Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фядута падчас допыту на судзе «аб змове з мэтай захопу ўлады»: арганізатарам быў Шчыгельскі, сувыканаўцам — Зянковіч


Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)

Справу разглядае судзьдзя Менскага абласнога суду Ўладзімер Арэшка, працэс праходзіць адкрыта ў будынку суду Менскага раёну.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе, што трэці дзень суду ў «справе аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» пачаўся з допыту палітзьняволенага палітоляга і літаратуразнаўцы Аляксандра Фядуты.

Як перадае Sputnik, судзьдзя дазволіў яму адказваць на пытаньні седзячы — праз стан здароўя, аднак Фядута адмовіўся. Учора ягонай жонцы ўдалося перадаць яму кій, бо ў Аляксандра абвастрылася падагра.

Абвінавачаньне Аляксандру Фядуту і Юрасю Зянковічу зачыталі ў першы дзень суду. Фядута падчас паседжаньня часткова прызнаў віну ў інкрымінаваным яму сьледзтвам, паведаміла ягоная жонка Марына Шыбко.

2 жніўня падчас допыту Фядута яшчэ раз удакладніў сваю пазыцыю да выстаўленага абвінавачаньня:

«Я, як і раней, прызнаю сябе вінаватым часткова. Цалкам прызнаю, што браў удзел у змове».

Фядута таксама заявіў, што не прызнае сябе вінаватым «перш за ўсё ў абцяжлівых акалічнасьцях – што злачынства было зьдзейсьнена зь нізкіх памкненьняў», паведамяе «Вясна».

«Я таксама ня згодны з тым, што ў змоўшчыкаў былі разьмеркаваныя ролі і функцыі, а таксама што былі нейкія калегіяльныя рашэньні, таму што ніякіх галасаваньняў яе вялося», — сказаў ён.

Пры гэтым ён расказаў, што ў гэтую гісторыю яго ўцягнуў Юры Шчыгельскі, які жыве ў ЗША. Адказваючы на ўдакладняльныя пытаньні пракурора, Фядута выказаў сваю думку аб тым, хто арганізаваў змову вайсковага перавароту ў Беларусі.

«Лічу, што сапраўдным арганізатарам змовы быў Шчыгельскі, а сувыканаўцам быў Зянковіч», — сказаў ён.

Першага жніўня пракурор зачытаў абвінавачаньне лідэру Партыі БНФ Рыгору Кастусёву. Кастусёў віны не прызнаў ні па адным з пунктаў выстаўленага яму абвінавачаньня: ён патлумачыў, што ўдзельнічаў у онлайн-канферэнцыі толькі як слухач.

На судзе зачыталі чыстасардэчнае прызнаньне, якое Кастусёў напісаў у красавіку 2021 году на імя старшыні КДБ Івана Тэртэля. У прызнаньні гаворыцца, што Юры Зянковіч прапаноўваў Кастусёву ўдзельнічаць у зум-канфэрэнцыях. На пытаньне пракурора, ці не агаворваў Кастусёў кагосьці, той адказаў, што «стараўся не агаворваць», паведамляе «Sputnik Беларусь».

Пры гэтым Кастусёў заявіў пра ціск падчас сьледзтва. Па ягоных словах, ягоных дачку і зяця на некаторы час затрымлівалі.

«Калі вашу сям’ю рэпрэсуюць, вы можаце напісаць што заўгодна», — сказаў ён.

Рыгор Кастусёў меркаваў, што яго могуць затрымаць, але зь Беларусі ня зьехаў, хоць у яго было дзе жыць за мяжой. Ён расказаў, што ягоныя зяць з дачкой і чацьвярыма дзецьмі вымушаныя былі пакінуць краіну пасьля яго затрыманьня.

Кастусёў таксама сказаў, што папярэджваў Зянковіча і іншых удзельнікаў зум-канфэрэнцый, што іх могуць праслухоўваць спэцслужбы і што гэта можа мець сурʼёзныя наступствы.

Сьледчаму Кастусёў казаў, што «ўспрыняў размовы Зянковіча аб зьвяржэньні ўраду і падрыхтоўцы вайсковага перавароту проста як балбатню». Кастусёў таксама паведаміў, што ніколі не заклікаў да фізычнай ліквідацыі Лукашэнкі.

«Я толькі прызнаю віну ў тым, што даў гэтым людзям уцягнуць мяне ў гэтыя размовы: аб сілавой зьмене ўлады, аб трох групах вайскоўцаў, аб фінансаваньні гэтага», — падкрэсьліў Рыгор Кастусёў.

Галубовіч і Краўчук прызналі віну ў поўным аб’ёме

45-гадовая сябра Партыі БНФ, былая бухгальтарка менскай фірмы Зянковіча «Амэрыканскі юрыдычны цэнтар» Вольга Галубовіч прызнала віну ў судзе ў поўным абʼёме. Яе судзяць толькі за актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Як паведамлялася ў прапагандысцкіх фільмах, яна ўдзельнічала ў перадачы грошай для тых афіцэраў арміі, якія нібыта былі гатовыя ўдзельнічаць у мяцяжы.

Цалкам прызаў сваю віну і Дзяніс Краўчук, якога, як і Галубовіч, абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 КК, паведамляе «Вясна».

Разгляд справы «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады», фігурантамі якой зьяўляюцца Юры Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук, пачаўся 29 ліпеня ў будынку суду Менскага раёну. Паведамлялася, што ён пройдзе ў закрытым рэжыме, але адразу пасьля пачатку першага паседжаньня дачка Кастусёва паведаміла, што суд зрабілі адкрытым.

Справу разглядае судзьдзя Менскага абласнога суду Ўладзімер Арэшка.

Зянковіч абвінавачваецца паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне сацыяльнай варожасьці).

Фядута і Кастусёў — паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).

Галубовіч і Краўчук — паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Справу расьсьледаваў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.

Фігурантамі справы зьяўляюцца таксама псыхіятар Дзьмітры Шчыгельскі, экс-супрацоўнік спэцпадраздзялення МУС «Алмаз» Ігар Макар, а таксама Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка і Віталь Макаранка, якія пражываюць за мяжой.

Пяцёх абвінавачаных затрымалі ў сярэдзіне красавіка 2021 года. Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі ўсіх, акрамя Зянковіча.

Лукашэнка тады заявіў, што яны нібыта рыхтавалі замах на яго і ягоных сыноў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG