— Шчыра дзякую за магчымасьць быць тут сёньня з вамі. Мне прыемна бачыць Радыё Свабода за працай тут, у Вільні.
Маё знаходжаньне на пасадзе спэцыяльнай пасланьніцы для Беларусі падыходзіць да канца. Як і ўсе дыпляматычныя прызначэньні, гэтая пасада абмежаваная ў часе.
Я надзвычай ганаруся той працай, якую мы здолелі прарабіць за два гады маёй службы ў гэтай якасьці. Гэтыя два гады былі асабліва цяжкімі для народу Беларусі.
Мая праца па Беларусі пачалася якраз тады, калі Аляксандар Лукашэнка вырашыў адвярнуцца ад Захаду; якраз тады, калі Аляксандар Лукашэнка вырашыў адвярнуцца ад беларускага народу. І ад таго часу Злучаныя Штаты былі і застаюцца поўныя рашучасьці забясьпечыць як найцясьнейшыя дачыненьні паміж Злучанымі Штатамі Амэрыкі і народам Беларусі. Мы поўныя рашучасьці працаваць зь беларусамі, дзе гэта толькі магчыма — за межамі Беларусі, у самой Беларусі, мы будзем працягваць нашы намаганьні ў гэтым сэнсе.
Мы заснавалі ў Вільні Аддзел беларускіх спраў, які быў адмыслова сфармаваны для гэтай працы, і ў значнай ступені мая місія палягала ў тым, каб удыхнуць жыцьцё ў гэты аддзел у нашай амбасадзе ў Вільні, і мы сапраўды зрабілі шмат у гэтым кірунку, заснавалі офіс Агенцтва міжнароднага разьвіцьця, распрацавалі інструмэнты справаздачнасьці ў сувязі з рэжымам.
Я адчуваю, што застаецца яшчэ шмат працы, але мы маем незвычайна мэтанакіраваную каманду, якая працягне гэтую працу.
— Хто ўзначаліць амбасаду ЗША ў Беларусі пасьля вашага ад’езду?
— Калі я паеду, каманда ў Вільні працягне гэтую працу. Пакуль што яе ўзначаліць наш намесьнік амбасадара. Яго завуць Рубэн Харуцюньян, гэта выдатны дыплямат. Але і кожны член каманды — выдатны прафэсіянал з надзвычайнымі здольнасьцямі і досьведам. Многія зь іх працавалі ў Менску, іншыя — у іншых краінах рэгіёну. Гэта група людзей, сапраўды адданых справе каардынацыі дзейнасьці з нашымі эўрапейскімі партнэрамі, падтрымкі грамадзянскай супольнасьці і незалежных мэдыя, узаемадзеяньня з дэмакратычнымі сіламі і з кожным у Беларусі, хто хоча з намі ўзаемадзейнічаць. Гэтая праца працягнецца.
— Ці будзе прызначаны новы амбасадар для Беларусі пасьля вашага ад’езду?
— Мы ня мелі амэрыканскага амбасадара ў Беларусі ад таго моманту, калі Лукашэнка адклікаў згоду на мой прыезд у Менск. Бо гэта фармальна прыпыніла дыпляматычны працэс. Так што ад жніўня мінулага году ў нас быў спэцыяльны пасланьнік для Беларусі. Пытаньнем прызначэньня іншага дыплямата менавіта на гэтую пасаду Вашынгтон будзе займацца нейкі час, пакуль яны вызначацца з гэтым пытаньнем. Сёньня я яшчэ ня маю чаго пра гэта сказаць.
— Такім чынам, на нейкі час ЗША застануцца без палітычнага прадстаўніцтва ў Беларусі. Ці ў тым прычына, што ў Вашынгтоне Беларусь страціла прыярытэт у сувязі з вайной ва Ўкраіне?
— Што да дачыненьняў Злучаных Штатаў зь Беларусьсю... Я вам скажу, што, на маю думку, да Беларусі ў Вашынгтоне цяпер большая ўвага, чым у любы іншы момант яе незалежнай гісторыі. Давайце паглядзім на дачыненьні ЗША і Беларусі за апошнія два гады: два візыты Сьвятланы Ціханоўскай у Вашынгтон, яе сустрэча з прэзыдэнтам Злучаных Штатаў, некалькі яе сустрэч зь дзяржаўным сакратаром, неймаверны прыём з боку кангрэсмэнаў — сэнатараў, чальцоў Палаты прадстаўнікоў.
Пільная ўвага Злучаных Штатаў да Беларусі, заснаваньне спэцыяльных аддзелаў, у прыватнасьці гэтага аддзелу ў Вільні, — яскравае сьведчаньне таго, што мы прыклалі вялікія намаганьні, каб працягваць працу і рухацца наперад. Так што, хоць і застаецца пытаньне штату, на якое вы сёньня чакаеце адказу, існуюць пераканаўчыя доказы таго, што ЗША працягваюць мэтанакіраваную палітыку і будуць яе разьвіваць.
— Але ўсё гэтае пазытыўнае разьвіцьцё на працягу апошніх двух гадоў, візыты Ціханоўскай — часткова вынікі вашай асабістай працы. Аднак калі вы паедзеце і ніхто не прыедзе, ці ня страціць тут Беларусь?
— Я ўдзячная вам за гэтае пытаньне. Адно з фундамэнтальных паняцьцяў амэрыканскай дыпляматыі і, напэўна, дыпляматыі іншых краінаў палягае ў тым, што наша дыпляматыя не грунтуецца на канкрэтных асобах. Незалежна ад іх рангу і статусу амэрыканскія інтарэсы, амэрыканская палітыка — гэта справа ўсёй каманды. І хоць шмат у чым я, магчыма, была самым бачным тварам у камандзе, я вельмі цаню тое, што надзвычайная каманда маіх калегаў, якія працавалі нястомна кожны дзень ад часу майго прызначэньня амбасадаркай у Беларусі ў 2020 годзе, прасоўвала гэтую палітыку.
Доўгатэрміновая арганізацыйная амэрыканская падтрымка гэтых дачыненьняў, усе гэтыя намаганьні, актыўнае ўзаемадзеяньне, публічная дыпляматыя, заснаваньне тут гэтага аддзелу, далучэньне да яго працы прадстаўнікоў Агенцтва міжнароднага разьвіцьця — усё гэта гаворыць пра пасьлядоўны доўгатэрміновы падыход ЗША ў справе падтрымкі народу Беларусі, які змагаецца за права вырашаць будучыню Беларусі.
— Што патрэбна для адлігі ў дачыненьнях ЗША і Беларусі? Ці ёсьць нейкі сцэнар, у якім нейкія санкцыі супраць Беларусі маглі б быць адмененыя — або ЗША бачаць Беларусь у шчыльнай зьвязцы з Пуціным?
— Ці можна прадбачыць нейкі спосаб адмены санкцыяў? Безумоўна, можна. Мы маем ясную пазыцыю ў гэтым пытаньні ад таго часу, як мы пачалі зноў уводзіць прыпыненыя раней санкцыі, а пазьней увялі новыя. Шлях вельмі просты — вызваленьне палітычных вязьняў. Вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў прывядзе да аслабленьня санкцыяў.
Гэта прывядзе да выхаду Беларусі з ізаляцыі. Так што, калі ў Менску ёсьць людзі, якія задумваюцца над тым, як пакончыць з поўнай залежнасьцю ад Масквы, як аднавіць дыялёг з Захадам, — ключы да гэтага ў руках людзей у Менску. Вось жа, вызваленьне палітычных вязьняў — мы ясна гэтага дамагаліся і выразна заяўлялі сваю пазыцыю.
Пытаньне пра тое, ці здалася Беларусь Маскве, — гэта важнае пытаньне, на якое перш за ўсё мусяць адказаць самі беларусы. Але калі глядзець збоку, паводле маіх назіраньняў за Беларусьсю, мне здаецца, што за апошнія два гады Аляксандар Лукашэнка істотна паскорыў страту сувэрэнітэту краіны, што прывяло да амаль поўнай залежнасьці ад Масквы.
Так што тыя, хто жадае бачыць Беларусь незалежнай, хто хоча, каб яна захавала свой сувэрэнітэт, мусяць задацца пытаньнем, як пакласьці канец гэтай ізаляцыі. Зноў жа, на маю думку, ключы да выхаду з ізаляцыі знаходзяцца ў руках людзей у Менску.
— Паводле апошніх навінаў, Лукашэнка нібыта спрабуе прынамсі часткова аддзяліць сябе ад Расеі і выкарыстаць калійныя ўгнаеньні як карту ў гульні з Захадам або дазволіць экспарт украінскага збожжа ў Літву праз тэрыторыю Беларусі. Ці падтрымалі б Злучаныя Штаты такія схемы?
— Пытаньне сусьветнай харчовай бясьпекі крытычна важнае для Вашынгтону. І нам абсалютна ясна, што, разьвязаўшы вайну супраць Украіны, Расея паставіла пад пагрозу ня толькі жыхароў Украіны, якія знаходзяцца пад агнём, якія бароняць сваю краіну ад гэтай несправакаванай агрэсіі. Расея таксама паставіла пад пагрозу сусьветныя пастаўкі харчоў. У мінулым месяцы ў Нью-Ёрку адбылася канфэрэнцыя міністраў харчовай бясьпекі, а таксама спэцыяльная сэсія Рады Бясьпекі ААН. Мы гатовыя вывучыць абсалютна любую опцыю, якая дапамагла б зьменшыць небясьпеку голаду, выкліканага гэтай вайной.
Над пытаньнем аб тым, як даставіць украінскае збожжа на рынак, мы з нашымі эўрапейскімі партнэрамі працуем кожны дзень. Паўтаруся, мы вывучым любую магчымую опцыю для гэтага.
Беларусь — саўдзельніца расейскай вайны. Беларусь дазволіла выкарыстаць сваю тэрыторыю. Беларусь дала прытулак расейскім узброеным сілам, дала каналы забесьпячэньня, дазволіла са сваёй тэрыторыі абстрэльваць Украіну ракетамі. Пытаньне, ці давяраць Беларусі, пагадзіўшыся на такія схемы, патрабуе надзвычай асьцярожнага вывучэньня. І, напэўна, гэтае пытаньне трэба задаваць ня Злучаным Штатам, тут ёсьць шмат элемэнтаў, якія патрабавалі б непасрэднага ўдзелу суседзяў Беларусі.
Так што я б сказала, што пэрспэктыўнасьць такіх пагадненьняў выклікае сумневы. Але, зноў жа, мы вывучаем усе магчымыя варыянты, як даставіць на рынак украінскае збожжа, — і цяжка сказаць, што гэты варыянт мае пэрспэктывы.
— Ці ўплывае той факт, што Лукашэнка не паслаў беларускіх вайскоўцаў ваяваць ва Ўкраіну, на пазыцыю ЗША і Захаду ў пытаньнях санкцыяў?
— Удзел беларускіх вайскоўцаў у баях ва Ўкраіне — гэта цікавае пытаньне, але зусім не першачарговае ў дачыненьні да Беларусі. Вярнуся да таго, што я ўжо казала: Беларусь дала ў распараджэньне Расеі ўсе неабходнае. Яна дазволіла выкарыстаць сваю тэрыторыю для абстрэлаў Кіева, для ўдараў па Заходняй Украіне. Бяз гэткага саўдзелу Беларусі ўсе гэтыя ўдары былі б проста немагчымыя. І хоць варта адзначыць, што беларускія ўзброеныя сілы на гэты момант не ваююць ва Ўкраіне, галоўнае пытаньне тут — ці атрымлівае Ўладзімір Пуцін усё, што хоча і што яму трэба, ад Аляксандра Лукашэнкі. Пакуль што выглядае, што так.
— Якое ваша наймацнейшае ўражаньне ад Беларусі? Ці зьмянілася яно за гэтыя два гады?
— Шмат што ў Беларусі зрабіла на мяне моцнае ўражаньне. Неймаверная трываласьць беларусаў, якую мы пабачылі ў жніўні 2020-га, калі яны пратэставалі супраць сфальшаваных выбараў. Стойкасьць, якую яны праявілі, сутыкнуўшыся зь нечуванымі рэпрэсіямі, якія Лукашэнка разгарнуў пасьля выбараў. Тое, якую крэатыўнасьць праявілі беларусы, падтрымліваючы кантакты між сабой, дзелячыся думкамі. Урэшце, тое, як беларусы зноў імкнуліся да таго, каб быў пачуты іх голас пратэсту супраць гэтай вайны. Усё гэта надзвычайна і неймаверна.
У мяне была магчымасьць працаваць са Сьвятланай Ціханоўскай, што было для мяне асаблівым гонарам, а таксама і зь іншымі прадстаўнікамі Каардынацыйнай рады, якія працуюць над тым, каб прынесьці зьмены ў Беларусь. Гэта змаганьне, якое многія вялі і да іх; але тыя, хто ўзначальвае яго цяпер, сапраўды здольныя падтрымліваць патрэбны ўзровень увагі на Захадзе, у ЗША, у іншых сталіцах. У гэтым істотная розьніца з тым, што мы бачылі ў мінулым. І я ўпэўнена, што стрэлкі гадзіньніка тут ужо не перавесьці назад.
Народ Беларусі, па сутнасьці, разумее, якія добрыя пэрспэктывы могуць чакаць яго ў будучыні, калі прыйдуць зьмены; якія пэрспэктывы могуць чакаць, калі Беларусь наладзіць добрыя дачыненьні з суседзямі; якія магчымасьці адкрыюцца, калі людзям ня будуць пагражаць катаваньні, рэпрэсіі, калі няўрадавыя арганізацыі змогуць працаваць свабодна, калі журналісты змогуць асьвятляць падзеі ў Беларусі. У будучыні адкрываецца столькі пэрспэктываў, і я зь нецярпеньнем чакаю таго дня, калі я змагу наведаць свабодную Беларусь.
— Якія беларускія словы вы вывучылі?
— «Дзякуй». «Прывітаньне». «Жыве Беларусь». Вядома, «Жыве Беларусь!»
Хто такая Джулі Фішэр
23 сьнежня 2020 году Джулі Фішэр прыняла прысягу ў якасьці першага з 2008 году амбасадара ЗША ў Рэспубліцы Беларусь.
На пачатку 2022 году амбасада ЗША ў Менску афіцыйна прыпыніла сваю дзейнасьць да далейшага апавяшчэньня, над ёй зьнялі нацыянальны сьцяг. Гэта адбылося пасьля ўвядзеньня амэрыканскіх санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня і адказу з дыпляматычнымі абмежаваньнямі для амбасады ЗША.
На фоне глыбокага палітычнага крызісу, у якім апынулася Беларусь, спадарыня Фішэр так і ня трапіла ў Менск. Цяпер прадстаўніцтва амбасады ЗША ў Беларусі дзейнічае ў Вільні, дзе Джулі Фішэр знаходзілася ў статусе спэцыяльнай пасланьніцы.
Джулі Фішэр — кар’ерная дыпляматка, да апошняга часу займала пасаду намесьніцы памочніка дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях Заходняй Эўропы і Эўрапейскага Зьвязу.
Раней яна была часовай паверанай у справах у амбасадзе ЗША ў Расеі, намесьніцай кіраўніка місіі ЗША ў NATO, намесьніцай дырэктара офіса генэральнага сакратара NATO, дарадцай у палітычных і эканамічных справах у амбасадзе ЗША ў Грузіі, а таксама займала адміністрацыйныя пасады ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША.
Фішэр атрымала ступень бакаляўра ва Ўнівэрсытэце Паўночнай Караліны і ступень магістра ў Прынстанскім унівэрсытэце. Яна валодае расейскай, францускай і грузінскай мовамі.