Галоднічы, Смаргонскі раён
Я шукаў вёску Галодзічы Сьвірскага раёну Маладачанскай вобласьці — так пазначана ў судовай справе. У тых Галодзічах увосень 1949 году абрабавалі фінагента. Сама назва вёскі выклікала невясёлыя асацыяцыі. Калі продкі далі ёй такое сумнае імя, дык няйначай стаяць тыя Галодзічы на нішчымным суглінку ці ўвогуле на гіблым балоце.
Інтэрнэту тым вечарам не было — пратэрмінаваў аплату. Таму пошукі мае, як у недалёкім ХХ стагодзьдзі, абмяжоўваліся энцыкляпэдыяй „Гарады і вёскі Беларусі“ ды падшыўкай раённай газэты „Сталінскі шлях“. У энцыкляпэдыі я ніякіх Галодзічаў не знайшоў. А вось у „Сталінскім шляху“ сёе-тое цікавае было. Напрыклад, я даведаўся, куды вадзілі піянэраў на экскурсіі ў сталінскай Беларусі, як змагаліся са сьмяротнымі вірусамі і якая тады існавала прафэсія, дагэтуль мне невядомая...
„Нядаўна вучні Засвірскай сямігадовай школы Шэметаўскага сельсовета пад кіраўніцтвам старшай піонерважатай тав. Піскіжовай пабывалі на экскурсіі ў Болькаўскім спіртзаводзе. Тэхнарук тав. Кавалёва азнаёміла іх з тэхнічным працэсам атрымання спірту, з пабудовай паравой машыны, з лабараторыяй і іншай апаратурай завода“.
„Совецкая ўлада пільна ахоўвае здароўе працоўных. Медыцынская дапамога аказваецца бясплатна. Акрамя таго эпідэмічная станцыя праводзіць вялікую работу сярод насельніцтва па прафілактыцы і барацьбе з эпідэмічнымі захворваннямі.
Да паслуг хворых прадастаўляюцца санітарныя самалёты. Дзясяткам людзям выратавана жыццё хуткай дапамогай санітарных самалётаў, дастаўляўшых хворых у гарады Мінск і Маскву“.
„У Выгаліненцкай хаце чытальні заўсёды ажыўлена. Сюды збіраецца моладзь і старыкі. Яны чытаюць газеты самі і слухаюць, як чытае тав. Мізула. Ён дэталёва растлумачвае аб гістарычных падзеях у нашай краіне і за рубяжом. Прысутнічаючыя вельмі цікавяцца і такімі пытаннямі, як аднаўляецца разбураная ворагам народная гаспадарка. Ізбач Мізула часта бывае ў вёсках. Ён праводзіць гутаркі з сялянамі на розныя тэмы. А ў сучасны момант ён выбраў асноўнай тэмай — растлумачэнне рашэнняў, прынятых Першай Сесіяй Вярхоўнага Совета СССР“.
У мяне таксама ёсьць свой ізбач Мізула. Краязнаўца і пясьняр Алег Мізула зь мястэчка Жодзішкі. Ён таксама часта праводзіць гутаркі. Праўда, не зь сялянамі, а з гасьцямі сваёй аграсядзібы. І, вядома, тэмы ў майго Мізулы іншыя, чым у ягонага фамільянта. Менавіта ад Алега Мізулы я й даведаўся, дзе знаходзяцца тыя Галодзічы. А дакладней, Галоднічы.
— У нашай ваколіцы перайменавалі вёсак пяць. Мелі назвы для камуністычнай сыстэмы ня вельмі мілагучныя. Мая бабуля была зь вёскі Авечкі. Яе перайменавалі ў Сасноўку. Вёска Марцішкі, альбо Мартышкі, стала Бярозаўкай. Ушыўца стала Лазоўкай, Сьвінка — Малінавай. Батракі аб’ядналі зь вёскай Андрэеўцы. Гэта была такая доўгая вёска, яна і цяпер ёсьць. Але Батракамі называлася тая частка, якая пасьля паўстаньня зьмяніла веру. Пасьля паўстаньня 1863 году людзей заманьвалі з каталіцызму ў праваслаўе, давалі зямлю, давалі грошы пад’ёмныя. І гэтая, самая бедная, частка перайшла ў праваслаўе. І стала Батракамі. Ну а вёска Галоднічы была перайменаваная ў Краснаазёрнае. Не павінна ж быць пры савецкай уладзе голых, босых і галодных.
Праўдзівыя назвы многіх паселішчаў Беларусі губляюцца ў глыбіні вякоў. Бальшавіцкія перайменаваньні закранулі нават спрадвечныя Раманавы, якія сталі Ленінамі. Пладзіліся шматлікія Кастрычнікі, Чырвоныя Сьцягі, Першамайскія, зусім ужо расейскія Пуцяводная Зьвязда, Надзежда, Акцябрскі, Пабядзіцелі... Заадно перайменавалі ўсё, што палічылі царкоўным ці проста незразумелым: Царковішча стала Пралетарскім, Ігумен — Чэрвенем, а Фэліксбэрг — Пралетарскай Камунай. Зьявіліся Чапаеўкі, Будзёнаўкі, Валадарскія, Варашылавы ды іншыя Сьвярдловы.
Галоднічы, альбо (ад 1964 году) Краснаазёрнае, — ідэальная вёска для загараднага адпачынку. Маленькае паселішча ў адну вуліцу схавалася за ляснымі пагоркамі паміж двума прыгажэннымі азёрамі. Які голад? Здаецца, першыя жыхары Галоднічаў адмыслова далі вёсцы такое застрашлівае імя, каб адвадзіць чужакоў. Каб рай быў толькі іхны. Зрэшты, карэнных жыхароў тут амаль не засталося. Рай даўно раскрыты. Гэта відаць па дагледжаных катэджах і чуваць па цішыні, якая пануе на панадворках: ні сабачага брэху, ні каровінага мыканьня. Каля адной хаты яе новы гарадзкі гаспадар зрабіў мастацкую інсталяцыю. На прызьбе сядзіць манэкен у камуфляжы, касцы і супрацьгазе. Манэкен трымае дошку з надпісам: „Аставім унукам шыкоўную спадчыну. Астравецкая АЭС — 25 км“. Толькі дзеля такой інсталяцыі варта было прыехаць у Галоднічы.
Але прывяла мяне сюды справа Івана Казіміравіча Падмосткі, 1899 году нараджэньня, жыхара хутара Пасекі, беларуса, зь сялян-сераднякоў, беспартыйнага, малапісьменнага, жанатага.
„Подмостко Иван Казимирович, проживая на хуторе Пасеки Свирского района, в октябре 1949 года установил преступную связь со своим родственником главарём банды Козловским Леонидом. При посещении бандитами его дома в октябре 1949 года Подмостко принял участие в выпивке спиртных напитков вместе с ними, где бандиты обсуждали вопрос об ограблении финагента Статкун. Зная о достоверно готовящемся ограблении финагента, Подмостко не только не сообщил об этом советским органам, но по заданию бандитов пошел в разведку с целью установления, дома ли сам финагент и не имеются ли в деревне представителей органов Советской власти, которое им было выполнено и бандиты, будучи осведомлёнными о положении в дер. Голодичах, где проживал финагент, совершили ограбление последнего, забрав у Статкун 13 638 рублей государственных денег. После ограбления финагента бандиты вновь пришли в дом Подмостко, где об’яснили последнему об ограблении финагента, а за услугу Подмостко получил от бандитов 150 рублей“.
Першы і адзіны, каго я сустрэў на ціхай галодніцкай вуліцы, быў просты чалавек. Просты камуфляж для рыбалкі. Простыя вочы, крыху туманныя ад простай выпіўкі. Просты недаверлівы позірк на чужака. Нават вымаўленае мною праўдзівае імя вёскі не дадало ў ягоны позірк цеплыні. Мужык сказаў, што зь мясцовых у вёсцы застаўся толькі ён. Усе старыя даўно памерлі. Ніякіх Падмосткаў і Статкуноў ён ніколі ня чуў. Можна было разварочвацца і ехаць назад. Але, прагуляўшыся ў канец Галоднічаў, я заўважыў зусім ня дачны дом.
Вялікая сучасная двухпавярховая камяніца, побач некалькі гаспадарчых пабудоў, акуратна складзенае бярвеньне, трактары. Гаспар сядзібы яўна даўно і пасьпяхова займаецца лесам. Я зайшоў на шырокі двор. З хаты выйшаў ужо ня просты чалавек. Невысокі каржакаваты маладзён з позіркам пільным, але не падазроным. Я як мага карацей растлумачыў, што мяне прывяло ў Галоднічы.
Аляксандар, так звалі няпростага чалавека, папрасіў мяне пачакаць хвілін дзесяць. Зайшоў у дом. Затым выйшаў пераапрануты. Сеў у свой няпросты джып і папрасіў ехаць за ім. Паехалі мы ў суседняе Вішнева. Там няпросты чалавек зайшоў у адзін з дамоў, а вярнуўся не адзін, а зь немаладым спадаром, сваім бацькам. Цяжкая сківіца, прамы позірк блакітных вачэй, сівізна. Рыхтык амэрыканскі сэнатар. Так я пазнаёміўся з Уладзімерам Пурпурам, карэнным жыхаром Галоднічаў.
— Статкун работаў на савецкую ўласьць. Хлопцы ў яго былі майго возраста. Я зь імі ў школу хадзіў, потым разам на танцы хадзілі. Я ў іх часта бываў у доме. Помню, як бацька прыхадзіў з такой сумкай вялікай у руках і там сьпіскі былі. Помню, як сабраньні правадзілі, як людзі плакалі. Беднякі, у каторых не было ні калёс, ні атос, ні гумна, толькі хадзілі памагалі тым, хто заможна жыў, яны сразу запісаліся ў калхоз. А мой бацька і другія сядзелі, галовы ўніз апусьціўшы. Хочаш ня хочаш, а запішуць. Помню, як разьбіралі гумны, як забіралі каня, калёсы, як маці плакала, як бацька плакаў. Усё забралі.
Адзін чалавек служыў уладзе, другі быў той уладай абрабаваны. Што не замінала іхным дзецям сябраваць паміж сабой. У гэтым месцы я зраблю адступленьне. Бо ахвяра гэтай справы — фінагент.
У паваеннай Заходняй Беларусі пасьля афіцэраў МГБ і ўпалмінзагаў людзі найбольш баяліся фінансавых агентаў. Калі ўпалмінзаг лез у хлявы і сьвірны, дык фінагент чысьціў сялянскія кішэні. Каб ніводнае яйка, прададзенае на рынку, не прайшло незаўважаным, не абкладзеным падаткам. А падаткі для адносна вольных аднаасобнікаў падвышаліся ледзь ня кожны месяц.
Пра аднаго ўнікальнага фінагента мне расказаў жыхар вёскі Каптаруны, што ў Пастаўскім раёне. Той фінагент на ўсе просьбы і маленьні сялян крыху пачакаць заўжды адказваў двума словамі: „Купі і здай“. „Ня маеш яек? Купі і здай“. „Малака няма? Купі і здай!“ І так кожнаму: „Купі і здай!“. Ён і сам не заўважыў, як аднойчы выслоўе стала ягоным імем. Мінула эпоха калектывізацыі, ужо даўно не было каму і не было патрэбы штосьці купляць і здаваць. Былы фінагент стаў спачатку бухгальтарам, пасьля выйшаў на пэнсію. Але для ўсіх людзей гэты чалавек так і застаўся Купіздаем. „Вунь Купіздай пайшоў“, „Ад Купіздая чуў“. „Дзе?“ — „Ды за Купіздаевай хатай“. Напэўна, так нараджаюцца прозьвішчы.
З Уладзімерам мы паехалі да найстарэйшай жыхаркі Галоднічаў, цёткі Рэні. Сын абрабаванага савецкай уладай селяніна і колішні старшыня сельсавету паказваў дарогу, а я ўсьцешана думаў, што, як ні старалася савецкая ўлада ўсіх людзей зрабіць простымі, але няпросты чалавек невынішчальны. І вельмі часта, як вось у гэтых Галоднічах, ён гатовы адкласьці ўбок свае справы, каб дапамагчы беларускамоўнаму падарожніку. І думаю, беларуская, гэта значыць няпростая, мова — галоўны стымул для такога дзеяньня.
Цётка Рэня, 80-гадовая ўсьмешлівая кабетка, абставінаў таго даўняга рабаваньня ня памятала.
— Так. Ён быў фінагентам. Але я ня чула, каб яго аграбілі. Але чаго толькі тады ні было. Хтосьці хаваўся, не хацеў на вайну ісьці. Маладыя хлопцы. Але палітычных не было.
Спадарыня Рэгіна ў карціну паваеннага жыцьця дадала новы, дагэтуль нідзе ня чуты мною сюжэт.
— Клаліся пад трактары, пад камбайны. Страшна ўспамінаць. Пасьля вайны трохі разжыліся — і тут у калхоз! Мы трымаліся да пяцьдзясят трэцяга. Памятаю, мы, малыя, ляцім, а бабы ляжаць пад камбайнам. І не пайшлі. На жывога чалавека дзе ж яны пойдуць? Яно было, ёсьць і будзець. І цяпер. Каму нравіцца, каму ня нравіцца — ня пойдзеш жа проціў. Беларус жа ня пойдзе проціў. Так і тады. А клаліся тады, каб зарабіць. Трудадні. Бо ўбіралі ж косамі. А тут ня трэба — камбайн усё зробіць.
Калі ў Крыжоўцы сяляне з боем праганялі жняяркі са свайго, як яны лічылі, поля, каб сабраць свой, як яны лічылі, ураджай, дык тут калгасьнікі кідаліся пад камбайны, каб зарабіць самім. Вось такі быў калгасны галодніцкі лудызм.
— Абідзіць нас той, Вышшы. І цяпер абіжаець, і перш абіжаў...
Так часта бывае, што едзеш па адну тэму, а выплывае зусім іншая. Абрабаваны фінагент адышоў на задні плян. А наперад выйшла гісторыя пра тое, як у 1950-я калгасьніцы клаліся пад камбайны, каб толькі жаць сярпамі. Толькі дзеля таго, каб зарабіць лішні працадзень. Што ж сабою ўяўляў гэты загадкавы працадзень, што за яго людзі гатовыя былі рызыкаваць жыцьцём? Я абклаўся старымі нумарамі абласной „Сялянскай газэты“.
„«Жанчына ў калгасе — вялікая сіла», — сказаў таварыш Сталін. Залатыя словы! Вось узяць хаця-б наш калгас. Усе асноўныя работы выконваюцца ў нас жанчынамі. Жанчыны і жывёлу даглядаюць, і косяць, і жнуць, і праволваюць — усяго не пералічыць. І вось цяпер, калі ў самым разгары жніво, жанчына прыняла на свае плечы асноўную цяжасць працы.
Асабліва мне хочацца адзначыць работу двух жней, якія прыходзяць на поле раней за ўсіх і звяртаюцца дамоў пазней другіх. Адной з іх хутка споўніцца 50 год. Гэта Елена Асіпоўская. З ёй побач заўсёды можна ўбачыць калгасніцу Герасіменка. Гэтыя жанчыны, маючыя вялікі вопыт у палявых работах, зжынаюць за дзень да 30 сотак, між тым, як па норме належыць 15—20.
Радасна працаваць жанчынам на калгасным полі. Радасна таму, што праца нас вядзе да заможнасці, да ўсенароднага гонару, да шчасця“.
Цікава, што думалі пра гэтую вясёлую нататку жнеі з Галоднічаў. Пра заможнасьць і шчасьце. Эканаміста Міхала Залескага гісторыя галодніцкіх жней зусім не зьдзівіла.
— І ў Студзянцы пад Забрэзьзем было такое ж паўстаньне. Таму што сутыкнуліся тэхналёгія вала з тэхналёгіяй рынку. І гэныя людзі не разумелі, чаму ім не даюць зарабіць. „Мы ж робім! Мы ж стараемся! А гэтыя сукі...“ Я гэта чуў ад людзей: „Што за ідыёта прыслалі старшыню? Чаму ён не дае зарабіць?“. Працадзень залежаў ад гаспадаркі. Колькі накідвалі на працадзень. Гэта не фіксаваная адзінка. Працадзень ва ўзорна-паказальным калгасе — гэта ня тое самае, што ў бедным. Калгас дзейнічаў на аснове „Всесоюзного устава сельскохозяйственной артели“. Арцель — гэта таварыства. „Як патопаеш, так і палопаеш“. Але камуністы заўсёды адрозьніваліся двудушнасьцю. Як для вас, лахоў, — гэта статут арцелі, а як для нас, дзяржаўнікаў, — гэта плянавыя пастаўкі. Калі б мы з табой былі арцельлю, мы б пасеялі збожжа, два цэнтнэры на гектар. Мы б сабралі дваццаць цэнтнэраў. Два цэнтнэры б пакінулі на пасеў, пакінулі сабе, пакінулі жывёле, астатняе прадалі б, пакінулі на страхавы фонд і астатняе падзялілі. Так рабіла б арцель. А калі вырашаеш ня ты...
Адказ на пытаньне, што мусіць атрымаць калгасьнік, я знайшоў у адным з нумароў „Сялянскай газеты“ за 1948 год. Вось якія радасныя лічбы былі ў калгасе імя 17 верасьня Маладачанскага раёну. Калі ў 1945 годзе за адзін працадзень давалі 1,5 кіляграма збожжа, у 1946-м — амаль два кіляграмы, дык у 1948-м — ажно 6. Бульбы ў галодным 1945-м — 2 кілё, у 1946-м — 5, а ў 1948-м 12 кіляграмаў! Давалі нават грошы. У 1945-м — 50 капеек за дзень, у 1946-м — адзін рубель, у 1948-м — пяць з паловай! Тыя сталінскія рублі па цэнах у крамах вельмі падобныя на рублі сёньняшнія. Таму ўявіце, што вам за цяжкую працу заплацілі 150- 200 рублёў. Ці ня праўда, сталінская радасьць мала адрозьніваецца ад цяперашняй? Я паказаў гэтыя лічбы Ўладзімеру Кажамяку, былому выкладчыку вэтэрынарнага тэхнікуму ў Ільлі (гэта былы райцэнтар той жа вобласьці).
— Гэта ўсё няпраўда. За год работы маглі даць пуд збожжа. І ты на плячо гэтыя шаснаццаць кіляграмаў — і прыносіш дадому. Увесь твой заробак збожжавых за год. Якія грошы? Маглі трохі бульбы даць. Таму сяляне ўсё вырошчвалі на сваіх сотках і спадзяваліся толькі на свае соткі. У нас было дваццаць сотак каля хаты і дзясятак сотак у полі. Якія грошы? Дзяржава бедная, грашыма заплаціць ня можа. А як зацікавіць? Вось прыдумалі гэтыя „палачкі“, як іх называлі. Бо брыгадзір ставіў такія насупраць прозьвішча ў сваім сшытку. А яшчэ гэта ж кантроль над табой! Відаць, што ты ходзіш на работы. Што ты выконваеш мінімум працадзён. Было такое паняцьце — мінімум працадзён. Ты павінен кроў з носу яго выканаць. І паспрабуй ня выканай! Будуць спагнаньні матэрыяльныя. І працавалі. І ў нядзелю, і ў суботу, і канца не было. А колькі даць збожжа, бульбы, сена? Гэта ў залежнасьці ад ураджайнасьці. А калі год не ўраджайны і таго збожжа мала? А дзяржаўныя пастаўкі трэба выканаць калгасу? Здаць дзяржаве і сабе пакінуць на пасеў? Вось табе пуд на плечы. А ў іншы год, можа, трошкі болей.
А вось што піша ў „Сялянскай газеце“ таварыш Шостак з Альковіцкага сельсавету Ільлянскага раёну. Была ўсё ж у савецкіх калгасах тая дзіўная прафэсія.
„Заслужаным аўтарытэтам карыстаецца сярод членаў сельгасарцелі імя Варашылава калгасны ізбач камсамолка Соф’я Бохан. Ужо другі год яна з’яўляецца агітатарам у трэцяй брыгадзе. Вось і зараз, у гарачую пару ўборкі, яе можна амаль кожны дзень у абедзенны перапынак бачыць у полі з газетай у руках. Яна праводзіць гутаркі са жнеямі, арганізуе калектыўную чытку.
Жняя Яніна Лобач пакідала ў полі многа каласоў. Агітатар заўважыла гэта і прысароміла бракароба. У той жа дзень яна расказала калгаснікам, як з-за пакінутых каласоў трацяцца пуды і тоны збожжа. Назаўтра ў калгаснай насценнай газеце паявілася карыкатура на Яніну Лобач. Цяпер Яніна і яе сяброўкі не пакідаюць у полі ніводнага каласка. І працаваць яны сталі значна лепш“.
На старонках „Сялянскай газеты“ друкавалася шмат вершаў пра шчасьлівае калгаснае жыцьцё. Вершаў прафэсійных літаратараў і самадзейных паэтаў. Але, колькі я ні шукаў, нідзе ў гэтых творах не знаходзіў слова „працадзень“. Прыгадваецца толькі прыпеўка, пачутая ад Уладзімера Арлова: „Працадзень наш, працадзень. Зноў у сраку цэлы дзень“. А вось чым натхняла абласная газэта:
„Я чытала Леніна,
Я чытала Сталіна,
Што калгасная дарога
Для сялянства правільна.
Жыць заможна у калгасе —
Гэта справа нашых рук.
Так сказаў таварыш Сталін,
Бацька наш, настаўнік, друг.
Шырэй, вуліца, раздайся —
Трактарам дарогу дай.
Мы змагацца будзем дружна
За высокі ўраджай.
Гарманіст, гучней іграй нам,
Усе дзяўчаты падпяюць.
Хай пачуюць ва ўсім свеце,
Як калгаснікі жывуць.
Ты ляці крылатай птушкай,
Наша песня пра калгас.
Бацьку-Сталіну падзяку
І паклон нясі ад нас!
(З частушак, запісаных у калгасах Мядзелскага, Пастаўскага і Смаргонскага раёнаў нашай вобласці)“.
Жыцьцё ўяўнае і жыцьцё сапраўднае максымальна разводзіліся прапагандай. Паток ялею ліўся на таварыша Сталіна, на родную партыю. Але нідзе ніводнага слова ў адрас чалавека, ад якога былы селянін залежаў найперш. Гэта не старшыня сельсавету і не старшыня калгасу. Гэтыя два начальнікі занадта высока сядзяць, ня кожны дзень пабачыш. Галоўны пан для калгасьніка быў той, хто ставіў тыя палачкі працадзён у сшытак. Успамінае ільлянскі выкладчык Уладзімір Кажамяка:
— Брыгадзіры вялі ўлік і падавалі ў бухгальтэрыю гэтыя зьвесткі. І потым на кожнага калгасьніка разьлічвалася, колькі яму выдаць. На колькі яго падмануць, карацей кажучы. І паспрабуй з брыгадзірам пасварыцца — будзе табе дрэнна ва ўсіх адносінах. Бо гэта быў самы начальнік. Як правіла, гэта быў камуніст. Але ў канцы кожнага году, хоць калхоз і бедны, прадсядацель (пэўна, была такая ўстаноўка) праводзіў дажынкі. Недзе ў лістападзе, калі ўжо прымаразкі пачыналіся, у адной зь вясковых хат ставілі сталы. Прадсядацель выпіша хлеба, нагоняць гарэлкі, зарэжуць авечку ці кабанчыка. Ну і ўсе радыя, п’яныя. Адзін дзень у годзе быў такі. Мы, дзеці, туды бегалі на гэтыя дажынкі, на гэтыя п’янкі, і ўсё гэта бачылі. І ня толькі бачылі. Бо нас таксама частавалі гарэлкай.
Дык вось адкуль тая любоў да дажынак. Не дажынак народных, спрадвечных, а тых калгасных, п’яных і загульных.
Псэўданародныя прыказкі аб працадні і калгасе я ўсё ж знайшоў. У кнізе „Мудрыя дарадцы“, выдадзенай „Мастацкай літаратурай“ у 1973 годзе. У эпоху, калі працадзён ужо не было.
„Не хваліся працаднём, а хваліся, колькі ў ём“.
„У калгасе якая работа, такая і плата“.
„Мы калгасным ураджаем усіх ворагаў пужаем“.
Апошні шэдэўр цягне на артыкул Крымінальнага кодэксу пра выдаваньне дзяржаўнай таямніцы. Калі я сёньня бачу, на якім аўтамабілі езьдзіць старшыня калгасу, прабачце, дырэктар сельгаскаапэратыву, і якія лічбы фігуруюць у зарплатных ведамасьцях, я разумею, што калгасная эпоха працягваецца. І зусім не выпадкова старая сялянка цётка Рэня паўтарала ў будучым часе: „Абідзіць нас той, Вышшы...“
Забіць упалмінзага. Новая кніга Зьмітра Бартосіка
У гісторыі Беларусі ХХ стагодзьдзя найбольш замоўчанымі і засакрэчанымі застаюцца старонкі супраціву беларусаў савецкай акупацыі, русіфікацыі і калгасам. Праўда пра гэты супраціў зьнішчаная або схаваная ў архівах КГБ, а жывыя сьведкі падзеяў памерлі. Вырваныя з гістарычнай памяці нацыі веды пра саму сябе, пра сваю нязгоду і герояў змаганьня супраць чужынскіх парадкаў — ці не галоўная прычына таго, што гэтыя парадкі ўсё яшчэ пануюць у рэальнасьці, несучы беларусам выраджэньне, няволю і вымушаную эміграцыю.
На працягу дваццаці гадоў Зьміцер Бартосік езьдзіць па Беларусі ў пошуку праўдзівых сюжэтаў мінулага. Гэтым разам у рукі аўтару трапляюць дакумэнты Маладачанскага абласнога суду (быў такі пасьля вайны), якія выпадковым чынам апынуліся ў адкрытым доступе. У свой час гэтыя дакумэнты скапіяваў гісторык Міхась Чарняўскі. Асноўныя артыкулы крымінальных справаў — антысавецкі „бандытызм“, антысавецкія паўстаньні, падпольле, агітацыя, погляды і настроі. Дзясяткі справаў — толькі малы фрагмэнт таго валу судовых працэсаў, што адбываліся ў былой Заходняй Беларусі.
Зьміцер Бартосік з дакумэнтамі ў руках выпраўляецца па адрасах колішніх падзеяў і часьцяком знаходзіць старажылаў, якія распавядаюць пра фігурантаў тых крыміналаў. „Не хацелі ўступаць у гасударства гэта“ — такі лейтматыў успамінаў і тлумачэньне ўчынкаў, за якія ўдзельнікі атрымлівалі па 25 гадоў турмы.
Людзі адстойвалі сваю маёмасьць, сваю мову і сваю свабоду са зброяй у руках, утвараючы партызанскія атрады „лясных братоў“, змагаючыся з прышлай чужой уладай. Чакалі, што Захад, паставіўшы кропку на Гітлеры, паставіць яе і на Сталіне.