Законапраект распрацаваны па ініцыятыве Генэральнай пракуратуры. Ведамства патрабавала дапытаць «ваенных злачынцаў» і сьведак падзей мінулай вайны, уключна з экс-прэзыдэнтам Літвы Валдасам Адамкусам, але ўсюды атрымала адмову.
Максымальнае пакараньне за адмаўленьне генацыду прапануецца да 10 гадоў пазбаўленьня волі.
Як гаворыцца ў дакумэнце, упершыню на заканадаўчым узроўні «прызнаецца генацыд беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны і паваенны пэрыяд». Уводзіцца крымінальная адказнасьць за адмаўленьне гэтага факту «ў публічным выступе, друкаваным або публічна дэманстраваным творы, сродках масавай інфармацыі, сетках электрасувязі агульнага карыстаньня».
Паводле афіцыйных уладаў, раней пачатая крымінальная справа перасьледуе мэтай «прызнаць Беларусь пацярпелай ад генацыду і спыніць спробы абясцэніць гістарычныя факты». Генпракуратура паабяцала падаць «напрацоўкі сьледзтва» ў міжнародны трыбунал.
Пры гэтым адмыслоўцы зьвяртаюць увагу, што факты палітычнага тэрору і масавых рэпрэсій у сталінскія часы ў законапраекце нават ня згадваюцца, хоць колькасьць ахвяраў «зачыстак» сярод беларусаў вымяралася сотнямі тысяч.