў. Адна толькі радасьць вызваленьня. Селянін Уладзіслаў Янушэўскі з засьценку Падравішкі з-пад Відзаў мусіў здаць дзяржаве 6300 кг збожжа, 3000 кг бульбы, 482 кг сена і 150 кг мяса. А здаў толькі 1760 кг жыта і 150 кг бульбы. І ўсё. Прысуд — 10 гадоў лягераў і канфіскацыя маёмасьці.
Калі падсудныя прапісваюцца падрабязна, зь імёнамі па бацьку, дык судзьдзі фігуруюць толькі прозьвішчамі. А ў гэтай справе яшчэ і вялікімі літарамі. „ПРЕДСЕДАТЕЛЬ МОЛОДЕЧЕНСКОГО ОБЛСУДА ГОРБ“.
З усёй „бандыцка-тэрарыстычнай“ плыні вылучаецца справа 1949 году. Судзілі трох жыхароў розных вёсак Валожынскага раёну. А менавіта дваццацігадовага лесатэхніка Мікалая Баўтрука, ураджэнца Магілёва, беларуса, жыхара вёскі Зафінава. А таксама двух лесьнікоў-палякаў, 53-гадовага Язэпа Наркевіча, жыхара вёскі Зацішша, і саракагадовага Язэпа Сабалеўскага зь вёскі Скадорвы. Усім тром далі надзвычай гуманны для таго часу тэрмін. Усяго адзін год пазбаўленьня волі. Але за што!
„Балтрук Николай Александрович, Наркевич Иосиф Иванович и Соболевский Иосиф Васильевич, работая в Вишневском лесничестве Воложинского района, 3-го мая 1949 года, встретившись с бандитской группой, возглавляемой Ковалевским, действовавшей на территории Воложинского района, в день конституции бывшей буржуазной Польши, по приказанию бандитов Балтрук вывешивал в дер. Римовичи польско-националистический флаг и дал бандитам подписку собирать в их пользу сведения информационного характера, однако ни один подсудимый о встрече с бандитами и о их преступных действиях не сообщили органам советской власти“.*
* Тут і далей цытаты судовых справаў даюцца ў адпаведнасьці з арыгіналам.
Як цікава, амаль паэтычна савецкія сьледчыя назвалі бела-чырвоны сьцяг. „Польско-националистический“. І ці змаглі б яны патлумачыць, чым ён адрозьніваецца ад польска-камуністычнага. „Як жа вам, беларусам, пашанцавала! — казаў мне яшчэ ў 1996-м польскі сябра Павал Казанэцкі. — Вашы сымбалі так адрозьніваюцца ад іхных, бальшавіцкіх. У ПНР крыху адрозьніваўся толькі герб. А сьцяг і ў іх (камуністаў), і ў нас быў адзін“.
Бадай, з усіх эпізодаў у атрыманым мною архіўным скарбе гэты адзіны меў настолькі дэманстратыўную польскую афарбоўку.
У 1948 годзе ў тым жа Валожынскім раёне быў створаны „Арлоўскі атрад“. Пра яго вядома з судовай справы, у якой праходзілі тры беларусы, адзін расеец і адзін паляк. Нават свая прысяга была ў таго атраду. Шкада, што тэксту не прывялі ў судовых дакумэнтах. Згодна суду, як у той песьні пра Мурку, „банда занималась тёмными делами“. Гэта значыць, рабаваньнем крамаў, падпалам і рабаваньнем савецкіх грамадзян, забойствамі, а таксама вырабам і распаўсюджваньнем антысавецкіх улётак. Усе ўдзельнікі „Арлоўскага атраду“ атрымалі па дваццаць пяць гадоў лягераў. На той час — найвышэйшую меру пакараньня.
Забягаючы наперад, скажу, што нават выйшаў на адну старую з тых мясьцінаў. Аднак дзеці яе не далі дазволу на размову. Я прадставіўся карэспандэнтам Свабоды, ніколі раней гэта не выклікала недаверу. Але цяпер на дварэ быў 2020 год...
Сялянам, якія ўзьнялі „польска-нацыяналістычны“ сьцяг, прысудзілі год няволі кожнаму. Байцам „Арлоўскага атраду“ — па дваццаць пяць. І такі самы тэрмін атрымаў Раман Мялейша, ураджэнец вёскі Міцюны на Астравеччыне.
Гэты дваццацігадовы дзяцюк, „проживая в гор. Ленинграде и будучи враждебно настроенным по отношению к Советской власти, в 1948-49 г.г. вёл дневник, в котором излагал свои антисоветские взгляды и намерения вести борьбу против существующего в СССР Государственного и политического строя, возводил клевету на Советскую власть, извращая Советскую действительность, восхвалял бывшее буржуазное польское государство. Он же с 1939 года по 1951 год хранил у себя антисоветский польский националистический песенник“.
Нікога не забіў, не абрабаваў, нічога не падпаліў. Дык за што дваццаць пяць? За польскі сьпеўнік? Ці за „извращение советской действительности“? І як гэта можна перакласьці на зразумелую мову? Скажэньне, вычварэньне рэчаіснасьці? „Што вы тут вычвараеце?“ — такі прыклад прыводзіць слоўнік.
Дзіўна, як часам падобныя крымінальныя справы супадаюць паводле месца і часу „злачынства“. За адзін 1951 год на Ашмяншчыне ажно трох антысавецкіх агітатараў выявілі. Насамрэч іх было, вядома, нашмат болей. Гэта толькі тыя, што фігуруюць у маім архіве. Так, 46-гадовы беларус Іван Лагуновіч зь вёскі Слабада „восхвалял жизнь в капиталистических государствах и, в частности, в буржуазной Франции“. А ягоны аднагодак зь вёскі Гароднікі, беларус Баляслаў Ждановіч, „распространял слухи о скорой войне капиталистических стран против Советского Союза, о скором поражении Советского правительства“. А 57-гадовы паляк Зігмунд Дубіцкі зь вёскі Аляны ўсяго толькі „возводил клевету на руководителей партии и Советского правительства“. У чым была тая „клевета“ і ці была, невядома. Усім траім далі па дзесяць гадоў.
Прадчуваньне вайны вісела ў паветры. І гэтая свая вайна пасьля вайны была нібы пачаткам, прэлюдыяй новай вайны, вялікай, якая мусіла нарэшце зьнішчыць прыгон, усталяваць справядлівасьць і назваць антысавецкіх злачынцаў героямі. І тэрміны па 10-25 гадоў, мабыць, успрымаліся больш як спроба застрашыць, бо хто ж будзе сядзець іх цалкам, калі вайна?
Справа двух валожынскіх падпольшчыкаў, Мікалая Шарэцкага і Фёдара Ўласіка. „На протяжении 1948–1950 г.г. систематически один-три раза в неделю, в числе других граждан города Воложино в количестве от 5 до 10 человек, собирались на сборище в дом гражданина Янова И.А., проживающего на улице Новогрудской дом №145, проводили антисоветскую агитацию, искажали действительность колхозного строя. Одновременно распространяли слухи о неизбежности войны между СССР, Англии и Америки. Утвер- ждали, что Советский Союз будет разбит и не будет колхозов“.
Які стыль і якая абазнанасьць у мясцовых рэаліях! Чаго вартыя толькі „граждане города Воложино“! Між іншым, вуліца Наваградзкая цяпер носіць імя Леніна. Гэта бясконца доўгая, вузкая вуліца, што цягнецца ў вільготнай нізіне. Там да гэтае пары захаваліся старыя пачарнелыя драўляныя хаты з даваеннай эпохі. Лепшага антуражу для зборышчаў падпольшчыкаў і не прыдумаеш. Атрымалі чальцы валожынскага клюбу па 25 гадоў.
За тую самую антысавецкую агітацыю тыя самыя 25 прысудзілі валожынцу Мікалаю Пачыкоўскаму. Такі ж тэрмін далі жыхару Гервятаў беларусу Станіславу Хадыку. Не паглядзелі нават на паважны ўзрост — 58 гадоў.
Выглядае, што слова новыя ўлады баяліся больш за кулю. Толькі пачынаеш чытаць мутныя літары на сіняй паперы, і ўжо ведаеш, што ў канцы будзе „дваццаць пяць“. Як у справе жупранскага ксяндза Баляслава Гельмера. Ён „с 1937 года хранил у себя контрреволюционную литературу до момента ареста. С 1946 года по 1951 год Гельмер устраивал сборище детей младшего школьного возраста и проводил с ними изучение религии“. Гэта значыць, рабіў сваю звычайную ксяндзоўскую справу.
А сьвятар зь недалёкага Анжадава Касьпер Валадкевіч свой 25-гадовы тэрмін атрымаў ня толькі за агітацыю, але і за прагнозы. „В своих проповедях в костёле предсказывал гибель Советской власти и восстановлении буржуазных порядков в Белорусской ССР“.
Дастаткова было нават не называць гэтай улады, а сказаць: „Чакайце, зло ня вечнае, дабро пераможа!“ — і ўсе ўсё разумелі.
За захоўваньне контрарэвалюцыйнай літаратуры атрымаў 25 гадоў сьвятар з Кабыльніка Пётра Васюцёнак. Ягоная справа цікавая сьпісам літаратуры, якую ў яго забралі: Горкі, Астроўскі, Сэрвантэс, Шчадрын, Чэхаў, Пушкін, Гогаль, Лермантаў, Някрасаў, Талстой, Тургенеў... Нічога не разумею. Ага, вось яны! „Религиозные книги на польском языке — 84 т.“
Тым часам жыхар Мядзела Мечыслаў Варакса, акрамя запісак польска-нацыяналістычнага характару, „без специального разрешения хранил в своем доме сильнодействующее ядовитое вещество «Стрихнин»“.
Стрыхнін — гэта рэчыва, якое вылучаюць з ванітных арэшкаў, насеньня чылібухі (наскрозь атрутнага трапічнага дрэва). У мінулым яго дзе толькі ні выкарыстоўвалі: і непасрэдна як атруту, і як энэргетык-допінг у спорце, і як афрадызіяк (казалі, што „стрыхнін падыме што заўгодна“), і нават дадавалі ў піва (у славуты гатунак IPA, для гаркаты). Ну а беларускія сяляне труцілі ім мышэй і пацукоў. Сёньня стрыхнін афіцыйна ўжываюць хіба ў мэдыцыне. Але тагачасныя пракуроры, відаць, асацыявалі яго толькі са зброяй.
Гальшанскі францішканскі касьцёл вядомы сваім прывідам Белай Панны — змрочнай легендай пра ўмураваную жыўцом маладую жонку аднаго з будаўнікоў (каб сьцены мацнейшымі былі). Таксама тут апавядаюць пра здань Чорнага Манаха — ахвяру злоснага магната, бацькі ягонай каханай. Такую гісторыю, часта замест рэальнай, расказваюць турыстам. Але была ў гэтага касьцёла і найноўшая, немістычная гісторыя. Не для турыстаў.
У 1951 годзе тут служыў арганістам дваццацігадовы Вітольд Барыла. Ён захоўваў антысавецкую літаратуру, „в которой возводил клевету на колхозный строй, коммунистическую партию /Большевиков/ и Советское правительство“. Маладому арганісту далі дзесяць гадоў.
Пра Барылу піша ў сваёй кнізе пра рэпрэсаваных каталіцкіх асобаў Леанід Маракоў: „БАРЫЛА Вiтольд Пятровiч [1931, в. Дзеркаўшчына Дзiсенскага пав. Вiленскага ваяв., цяпер Глыбоцкi р-н Вiцебскай вобл. — ?], арганiст. З польскай сялянскай сям’i. Атрымаў сярэднюю спэцыяльную адукацыю. Да арышту служыў у касьцёле сьв. Яна Хрысцiцеля ў в. Гальшаны Ашмянскага р-ну Горадзенскай вобл. Быў жанаты, гадаваў дзiця. Арыштаваны 9.8.1951. Асуджаны 14.9.1951 за «антысавецкую агiтацыю» на 10 гадоў ППЛ. Далейшы лёс невядомы“.
Далейшы лёс невядомы... Але ж месца ягонага нараджэньня добра мне вядомае. Дзеркаўшчына. Нягледзячы на позьні час, я затэлефанаваў свайму дзеркаўскаму прыяцелю. Высьветлілася, што далейшы лёс арганіста вельмі нават вядомы!
Антысавецкай літаратурай былі ноты. Ноты незвычайныя. Ноты Паўла Карузы, фальклярыста і кампазытара, выпускніка Віленскай кансэрваторыі, зьбіральніка беларускіх народных песень, рэдактара газэты „Крыніца“, дэпутата разагнанага перад санацыяй польскага Сэйму, перабежчыка ў БССР, вязьня Салавецкага лягеру. Пасьля лягеру беларускі італьянец працаваў дырыгентам Маладачанскага абласнога ансамбля песьні і танца. Да 1947 году, калі яго саслалі ў Нарыльск. Пасьля сьмерці Сталіна Каруза жыў у Вільні, дзе працаваў дырыгентам у Дзяржаўным ансамблі польскай песьні і танца Літоўскай ССР. Памёр у Вільні ў 1988-м, на 82-м годзе жыцьця.
А Вітольд Барыла выйшаў зь лягеру ў 1956-м. Вярнуўся на радзіму, дзе быў звычайным калгасьнікам. Ад адраджэньня касьцёла ў роднай Дзеркаўшчыне ў 1990-м да самай сьмерці ў канцы нулявых гадоў працаваў арганістам.
А вось „опять двадцать пять“. На гэты раз прысуд 19-гадоваму Івану Бабнісу зь вёскі Махалы Іўеўскага раёну. За “антисоветскую агитацию в письменной форме”. Іван „в феврале 1949 года написал своему дяде Ясюкевич, проживающему в Аргентине, в котором возводил клевету на Советскую действительность. Содержание письма клеветнического характера было написано молоком. На протяжении временной оккупации немцами территории БССР и Ивьевского района хранил у себя на квартире антисоветскую литературу — журнал «Катынь», который при обыске был изъят и приобщен к делу. Кроме того, Бабнис И. И. в первых числах мая 1950 года написал и распространил две антисоветские листовки в адрес Советских активистов — Левицкого А. К. — агента райуполминзага по Слесарскому сельсовету и учительницы — Валюшкиной Е. С. с угрозами убийства, имеющими целью заставить их отказаться от активной государственной и общественной деятельности. В результате чего Валюшкина Е. С. вынуждена была переехать в Липнишский сельсовет, а Левицкий в Субботницкий сельсовет“.
Якая ж тут агітацыя? Тут і тайнапіс малаком, і пагрозы забойствам, і — самае галоўнае — удалы вынік „тэрарыстычнай дзейнасьці“.
Пра „нябачныя лісты“ мы даведаліся ў 1970-я — з апавяданьняў пра „дзядулю Леніна“, які гэткім няхітрым спосабам падманваў царскую паліцыю. Напісаў паміж звычайных чарнільных радкоў малаком, пасьля прайшоўся па аркушы прасам — і ўсё тайнае рабілася яўным. Але чаму „царскія сатрапы“ былі такія дурныя? І чаму сталінскія цэнзары такія разумныя? Яны што, кожны ліст за мяжу прасавалі? Выглядае, што так. Аднак Іван Бубніс такі вызваліў родную мясцовасьць і ад апантанай настаўніцы, і ад райупалмінзага.
Якое, дарэчы, страшнае слова! Гэта табе не камсорг з зампалітам. Гучыць, як імя пэрсанажа з сэрыі раманаў пра Гары Потэра. Упалмінзаг — Лорд Вальдэморт! Толькі постаць зусім не фантазійная, а цалкам змрочная ў тутэйшай паваеннай рэальнасьці. Гэтак называўся ўпаўнаважаны Міністэрства нарыхтовак. Той, хто, па сутнасьці, рабаваў сялянскія сем’і ў самыя галодныя часы.
Стварылі міністэрства ў сакавіку 1946-га. Дакладней, перайменавалі. Тады ўсе народныя камісарыяты станавіліся міністэрствамі. Але 15 сакавіка 1953-га, не пасьпелі ўсенародныя сьлёзы прасохнуць, міністэрства зьліквідавалі, яно стала адным з аддзелаў Міністэрства сельскай гаспадаркі. Але... Ужо ў лістападзе таго ж 1953-га яго вярнулі. Напэўна, без жывога правадыра народ „расслабіўся“, таму на сцэну вярнулі ўпалмінзага. Безь яго аброк зьбіраўся ня так плённа. Трэба сказаць, што пасада была надта рызыкоўная, пра што ёсьць шмат сьведчаньняў у сеціве. Вось толькі самыя першыя:
„На протяжении 1947–1949 годов Романчук и участники его бандгруппы совершили ряд террористических актов. Так, в июне 1947 года Романчук и Демух убили председателя Квачевского сельсовета и помощника уполномоченного Министерства заготовок СССР по Несвижскому району“. Раманчук і Дэмух, між іншым, героі майго „Верабейкі“. Ці вось пра Яўгена Жыхара, чыё імя да гэтае пары памятаюць жыхары Глыбоччыны: „В июле 1947 года Жихарь принимал участие в совершении теракта в деревне Глинщина Дуниловичского района над сотрудником Глубокского РО МВД. Летом 1948 года банда Жихаря в деревне Рудевичи Поставского района убила агента Уполминзага и двух работников лесничества“.
І, вядома, дзякуй абласному суду за вестку пра „Катынь“. Ці гэта быў менавіта часопіс, невядома. Затое зразумела, што ў Беларусі пра расстрэл бальшавікамі 11 тысяч польскіх афіцэраў, у тым ліку беларусаў, ведалі адразу — і ведалі праўду, якую ўлады СССР прызнаюць толькі перад самым развалам гэтай краіны, у 1990-м.
Чытаю пра знаёмыя мясьціны. Сосенка, вёска на беразе Вялейскага вадасховішча. Адзін з найлепшых пляжаў і кавярня з гатэлем „Украінскі дворык“ з жоўта-блакітнымі літарамі ў аздабленьні. За Сосенкай ляжыць вёска Касута, радзіма Піліпа Орліка, аўтара „Пактаў і Канстытуцыі правоў і вольнасьцяў Войска Запароскага“. Няйначай, заезны ўкраінскі двор быў пабудаваны ў разьліку на гасьцей з поўдня. Ня ведаю, наколькі часта яны наведваліся на радзіму Орліка, але кухня там заўжды была добрая. А жоўта-блакітнае аздабленьне не магло не выклікаць моцных эмоцыяў. У каго наплыву сьветлых надзей, а ў каго прыступаў шаленства.
Сосенка — радзіма Браніслава Андрыеўскага. Якому далі пяць гадоў за тое, што ён „13-го марта 1951 года в присутствии ряда рабочих лесозаготовок, будучи в нетрезвом состоянии, высказывал антисоветские настроения, высказывал пошлую нецензурную брань по адресу Сталинской конституции, Советской власти и руководителей Советского правительства“. Герою з Сосенкі 26 гадоў усяго. Напэўна, высокі суд улічыў нецьвярозы стан маладога чалавека як прыкмету сацыяльна блізкага. Значыць, п’янства магло або зьмяншаць антысавецкую віну, або ўзмацняць яе, у залежнасьці ад... Чаго?
Справа ад 8 жніўня 1953 году. Ужо пасьля сьмерці Сталіна, але яшчэ да хрушчоўскай адлігі. Судзілі 27-гадовага Гаўрыіла Сварубовіча зь вёскі Міцкавічы сёньняшняга Смаргонскага раёну. „Подсудимый Сворубович 24-го июня 1953 года, будучи в опьянённом состоянии, совершил хулиганские действия, выразившиеся в том, что он колом от забора разбил три окна в магазине Жодишского сельпо, два окна в доме сторожа этого магазина Мусской Надежды Яковлевны, после чего набросился в проходившую в это время мимо него гражданку Духович А.М. и стал избивать её колом, причинив последней при этом телесные повреждения в области головы, левого плеча и предплечья правой лопатки, бедра и левой половины живота, относящихся к разряду менее тяжких, вызвавших у Духович длительное расстройство здоровья. После содеянного Сворубович, зайдя в здание Мицковского сельсовета, колом разбил портрет одного из руководителей Коммунистической партии и Советского правительства, затем разбил в здании сельсовета окно и в присутствии Дремлюк Татьяны, Мусского Генадия и Дремлюк Степана произносил клеветнические высказывания в адрес Советской власти, Коммунистической партии и Конституции СССР, дискредитируя Советскую действительность“. Во як разышоўся Гаўрыла без правадыра! Згодна з тэкстам пратакола.
Але адна справа — выказаць усё, што думаеш, у адрас партыі і савецкага кіраўніцтва нападпітку, у коле калег і таварышаў. І зусім іншая — на працягу доўгіх гадоў, ад 1936-га па 1954-ы, весьці дзёньнікі. Як гэта рабіў Язэп Бублевіч, жыхар вёскі Вашкуны, што каля Варнянаў. Дзёньнікі, вядома, канфіскавалі ў дзень арышту. А якая цікавая, улічваючы пэрыяд запісаў, там мусіла быць хроніка! Да таго ж выключна дзёньнікамі вашкунскі летапісец не абмяжоўваўся. Спрабаваў па меры сваіх сіл уплываць на жыцьцё. „Свои антисоветские взгляды и враждебное отношение к Советской власти Бублевич излагал и в изготовляемых им анонимных документах, которые направлял в советско-партийные организации и требовал распространять антисоветское содержание этих документов через радио и печать. Наряду с этим Бублевич вместе с дневниками в своей квартире до дня ареста хранил изданные за границей антисоветские листовки с карикатурами на руководителей партии и Советского государства“. У 1954 годзе, калі яго арыштавалі, Язэпу было 64. Далі яму 8 гадоў.
Цікавая дэталь, якую мы яшчэ сустрэнем у гэтых справах, калі судзілі людзей за іх антысавецкія допісы ў газэты, а асабліва на радыё. Ці сапраўды аўтары верылі, што іхныя лісты прачытаюць у эфіры? Ці яны спадзяваліся самім радыйнікам раскрыць вочы на тое, што адбываецца? Маўляў, вось вы ўсё гэтае бясчынства хваліце, але ж яно бясчынства і ёсьць. Ці дапускалі, што і там усё бачаць і думаюць так, як яны, і аднойчы нехта набярэцца сьмеласьці і... грымне, як мусіла грымнуць новая вялікая вайна?
Дакумэнты ажно з двух пасяджэньняў у справе аднаго падсуднага. Судзяць немаладога селяніна Мікалая Кур’яновіча, 1903 году нараджэньня. Адно пасяджэньне адбылося ў 1957 годзе, другое ў 1958-м. Вось што фігуравала ў першым.
„Курьянович систематически захватывал колхозные сенокосы, запахивал колхозную землю, жал колхозные посевы, а когда это самоуправство пресекалось председателем колхоза Киселевым или кем-либо другим, что Курьянович набросился на людей с вилами, косой или ещё с чем-нибудь другим. Кроме того Курьянович написал в 1955-1956 годах большое количество писем контрреволюционного содержания, которые адресовал в редакцию «Правды» и другие советские и партийные органы“. А вось і вырак: „Направить в специальную психиатрическую больницу для принудительного лечения, связанного с изоляцией“.
І раптам справа скончылася ў 1958-м. „Прекратить, в связи с выздоровлением, принудительное лечение Курьяновича Николая Федоровича, 1903 года рождения, выписав его из Ленинградской тюремной психиатрической больницы МВД СССР на попечение его жены — Курьянович Ольги Ивановны, проживающей в дер. Ручьи, Мильчанского сельсовета, Кривичского района, Молодечненской области“.
Пасьля выракаў зь вялікімі тэрмінамі лягераў чытаеш такі прысуд з палёгкай. Быццам хэпі-энду дачакаўся. Адчуваньне такое, што гэты праўдалюб да гэтае пары жыве ў тых Ручаях, дагледжаны сваёй жонкай. Стоп. У якіх „Ручьях“? „Под Воложино“? Вёска Руччо была і ёсьць — тады ў Крывіцкім, цяпер у Вялейскім раёне. Для сьледчага МГБ назва аказалася невымаўляльнай і невыпісальнай. І ён зь лёгкасьцю мяняе назву беларускага паселішча так, каб было зразумела і камфортна менавіта яму.
Ізноў знаёмыя мясьціны! Іказьнь, пра якую я пісаў у „Верабейку“. Мястэчка, вядомае сваім нэагатычным касьцёлам, а таксама антыбальшавіцкім паўстаньнем 1919 году, якое падняў ксёндз-беларус Міхал Буклярэвіч. Гэтым разам на пажаўцелых аркушах стаіць 1956 год. Сталін ужо тры гады ляжыць у маўзалеі. У Маскве адбыўся ХХ зьезд КПСС, на якім разьвянчалі культ асобы. МГБ перайменавалі ў КГБ. Але маладачанскі суд працягвае выдаваць 10-гадовыя тэрміны. У сьнежні 1956-га менавіта такі тэрмін выпісалі іказьненскаму блогеру.
Зрэшты, Уладзімер Шваб, які толькі адзначыў сваё паўналецьце, наўрад ці здагадваўся, што ён блогер. Але тое, што ён рабіў, — гэта ўжо сапраўдная барацьба. Сьвядомая акцыя чалавека, які хоча данесьці сваю праўду. Хай у якасьці пляцоўкі для мэсыджу будзе ўсяго толькі мост цераз рэчку. А сярод чытачоў знойдуцца і стукачы.
„Шваб Владимир Аркадьевич, будучи враждебно настроенным по отношению к коммунистической партии, Советской власти и колхозному строю, с января месяца 1956 года систематически занимался изготовлением и распространением листовок антисоветского содержания, а именно:
а/. Так, в январе месяце 1956 года Шваб В.А. в своём дому изготовил листовку, в которой призывал народ к борьбе против Советской власти, к срыву проводимых мероприятий в деревне, к истреблению колхозного имущества. Указанную листовку Шваб В.А. наклеил на мосту за дер. Иказнь, где её впоследствии читали гр.гр. Неведомская Н.М., Яроцкий А.А., Денисова А.К. и другие. (...)
б/. Не прекращая свою преступную деятельность, Шваб Владимир Аркадьевич в мае месяце 1956 года снова изготовил 9 антисоветских листовок, из которых 7 экземпляров распространил в разных местах на территории колхоза им. Черняховского, а 2 экземпляра уничтожил.
По своему содержанию листовки содержат пропаганду о скорой войне против Советского Союза, а также призывы к борьбе против коммунистов.
Распространенные Швабом В.А. семь листовок были обнаружены гр. Хадарёнок, которые и поступили в органы КГБ“.
Блогер ня блогер, але ў якасьці інтэрнэту выкарыстаў тое, чым ён у мэтафарычным сэнсе і зьяўляецца, — мост, дзе праходзяць усе людзі, дзе яны крыху мабілізуюць увагу, дзе сустракаюцца ўрэшце.
А вось судзяць яшчэ аднаго блогера, але ўжо зусім не інтэрнэтнага. Непаўналетняга Генрыха Пялінка. Тэрмін — два гады. За што? „Во второй половине ноября месяца 1956 года, возвращаясь с работы из Плисской МТС домой, в дер. Горовые и имея при себе топор, Пялинок обтесал ствол ели около дороги, ведущей из МТС в дер. Черенки, и на обтёсанном месте синим копировальным карандашом учинил антисоветскую надпись, призывающую к физическому уничтожению коммунистов. Эта надпись была обнаружена 21 ноября 1956 года учениками Прошковской неполной средней школы Драмочёнок и Бульгой, которые поставили в известность об этом директора школы Милешко, а последний сообщил в органы УК ГБ. Наряду с этим Пялинок незаконно хранил холодное оружие — винтовочный штык, который 29 января 1957 года во время обыска в квартире Пялинок был обнаружен в соломе его кровати“.
У тым самым Пліскім раёне судзілі 55-гадовую жанчыну зь вёскі Каралёва, ураджэнку Пскова з шыкоўным прозьвішчам — Марыю Іванаўну Мэрло. Дык што ж такога нарабіла пані Мэрло, што атрымала сем гадоў? „В феврале и марте месяцах 1957 года Мэрло М.И. написала два анонимных письма антисоветского, контрреволюционного содержания, в которых клеветала на советскую действительность, высказывала угрозы и месть в адрес коммунистической партии и Советского правительства, восхваляла капиталистический строй. Изготовленные письма подсудимая Мэрло М.И. направила в Главные управления радиоинформации Министерств культуры СССР и БССР“.
Што за такую страшную помсту выказвала ў сваіх лістах загадкавая пані Мэрло, мы ўжо не даведаемся. Як і ў выпадку з блогерамі, напэўна, гэта быў стандартны набор народнага гневу, які адчувалі ўсе, але вымавіць ці напісаць адважваліся толькі самыя сьмелыя. Часам наіўна верачы, што іхныя лісты прачытаюць і ацэняць на радыё. Бо праўда ж. Хутчэй за ўсё, Марыя Мэрло стала ахвярай сваёй наіўнасьці. Паверыла ў ХХ зьезд КПСС, у даклад Хрушчова і адлігу. Але адліга была ў Маскве. А ў Маладачанскім абласным судзе сядзеў усё той жа безыменны сталінскі судзьдзя таварыш Горб. Які не заўважыў аніякай адлігі.
Забіць упалмінзага. Новая кніга Зьмітра Бартосіка
У гісторыі Беларусі ХХ стагодзьдзя найбольш замоўчанымі і засакрэчанымі застаюцца старонкі супраціву беларусаў савецкай акупацыі, русіфікацыі і калгасам. Праўда пра гэты супраціў зьнішчаная або схаваная ў архівах КГБ, а жывыя сьведкі падзеяў памерлі. Вырваныя з гістарычнай памяці нацыі веды пра саму сябе, пра сваю нязгоду і герояў змаганьня супраць чужынскіх парадкаў — ці не галоўная прычына таго, што гэтыя парадкі ўсё яшчэ пануюць у рэальнасьці, несучы беларусам выраджэньне, няволю і вымушаную эміграцыю.
На працягу дваццаці гадоў Зьміцер Бартосік езьдзіць па Беларусі ў пошуку праўдзівых сюжэтаў мінулага. Гэтым разам у рукі аўтару трапляюць дакумэнты Маладачанскага абласнога суду (быў такі пасьля вайны), якія выпадковым чынам апынуліся ў адкрытым доступе. У свой час гэтыя дакумэнты скапіяваў гісторык Міхась Чарняўскі. Асноўныя артыкулы крымінальных справаў — антысавецкі „бандытызм“, антысавецкія паўстаньні, падпольле, агітацыя, погляды і настроі. Дзясяткі справаў — толькі малы фрагмэнт таго валу судовых працэсаў, што адбываліся ў былой Заходняй Беларусі.
Зьміцер Бартосік з дакумэнтамі ў руках выпраўляецца па адрасах колішніх падзеяў і часьцяком знаходзіць старажылаў, якія распавядаюць пра фігурантаў тых крыміналаў. „Не хацелі ўступаць у гасударства гэта“ — такі лейтматыў успамінаў і тлумачэньне ўчынкаў, за якія ўдзельнікі атрымлівалі па 25 гадоў турмы.
Людзі адстойвалі сваю маёмасьць, сваю мову і сваю свабоду са зброяй у руках, утвараючы партызанскія атрады „лясных братоў“, змагаючыся з прышлай чужой уладай. Чакалі, што Захад, паставіўшы кропку на Гітлеры, паставіць яе і на Сталіне.