З Казахстану ў Беларусь экстрадавалі Віктара Рэцкага, аднаго з апошніх удзельнікаў «банды Марозава», якому інкрымінуюць забойствы і замахі на забойствы, паведаміла Генэральная пракуратура.
Паводле пракуратуры, Рэцкі больш за 19 гадоў хаваўся ад праваахоўнікаў, але быў затрыманы на тэрыторыі Кастанайскай вобласьці Казахстану. Яго даставілі ў распараджэньне органа, які вядзе крымінальны працэс, — галоўнага сьледчага ўпраўленьня Сьледчага камітэту.
Паводле апэратыўных зьвестак, мужчына ўваходзіў у склад злачыннай арганізацыі з 1992 году і выконваў ролю кілера, — піша БелТА са спасылкай на Міністэрства ўнутраных справаў. Ён учыніў шэраг забойстваў і іншых цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў.
У студзені 2005 году мужчына быў аб’яўлены ў міждзяржаўны, а затым міжнародны вышук па лініі Інтэрполу. Вядома, што Рэцкі хаваўся ад крымінальнага перасьледу па падробленых дакумэнтах на тэрыторыі Расеі і Казахстану.
Прадстаўнікі МУС кажуць, што затрыманьне Рэцкага стала лягічным прадаўжэньнем затрыманьня аднаго зь лідэраў крымінальнай структуры — Сяргея Дзербянёва летам 2019 году.
Дзербянёва (мянушка Дзербень) знайшлі ў расейскім Уладзівастоку і экстрадавалі ў Беларусь. Дзербянёў быў адным з найбліжэйшых паплечнікаў Сяргея Марозава і кіраваў так званай «службай бясьпекі» банды. Яго задачай стала ліквідацыя канкурэнтаў. У падначаленьні ў Дзербянёва знаходзіліся кілеры.
Дзербянёў працаваў ахоўнікам на адным з прадпрыемстваў Уладзівастоку, падчас затрыманьня ў 2019-м ён прад’явіў расейскі пашпарт на чужое імя.
19 студзеня 2022 Гомельскі абласны суд прызнаў 54-гадовага Дзербянёва вінаватым у «наўмысным забойстве дзьвюх і больш асобаў, учыненым з асаблівай жорсткасьцю, з мэтай схаваць іншае злачынства асобы, якая раней учыніла наўмыснае забойства». Яму прысудзілі 15 гадоў пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама ён абавязаны выплаціць пацярпелай 30 тысяч рублёў у якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды, паведамляла «Гомельская праўда».
Старшы пракурор аддзелу пракуратуры Гомельскай вобласьці Юлія Канапелькіна тады адзначыла, што пакараньне прызначылі паводле Крымінальнага кодэксу Беларусі, які дзейнічаў на момант злачынства, а таму 15 гадоў — максымальна магчымы тэрмін.
Банда Марозава актыўна дзейнічала ў Гомлі з канца 1980-х гадоў да 2004 году і была адной з найбуйнейшых і небясьпечных у Беларусі. Усяго сьледчыя даказалі звыш 100 злачынстваў марозаўцаў, у тым ліку каля 20 забойстваў. Лідэраў групоўкі Сяргея Марозава, Ігара Данчанку і Валера Гарбатага асудзілі на сьмяротнае пакараньне, якое выканалі ў 2006 годзе.
Усяго ў справе асудзілі больш за 40 чалавек, некаторыя чальцы банды ўцяклі за мяжу. Вядома, што з бандай супрацоўнічалі і дзейныя на той момант супрацоўнікі міліцыі, якія дапамагалі марозаўцам доўгі час пазьбягаць арыштаў і ведаць апэратыўную інфармацыю па горадзе.
Адзін з удзельнікаў банды Аляксандар Кушняроў, якога таксама называюць Саша Кушнер, або Саша Беларус, быў асуджаны на расстрэл за ўдзел у забойствах, але ў 1996-м пакараньне яму замянілі на 15 гадоў зьняволеньня, а ў выніку адпусьцілі па амністыі датэрмінова ў 2008 годзе.
Начальнік крымінальнага вышуку УУС Мікалай Лосеў, які «крышаваў» бандытаў, атрымаў 18 гадоў пазбаўленьня волі.