Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспарт меншы, чым у Польшчу і Нідэрлянды. Разьбіраемся, што Беларусь можа займець ад Кітаю


Аляксандар Лукашэнка і кіраўнік Кітаю Сі Цзіньпін у Пэкіне, 25 красавіка 2019
Аляксандар Лукашэнка і кіраўнік Кітаю Сі Цзіньпін у Пэкіне, 25 красавіка 2019

Лукашэнка зноў загаварыў пра нарошчваньне тэмпаў у гандлі з Кітаем. Глядзім, ці магчыма гэта.

1 жніўня Лукашэнка зноў пахваліў адносіны з Кітаем, але прызнаў, што гандлю перашкаджаюць санкцыі.

«Яны малайцы, выдатна нам дапамагалі, дый цяпер у нас прырост тавараабароту прыстойны, новыя магчымасьці. А мы можам дадаць на кітайскім напрамку. Натуральна, ва ўмовах санкцый і Кітай можа сьцерагчыся, баяцца нейкіх крокаў: людзі вельмі акуратныя, асьцярожныя. Тым ня менш гэта наша шчасьце, што мы выбудавалі добрыя адносіны з Кітайскай Народнай Рэспублікай», — сказаў ён.

Глядзім, якія посьпехі ёсьць у беларуска-кітайскіх адносінах.

Гандаль

У студзені-траўні таваразварот з Кітаем склаў 1,9 мільярда даляраў, экспарт — 514 мільёнаў даляраў, імпарт — 1,4 мільярда даляраў. Насуперак словам Лукашэнкі, таваразварот зьнізіўся адносна аналягічнага пэрыяду ў 2020 годзе на 1,4%. Экспарт вырас на 50%, а імпарт, у параўнаньні з такім жа пэрыядам у мінулым годзе, зьнізіўся на 13%.

Па экспарце зь Беларусі за студзень-травень Кітай толькі замыкае пяцёрку асноўных краін-імпартэраў:

  • Расея — 7 мільярдаў даляраў
  • Украіна — 1 мільярд даляраў (даваенны пэрыяд, цяпер гандлю няма)
  • Польшча — 868 мільёнаў даляраў
  • Нідэрлянды — 626 мільёнаў даляраў

Сярод асноўных прадуктаў, якія Беларусь прадае ў Кітай, — ялавічына, мяса птушкі, малако і вяршкі, лесаматэрыялы.

У Кітаі Беларусь набывае тэхніку, апаратуру, запчасткі для вытворчасьці.

«Кітай не зьвяртае ўвагі на санкцыі. Кампаніі, якія працуюць на міжнародным рынку, вядома, ня хочуць падстаўляцца, але яны ствараюць іншыя фірмы. Кітай ніколі не зьвяртаў увагі на санкцыі. Кітай ня будзе набываць нафтапрадукты ў Беларусі, бо гэта ніша Расеі. Кітай забясьпечвае сябе мэталамі сам, кітайскія трактары таньнейшыя. Няма нават тэарэтычна таго, што можна б было ў вялікіх аб’ёмах вывозіць туды зь Беларусі і прадаваць», — мяркуе эканаміст Яраслаў Раманчук.

Крэдыты

У 2021 годзе Беларусь узяла зьнешніх пазык на 1,2 мільярда даляраў ЗША. Зь іх:

  • у Расеі — 991,7 мільёна даляраў
  • ад Міжнароднага банку рэканструкцыі і разьвіцьця — 186,7 мільёна даляраў
  • ад банкаў Кітаю — 49,1 мільёна даляраў

Атрымліваецца, што пазыкі ад Кітаю летась — толькі 3,8% ад агульных.

«Гэтыя крэдыты ад Кітаю — у межах статыстычнай памылкі», — падсумоўвае Яраслаў Раманчук.

Ня быў Кітай у 2021 годзе і сярод асноўных краін-інвэстараў Беларусі. Летась у Беларусь прыцягнулі 8,7 мільярда даляраў інвэстыцый, зь іх 6,6 мільярда даляраў — гэта прамыя інвэстыцыі.

Асноўныя інвэстары па краінах:

  • Расея — 27,8%
  • Кіпр — 19%
  • Аўстрыя — 4,8%

Таксама сярод інвэстараў у справаздачы Мінфіна пералічаныя Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Нямеччына, Літва, Швайцарыя і Нідэрлянды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG