За камэнтар пра «справу Зельцара» жыхара Чэрыкава асудзілі на 3,5 года калёніі
Гомельскі абласны суд вынес рашэньне па справе Івана Янчанкі, якога абвінавацілі ў распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці ці варажнечы паводле ч. 1 арт. 130 КК. Судовае пасяджэньне ўзначаліў Аляксей Хлышчанкоў, паведамляе «Вясна».
Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ў верасьні 2021 году «ЎКантакце» пад паведамленьнем пра перастрэлку, у выніку якой загінулі супрацоўнік КДБ Федасюк і айцішнік Андрэй Зельцар, ён пакінуў наступны камэнтар: «Народ открыл счет». Пасьля гэты камэнтар трактавалі як «заклік да барацьбы з праваахоўнымі органамі».
Згодна з вэрсіяй абвінавачваньня, «гэтае паведамленьне распальвала агрэсіўнасьць інтэрнэт-карыстальнікаў, гераізавала дзеяньні тэрарыста, які забіў супрацоўніка КДБ. Акрамя таго, яно зьмяшчала ўхваленьне і прапаганду збройнага супраціву прадстаўнікам улады і праваахоўнікам Беларусі, распальваньне нянавісьці, сацыяльнай варожасьці».
Судовае пасяджэньне праходзіла ў закрытым рэжыме, таму падрабязнасьцяў з залі суду няма.
Вядома толькі, што 4 жніўня суд Гомельскай вобласьці прызнаў Івана Янчанку вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынства паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу і ў сукупнасьці з пакараньнем, прызначаным судом Чэрыкаўскага раёну летась у траўні (паводле якога артыкула, праваабаронцам невядома), Янчанку прызначылі 3 гады і 6 месяцаў зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.
Жыхара Маладэчна за камэнтар па «справе Зельцара» асудзілі на паўтара года калёніі
Менскі абласны суд вынес яшчэ адзін прысуд за камэнтары па «справе Зельцара» (ч.1 арт 130 Крымінальнага кодэксу). Судзілі жыхара Маладэчна Валерыя Кліменчанку.
Паводле матэрыялаў абвінавачваньня, Валеры 29 верасьня 2021 году «разьмясьціў у „Instagram“ выказваньні пабуджальнага характару, якія заклікаюць да гвалтоўных дзеяньняў у дачыненьні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, дзяржаўных службоўцаў і прадстаўнікоў улады».
У выніку судзьдзя Вікторыя Палешчук прысудзіла Кліменчанку 1,5 года калёніі агульнага рэжыму, піша «Вясна».
Валеры Кліменчанка займаецца відэаздымкай, ён вядомы ў рэгіёне дасьледчык гісторыі і краязнаўца.
Сем разоў кідаў ёмістасьці з фарбай у банэры з выявамі вайскоўцаў: прысудзілі тры гады «хіміі»
Суд Маскоўскага раёну Менску вынес прысуд Дзянісу Бычкову, абвінаваціўшы яго ў пашкоджаньні банэраў з выявамі вайскоўцаў па ч. 1 і ч. 2 арт 339 КК (хуліганства). Справу разглядаў судзьдзя Юры Машкетаў.
Паводле сьледзтва, мужчына ў начны час, робячы захады кансьпірацыі, кідаў у банэры з сацыяльнай рэклямай Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь ёмістасьці з фарбай. Па месцы жыхарства затрыманага выявілі фарбу, якую ён выкарыстоўваў для гэтага. Дзеяньнямі мужчыны нанесена матэрыяльная шкода на агульную суму 1260 рублёў і 6 капеек, паведамляе «Вясна».
Мікалаю Казлову прад'явілі абвінавачаньне паводле «народнага» артыкула
Стала вядома, што Мікалай Казлоў абвінавачваецца паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу.
Старшыня Менскай гарадзкой арганізацыі АГП Аксана Аляксеева праходзіць падазраванай па гэтым самым артыкуле. Сёньня ўначы іх абаіх этапуюць у СІЗА на Валадарскага.
Вядома, што ў ІЧУ Аляксеева захварэла на каранавірус.
Адвакат Антаніны Кавалёвай знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошваньні, паведамляе «Вясна».
У Гомлі пасьля ператрусу затрымалі Аляксандра Іванова
Як паведамляе «Вясна», 4 жніўня каля 6:30 раніцы ў кватэру да актывіста ўварваліся сілавікі ў камуфляжы, яны правялі ператрус, пасьля чаго Іванова павезьлі на допыт. Папярэдне вядома, што яму выставілі цяжкае абвінавачаньне паводле арт. 361 Крымінальнага кодэксу (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь).
Санкцыі гэтага артыкула прадугледжваюць пакараньне ў розных частках ад 5 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.
Аляксандра Іванова затрымлівалі на пратэстах пасьля фальсыфікацыі выбараў 2020 году, яго тады арыштавалі на 14 дзён. Таксама прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за распаўсюд нібыта экстрэмісцкіх матэрыялаў.
У Гомлі зноў затрымалі Алену Кравец
Як паведамляе «Вясна», 5 жніўня затрымалі Алену Кравец, якую ўжо затрымлівалі 27 ліпеня. Тады меркаванай прычынай затрыманьня Алены Кравец стала падпіска на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, паведамляе «Вясна».
27 ліпеня Алену забралі з працоўнага месца і адвезьлі ў РАУС Савецкага раёну. Алену Кравец затрымлівалі ў 2020 годзе за ўдзел у акцыях пратэсту.
Менскую тыктокерку асудзілі на тры гады «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах 2020 году
Суд Маскоўскага раёну Менску вынес прысуд у справе Алены Балтруковай, якую абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Ёй прысудзілі тры гады «хатняй хіміі», паведамляе «Медиазона».
Блогерку затрымалі 5 траўня за антываенны ролік і ўдзел у пратэстах 2020 году. У якасьці доказаў бок абвінавачваньня прад'явіў дзьве фатаграфіі мянчанкі, на якіх яна стаяла на дарозе падчас пратэставых маршаў.