Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковыя прадпрыемствы і кіраўніцтва арміі. Супраць каго ЗША ўвялі новыя санкцыі ў Беларусі


99,95% акцый банк «Дабрабыт» належыць Нацбанку Беларусі
99,95% акцый банк «Дабрабыт» належыць Нацбанку Беларусі

Расказваем пра прадпрыемствы, кампаніі і асобаў, якія трапілі пад чарговыя санкцыі з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі.

24 лютага ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненьні да шэрагу фізычных асобаў, прадпрыемстваў і банкаў Беларусі за падтрымку рэжымам Лукашэнкі расейскай інтэрвэнцыі ва Ўкраіну. Санкцыі закранаюць прадпрыемствы абароннага сэктару і фінансавыя ўстановы — два сэктары беларускай эканомікі, цесна зьвязаныя з Расеяй.

Юрыдычныя асобы

Беларускі банк разьвіцьця і рэканструкцыі «Белінвэстбанк» — камэрцыйны банк, які больш як на 99% належыць дзяржаве. Займаецца ў асноўным абслугоўваньнем дзяржаўных праграм. Выдае крэдыты дзяржаўным прадпрыемствам пад розныя патрэбы. 24 чэрвеня 2021 году ўжо быў унесены ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу.

Банк «Дабрабыт» — былы банк «Масква-Мінск», 99,95% ягоных акцый належаць Нацбанку, яшчэ 0,25% — «Парытэтбанку». «Парытэтбанк», у сваю чаргу, належыць Саіду Гуцэрыеву — сыну расейскага мільянэра і сябра Лукашэнкі Міхаіла Гуцэрыева. У 2017 годзе «Парытэтбанк» хацеў выкупіць Віктар Пракапеня, аднак пазьней адмовіўся ад гэтай ідэі. Саід Гуцэрыеў да нядаўняга часу быў партнэрам Пракапені ў бізнэсе.

ТАА «Белінвэст-інжынірынг» — даччыная кампанія «Белінвэстбанку», займаецца крэдытаваньнем і фінансаваньнем праектаў у сфэры нерухомасьці.

ЗАТ «Белбізнэслізінг» — яшчэ адна даччыная структура «Белінвэстбанку». Займаецца лізінгам для мэтаў дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў.

Менскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ) — адно з асноўных прадпрыемстваў беларускага вайскова-прамысловага комплексу. Займаецца вытворчасьцю колавых цягачоў для расейскіх стратэгічных узбраеньняў і балістычных ракет, а таксама бранятэхнікі для беларускай арміі.

Дзяржаўны вайскова-прамысловы камітэт — дзяржаўнае ведамства, займаецца вытворчасьцю і рамонтам розных відаў узбраеньняў для патрэб Узброеных сіл Беларусі, а таксама на экспарт.

«Белспэцзьнештэхніка» — дзяржаўнае прадпрыемства, уваходзіць у склад Вайскова-прамысловага камітэту. Займаецца навуковай, прамысловай і гандлёвай дзейнасьцю ў сфэры ўзбраеньняў. Мае інтарэсы больш як у 30 краінах сьвету.

ААТ «КБ „Радар“» — яшчэ адно прадпрыемства беларускага ВПК, галаўная кампанія холдынгу «Сыстэмы радыёлякацыі». Займаецца вытворчасьцю вайсковых лякатараў.

ААТ «558-ы авіяцыйны рамонтны завод» — адно з самых буйных авіяцыйных прадпрыемстваў, разьмешчаных на тэрыторыі краін СНД. Займаецца мадэрнізацыяй і рамонтам вайсковых самалётаў Беларусі і іншых краін, разьмешчаны ў Баранавічах. Мадэрнізуе старыя савецкія самалёты да сучаснага ўзроўню, усталёўваючы на іх сучасныя сыстэмы.

ААТ «Інтэграл» — дзяржаўнае прадпрыемства радыёэлектроннага сэктару. Акрамя цывільнай прадукцыі, на «Інтэграле» таксама займаюцца вытворчасьцю сыстэм і кампанэнтаў для розных відаў узбраеньняў.

ТАА «Абаронныя ініцыятывы» — таксама кампанія вайскова-прамысловага комплексу Беларусі. Створана ў 2011 годзе, як гаворыцца на яе сайце, «з мэтай рэалізацыі інавацыйнай, навуковай і канкурэнтназдольнай навукова-тэхнічнай прадукцыі для задавальненьня патрэбаў прадпрыемстваў і арганізацый як у Рэспубліцы Беларусь, так і за яе межамі». Асноўныя кірункі дзейнасьці кампаніі «Абаронныя ініцыятывы» зьвязаныя з вытворчасьцю вайсковага прызначэньня.

УП «Мінатор-Сэрвіс» — створанае ў 1991 годзе дзяржаўнае прадпрыемства. Займаецца распрацоўкай, вытворчасьцю і абслугоўваньнем баявых гусенічных машын, прызначаных для выкарыстаньня ў сухапутных войсках і падразьдзяленьнях марской пяхоты.

НВАТАА «АКБ ТСП» — навукова-прамысловае прадпрыемства, займаецца вытворчасьцю зброі і боепрыпасаў.

Кампанія Synesis — міжнародная ІТ-кампанія з офісамі ў Менску і Маскве, рэзыдэнт Парку высокіх тэхналёгій. Спэцыялізуецца на распрацоўцы плятформаў для кантролю грамадзкай бясьпекі і назіраньня за масавымі мерапрыемствамі. Займаецца ўласнымі дасьледаваньнямі ў галіне штучнага інтэлекту. 17 сьнежня 2020 году трапіла пад санкцыі Эўразьвязу за супрацоўніцтва з МУС і КДБ Беларусі.

ТАА «24×7 Паноптэс» — апэратар сыстэмы маніторынгу грамадзкай бясьпекі ў Беларусі, якая аб’ядноўвае відэакамэры назіраньня па ўсёй краіне.

Фізычныя асобы

Міністар абароны Віктар Хрэнін — адзін з кіраўнікоў беларускай арміі (фактычна галоўнакамандуючым зьяўляецца Лукашэнка) і ключавая асоба ў арганізацыі вучэньняў «Саюзная рашучасьць — 2022» і перамяшчэньня на тэрыторыю Беларусі расейскіх войскаў.

Вікатр Хрэнін
Вікатр Хрэнін

Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч выконвае функцыі кіраўніка аднаго з самых галоўных дзяржаўных органаў Беларусі. Фактычным жа кіраўніком яго зьяўляецца Лукашэнка.

Аляксандар Вальфовіч
Аляксандар Вальфовіч

Старшыня Дзяржкамваенпраму Дзьмітры Пантус кіруе холдынгам, які аб’ядноўвае усе вайсковыя прадпрыемствы Беларусі.

Намесьнік старшыні Дзяржкамваенпраму Вячаслаў Расалай — намесьнік Пантуса.

Таксама ў новы санкцыйны сьпіс ЗША ўвайшлі ўладальнік Synesis Аляксандар Шатроў, набліжаны да Лукашэнкі бізнэсовец Аляксандар Зайцаў, гендырэктар МЗКЦ Аляксей Рымашэўскі, намесьнік гендырэктара МЗКЦ Аляксандар Вецяневіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG