«Прэм’ер-міністар падкрэсьліў, што любая спроба залагодзіць канфлікт цяпер прывядзе толькі да працяглай нестабільнасьці і дазволіць Пуціну пастаянна маніпуляваць як сувэрэннымі краінамі, так і міжнароднымі рынкамі», — сказана ў паведамленьні.
Бакі пагадзіліся, што цяпер «крытычны момант для працяканьня канфлікту» і ёсьць магчымасьць зьмяніць хаду вайны.
«І прэм’ер-міністар, і прэзыдэнт Макрон падкрэсьлілі неабходнасьць падтрымкі Ўкраіны, каб умацаваць яе як у вайне, так і ў любых будучых перамовах», — дадалі ў прэс-службе.
Акрамя таго, Борыс Джонсан сустрэўся з прэм’ер-міністрам Канады Джастынам Трудо і падкрэсьліў, што «мы павінны схіліць вагі на карысьць Украіны».
«Гэта азначае надаць Украіне абаронны патэнцыял, падрыхтоўку і выведку, неабходныя для адбіцьця расейскага прасоўваньня», — дадаў брытанскі ўрад.
16 чэрвеня Кіеў наведалі прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Оляф Шольц, а таксама прэзыдэнт Румыніі Клаўс Яганіс і прэм’ер-міністар Італіі Марыё Драгі. Эманюэль Макрон запэўніў у Кіеве, што ад Украіны ня будуць патрабаваць саступак Расеі, «ўмовы перамоваў і фармат будзе вызначаць Украіна».
Па выніках візыту нямецкае выданьне Die Welt паведаміла, што «за зачыненымі дзьвярыма» лідэры Нямеччыны, Францыі і Італіі прасілі прэзыдэнта Ўкраіны аднавіць перамовы з Расеяй. Пазьней прэс-сакратар Зяленскага абверг гэтую інфармацыю.