Джулі Фішэр пакідае пасаду спэцпасланьніцы ЗША па Беларусі. Афіцыйная заява пра гэта зьявілася на сайце амбасады ЗША ў Беларусі.
Джулі Фішэр прабыла на пасадзе 1,5 года, але так і не атрымала дазволу на ўезд у Беларусь. Яе пэрыяд прыпаў на чарговы дыпляматычны крызіс у стасунках Беларусі і ЗША.
З нагоды завяршэньня яе місіі ў чэрвені ў рамках заплянаванай дыпляматычнай ратацыі Джулі Фішэр зьвярнулася да народу Беларусі:
«З 2020 году вы, народ Беларусі, ясна далі зразумець, што менавіта вы павінны вызначаць будучыню краіны. Я хацела б выказаць нязьменнае захапленьне вашай сілай і рашучасьцю настойваць на тым, каб вашы правы паважалі, а вашы галасы былі пачутыя. Я хацела б вас запэўніць, што наша прыхільнасьць падтрымліваць вас на гэтым шляху адлюстроўвае непахісны кансэнсус Злучаных Штатаў».
Джулі Фішэр піша, што для яе было за гонар быць побач зь беларусамі з моманту зацьвярджэння Сэнатам на пасаду амбасадаркі ў Беларусі ў сьнежні 2020 году, першага амбасадара ЗША ў краіне за больш як дзесяць гадоў.
Яна зноў ацаніла беларускія выбары 2020 году, якія прывялі да масавых пратэстаў і не былі прызнаныя ЗША і Эўразьвязам:
«Злучаныя Штаты не маглі маўчаць пасьля фальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году, не маглі абяляць жорсткасьць рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі, калі вы мірна выйшлі на вуліцы Менску, Горадні, Гомля і іншых гарадоў у абарону сваіх асноўных свабод і годнасьці як грамадзян Беларусі. Таму ня дзіўна, што Аляксандар Лукашэнка адклікаў агрэман на прыезд амэрыканскага амбасадара».
Джулі Фішэр піша пра галоўную мэту яе як спэцыяльнай пасланьніцы па Беларусі — умацаваць амэрыканскую падтрымку народу Беларусі і барацьбы беларусаў за дэмакратыю:
«Мы стварылі Аддзел спраў Беларусі, каб працаваць плячо ў плячо з пасольствам ЗША ў Менску адной камандай творчых і глыбока адданых справе дыпляматаў і спэцыялістаў у галіне разьвіцьця, якія падтрымліваюць шырокае кола дэмакратычных сіл, грамадзянскую супольнасьць, прадпрымальнікаў і незалежныя СМІ, дзе б яны ні знаходзіліся. Мы ўзмацнілі каардынацыю з эўрапейскімі саюзьнікамі і партнэрамі ў прыцягненьні рэжыму да адказнасьці за парушэньні правоў чалавека і саўдзел ва ўварваньні Расеі ва Ўкраіну».
Джулі Фішэр заявіла, што ЗША працягваюць заклікаць рэжым Лукашэнкі безумоўна вызваліць усіх палітычных зьняволеных, спыніць рэпрэсіі і неправамернае абыходжаньне з грамадзянамі і арганізацыямі, а таксама заклікаюць да зьмястоўнага нацыянальнага дыялёгу з усімі элемэнтамі беларускага грамадзтва, у тым ліку тымі, хто знаходзіцца ў выгнаньні.
«Такі дыялёг прывядзе да новых выбараў пад міжнародным назіраньнем. Наша каманда працуе над пытаньнямі Беларусі ад Вільні да Вены, ад Вашынгтона да Варшавы. Мы далей канцэнтруем працу на падтрымцы вас і вашых памкненьняў да лепшай будучыні для Беларусі. Я зь нецярпеньнем чакаю магчымасьці ўбачыць свабодную, квітнеючую і дэмакратычную Беларусь, якая жыве ў міры са сваімі суседзямі.
Жыве Беларусь!»
У лютым 2022 году Дзяржаўны дэпартамэнт Злучаных Штатаў афіцыйна прыпыніў працу амбасады ў Беларусі. Джулі Фішэр у якасьці спэцпасланьніцы ЗША па Беларусі працавала ў Вільні.
Хто такая Джулі Фішэр
23 сьнежня 2020 году Джулі Фішэр прыняла прысягу ў якасьці першага з 2008 году амбасадара ЗША ў Рэспубліцы Беларусь.
На пачатку 2022 году амбасада ЗША ў Менску афіцыйна прыпыніла сваю дзейнасьць да далейшага апавяшчэньня, над ёй зьнялі нацыянальны сьцяг. Гэта адбылося пасьля ўвядзеньня амэрыканскіх санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня і адказу з дыпляматычнымі абмежаваньнямі для амбасады ЗША.
На фоне глыбокага палітычнага крызісу, у якім апынулася Беларусь, спадарыня Фішэр так і ня трапіла ў Менск. Прадстаўніцтва амбасады ЗША ў Беларусі дзейнічае ў Вільні, дзе Джулі Фішэр знаходзілася ў статусе спэцыяльнай пасланьніцы.
Джулі Фішэр — кар’ерная дыпляматка, да апошняга часу займала пасаду намесьніцы памочніка дзяржсакратара ЗША ў пытаньнях Заходняй Эўропы і Эўрапейскага Зьвязу.
Раней яна была часовай паверанай у справах у амбасадзе ЗША ў Расеі, намесьніцай кіраўніка місіі ЗША ў NATO, намесьніцай дырэктара офіса генэральнага сакратара NATO, дарадцай у палітычных і эканамічных справах у амбасадзе ЗША ў Грузіі, а таксама займала адміністрацыйныя пасады ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША.
Фішэр атрымала ступень бакаляўра ва Ўнівэрсытэце Паўночнай Караліны і ступень магістра ў Прынстанскім унівэрсытэце. Яна валодае расейскай, францускай і грузінскай мовамі.