Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пашле Лукашэнка беларускае войска на вайну?


Беларускія дэсантнікі
Беларускія дэсантнікі

«Што пытацца? — раздражнёна скажа чытач. — Альбо пашле, альбо не пашле. Вы хіба ведаеце дакладны адказ?». Дакладнага — ня ведаю. Але сытуацыя зьмянілася ў параўнаньні з падзеямі месячнай ці двухмесячнай даўнасьці. Адрозьненьне — у каскадзе вучэньняў, у іншых вайсковых мерапрыемствах, якія цяпер ладзяцца ў Беларусі.

Сьцісла:

  • Перадапошні раз расейскія атакі на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі былі ўчыненыя ў сярэдзіне красавіка. Потым паўза, а апошняя атака — 9 чэрвеня.
  • Адны і тыя ж дзеяньні могуць служыць як падрыхтоўцы да ўступленьня ў вайну, так і стварэньню «дымавой заслоны», ілжывага манэўру.
  • 14 чэрвеня Мінабароны Беларусі паведаміла, што ўкраінскія бесьпілётнікі на працягу месяца 17 разоў парушалі мяжу Беларусі. Гэта можа пры жаданьні разглядацца як нагода для ваеннага адказу.
  • З траўня Лукашэнка паўтарае, як мантру, тэзу пра пляны Польшчы захапіць Заходнюю Ўкраіну, а заадно і Заходнюю Беларусь.
  • Такі суплёт фактараў робіць імавернасьць уступленьня беларускага войска ў вайну больш высокай.

Вось толькі некаторыя афіцыйныя паведамленьні пра вучэньні, якія праводзяцца ці плянуюцца з канца траўня.

  • Вучэньні ў Берасьці і Пінску падразьдзяленьняў 38-й Берасьцейскай асобнай дэсантна-штурмавой брыгады.
  • Вучэньні ў Віцебскім раёне аднаго з батальёнаў 103-й Віцебскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгады.
  • 7 чэрвеня Міністэрства абароны паведаміла, што ва Ўзброеных сілах Беларусі пачаліся заняткі па пераводзе зь мірнага на ваенны час.
  • З 22 чэрвеня ў Гомельскай вобласьці пачнуцца вучэньні з вайсковымі камісарыятамі.

Паведамленьні ўкраінскага Генштабу сьведчаць пра яшчэ больш пагрозьлівыя дзеяньні, напрыклад інфармацыя пра тое, што «ў рамках праверкі падразьдзяленьні беларускіх войскаў прыводзяць у найвышэйшыя ступені баявой гатоўнасьці».

Магчыма, украінскі бок палічыў пераводам у стан баявой гатоўнасьці прыгаданыя вышэй заняткі па пераводзе войскаў Беларусі на ваенны час.

Перадапошні раз расейскія атакі на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі былі ўчыненыя ў сярэдзіне красавіка. Потым паўза, а апошняя атака — літаральна днямі, 9 чэрвеня.

Гэтыя факты ня сьведчаць адназначна пра тое, што беларускае войска абавязкова ўступіць у бой, пойдзе на вайну. Але такой частаты вучэньняў не было ні месяц, ні два таму.

Такія частыя вучэньні наўрад ці могуць быць проста плянавымі. Але мэтай можа быць як падрыхтоўка да ўступленьня ў вайну, так і аказаньне ціску на Ўкраіну, каб прымусіць яе распыліць, расьцерушыць баявыя сілы, перакінуць частку іх на паўночны кірунак, адцягнуўшы ад асноўнага, данбаскага фронту.

Прагноз ускладняецца тым, што адны і тыя ж дзеяньні могуць служыць як падрыхтоўцы да ўступленьня ў вайну, так і стварэньню «дымавой заслоны», ілжывага манэўру.

6 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што ўкраінскія вайсковыя адмыслоўцы лічаць «мінімальнай імавернасьць паўторнага ўварваньня расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі». Але Ўкраіна на вайне і псыхалягічная вайна — неад’емны яе складнік. І ваенную хітрасьць ніхто не адмяняў. А падобныя заявы менавіта ёю могуць і быць.

14 чэрвеня беларускае Міністэрства абароны паведаміла , што ўкраінскія бесьпілётнікі на працягу месяца 17 разоў парушалі мяжу Беларусі. 8 чэрвеня БТ расказала пра парушэньне мяжы Беларусі баявым дронам з ударным абсталяваньнем.

Варта нагадаць, што першае паведамленьне пра парушэньне мяжы ўкраінскім дронам зьявілася яшчэ да вайны. Сакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч 22 траўня заявіў аб пранікненьні на беларускую тэрыторыю ўкраінскіх дывэрсійна-выведных груп.

Цяперашняе паведамленьне пра 17 парушэньняў мяжы дронамі ў спалучэньні з інтэнсіўнымі вучэньнямі можа сьведчыць пра пошук падставы для ўступленьня ў вайну.

Фраза Аляксандра Лукашэнкі «Я вам пакажу, адкуль рыхтаваўся напад на Беларусь» стала ўжо іранічным мэмам. Але калі падрыхтоўка (рэальная ці ўяўная) украінскага нападу можа служыць прынамсі апраўданьнем расейскай агрэсіі, то ўжо парушэньне паветранай прасторы баявымі дронамі (ізноў жа, рэальнае ці ўяўнае) можа, пры жаданьні, тым больш разглядацца як casus belli — як нагода для ваеннага адказу.

Ці ёсьць такое жаданьне — гэта загадка. Разгадка — у рашэньні двух чалавек, Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна, а можа, і толькі аднаго Пуціна. Калі ў ягоных (ці іхных) плянах спатрэбілася беларускае войска для вайны, а ня толькі для імітацыі пагрозы, дык яно і будзе выкарыстана.

Падрыхтоўка Ўзброеных сілаў Беларусі да гэтага адбываецца, нагоды да яго ўступленьня ў вайну ўжо знойдзеныя і пры жаданьні, пры наяўнасьці палітычнага рашэньня, будуць выкарыстаныя.

І ідэалягічнае забесьпячэньне прысутнічае. З пачатку траўня Лукашэнка паўтарае, як мантру, тэзу пра пляны Польшчы захапіць Заходнюю Ўкраіну, а заадно і Заходнюю Беларусь. Заявы пра пагрозу вайны робяцца часьцейшымі. Гэта можа быць сродкам кансалідацыі грамадзтва вакол кіраўніка-«збаўцы». А можа — і падрыхтоўкай насельніцтва да таго, што ваяваць давядзецца.

Кожны з выкладзеных фактаў ня сьведчыць пра тое, што Беларусь на парозе поўнамаштабнага ўступленьня ў вайну. Нават у сукупнасьці яны ня сьведчаць пра гэта адназначна.

Але такі суплёт фактараў робіць імавернасьць уступленьня беларускага войска ў вайну больш высокай.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG