Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На мяжы каляпсу». Экспэрты ацанілі сытуацыю ў Беларусі за 2024 год у 77 паказьніках


Дырэктарка Цэнтру новых ідэй Леся Руднік, адна з аўтарак дасьледваньня «Індэкса ўстойлівасьці»
Дырэктарка Цэнтру новых ідэй Леся Руднік, адна з аўтарак дасьледваньня «Індэкса ўстойлівасьці»

Адмыслова для Цэнтру новых ідэяў 40 экспэртаў ацанілі ўстойлівасьць і здольнасьць Беларусі прыстасоўвацца да крызісаў у палітыцы, эканоміцы, грамадзкай і інфармацыйнай сфэрах. Аналіз паказаў, што ў 2024 годзе сытуацыя ў Беларусі засталася крызіснай.

«Індэкс устойлівасьці» разглядае краіну як вялікую сыстэму, падзеленую на чатыры галіны (палітыка, эканоміка, соцыюм, інфармацыйная). Экспэрты ацанілі 77 паказьнікаў у шкале ад −5 (найгоршае становішча) да +5 (найбольш устойлівае). Зь іхных ацэнак склалася канчатковая ацэнка (сярэдняя арытмэтычная).

Ацэнку праводзілі супрацоўнікі недзяржаўных дасьледчых цэнтраў, незалежныя аналітыкі, эканамісты, палітолягі, сацыёлягі і інш. Сярод іх, напрыклад, эканамісты Кацярына Барнукова, Павел Данэйка, палітолягі Арцём Шрайбман, Андрэй Казакевіч, Кацярына Шмаціна, мэдыяэкспэрты.

У 2024 годзе агульнае значэньне індэксу ўстойлівасьці (−1,94) практычна не адрозьніваецца ад леташняга (−1,96). Аўтары дасьледаваньня лічаць: гэта значыць, што сытуацыя ў Беларусі працягвае заставацца крызіснай, адзначае «Люстэрка» з спасылкай на вынікі дасьледаваньня.

«У цэлым агульны паказьнік індэксу ніжэйшы за ўзровень стагнацыі, нават да яе ён не дацягнуў, ня кажучы ўжо аб браку станоўчых зьменаў», — адзначыла дырэктарка Цэнтру новых ідэй Леся Руднік.

Самым праблемным кірункам экспэрты палічылі ўнутраную палітыку Беларусі. На іхную думку, сытуацыя ў ёй на мяжы каляпсу: у 2024 годзе значэньне індэксу склала −4,75 бала і стала найгоршым сярод усіх.

Эканоміка — адзіная галіна, дзе ў 2024 годзе ў параўнаньні з 2023-м паказьнік палепшыўся з −1,85 да −1,44. Руднік тлумачыць, што гэта адбылося за кошт росту ацэнак занятасьці насельніцтва, а таксама росту ВУП.

«Але эканоміка ў краіне далёкая ад выхаду з крызісу, — лічыць Руднік. — Галоўнымі выклікамі гэтаму становяцца залежнасьць экспарту ад расейскага рынку і дрэнны інвэстыцыйны клімат у Беларусі».

Зьніжаўся паказьнік індэксу (з −1,28 да −1,44) і ў грамадзкай сфэры. Адным з галоўных чыньнікаў стала пагаршэньне ацэнак, якія экспэрты выстаўлялі дыяспары.

«Прычына ў тым, што рэалізацыя патэнцыялу грамадзянскай супольнасьці і мэдыя за мяжой, якую раней адзначалі як станоўчы трэнд, зараз пад пагрозай праз скарачэньне магчымасьцяў міжнароднай падтрымкі іхнае дзейнасьці і страты рэальных вагароў уплыву на разьвіцьцё ўнутры краіны», — кажа дырэктарка Цэнтру новых ідэй.

У інфармацыйнай сфэры найгоршая сытуацыя для ўмоваў працы мэдыя (−4,38), а найлепшая — для інфраструктурных умоваў працы СМІ (−0,52).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG