Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Reuters: да забойстваў у Бучы маюць дачыненьне байцы Расгвардыі і чачэнскія войскі


Цела жанчыны,знойдзенай у Бучы пасьля таго, як горад пакінулі расейскія войскі. 2 красавіка 2022 г.
Цела жанчыны,знойдзенай у Бучы пасьля таго, як горад пакінулі расейскія войскі. 2 красавіка 2022 г.

Інфармацыйнае агенцтва Reuters правяло маштабнае расьсьледаваньне масавых забойстваў у Бучы і ўстанавіла, якія вайсковыя часткі Расеі знаходзіліся ў горадзе падчас акупацыі.

У прыватнасьці, да ваенных злачынстваў у Кіеўскай вобласьці, паводле апытаньня мясцовых жыхароў і знойдзеных дакумэнтаў, датычныя падразьдзяленьне Расгвардыі «Віцязь», 76-я парашутна-дэсантная дывізія з Пскова і вайскоўцы з Чачні.

Так, у будынку на Яблунскай вуліцы, дзе расейскія вайскоўцы арганізавалі штаб і побач зь якім пазьней былі знойдзеныя восем трупаў, байцы Нацгвардыі Ўкраіны знайшлі пасьведчаньне асобы на імя Канстанціна Коршунава. Журналісты Reuters высьветлілі, што ён быў вайскоўцам вайсковай часткі № 3179, якая належыць да падразьдзяленьня Расгвардыі «Віцязь».

У адным з дамоў мясцовых жыхароў Бучы быў знойдзены ліст, дасланы Аляксандру Лагвіненку. Ён, паводле расьсьледаваньня Reuters, быў дэсантнікам з Пскова. У суседнім доме, які таксама займалі расейскія вайскоўцы, балёнчыкам на сьцяне было напісана «Wolf_68». Журналісты знайшлі расейца Кірыла Кручкова, які падпісваецца гэтак у сацыяльных сетках і служыць у 234-м штурмавым авіяпалку, што ўваходзіць у склад 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі.

Аб прысутнасьці вайскоўцаў з Чачні, акрамя паказаньняў мясцовых жыхароў, сьведчаць фатаздымкі і відэа, якія былі апублікаваныя салдатамі ў сацыяльных сетках. Reuters устанавіў, што ў Бучы і навакольлях гораду былі як мінімум тры чачэнскія падразьдзяленьні, зьвязаныя зь лідэрам рэгіёну Рамзанам Кадыравым.

  • На пачатку красавіка, пасьля таго як з Бучы сышлі расейскія войскі, украінскія ўлады і журналісты паведамілі пра мноства целаў загінулых на вуліцах гораду, а таксама аб брацкай магіле зь дзясяткамі пахаваных. У тым ліку знайшлі і забітых са зьвязанымі рукамі. Жыхары загінулі падчас знаходжаньня ў Бучы расейскіх войскаў. Улады Ўкраіны і краінаў Захаду абвінавацілі расейскіх вайскоўцаў у ваенных злачынствах, у ацэнках падзеяў у Бучы гучыць і слова «генацыд».
  • Мінабароны Расеі назвала фатаграфіі і відэаматэрыялы з забітымі мірнымі жыхарамі ў Бучы пад Кіевам «пастаноўкай кіеўскага рэжыму для заходніх СМІ». Аб «правакацыі» заяўляе і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.
  • 28 красавіка пракуратура Ўкраіны назвала імёны дзесяці расейскіх вайскоўцаў, якія, паводле яе расьсьледаваньня, катавалі мясцовых жыхароў і займаліся марадэрствам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG