Магіла славутага дзеяча Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН, па-ўкраінску ОУН) Сьцяпана Бандэры на цьвінтары Вальдфрыдгоф у нямецкім Мюнхэне пацярпела ад вандалізму. Невядомыя фарбаю размалявалі хрысьціянскі крыж над пахаваньнем.
Пра гэта напісаў дзяяч Рады БНР Алесь Чайчыц, які акурат прыйшоў на гэтыя могілкі.
Як вынікае з нанесеных выяваў, у тым ліку камуністычнага сымбалю «серп і молат», вандалізм учынілі ўльтралевыя актывісты. Паліцыя высьвятляе абставіны здарэньня.
Сьцяпан Бандэра, які з 1940 году і да самай гібелі ўзначальваў АУН, апошнія гады жыцьця правёў у Мюнхэне. 15 жніўня 1959 году агент КДБ Багдан Сташынскі стрэлам цыяніду калію забіў Бандэру ў пад’езьдзе на вуліцы Крайтмайр, 7. Дэталі забойства і датычнасьць да яго савецкага КДБ высьветліліся пасьля таго, як Сташынскі разам з жонкай уцёк на Захад, дзе прызнаўся ўва ўсім.