Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баі ў Марыюпалі, на Херсоншчыне і Мікалаеўшчыне. 71-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

Мітынг у Кіеве 3 траўня 2022 з патрабаваньнямі да ўладаў Украіны і міжнароднай супольнасьці выратаваць Марыюпаль, яго цывільных жыхароў і вайскоўцаў, якія бароняць горад
Мітынг у Кіеве 3 траўня 2022 з патрабаваньнямі да ўладаў Украіны і міжнароднай супольнасьці выратаваць Марыюпаль, яго цывільных жыхароў і вайскоўцаў, якія бароняць горад

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 5,5 мільёна чалавек сталі ўцекачамі, яшчэ каля 7 мільёнаў хаваюцца ў іншых абласьцях. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Войска Ўкраіны пайшло ў контранаступ на поўнач ад Харкава.
  • Полк «Азоў», які абараняецца на пляцоўцы заводу «Азоўсталь» у Марыюпалі ў няроўным па сілах баі з расейцамі, заклікаў сьвет і кіраўніцтва Ўкраіны дапамагчы эвакуяваць параненых жаўнераў.
  • ЮНІСЭФ заявіла, што кожная шостая школа ва Ўкраіне разбураная або пашкоджаная.
  • У ноч на 5 траўня расейцы абстралялі Краматорск. Параненыя мінімум 25 чалавек.
  • Раніцай 5 траўня ўкраінцы вярнулі сабе кантроль над некалькімі населенымі пунктамі на мяжы Херсонскай і Мікалаеўскай абласьцей.
  • Расейскія войскі прарваліся на тэрыторыю «Азоўсталі», там ідуць цяжкія баі.
  • 3 траўня расейскія крылатыя ракеты пашкодзілі інфраструктуру Днепрапятроўскай, Кіраваградзкай, Львоўскай, Віньніцкай, Кіеўскай і Закарпацкай абласьцей.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 5 траўня

Пачалася трэцяя з пачатку траўня апэрацыя па эвакуацыі мірных жыхароў з тэрыторыі «Азовстали»

Пра гэта паведаміў увечары 5 траўня намесьнік генэральнага сакратара ААН у гуманітарных пытаньнях Марцін Грыфітс на паседжаньні Рады Бясьпекі ААН. Віцэ-прэм’ер Украіны Ірына Верашчук аб’явіла эвакуацыю з Марыюпаля 6 траўня ў 12:00.

Раней паведамлялася, што Міністэрства абароны РФ абяцала аднабаковае спыненьне агню з мэтай вывазу цывільных з «Азовстали». У ходзе папярэдніх двух этапаў эвакуацыі гуманітарнымі канвоямі ААН з зоны баявых дзеяньняў у Марыюпалі, а менавіта з тэрыторыі камбіната «Азовсталь», было вывезена каля 500 чалавек, паводле зьвестак ААН.

У выніку ўдару па Краматорску пацярпелі 25 чалавек, 810 кватэр

810 кватэр у 32 шматпавярховіках атрымалі розныя пашкоджаньні ў выніку авіяракетнага ўдару па Краматорску, які расейскія войскі нанесьлі раніцай 5 траўня, паведаміў кіраўнік Данецкай ваеннай адміністрацыі Павал Кірыленка.

Паводле яго, загінулых няма, але 25 чалавек пацярпелі. Акрамя шматпавярховікаў, пашкоджаны 6 прыватных дамоў, 2 школы, дзіцячы садок, мэдыцынская ўстанова, кацельня, некалькі прадпрыемстваў і гандлёвых установаў. Кірыленка заклікаў жыхароў па магчымасьці эвакуявацца.

Працягваецца штурм «Азовстали»

Полк «Азоў» паведамляе, што расейскае войска для штурму выкарыстоўвае авіяцыю, артылерыю і пяхоту, і публікуе відэа штурму:

Працягваюцца абстрэлы Харкава, але ўкраінцы перайшлі ў контранаступ

«Нягледзячы на тое, што нашы Ўзброеныя сілы адціскалі ворага ад горада ў паўночным кірунку, праціўнік працягвае тэрарызаваць мірнае насельніцтва. Гэтыя ўдары не нацэленыя, акупант наносіць удары па жылых кварталах, тым самым наносячы шкоду мірным жыхарам. Ён можа „прыляцець“ на любую тэрыторыю, у любы двор, на любую дзіцячую пляцоўку. Таму знаходзіцца на вуліцы бяз вострай неабходнасьці надзвычай небясьпечна», — папярэдзіў кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў.

Пасьля расейскіх абстрэлаў ў Харкаве гарэлі гаражы і жылыя дамы. Па папярэдніх дадзеных, параненых няма.

Расейцы абстралялі Краматорск: 25 параненых

У ноч з 4 на 5 траўня расейскія войскі абстралялі Данеччыну. Краматорск моцна пацярпеў, колькасьць параненых павялічылася да 25, шэсьць зь іх шпіталізавалі. Мэр Краматорску Аляксандар Ганчарэнка расказаў пра чарговы ракетны ўдар па горадзе. Ён адзначыў, што праціўнік «дзейнічаў подла, абстрэльваючы жылыя кварталы і цэнтральную частку гораду». Ганчарэнка паведаміў, што пашкоджаны школа, дзіцячы садок і пяціпавярховікі.

Украінскія вайскоўцы адваявалі некалькі населеных пунктаў на Херсоншчыне і Мікалаеўшчыне

Армія Расеі страціла кантроль над некалькімі населенымі пунктамі на мяжы Мікалаеўскай і Херсонскай абласьцей. Пра гэта паведаміў Генштаб Узброеных сіл Украіны ў Facebook.

Паводле апэратыўнай інфармацыі, па стане на 6:00 5 траўня дзякуючы пасьпяховым дзеяньням украінскіх абаронцаў праціўнік страціў кантроль над некалькімі населенымі пунктамі на мяжы названых абласьцей.

Контрвыведка СБУ затрымала аднаго зь лідэраў партыі Медзьведчука

Контрвыведка СБУ затрымала аднаго зь лідэраў партыі Віктара Медзьведчука «Украінскі выбар», які ў каардынацыі з расейскімі спэцслужбамі рыхтаваў зьвяржэньне канстытуцыйнага ладу ва Ўкраіне, паведаміла прэс-служба СБУ.

«Зламысьнік распрацаваў канцэпцыю „народнага самадзяржаўя“, якая прадугледжвала гвалтоўны захоп улады, зьнішчэньне фінансава-эканамічнай сыстэмы і зьмену дзяржаўнай мяжы. Гэтыя ідэі прасоўваліся праз разгалінаваную сетку падкантрольных грамадзкіх арганізацый. Устаноўлена таксама, што ў 2014 годзе зламысьнік зьвяртаўся ў адміністрацыю прэзыдэнта РФ наконт асабістага прыёму: каб „далажыць“ аб падрыхтоўцы мер падрыўной дзейнасьці ва Ўкраіне», — паведамляюць у СБУ.

Войскі РФ абстралялі Мікалаеў рэактыўнымі сыстэмамі залпавага агню

У горадзе пашкоджана 40 аб'ектаў інфраструктуры: жылыя дамы, дзіцячыя пляцоўкі, крамы, аўтамабілі, распавёў падчас эфіру ў сацсетках Мікалаеўскі гарадзкі галава Аляксандар Сянкевіч. У выніку абстрэлаў лёгкія раненьні атрымалі два чалавекі, іх шпіталізавалі.

Расейцы і так званая «ДНР» мяняюць указальнікі ў Марыюпалі

На ўезьдзе ў горад указальнік з назвай гораду замянілі з украінскамоўнага на расейскамоўны, паведамляюць у так званай «ДНР». Раней расейскамоўныя дарожныя ўказальнікі таксама ўсталявалі ў населеных пунктах Валадарскае, Крамянёўка, Касьянаўка і Першамайскае Данецкай вобласьці. Тым часам на адным з будынкаў Марыюпалю вывесілі таблічку «Аддзел ДАІ па абслугоўваньні адміністрацыйнай тэрыторыі» з сымболікай так званай «ДНР», паведамляе ў Facebоok дарадца гарадзкога кіраўніка Марыюпаля Пётр Андрушчанка.

Reuters: да забойстваў у Бучы маюць дачыненьне байцы Расгвардыі і чачэнскія войскі

Інфармацыйнае агенцтва Reuters правяло маштабнае расьсьледаваньне масавых забойстваў у Бучы і ўстанавіла, якія вайсковыя часткі Расеі знаходзіліся ў горадзе падчас акупацыі.

У прыватнасьці, да ваенных злачынстваў у Кіеўскай вобласьці, паводле апытаньня мясцовых жыхароў і знойдзеным дакумэнтаў, датычныя падразьдзяленьне Расгвардыі «Віцязь», 76-я парашутна-дэсантная дывізія з Пскова і вайскоўцы з Чачні.

У акупаваным Энэргадары празь недахоп вугалю спыніла працу Запароская ТЭЦ

Мэр акупаванага расейцамі Энэградару Дзьмітры Арлоўраспавёў аб спыненьні працы Запароскай ТЭС з прычыны недахопу вугалю. Па словах Арлова, вугаль на прадпрыемстве скончыўся, а арганізаваць яго пастаўкі ў цяперашніх умовах немагчыма, бо горад захоплены расейскімі войскамі. Акрамя таго, забясьпечваць вуглём станцыю немагчыма з прычыны лягістычных праблем і баёў на поўдні Ўкраіны, а таксама з-за разбуранай інфраструктуры, мастоў і некаторых участкаў чыгункі.

Арлоў адзначыў, што спыненьне ТЭС не адаб’ецца на насельніцтве горада: «Сьвятло, цяпло і гарачае водазабесьпячэньне ў Энэргадары ёсьць і будуць», — напісаў ён. Пастаўляць энэргію гараджанам будуць з Запароскай АЭС.

Калёна цывільных аўто трапіла пад абстрэл

Пры спробе выехаць у Харкаў з часовага акупаванага Валчанска і іншых населеных пунктаў каля яго 4 траўня калёна цывільных аўтамабіляў трапіла пад абстрэл. Па словах сваякоў пацярпелых, зьехаць спрабавалі некалькі дзясяткаў машын, ёсьць параненыя і загінулыя.

Генпракуратура Ўкраіны наклала арышт на 33 тысячы тон мінэральных угнаеньняў беларускіх і расейскіх прадпрыемстваў

Як паведамляе Офіс Генпракурора Ўкраіны, арышт быў накладзены ў рамках расьсьледаваньня па факце наўмыснага ўхіленьня ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Сьледчыя ўстанавілі, што з парушэньнем мытнага заканадаўства ва Ўкраіну ўвезены хлёрысты калій на суму 650 мільёнаў грыўняў. Зараз вырашаецца пытаньне аб канфіскацыі маёмасьці на карысьць дзяржавы.

Расейскія войскі з пачатку вайны зьнішчылі больш за 20 аб'ектаў тэле-і радыёвяшчальнай інфраструктуры Ўкраіны

Расейскія акупанты наўмысна зьнішчаюць тэле-і радыёвяшчальную інфраструктуру Ўкраіны, каб пазбавіць украінцаў магчымасьці атрымліваць праўдзівую інфармацыю аб вайне і сытуацыі ва Ўкраіне, заявіў падчас брыфінгу 5 траўня кіраўнік Дзяржаўнай службы спэцыяльнай сувязі і абароны інфармацыі Ўкраіны Юры Шчыгаль.

«З пачатку баявых дзеяньняў пашкоджана больш за 20 аб’ектаў Канцэрну радыёвяшчаньня, радыёсувязі і тэлебачаньня. У выніку абстрэлу 3 траўня ў Львове зьнішчаны дзьве трансфарматарныя падстанцыі, якія сілкавалі абʼект вяшчаньня КРРТ у Львове», — заявіў ён.

У Запарожжы ўвялі камэнданцкую гадзіну з 8-10 траўня, у івана-Франкоўску просяць не выходзіць з дома 7-9 траўня

У Запарожжы ўвялі працяглую камэнданцкую гадзіну: яна будзе доўжыцца з 19.00 8 траўня да 5.00 10 траўня. У гэты час трэба заставацца дома. Выходзіць можна толькі ў сховішчы ў выпадку паветранай трывогі.

Жыхароў Івана-Франкоўска просяць заставацца дома або пакінуць горад 7-9 траўня з-за пагрозы ракетных удараў з боку Расеі. У гэтыя даты ў горадзе былі адмененыя ўсе масавыя мерапрыемствы.

Апублікавалі фота наступстваў абстрэлаў у Белгарадзкай вобласьці

Зьявіліся фатаздымкі наступстваў абстрэлу вёскі Нехацееўка, пра які раніцай 5 траўня паведаміў губэрнатар Белгарадзкай вобласьці. Здымкі апублікавала белгарадзкае агенцтва «Белпрэса». Ва Ўкраіне афіцыйна гэтыя абстрэлы не камэнтавалі.

Зяленскі на канфэрэнцыі донараў: «Украіне патрэбныя грошы, плян аднаўленьня і хуткі рух у Эўразьвяз»

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на міжнароднай донарскай канфэрэнцыі 5 траўня ў Варшаве, якую сумесна арганізавалі Польшча і Швэцыя, заявіў, што вайна Расеі супраць Украіны «плянавалася як прэлюдыя да ўдару па аб’яднанай Эўропе».

Паводле слоў Зяленскага, для перамогі Ўкраіне патрэбныя фінансы, каб задавальняць абаронныя, сацыяльныя і гуманітарныя патрэбы, плян аднаўленьня краіны і хуткі рух у ЭЗ у рамках спэцыяльнай скарочанай працэдуры.

У Луганскай вобласьці — ніводнай ацалелай АЗС

У Луганскай вобласьці з прычыны дзеяньняў расейскіх вайскоўцаў не засталося ніводнай ацалелай АЗС, існуе сьмяротная пагроза пры яе транспарціроўцы, паведаміў кіраўнік Луганскага аблсавету Сяргей Гайдай. У той жа час ужо ёсьць дамоўленасьці з новымі пастаўшчыкамі. Гайдай заклікаў кіроўцаў быць больш уважлівымі да расходу паліва, устрымлівацца ад непатрэбных паездак.

З пачатку вайны ва Ўкраіну вярнулі 324 палонных

У СБУ паведамілі, што з пачатку вайны Расеі супраць Украіны было вярнуліся ва Ўкраіну. Расея колькасьць вернутых палонных не называе.

Ва Ўкраіне стварылі карту Russian War Criminals

Антыкарупцыйны штаб разам зь незалежным агенцтвам журналістскіх расьсьледаваньняў Слідство.Інфо стварылі анлайн-мапу Russian War Criminals, на якой кожны жадаючы можа знайсьці расейскіх вайскоўцаў, сярод якіх ёсьць датычныя да вайны ва Ўкраіне. Мэта праекту — ідэнтыфікацыя ўсіх вайскоўцаў РФ, якія непасрэдна ўдзельнічаюць або маюць дачыненьне да вайны Расеі супраць Украіны, для далейшага выкарыстаньня гэтых зьвестак ва ўкраінскіх судах і ў Міжнародным крымінальным судзе.

"У нас ужо ёсьць зьвесткі пра 138 тысяч расейскіх вайскоўцаў, 20 тысяч 100% датычных да вайны ва Ўкраіне, 485 палонных і 1996 вайскоўцаў, забітых на вайне ва Ўкраіне. Гэта пацьверджана доказамі, атрыманымі з адкрытых крыніц, — гаворыцца ў паведамленьні.

Расейскую літаратуру будуць канфіскоўваць з украінскіх бібліятэк на карысьць украінскай

Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі абвясьціла 5 траўня аб канфіскацыі з украінскіх бібліятэк расейскай прапагандысцкай літаратуры. Плянуецца, што замест расейскіх кніг бібліятэчныя паліцы запоўняцца ўкраінскамоўнай літаратурай і кнігамі ўкраінскіх выдавецтваў.

CIT: Сур'ёзных прыкмет падрыхтоўкі да мабілізацыі ў Расеі няма

Нягледзячы на тое, што ў Расеі паведамляюць аб атрыманьні павестак з прапановай аб падпісаньні кароткатэрміновых кантрактаў, сурʼёзных прыкмет мабілізацыі насельніцтва пакуль не назіраецца, паведаміла 5 траўня аналітычная група Conflict Intelligence Team.

Аналітыкі адзначаюць, што аб падрыхтоўцы да мабілізацыі можна было б казаць па наступных прыкметах:

  • перавозка тэхнікі з мабілізацыйных складоў на рамонтныя прадпрыемствы для яе раскансэрваваньня (цяпер адбываецца ў малых маштабах);
  • вывад часткі афіцэраў з зоны баявых дзеяньняў для падрыхтоўкі мабілізаваных (гэтага няма);
  • падрыхтоўка палігонаў да вучэньняў (гэтага не назіраецца);
  • падрыхтоўка ваенкаматаў у РФ да наплыву людзей (гэтага таксама няма).

Уцекачы ад вайны

З моманту ўварваньня Расеі ва Ўкраіну краіну пакінулі больш за 5,563 мільёна чалавек, вынікае са зьвестак Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў.

Паводле дадзеных Офісу, больш за 3 млн чалавек выехалі ў Польшчу, амаль 826 000 чалавек — у Румынію, больш за 530 тысяч — у Вугоршчыну.

У Расею, паводле зьвестак ААН, вывезьлі больш за 681 тысячу чалавек. Украінскія ўлады сьцьвярджаюць, што акупанты вывозяць грамадзян Украіны гвалтам.

Каля 5 мільёнаў украінцаў цяпер — унутрана перамешчаныя асобы.

Насельніцтва Ўкраіны (уключна з тэрыторыяй пад кантролем Расеі) складае каля 44 мільёнаў чалавек.

Што адбываецца ў Расеі

У Белгародзкай вобласьці Расеі зноў выбухі

Губэрнатар Белгародзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў пацьвердзіў, што ў вобласьці былі чуваць два моцныя «хлапкі». Пра гэта ён паведаміў у Telegram.

«Прачнуўся ад двух моцных разрываў. Па дадзеных апэратыўнага штабу, пашкоджаньняў і руйнаваньняў няма. Пацярпелых няма. У сацыяльных сетках ужо зьявіліся кадры ўспышкі ў небе. Самае галоўнае, што без ахвяр і разбурэньняў. Астатнюю інфармацыю ўдакладнім ранкам».

Пуцін папрасіў прабачэньня перад прэм'ерам Ізраіля Нафталі Бэнэтам за словы Лаўрова пра габрэяў

Уладзімір Пуцін папрасіў прабачэньня перад прэм'ерам Ізраіля Нафталі Бэнэтам за словы Лаўрова пра габрэяў і антысэмітызм, паведамляе канцылярыя Бэнэта. На сайце Крамля ў паведамленьні пра размову з Бэнэтам пра гэта няма.

1 траўня міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў параўнаў Зяленскага з Гітлерам, сказаў, што ў. Гітлера была яўрэйская кроў, а самыя заўзятыя антысэміты — самі габрэі.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

Кіеў: прыкмет новага наступу зь Беларусі няма

«На Валынскім, Палескім і Северскім кірунках расейскі праціўнік актыўных дзеяньняў не рабіў, прыкмет фармаваньня наступальных груповак ня знойдзена», — гаворыцца ў зводцы ўкраінскага вайсковага камандаваньня на 6 гадзіну раніцы 3 траўня.

30 красавіка ў Генштабе Ўзброеных сіл Украіны заявілі, што не выключаюць зьдзяйсьненьня Расеяй правакацый на беларуска-ўкраінскім памежжы. Таксама было адзначана, што «захоўваецца пагроза зьдзяйсьненьня праціўнікам ракетна-бомбавых удараў па аб’ектах вайсковай і цывільнай інфраструктуры на тэрыторыі Ўкраіны».

Як рэагуе сьвет

Варшаўская канфэрэнцыя донараў сабрала для Ўкраіны каля $6,5 млрд

У чацьвер у Варшаве адбылася міжнародная канфэрэнцыя донараў па зборы сродкаў для Ўкраіны, на якой было сабрана каля 6,5 мільярдаў даляраў, паведаміў прэмʼер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі.

Японія ўвяла новыя санкцыі супраць Расеі

Пад новыя санкцыі, уведзеныя 5 траўня, патрапілі 140 фізычных і юрыдычных асобаў, зьвязаных з вайскова-прамысловым комплексам. Таксама ў сьпіс увайшлі некаторыя расейскія банкі.

Кампанія-распрацоўшчык папулярнага аддаленага працоўнага стала TeamViewer аб’явіла аб сыходзе з Расеі і Беларусі

Дамовы з кліентамі, якія ня трапілі пад санкцыі, будуць выкананыя ў поўным аб’ёме, але ня будуць падоўжаныя.

«Акрамя таго, TeamViewer заблякаваў усе неліцэнзійныя падключэньні ў Расеі і Беларусі і зь іх, каб пазьбегнуць далейшага выкарыстаньня нашага праграмнага забесьпячэньня», — гаворыцца ў паведамленьні на афіцыйным сайце кампаніі 5 траўня.

ЗША і Нямеччына заявілі, што ня будуць прызнаваць спробы РФ легітымізаваць захоп тэрыторый

Прэзыдэнт ЗША Байдэн увечары 5 траўня правёў тэлефонную размову з канцлерам Нямеччыны Олафам Шольцам. Бакі паведамілі, што ні ЗША, ні Нямеччына «ня будуць прызнаваць ніякіх крокаў, якія супярэчаць тэрытарыяльнаму сувэрэнітэту і цэласнасьці Ўкраіны і будуць лічыць іх нелегітымнымі».

Bloomberg: ЭЗ разглядае магчымасьць увядзеньня санкцый супраць Аліны Кабаевай

Крыніцы Bloomberg сьцьвярджаюць, што Эўразьвяз прапрацоўвае магчымасьць увядзеньня санкцый супраць Аліны Кабаевай. Па непацьверджаных дадзеных, у Пуціна і былой гімнасткі Кабаевай ёсьць агульныя дзеці.

У красавіку крыніцы газэты The Wall Street Journal казалі, што ЗША разглядалі ўвядзеньне санкцый супраць Кабаевай, але «ў апошнюю хвіліну» адмовіліся ад гэтай ідэі, каб не раззлаваць Пуціна.

Вялікая Брытанія ўвяла новыя санкцыі супраць Расеі

Міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Ліз Трас 4 траўня аб’явіла аб санкцыях супраць 63 фізычных асоб і кампаній, многія зь якіх закранаюць работнікаў асноўных расейскіх мэдыякампаній, замарожваюць актывы і забараняюць ім паездкі ў краіну.

У санкцыйны сьпіс трапілі шэраг супрацоўнікаў расейскага «Первого канала», сярод іх — ваенныя карэспандэнты Яўген Паддубны (ВГТРК), Аляксандар Коц («Камсамольская праўда»), Дзьмітры Сьцешын («Камсамольская праўда»). Сярод іншых «стратэгічных прапагандысцкіх арганізацый», якія трапілі пад санкцыі, названыя Ўсерасейскае дзяржаўнае тэлебачаньне і радыёвяшчаньне, найбуйнейшая дзяржаўная вяшчальная кампанія (ВГТРК), агенцтва «ІнфоРос», SouthFront, Фонд стратэгічнай культуры.

Таксама санкцыі закранулі вядучага праграмы «Однако» на «Первым канале», віцэ-прэзыдэнта «Раснафты» Міхаіла Лявонцьева, вядучай і аўтара праграм на ВГТРК Наілі Аскер-задэ, былога міністра фінансаў, старшыню праўленьня банка «Адкрыцьцё» Міхаіла Задорнава, дырэктара Цэнтральнага музэя ВАВ Аляксандра Школьніка. Акрамя таго, санкцыі ўведзеныя супраць вытворцы грузавых аўтамабіляў КАМАЗ.

Вялікая Брытанія накіруе ва Ўкраіну 13 адзінак бранятэхнікі для эвакуацыі людзей з усходу

Таксама машыны будуць выкарыстоўвацца для перавозкі чыноўнікаў з украінскіх міністэрстваў на часовыя камандныя пункты. Яны вытрымліваюць хуткасныя кулі, супрацьпяхотныя міны і самаробныя выбуховыя прыстасаваньні. Гэтая апошняя перадача бранятэхнікі дапаможа абараніць мірных жыхароў, якія спрабуюць уцячы ад расейскіх абстрэлаў, і падтрымае ўкраінскіх чыноўнікаў у іх жыцьцёва важнай працы, заявіла 3 траўня міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Ліз Трас.

NATO дапаможа Ўкраіне перайсьці ад зброі савецкіх часоў да сучаснай

Генсакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што альянс гатовы падтрымаць Украіну ў вайне супраць Расеі, нават калі вайна зацягнецца на гады. Паводле яго, NATO дапаможа Кіеву мадэрнізаваць узбраеньне савецкіх часоў да ўзроўню заходняй вайсковай тэхнікі.

Злучаныя Штаты, найбуйнейшы сябра NATO, ужо перадалі Ўкраіне зброю на 3 мільярды даляраў з пачатку маштабнага ўварваньня Расеі.

Амэрыканскія вайскоўцы навучаюць украінскіх у Нямеччыне

Навучаньне праводзіць Нацыянальная гвардыя Флорыды, што ўваходзіла ў склад Аб'яднанай шматнацыянальнай навучальнай групы на захадзе Ўкраіны і была вымушана пакінуць краіну з прычыны росту пагрозы расейскага ўварваньня ў лютым.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG