Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 7 жніўня: новая хваля актыўнасьці сілавікоў у Янаве і Ельску


Ілюстрацыйнае фота, аўтамабіль міліцыі
Ілюстрацыйнае фота, аўтамабіль міліцыі

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю.

Новая хваля актыўнасьці сілавікоў у Янаве

Міліцыя ды АМАП ужо некалькі дзён робяць масавыя «візыты» да жыхароў Янава, паведамляе «Вясна | Брэст». Падстава — меркаваны выбух на чыгунцы недзе ў Берасьцейскай вобласьці.

Паколькі ля места дывэрсіі знайшлі каністры з фарбаваным палівам, якое выкарыстоўваюць у калгасах, то сілавікі прайшліся па запраўках, дзе «клалі тварам у падлогу».

Потым праваахоўнікі пайшлі па калгасах ды калгасьніках. Апошняе вядомае месца, дзе сілавікі праявілі актыўнасьць — гэта разгон народу з іванаўскага бару «Мёд». Адбылося гэта ў ноч з 5 на 6 жніўня. А другой гадзіне ночы, калі бар павінен быў зачыняцца, туды прыехаў АМАП. Прысутным загадалі разысьціся, а тых, хто не пагадзіўся, затрымалі. Вядома, што пэўная частка пайшла працягваць адпачынак на запраўку. Тады амапаўцы прыехалі і туды, адбыліся яшчэ затрыманьні ды пратаколы.

Адзначаюць, што акрамя мясцовых міліцыянтаў удзел у «рэйдах» прымаюць менскія сілавікі (бо яны на аўтамабілях з нумарамі менскага рэгіёну).

Імаверная «зачыстка» ў Ельску

Увечары 6 жніўня жыхары Ельску назіралі, як група амапаўцаў перасоўвалася па горадзе, шукалі нейкія кватэры, заходзілі ў розныя пад’езды. Пакуль інфармацыі пра затрыманьні не паступала, паведамляе «Вясна».

Магчыма, сілавікі шукаюць людзей, якія перадавалі ў СМІ фота з перасоўваньнем і выгрузкай на станцыі Ельск вайсковай тэхнікі.

Раней ГУБАЗіК заяўляў пра «зачыстку» Нароўлі і Хойнікаў, дзе затрымалі некалькі чалавек нібыта за падпіскі на экстрэмісцкія тэлеграм-каналы.

Жыхара Пінска затрымалі за бел-чырвона-белую стужку ў машыне

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманьне 33-гадовага Ільлі Даўгаляўца. На «пакаяльным відэа» хлопец кажа, што быў затрыманы за бел-чырвона-белую стужку, якая вісела ў ягонай машыне, а дома ў яго былі «апазыцыйны сьцяг, кепка і стыкеры».

У канцы відэа хлопца прымушаюць зьняць стужку з салёна машыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG