Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа «аб змове»: Зянковіч ня выказаўся, ці прызнае віну, але ў судзе стала вядома пра ягонае пагадненьне са сьледзтвам


Падсудныя Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў
Падсудныя Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў

Разгляд справы «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады», фігурантамі якой зьяўляюцца Юры Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук, пачаўся 29 ліпеня ў будынку суду Менскага раёну.

Справу разглядае судзьдзя Менскага абласнога суду Ўладзімер Арэшка. На чацьвёрты дзень працэсу пачалі агучваньне матэрыялаў справы, паведамляе «Вясна».

Раніцай 3 жніўня на судзе дапыталі палітзьняволенага Дзяніса Краўчука, які ў гэтай справе праходзіць як удзельнік пратэстаў 2020 году. Ён прызнаў віну цалкам. У судзе было зачытана чыстасардэчнае прызнаньне, якое Краўчук пісаў у КДБ. У ім ён паведамляе, што перадаваў і хаваў у схованках грошы ад Юрыя Зянковіча, лічачы, што яны пойдуць для дапамогі пратэстоўцам. Краўчук заявіў, што ня ўдзельнічаў у змове, хоць і ня быў згодны з афіцыйнымі вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

Паводле «Вясны», Юрась Зянковіч зноў адмовіўся выказаць сваё стаўленьне да выстаўленых яму абвінавачаньняў у арганізацыі змовы. Ён заявіў суду, што выкажа сваю думку пасьля таго, як будуць абвешчаныя матэрыялы справы ў судзе і дапытаныя сьведкі. У сувязі з гэтым быў зьменены раней зацьверджаны плян судовага следзтва і пракурор пачаў зачытваць матэрыялы справы.

У судзе дзяржаўны абвінаваўца абвясьціў інфармацыю аб тым, што Юры Зянковіч напісаў хадайніцтва і нібыта заключыў пагадненьне са сьледзтвам. Умовы ўгоды застаюцца невядомымі, незалежнага пацьверджаньня гэтай зьдзелкі няма.

У першыя дні суду палітзьняволеным зачыталі абвінавачаньні. На гэта момант вядома, што цалкам віну прызналі 45-гадовая сябра Партыі БНФ, былая бухгальтарка менскай фірмы Зянковіча «Амэрыканскі юрыдычны цэнтар» Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук. Ім інкрымінуюць актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Палітоляг і літаратуразнаўца Аляксандар Фядута віну прызнаў часткова. Пры гэтым ён адзначыў, што цалкам прызнае свой удзел у «змове». Таксама Фядута, адказваючы на ўдакладняльныя пытаньні пракурора, выказаў сваю думку аб тым, хто арганізаваў змову вайсковага перавароту ў Беларусі.

«Лічу, што сапраўдным арганізатарам змовы быў Шчыгельскі, а сувыканаўцам быў Зянковіч», — сказаў ён.

Першага жніўня пракурор зачытаў абвінавачаньне лідэру Партыі БНФ Рыгору Кастусёву. Кастусёў віны не прызнаў ні па адным з пунктаў выстаўленага яму абвінавачаньня. Адразу пасьля затрыманьня Кастусёў напісаў чыстасардэчнае прызнаньне на імя старшыні КДБ Івана Тэртэля, аднак на судзе ён заявіў пра ціск падчас сьледзтва. Па ягоных словах, ягоных дачку і зяця на некаторы час затрымлівалі.

«Калі вашу сям’ю рэпрэсуюць, вы можаце напісаць што заўгодна», — сказаў ён.

Зянковіч абвінавачваецца паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне сацыяльнай варожасьці).

Фядута і Кастусёў — паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).

Галубовіч і Краўчук — паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Справу расьсьледаваў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.

Фігурантамі справы зьяўляюцца таксама псыхіятар Дзьмітры Шчыгельскі, экс-супрацоўнік спэцпадраздзялення МУС «Алмаз» Ігар Макар, а таксама Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка і Віталь Макаранка, якія пражываюць за мяжой.

Пяцёх абвінавачаных затрымалі ў сярэдзіне красавіка 2021 года. Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі ўсіх, акрамя Зянковіча.

Лукашэнка тады заявіў, што яны нібыта рыхтавалі замах на яго і ягоных сыноў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG