Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Украіна адмаўляецца ад усяго, што зьвязана з Расеяй». Як зьмянілася стаўленьне ўкраінцаў да расейцаў, вайскоўцаў і Бандэры


Ва Ўкраіне група «Рэйтынг» выпусьціла сацыялягічнае дасьледаваньне. Яго вынікі моцна адрозьніваюцца ад тых, якія атрымлівалі ўсе гады да шырокамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

Сярод іншага было зададзена пытаньне: «Як вы ставіцеся да жыхароў Расеі?» Вельмі холадна ці холадна ставяцца амаль 70 працэнтаў. Цёпла ці вельмі цёпла — дзевяць працэнтаў. Чатыры гады таму цёпла ставіліся 47 працэнтаў, а холадна ўсяго 23.

Падобная дынаміка і ў адносінах да ўкраінцаў да жыхароў Беларусі. Калі ў 2018 годзе цёпла да беларусаў ставіліся 73 працэнты апытаных, то цяпер — толькі 22. Холадна ставіліся ўсяго два працэнты, зараз — 33. Яшчэ адно пытаньне, якое група «Рэйтынг» рэгулярна задае ўкраінцам: «Ці шкадуеце вы аб распадзе СССР?» 87 працэнтаў украінцаў адказалі: «Не, не шкадуем». Яшчэ пыталіся аб 9 траўня. У 2017 годзе 82 працэнты апытаных адказалі: «Гэта сьвята, якое мае сымбалізм, значнае для мяне асабіста». Цяпер такі адказ далі толькі 34 працэнты, яшчэ 36 працэнтаў сказалі, што гэта перажытак мінулага.

Аб выніках гэтага апытаньня тэлеканал «Настоящее время» пагаварыў з дырэктарам сацыялягічнай групы «Рэйтынг» Аляксеем Анціповічам.

— У вашым прэс-рэлізе пазначана, што вы апытвалі ўкраінцаў ва ўсіх рэгіёнах, усіх узростаў, акрамя жыхароў акупаваных тэрыторый, я маю на ўвазе з пазнакай Крым і, як я разумею, так званыя «ЛДНР». Вам удалося апытаць і паўднёвыя рэгіёны, якія таксама зараз пад акупацыяй?

— Мы ўвесь час робім апытаньні, і мы ж іх робім па тэлефоне, таму падняць трубку могуць тыя людзі, у якіх ёсьць сувязь і якія знаходзяцца, умоўна кажучы, у бамбасховішчы. Адпаведна, жыхары Херсона, напрыклад, у нас рэгулярна прысутнічаюць у дастатковай колькасьці ў выбарцы, і праблем з гэтым няма. Можна казаць аб тым, што людзі, якія выехалі за мяжу, вось гэтыя цяжкадаступныя. Але што да часова акупаванага Херсона, то ён, вядома ж, тут ёсьць.

— Там ня толькі Херсон, яшчэ Бярдзянск, частка маёй роднай Запароскай вобласьці. Давайце пройдземся па трох ключавых паказчыках. Як вы тлумачыце тое, што ўкраінцы перастаюць шкадаваць аб СССР?

— Ну а як яны могуць шкадаваць, калі ў нас ідзе вайна з Расеяй, зь якой мы былі разам у СССР? Я памятаю часы, калі 40% украінцаў казалі аб тым, што яны шкадуюць аб тым, што Савецкі Саюз распаўся, і тады даводзілася тлумачыць і прыхільнікам савецкага мінулага, і супернікам, што такія ёсьць лічбы. Цяпер жа мы маем адназначны адыход ад усяго, што да савецкага мінулага і расейскага цяперашняга, і мінулага. Адпаведна, паколькі Расея ўзяла на сябе, скажам так, або прысвоіла сабе прадаўжальнікам таго, што было ў савецкі час, адпаведна, у прынцыпе, усё савецкае мінулае ў нас зараз асацыюецца з Расеяй.

— Гэта значыць гэта і СССР, і 9 траўня па такім жа прынцыпе?

— Абсалютна. Гэта дата адносіцца да Другой сусьветнай вайны, адпаведна, гэта таксама атрымала вельмі нэгатыўныя адзнакі. Так, у нас яшчэ нядаўна 80% казалі, што гэта вельмі важнае сьвята асабіста для грамадзяніна. Але зараз гэта зусім ужо ня так, і дынаміка, я думаю, і пасьля гэтага 9 траўня яшчэ будзе ніжэй. Але, зноў-такі, любыя пытаньні наконт перайменаваньня вуліц, забароны на рускую музыку на радыёстанцыях, забароны ўсяго, што тычыцца савецкага мінулага, гэта ўсё падтрымліваецца ўкраінцамі на фоне вайны, якая ідзе. І тут ня важна, гэта 70%, 80% — у нас нават усход, які заўсёды лічыўся, скажам так, прынамсі, з савецкімі настроямі, добра ставіўся да савецкага мінулага і цёпла ставіўся да Расеі, цяпер абсалютна мае кардынальна супрацьлеглы пункт гледжаньня, і ні пра што блізкае з Расеяй яны нават казаць ня хочуць. Гэта значыць тэза аб дэнацыфікацыі Ўкраіны атрымала ў нас, у прынцыпе, дэрусіфікацыю па факце. Украіна адмаўляецца і гатова адмовіцца ад усяго, што зьвязана з Расеяй.

— Лічба, якая мяне зьдзівіла, магчыма, у вас ёсьць адказ на гэтае пытаньне. Да рускамоўных украінцаў у 2021 годзе цёпла ставіліся 37% апытаных, а ў 2022 годзе — 57%. Як вы гэта тлумачыце?

— Тут усё вельмі проста, Украіна стала адзінай, Украіна аб’ядналася супраць ворага, супраць Расеі, і ў нас, у прынцыпе, не стала ніякіх розначытаньняў паміж жыхарамі захаду і жыхарамі ўсходу, паміж жыхарамі поўдня і жыхарамі поўначы. Гэта значыць, мы, аналізуючы рэгіянальныя асаблівасьці нашых жа нейкіх любых дасьледаваньняў, мы бачым, што іх [рэгіянальных асаблівасьцяў] проста ўжо няма. І адпаведна, рускамоўнае насельніцтва Ўкраіны, якога дастаткова шмат было і якое цяпер гатова пераходзіць на ўкраінскую мову, лічыць украінскую мову сваёй роднай мовай, яно таксама змагаецца супраць акупанта, яно таксама змагаецца на гэтай вайне, кожны на сваім месцы: нехта валянтэрам, хтосьці — ва Ўзброеных сілах Украіны. Гэта значыць, у прынцыпе, мы ўсе адзіныя і ідзем да перамогі, гэта значыць у нас адзіная мэта — гэта перамога. Таму адносіны паміж украінцамі, стаўленьне да сваіх суседзяў, стаўленьне да жыхароў свайго горада, да незнаёмых табе людзей палепшылася за апошні час — мы гэта бачым. І адпаведна, стаўленьне да рускамоўнага насельніцтва Украіны таксама палепшылася.

— Вы пыталі, як украінцы ставяцца да ўкраінскіх вайскоўцаў. Пазытыўна — 96%, мне здаецца, гэта рэкордны паказчык даверу і пазытыўнага стаўленьня да арміі за ўсе гады незалежнасьці. Два працэнты сказалі, што ім складана адказаць. І адзін працэнт апытаных сказалі, што яны нэгатыўна ставяцца да ўкраінскіх вайскоўцаў. Хто гэтыя людзі, якія ставяцца нэгатыўна і якім цяжка адказаць, вы разумееце?

— Калі ў нас і Пуцін вораг для 98% украінцаў, адпаведна гэты нейкі адзін працэнт застаецца. Ведаеце, калі месяц таму назад мы праводзілі дасьледаваньні, і гэтых людзей, якія пазытыўна ставіліся ці да Пуціна, ці не падтрымлівалі дзеяньні Ўзброеных сіл Украіны, мы іх налічвалі каля пяці працэнтаў. Цяпер мы ўжо гаворым пра адзін працэнт, але нават калі іх было пяць, мы не маглі сказаць, хто гэтыя людзі. Так, гэта людзі, якія арыентуюцца на Расею. Вось зараз можна сказаць, што іх адзін працэнт. І я думаю, што крыху далей іх будзе проста нуль, але гэта і ёсьць нуль, ну давайце шчыра, гэта ж сацыялёгія, гэта значыць ёсьць нейкая памылка. То бок, гэты адзін працэнт проста выпадковы.

— Я ведаю людзей, якія яшчэ чакаюць па тых ці іншых прычынах і пераходзяць на бок расейскай арміі, напрыклад, на акупаваных тэрыторыях.

— Пад руляй аўтамата, напэўна, ёсьць і больш людзей, чым адзін ці два працэнты, або тыя ж пяць, але пад руляй аўтамата.

— Цікавай яшчэ выходзіць тэндэнцыя са Сьцяпанам Бандэрам, якім палохаюць расейцаў. На пытаньне «Як вы ставіцеся да Сьцяпана Бандэры?» 74% апытаных адказалі, што пазытыўна, вельмі пазытыўна ці хутчэй пазытыўна, хаця 10 гадоў таму, згодна з вашымі ж дасьледаваньнямі, такіх было ўсяго 22%. Гэта значыць, за 10 гадоў з 22% умоўна падтрымкі Сьцяпана Бандэры яна вырасла да 74%. З чым вы зьвязваеце такі рост? Гэта эмоцыі, ці зьмена школьнай праграмы, ці паглыбленьне ў гісторыю, ці проста модная тэндэнцыя?

— Калі вы возьмеце і іншыя дадзеныя гэтага ж нашага апытаньня, вы ўбачыце, што і іншыя героі Украіны, украінскай гісторыі таксама вырасьлі ў пазытыўным стаўленьні. Так, гэта Багдан Хмяльніцкі, гэта Пятлюра, гэта іншыя прозьвішчы. І, у прынцыпе, у нуль, можна сказаць, ці практычна ў нуль сышлі Сталін і Ленін. Гэта агульны трэнд на ўсё ўкраінскае.

— Украінскасьць.

— Так, гэта агульны трэнд на ўкраінскасьць. Але Сьцяпан Бандэра атрымаў, уласна кажучы, у тры разы павелічэньне пазытыўнага стаўленьня да сваёй пэрсоны. Гэта, напэўна, прызнаньне таго, што калі ў нас ужо цяперашнія палітыкі гавораць, што так, вы ведаеце, усё, што казалі нацыяналісты, там была цытата «нацыяналісты», усё, што яны казалі, было правільным. І калі мы гэта неяк укаранялі ў нашу нацыянальную ідэю, то, напэўна, мы б ужо былі куды далей ад Расеі. Але зараз мы праходзім гэты этап і будуем, уласна кажучы, нашу цяперашнюю палітычную, не палітычную, але проста новую нацыю — украінскую нацыю.

— А чаму такіх паказчыкаў не здарылася ў 2014 годзе або пасьля 2014 года, калі пачалася гэтая вайна?

— Па-першае, частка ўкраінцаў, і дастаткова вялікая частка, лічыла, што гэта іх не тычыцца. Вайна ішла на канкрэтнай тэрыторыі: гэта быў Данбас. Пра Крым нават неяк пачалі забывацца ў свой час. У самым пачатку казалі аб тым, што 50% украінцаў цёпла ставіліся да расейцаў у 2018 годзе. Гэта ўжо чатыры гады ішла вайна, але стаўленьне да расейцаў было дастаткова добрае, лепшае, чым у расейцаў да нас, да ўкраінцаў. Але зараз гэта ўсё ўжо ў мінулым, і, у прынцыпе, кожны ўкраінец зараз ужо разумее, што вайна ішла восем гадоў, яна не пачалася сёньня, яна ішла ўжо восем гадоў. Але гэтае разуменьне ж прыходзіць толькі цяпер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG