На дзяржаўнай тэлевізіі паказваюць пра гэта дзясяткі рэпартажаў і ток-шоў, пракуроры сустракаюцца з вучнямі школаў і студэнтамі ўнівэрсытэтаў, каб прачытаць лекцыі аб генацыдзе.
Што стаіць за гэтымі дзеяньнямі? Ці гэта патрэбна толькі ўладам для штодзённых палітычных патрэбаў? Свабода паспрабавала адказаць на гэтыя пытаньні.
Першым аб генацыдзе загаварыла ведамства Макея
Упершыню тэма з генацыдам беларусаў стала ўсплываць у беларускіх дзяржаўных СМІ ў сувязі з сытуацыяй у Берасьці, калі на курсах па вывучэньні польскай мовы адзначылі Дзень праклятых жаўнераў у гонар байцоў Арміі Краёвай, якія змагаліся, як з нацыстамі, так і з саветамі.
«Абсалютна непрымальная для нас гераізацыя ваенных злачынцаў, цынічнае апраўданьне генацыду беларускага народу, грубыя парушэньні абавязаньняў польскага боку ў недапушчэньні гераізацыі нацызму», – гаварылася ў афіцыйнай пазыцыі Міністэрства замежных справаў.
Менавіта ведамства Ўладзімера Макея першым вывела ў грамадзкае абмеркаваньне сам тэрмін «генацыд беларускага народу». Адбылося гэта 9 сакавіка 2021 году.
Гэтая тэма была хутка падхопленая на дзяржаўным узроўні. У той жа дзень аб «генацыдзе беларускага народу» пачаў гаварыць рэктар Акадэміі кіраваньня, былы кіраўнік Інстытуту гісторыі НАН Вячаслаў Даніловіч. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў і праўладны гісторык Ігар Марзалюк таксама загаварыў аб «актах генацыду» з боку палякаў да беларускага насельніцтва ў міжваенны пэрыяд.
Менавіта «апраўданьнем генацыду беларускага народу» тлумачылася затрыманьне актывістаў непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў Анжалікі Борыс і Андрэя Пачобута.
Мэта – «паказаць тым, хто вучыць дэмакратыі»
Што тычыцца генацыду беларусаў у час Другой сусьветнай вайны, то гэтая тэма выплыла падчас нарады ў Аляксандра Лукашэнкі на тэму нацыянальнай бясьпекі і грамадзкага парадку 18 сакавіка 2021 году.
«Мы сталі бачыць у СМІ, інтэрнэце, праявы, накіраваныя на тое, каб абяліць нацысцкіх злачынцаў, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўчынілі злачынствы супраць беларускага народу, учынілі тут генацыд. Акрамя таго, Генпракуратура некалькі месяцаў таму пачала працу, накіраваную на тое, каб вырашыць пытаньне аб завядзеньні крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа ў пэрыяд Вялікай Айчыннай вайны», – сказаў генэральны пракурор Андрэй Швед.
Літаральна на наступны дзень дзяржаўныя СМІ пачалі публікаваць такія допісы: «Азарычы… Хатынь… Сотні… Тысячы зьнішчаных вёсак… Кожны трэці беларус загінуў падчас вайны. Хіба гэта не генацыд?»
Гэта адбывалася празь некалькі месяцаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, які скончыліся шматтысячнымі акцыямі пратэсту і гвалтоўным разгонам іх. Краіны Эўразьвязу ўводзілі санкцыі супраць рэжыму. Аляксандар Лукашэнка падчас наведваньня прадпрыемства «Малочны сьвет» у Горадні сфармуляваў мэты дадзенага расьсьледаваньня
«Гэта быў самы сапраўдны страшны генацыд. І беларусаў, і расейцаў, і габрэяў, і ўкраінцаў – усіх, хто тут жыў. Вось мы зьбіраем матэрыялы, і мы ўсяму сьвету іх пакажам. І тым, хто нас сёньня дэмакратыі вучыць, мы пакажам, дзе быў генацыд і што такое генацыд беларускага народу», – так упершыню тэма генацыду прагучала з вуснаў Лукашэнкі.
Яшчэ праз два дні, 21 сакавіка, падчас наведваньня Хатыні Лукашэнка гаварыў аб «генацыдзе беларускага народу, які праводзіўся пад бчб-сьцягамі». Многія палічылі гэта сыгналам, што сымбаль забароняць на дзяржаўным узроўні, але гэтага пакуль не адбылося.
Хроніка крымінальнай справы
- 9 красавіка 2021 году генпракурор заводзіць крымінальную справу «па факце генацыду насельніцтва Беларусі» ў гады вайны;
- 16 траўня 2021 Андрэй Швед гаворыць, што пракуратурай выяўленыя зьвесткі пра жывых нацысцкіх злачынцаў, якія бралі ўдзел у літоўскіх батальёнах СС і Арміі Краёвай;
- 2 чэрвеня 2021 Генпракуратура робіць запыт аб допыце былога прэзыдэнта Літвы Валдаса Адамкуса, які праходзіць у межах крымінальнай справы;
- 19 чэрвеня 2021 чалец Савета Рэспублікі Віктар Ананіч называе лічбу ў 2 230 000 чалавек, якія сталі ахвярамі генацыду ў час Другой сусьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі;
- 17 жніўня 2021 Генпракуратура ініцыявала стварэньне камісіі для ацэнкі маёмаснай шкоды, якая была нанесеная Беларусі ў час Другой сусьветнай вайны;
- 14 сьнежня 2021 году дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у двух чытаньнях прымаюць законапраект аб генацыдзе беларускага народу. Праект закону ўносіла дэпутатка Лілія Ананіч;
- 5 студзеня 2022-га Лукашэнка падпісаў закон аб генацыдзе беларускага народу. Пад беларускім народам маюцца на ўвазе ўсе савецкія грамадзяне, якія жылі на тэрыторыі БССР;
- 16 сакавіка 2022 Генпракуратура паведаміла, што дапыталі ўжо больш за 13,5 тысячы сьведак у справе генацыду. У кожным раёне абяцаюць адкрыць экспазыцыю, прысьвечаную генацыду беларускага народу.
- 16 сакавіка Андрэй Швед назваў лічбы ахвяр генацыду ў час Другой сусьветнай – 3 мільёны чалавек;
- 8 красавіка 2022 пад рэдакцыяй генпракурора Андрэя Шведа выйшла кніга «Генацыд беларускага народу».
Што яшчэ называлі генацыдам?
Пасьля таго, як гісторыя з генацыдам атрымала шырокае гучаньне ў дзяржаўных СМІ, гэтае слова сталі выкарыстоўваць з самых нагодаў.
Так, 11 сакавіка Палата прадстаўнікоў накіравала ў эўрапейскія структуры матэрыялы аб «генацыдзе ўцекачоў на беларуска-польскай мяжы». «Генацыдам» гэта называў сьпікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка.
Міністар эканомікі Аляксандар Чарвякоў лічыць, што заходнія санкцыі супраць Беларусі – гэта «эканамічны генацыд».
Прадзяржаўны экспэрт Мікалай Шчокін, які называе сябе палітолягам, пайшоў яшчэ далей. Ён сказаў, што «саюзнай дзяржаве Беларусі і Расеі абвешчана санкцыйная вайна ў фармаце этнічнага генацыду».
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, лідэр ЛДПБ Алег Гайдукевіч пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне заявіў, што ў Эўропе адбываецца генацыд «расейскамоўнага насельніцтва».
Першы намесьнік старшыні Сьледчага камітэту Алег Шандаровіч казаў аб генацыдзе ў разрэзе барацьбы з наркотыкамі. «Напэўна, так можна выказацца аб генацыдзе, бо шкода наносіцца ўсім. Тым, хто ўжывае, і тым, каго мы потым прыцягваем да крымінальнай адказнасьці».
Пашкевіч: «Гэта жаданьне мацней закруціць гайкі»
Гісторык Аляксандар Пашкевіч паразважаў для Свабоды, чаго больш у пытаньні генацыду беларускага народу – жаданьня адказаць на гістарычныя пытаньні ці палітычнай каньюнктуры.
– Ці мае сам тэрмін «генацыд беларускага народу» пад сабой гістарычныя падставы, ці гэта ўсё ж раскручваньне міту?
– Само па сабе слова «генацыд», на жаль, моцна зашмальцавалася ад частага ўжываньня да месца і не да месца. Яго нярэдка выкарыстоўваюць для акрэсьленьня ледзь не любой сумнай зьявы, зьвязанай з гібельлю людзей, ці нават калі проста людзям жывецца кепска праз вонкавыя чыньнікі. Між тым гэты тэрмін мае дастаткова дакладнае, прызнанае на міжнародным узроўні азначэньне. І калі яго без усялякіх агаворак ужываць, то з боку таго чыньніка, які генацыд супраць пэўнай групы арганізуе, мусіць быць намер гэтую групу фізычна зьвесьці са сьвету тым ці іншым спосабам.
Калі гаварыць пра Другую сусьветную вайну, то падчас яе былі толькі два народы, якія сьвядома і бязьлітасна пагалоўна фізычна нішчылі за адну толькі прыналежнасьць да іх: габрэі і цыганы. Адносна беларусаў жа такіх дакладных установак у немцаў не было, прынамсі ў ходзе самой вайны. Вядома, можна згадаць пра сумнавядомы плян «Ост», але ён быў распрацаваны нацыстамі для пасьляваеннага ўладкаваньня, а паколькі пажаданай пасьляваеннай рэчаіснасьці для іх так і не наступіла, то, адпаведна, ён і не рэалізоўваўся. Ды і ў выглядзе па ўсёй форме зацьверджанага пляну гэтага дакумэнту ня выяўлена, гэта хутчэй быў такі папярэдні праект.
Што, вядома, зусім не адмяняе таго, што на акупаванай тэрыторыі нямецкімі нацыстамі праводзілася вельмі жорсткая, проста бязьлітасная палітыка ў дачыненьні да мясцовых людзей. Ніякіх правоў у вачах немцаў тубыльцы ня мелі, зь імі маглі рабіць літаральна што заўгодна. А асабліва жорстка паводзіліся тады, калі сутыкаліся з супрацівам. Тады ў якасьці помсты шырока прымяняўся прынцып «калектыўнай адказнасьці». Большасьць загінулых цывільных асобаў на тэрыторыі Беларусі ня зь ліку габрэяў і цыганоў (у іх асаблівая сытуацыя) страцілі жыцьці падчас правядзеньня немцамі і іх памагатымі акцый застрашваньня, помсты за дзеяньні партызанаў, падпольшчыкаў.
– На вашу думку, ці быў запыт ад грамадзтва на шырокае абмеркаваньне тэмы «генацыду беларускага народу» (магчыма, заставаліся нейкія непрагавораныя моманты з часоў Другой сусьветнай), ці гэта хутчэй палітычная патрэба для прадстаўнікоў дзейнай улады?
– Відавочна, што гэта чыста палітычная патрэба бягучага моманту, і нічога больш. І зьвязаная яна не з жаданьнем беларускага рэжыму лепш разабрацца ў мінуўшчыне, а зь ягонай прагай яшчэ мацней закруціць гайкі ў сучаснасьці. Увесь гэты сьверб з дасьледаваньнем «генацыду» і ўзмацненьнем у сувязі з гэтым рэпрэсіўнага заканадаўства – чыстая палітычная кан’юнктуршчына, імкненьне шляхам бессаромных маніпуляцыяў і нацягваньняў, як той казаў, савы на глёбус, накласьці пляму на сваіх ідэйных апанэнтаў як усярэдзіне краіны, так і за яе межамі. Што, уласна кажучы, і спрабуюць рабіць.
Запыт жа грамадзтва на больш грунтоўнае дасьледаваньне розных аспэктаў той вайны, безумоўна, ёсьць. Але акурат згаданага аспэкту гэты запыт, бадай што, тычыцца ці не найменш. Бо ў прынцыпе хіба тое, што нацысты падчас акупацыі нашых – ды і ня толькі нашых – земляў падчас Другой сусьветнай вайны зьдзяйсьнялі жудасныя злачынствы супраць чалавечнасьці, зьяўляецца дыскусійным пытаньнем? Хіба наконт гэтага няма кансэнсусу ў грамадзтве, хіба хтосьці гэтаму пярэчыць ці ўвогуле адмаўляе?
Таму з пункту гледжаньня раскрыцьця гістарычнай праўды ўся гэтая кампанія бессэнсоўная. Яе задача зусім іншая – спробы ачарніць і ашальмаваць шляхам маніпуляцый зь мінулым сучасных апанэнтаў рэжыму, як унутраных, так і вонкавых.
– Як гісторык ці шмат значных навуковых адкрыцьцяў вы ўбачылі за час расьсьледаваньня справы генацыду? Ці можна сказаць, што адкрылі нейкія раней не вядомыя старонкі гісторыі, нешта, што ўпусьцілі і ў СССР, і ў гады незалежнасьці?
– Ніякіх навуковых адкрыцьцяў цягам гэтай кампаніі няма, ды наўрад ці яны могуць і быць, улічваючы, хто яе праводзіць і зь якімі мэтамі. Звычайна нам абвяшчаюць, што вось пракуратура ці хто яшчэ апыталі сьведак, вывучылі дакумэнты, правялі раскопкі масавых пахаваньняў і эксгумацыю. Але кожны, хто мае хоць бы якое ўяўленьне пра тое, як на самай справе мусяць праводзіцца такія дасьледаваньні, добра разумее, што вось так, з колаў і на маршы, немагчыма зрабіць адэкватных высноў, нават калі ты ўсе гэтыя сьледчыя дзеяньні праводзіць рэальна, а не для паказухі.
Бо тут жа трэба разглядаць усё ў комплексе, праводзіць шматлікія экспэртызы, суадносіць з вынікамі папярэдніх дасьледаваньняў, праводзіць крытычную ацэнку атрыманых вынікаў. Усё гэта вымагае і значнага часу, і высокай кваліфікацыі. У нашым жа выпадку няма ні таго, ні другога. І прытым выканаўцам яўна ад пачатку паставілі простую задачу: прыйсьці ў загадзя вызначаны час да загадзя вызначаных высноў.
Пры гэтым нашы пракуроры і іншыя таварышы могуць сабе дазволіць ня думаць пра тое, наколькі вынікі іхнай працы выглядаюць верагодна і пераканаўча. Нас пастаянна «бамбуюць» лічбамі: столькі сьведак апыталі, столькі ваенных злачынцаў выявілі, столькі раскопак правялі, столькі дакумэнтаў вывучылі і г. д. Між тым з часу заканчэньня акупацыі Беларусі прайшло ўжо амаль 80 гадоў: якія ўжо сьведкі ў такой вялікай колькасьці (у пачатку года называлася лічба ў 12,5 тысячы чалавек), колькі нават чыста па законах прыроды можа быць яшчэ жывых злачынцаў (а кажуць, што яны дагэтуль жывуць у двух дзясятках краін сьвету)?
Увогуле ж непазьбежна ўзьнікае пытаньне – калі вы такія барацьбіты за гістарычную праўду пра вайну, то што вы папярэднія амаль тры дзесяцігодзьдзі, што знаходзіцеся пры ўладзе, рабілі, чаму толькі цяпер усхадзіліся? 20 гадоў таму і сьведак можна было куды больш знайсьці, і злачынцаў больш было жывых, а доступ да дакумэнтаў заўсёды быў для ўлады неабмежаваны зь любых архіваў. Месцы масавых пахаваньняў, якія цяпер кінуліся раскопваць, таксама ня сёньня зьявіліся. Але вось раней гэта чамусьці нікога не цікавіла, і толькі ў 2021 годзе раптам абудзіўся імпэт. Які дзіўным чынам супаў з грамадзкім абуджэньнем у Беларусі і стратай легітымнасьці ўлады як унутры краіны, так і за яе межамі.