Эўрапейскія лідэры, а таксама прадстаўнікі Канады, якіх прымае прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, зьбіраюцца 27 сакавіка для перамоваў аб фармаце будучых гарантыяў бясьпекі, якія яны маглі б прапанаваць Кіеву, а таксама для каардынацыі актуальных пытаньняў, якія абмяркоўваюцца на перамовах пад кіраўніцтвам ЗША, у тым ліку спрэчнага патрабаваньня Расеі зьмякчыць санкцыі.
З парадку дня саміту, з якім знаёмілася Радыё Свабода, вынікае, што лідэры абмяркуюць далейшую вайсковую дапамогу Ўкраіне, захаваньне і маніторынг пагадненьняў аб спыненьні агню, у тым ліку нядаўна ўзгодненага пагадненьня аб Чорным моры, а таксама фінансаваньне і аснашчэньне ўкраінскай арміі ў доўгатэрміновай пэрспэктыве.
На саміце таксама абмяркуюць разгортваньне сілаў запэўненьня бясьпекі пад эўрапейскім кіраўніцтвам ва Ўкраіне ў рамках шырэйшага мірнага пагадненьня.
Раней на гэтым тыдні некалькі раўндаў перамоваў ЗША з Кіевам і Масквой у Саудаўскай Арабіі прывялі да абвяшчэньня ўгоды, якая, з словаў Белага дому, мела вынікам пагадненьне «аб распрацоўцы мераў для выкананьня» нядаўніх абавязаньняў спыніць удары па энэргетычных аб’ектах і агонь у Чорным моры.
Але Расея патрабуе выкананьня шэрагу ўмоваў, у тым ліку зьмякчэньня санкцыяў, у абмен на выкананьне гэтага пагадненьня.
Выступаючы напярэдадні сустрэчы разам з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім, які таксама прыбыў на саміт, Макрон абвінаваціў Расею ў дэманстрацыі «жаданьня вайны» і настойваў на тым, што Масква павінна прыняць 30-дзённае спыненьне агню «без папярэдніх умоваў».
Прэзыдэнт Францыі таксама абвясьціў, што Францыя надасьць Украіне новы пакет вайсковай дапамогі коштам 2 мільярды эўра (2,1 мільярда даляраў), які будзе ўключаць у сябе супрацьтанкавыя ракеты, сыстэмы супрацьпаветранай абароны, ракеты для зьнішчальнікаў «Міраж», бранятэхніку, боепрыпасы, іншую дапамогу.
Макрон таксама падаў новыя дэталі таго, што кааліцыя можа прапанаваць на месцы, і сказаў, што фармаваньне сілаў запэўненьня пад эўрапейскім кіраўніцтвам будзе абмяркоўвацца на перамовах 27 сакавіка. Аднак ён падкрэсьліў, што гэтыя сілы ня будуць на перадавой вайны і ня будуць выконваць задачы маніторынгу ці забесьпячэньня рэжыму спыненьня агню — гэтая праца, як ён мяркуе, можа быць ускладзена на міратворцаў ААН.
Замест гэтага, паводле Макрона, эўрапейскія сілы будуць разьмяшчацца ва Ўкраіне глыбей, каб стрымліваць Расею і забясьпечваць навучаньне і падтрымку ўкраінскіх сілаў.
З ініцыятывай стварэньня кааліцыі ўпершыню публічна выступіў прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр 2 сакавіка ў Лёндане, дзе эўрапейскія і іншыя лідэры абмяркоўвалі падтрымку Кіева.
Ці прывядуць гэтыя пляны да дзеяньняў на месцах і ці будуць яны ўключаны ў дыпляматычныя перамовы, ініцыяваныя Вашынгтонам, яшчэ трэба высьвятляць.
Стыў Уіткаф, адмысловы прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, які ўдзельнічаў у перамовах з Расеяй і Ўкраінай, назваў ідэю кааліцыі «спрашчэньнем» і «пазёрствам».
Падчас выбуху дыпляматыі высокіх ставак, арганізаванай Злучанымі Штатамі, каб пакласьці канец вайне ва Ўкраіне, эўрапейскія кіраўнікі спрабуюць забясьпечыць сабе месца за сталом перамоваў. Але дагэтуль іх не запрашалі на перамовы з удзелам Масквы, Кіева і Вашынгтону.
Выступаючы перад журналістамі падчас рабочага візыту на Ямайку, дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што Вашынгтон вывучае ўмовы Масквы.
«Мы зьбіраемся гэта ацаніць. Некаторыя з гэтых умоваў уключаюць санкцыі, якія не належаць нам — яны належаць Эўрапейскаму Зьвязу», — сказаў Рубіё на прэс-канфэрэнцыі на Ямайцы 26 сакавіка.
Макрон, аднак, заявіў у Парыжы, што ня здыме санкцыяў, бо для гэтага «надта рана».
У той жа дзень ЭЗ выдаў заяву пра тое, што «безумоўны» вывад расейскіх сілаў з «усёй» тэрыторыі Ўкраіны застаецца адной з ключавых умоваў для скасаваньня або паслабленьня санкцыяў, уведзеных Брусэлем супраць Масквы.
Міністар фінансаў ЗША Скот Бэсэнт у інтэрвію тэлеканалу Fox News 26 сакавіка выказаў думку, што Трамп «без ваганьняў узмоцніць санкцыі, калі гэта дасьць яму перавагу ў перамовах». Ён дадаў, што ўзмацненьне або зьмякчэньне санкцыяў будзе залежаць ад далейшых дзеяньняў расейскага кіраўніцтва.