Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улады ў Менску баяцца актыўнага дыпляматычнага корпусу». Джулі Фішэр пра лёс пасольства і вучэньні ў Беларусі


Джулі Фішэр
Джулі Фішэр

Спэцпасланьніца ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр падчас прэс-канфэрэнцыі беларускім СМІ адказала на пытаньні Радыё Свабода наконт працы амэрыканскага дыппрадстаўніцтва ў Менску і прысутнасьці расейскага войска ў Беларусі.

Прэс-канфэрэнцыя адбылася з нагоды Міжнароднага дня салідарнасьці зь Беларусьсю, які адзначаецца 9 лютага з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай.

На думку дыпляматкі, вучэньні, якія анансавалі Лукашэнка і Пуцін, вельмі істотныя для таго, каб зразумець дынаміку ў рэгіёне. Свабода спытала ў Фішэр, што зьбіраюцца рабіць ЗША, калі пасьля заканчэньня вучэньняў расейскія войскі застануцца ў Беларусі.

ЗША будуць пільна сачыць за тым, што адбудзецца пасьля вучэньняў

«Калі я гляджу на пытаньне прысутнасьці расейскіх войскаў у Беларусі пасьля гэтых вучэньняў, то мне цікава, як шмат у гэтай справе, то бок застануцца расейскія войскі ці не, можа сказаць сама Беларусь. Наколькі гэтае рашэньне будзе прынятае толькі ў Маскве і ці будзе Беларусь кансультавацца, і наколькі гэта паўплывае на Расею ва ўсёй гэтай сытуацыі. На гэты момант усё часьцей гаворыцца пра тое, што Аляксандар Лукашэнка цалкам залежыць ад Крамля ў гэтым пытаньні, таму яго здольнасьць наўпрост уплываць на прысутнасьць расейскага войска ў Беларусі цалкам незразумелая», — сказала Фішэр.

Джулі Фішэр заявіла, што ЗША будуць пільна сачыць за тым, што адбудзецца пасьля вучэньняў і ці застанецца ў Беларусі вайсковая тэхніка Расеі.

Застаецца амэрыканскае пасольства ў Менску і беларускае ў Вашынгтоне

На мінулым тыдні крыніцы Свабоды ў Менску паведамілі, што беларускае Міністэрства замежных спраў нібыта патрабуе ад амбасады ЗША звольніць супрацоўнікаў, якія маюць беларускае грамадзянства. Джулі Фішэр адказала на нашае пытаньне, ці чакаецца закрыцьцё пасольства ў Менску.

«Я б хацела падкрэсьліць, што амэрыканская амбасада застаецца адчыненай. Мы адчынілі нашыя дзьверы ў студзені 1992 году, і нашыя дзьверы застаюцца адчыненымі. Нашая каманда на месцы працягвае працаваць на карысьць інтарэсаў ЗША і для абароны грамадзян ЗША ў Беларусі. Гэта не сакрэт, што ўлады ў Менску прадпрымаюць надзвычайныя меры, каб абмежаваць нашую магчымасьць дзейнічаць унутры Беларусі, гэтаксама як яны баяцца незалежных СМІ і людзей зь незалежнымі думкамі. Яны баяцца актыўнага дыпляматычнага корпусу. Тое, што яны зрабілі нашай амбасадзе, гэта не ўнікальная зьява. Так адбылося з многімі дыпляматамі, меркаваньні якіх ім не падабаюцца. Мы працягваем мець двухбаковую дыпляматычную прысутнасьць. Застаецца нашае пасольства ў Менску і беларускае ў Вашынгтоне. Мы спадзяёмся, што так будзе працягвацца».

Нагадаем, што колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў у Менску раней на патрабаваньне МЗС была рэзка скарочаная. На мінулым тыдні прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту заявіў у камэнтары Свабодзе, што амэрыканскі бок удзельнічае ў дыскусіях зь беларускім Міністэрствам замежных спраў, каб гарантаваць працяг бясьпечнай працы пасольства ЗША ў Менску.

Рэфэрэндум «ня здолее перагарнуць старонку палітычнага крызісу»

Адказваючы на іншыя пытаньні, Фішэр згадала канстытуцыйны рэфэрэндум, які мае адбыцца празь некалькі тыдняў. Паводле яе, гэты рэфэрэндум «ня здолее перагарнуць старонку палітычнага крызісу, у якім апынулася Беларусь».

Спэцпасланьніца ЗША ў Беларусі нагадала пра гадавіну зьняволеньня журналістак Белсату Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай за тое, што «яны журналісткі і робяць сваю працу». Фішэр згадала таксама журналістку Tut.by Марыну Золатаву, рэдактара «Беларускага журналу» Андрэя Аляксандрава, Ігара Лосіка, якога асудзілі на 15 гадоў калёніі, іншых журналістаў Радыё Свабода.

«ЗША салідарныя з журналістамі і падтрымліваюць ваша права рабіць вашу працу і гаварыць свабодна, — сказала Фішэр. — Амаль штодня ўлады абвяшчаюць чарговае СМІ экстрэмісцкім. У такі сьпіс сёньня ўваходзяць усе асноўныя мэдыярэсурсы і многія іншыя».

Амэрыканская дыпляматка таксама падкрэсьліла важнасьць працы праваабарончых арганізацый ва ўмовах рэпрэсій супраць СМІ і звычайных грамадзян. Яна нагадала, што на дадзены момант у беларускіх турмах больш за тысячу палітвязьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG