У Бабруйску суд адправіў 74-гадовую жанчыну ў калёнію на 3,5 года — за «абразу» і «паклёп» на Лукашэнку
Суд Бабруйскага раёну і г. Бабруйску 8 жніўня ў закрытым судовым паседжаньні разгледзеў крымінальную справу супраць мясцовай жыхаркі, 74-гадовай Натальлі Таран. Жанчыну прызналі вінаватай у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку (арт. 367 КК РБ), абразе Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 КК РБ), а таксама абразе службовай асобы пры выкананьні (арт. 369 КК РБ), паведамляе MAYDAY.TEAM.
Паколькі суд прайшоў у закрытым рэжыме, падрабязнасьці справы невядомыя. Вядома толькі, што да прысуду жанчына знаходзілася пад падпіскай аб нявыезьдзе і належных паводзінах.
Судзьдзя Вольга Серакова, якая раней неаднаразова выносіла палітычна матываваныя прысуды, вырашыла пакараць пэнсіянэрку пазбаўленьнем волі на 3 гады і 6 месяцаў у калёніі агульнага рэжыму. Натальлю Таран узялі пад варту проста ў залі суду. Цяпер яна ў СІЗА-5 Бабруйску.
Праўладныя каналы паведамляюць пра новую крымінальную справу супраць Паўла Белавуса
На заснавальніка Symbal.by Паўла Белавуса завялі новую крымінальную справу — за «здраду дзяржаве», паведаміў набліжаны да сілавікоў праўладны тэлеграм-канал.
Аўтары каналу пішуць, што Павал нібыта «прапагандаваў ідэю польскага сьвету» і ў 2020 годзе «дапамагаў каардынаваць дзейнасьць, накіраваную на гвалтоўны захоп улады». Паводле гэтага артыкула Паўлу пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
Афіцыйна інфармацыя пакуль не пацьверджаная.
Зноў затрыманы ксёндз Аляксандар Баран з Лынтупаў
Стала вядома, што ксяндзу Аляксандру Барану прысудзілі 17 дзён адміністрацыйнага арышту па артыкуле 24.23 КаАП («Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў»), паведамляе тэлеграм-канал @christianvision.
Вясной ксяндзу Аляксандру ўжо прысуджалі 10 дзён арышту, але тады ён адседзеў толькі 8 дзён — яго адпусьцілі за некалькі дзён да Вербнай Нядзелі.
Жыхара Рэчыцы асудзілі на 3 гады калёніі за «распальваньне варожасьці»
Гомельскі абласны суд завяршыў разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да 54-гадовага жыхара Рэчыцы Ўладзімера Прадкіна, якога абвінавачваюць па арт.130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці). У справе ёсьць яшчэ адзін артыкул — ч.1 арт. 342-1 (прапаганда самагубства), паведамляе «Вясна».
Па вэрсіі сьледзтва, Уладзімер разьмясьціў на старонцы «ЎКантакце» фатаздымак сябе ў форме нямецкага афіцэра, які быў зроблены падчас здымкаў мастацкага фільму ў Расеі, пад Масквой. Апроч гэтага, яму паставілі ў віну разьмяшчэньне «ЎКантакце» кнігі з мэмуарамі нацысцкага генэрала і камэнтары ў «Одноклассниках», дзе ён хваліць Гітлера.
Прадкін расказваў журналістам, што каля 10 гадоў таму падпрацоўваў у Расеі на здымцы мастацкіх, гістарычных фільмаў і рабіў там фота сябе ў форме нацысцкага афіцэра. Наконт мэмуараў нямецкага генэрала, якія ён выклаў у сацсеткі, Прадкін тлумачыць, што ён цікавіцца гісторыяй і яму было цікава, як нацысты ўчынялі свае злачынствы і чым апраўдваліся.
Абвінавачаньне ў прапагандзе самагубства грунтуецца на невялікім камэнтары ў сацыяльнай сетцы «ЎКантакце», дзе Прадкін напісаў, што калі нехта жадае скончыць жыцьцё самагубствам, то можна зьвяртацца да яго — раскажа, як гэта зрабіць. У судзе Прадкін патлумачыў, што гэта быў звычайны жарт.
Судзьдзя Аляксандар Піскуноў прысудзіў Уладзімеру 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.
Палітвязьня Юрыя Кавалёва накіравалі на прымусовае лячэньне ў РНПЦ псыхічнага здароўя
1 ліпеня палітвязень Юры Кавалёў выйшаў з ваўкавыскай калёніі на волю, цалкам адбыўшы тэрмін. Пасьля вызваленьня Кавалёў быў у лякарні — яму рабілі апэрацыю. Адтуль яго забралі міліцыянты і прывезьлі ў РНПЦ псыхічнага здароўя. «Гомельская Вясна» паведамляе, што стаўленьне да яго там добрае.
28 чэрвеня суд Ваўкавыскага раёну, за тры дні да вызваленьня, асудзіў палітвязьня паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай калёніі). Юрыю прызначылі прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным стацыянары.
Яго затрымалі 23 ліпеня 2021 году за тое, што назваў Лукашэнку «дэбілам» на прыёме ў псыхіятра. 22 ліпеня 2021 году суд Буда-Кашалёўскага раёну ў закрытым рэжыме прысудзіў Кавалёву год калёніі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэксу.
На верніка менскай царквы «Гефсіманія» Максіма Стасілевіча завялі крымінальную справу па «народным артыкуле»
22 ліпеня ў сябе дома затрымалі менчукоў Яўгена Барысіка і Максіма Стасілевіча, вернікаў адной зь менскіх цэркваў Хрысьціян веры эвангельскай. Падчас затрыманьня ў іх забралі пакункі ўлётак «Малітва за Беларусь», якія ўтрымліваюць заклік маліцца за краіну і народ «у гэты няпросты час», цытаты з Эвангельля і эвангельскі гімн «Чакаем цябе, наш Ісус».
Пазьней хлопцам прысудзілі па 10 дзён арышту: Максіму — за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт.19.11 КаАП), Яўгену — за дробнае хуліганства (арт. 19.1 КаАП).
9 жніўня стала вядома, што на Максіма завялі крымінальную справу паводле ч.1 арт. 342 КК («актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»). Да суду ён будзе ў СІЗА-1 на Валадарскага.
Затрыманьні ў Бабруйску, Горадні, Круглым
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне ў Бабруйску мужчыны, імя яго не называюць. На «пакаяльным відэа» ён «прызнаецца», што затрыманы за татуіроўку, запэўнівае, што не падтрымлівае ідэі нацызму, выступае за справядлівасьць, а татуіроўку ў выглядзе свастыкі зрабіў дзеля прыгажосьці, піша «Вясна».
У Горадні затрымалі Аляксандра Азарко. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што мужчыну затрымалі за «распаўсюджваньне нацысцкіх сымбаляў у інтэрнэце», піша «Вясна».
У Круглым ГУБАЗіК затрымаў Алесю Пісарэнкаву. Прычынай затрыманьня стаў нібыта ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў 2020 годзе і рэгістрацыя ў «Пляне Перамога», паведамляе MAYDAY.TEAM.
Таксама праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне 31-гадовага спэцыяліста па тэхнічнай падтрымцы ТАА «Хороший Интернет» Віталя Вайтовіча. Паводле іх, хлопец пакідаў нэгатыўныя камэнтары і рэпосты экстрэмісцкіх рэсурсаў у дваровым чаце, а таксама ўдзельнічаў у акцыі пратэсту 16 жніўня 2020 году, піша «Вясна».