Сваякі асуджаных сутыкнуліся з новай формай махлярства — «натарыяльнай», паведамляюць праваабаронцы «Вясны» з Магілёва.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, зламысьнікі карыстаюцца тым, што адміністрацыя калёніяў абмяжоўвае вязьням магчымасьці карыстацца юрыдычнымі паслугамі. У сацсетках і мэсэнджарах у родных асуджаных вымагаюць грошы, нібыта прапаноўваючы «паслугі натарыюса ў індывідуальным парадку». Для гэтага нібыта трэба перавесьці грошы на банкаўскую карту, фота якой скідаюць у перапісцы.
Сумы часта супадаюць з натарыяльнымі тарыфамі, але да натарыяльных кантораў такія прапановы ня маюць ніякага дачыненьня, адзначаюць праваабаронцы.
Паводле іх зьвестак, некалькі чалавек ужо сталі ахвярамі ашуканцаў. Як удакладняюць праваабаронцы, адбылося гэта ў тых рэгіёнах, дзе натарыюсы часта адмаўляюцца ехаць у папраўчыя калёніі дапамагаць палітвязьням.
Ашуканцы ўсё часьцей сталі выкарыстоўваць страх беларусаў перад рэпрэсіямі ў краіне.
Так, напрыклад, раней у Instagram зьявілася новая схема падману: за сымбалічную суму 20 эўра людзям прапаноўвалі «забыць» нібыта знойдзеную ў іх акаўнтах «экстрэмісцкую» інфармацыю. Карыстальнікам сацсеткі рассылаюць інфармацыю, што іх «актыўнасьць у экстрэмісцкіх групах» прыцягнула ўвагу, пагражаюць крымінальнай справай паводле арт. 361-4 КК Беларусі (Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) і прапануюць сваю дапамогу: «Усяго за 20 эўра я дапамагу „забыць“ знойдзеную інфармацыю». У адваротным выпадку ашуканцы пагражаюць перадаць «зьвесткі аб актыўнасьці» беларускім сілавікам.
Форум