Кіраўніца Гагаузіі, аўтаномнай тэрытарыяльнай адзінкі ў складзе Малдовы, Яўгенія Гуцул, якую затрымалі 25 сакавіка і зьмясьцілі ў ізалятар Нацыянальнага антыкарупцыйнага цэнтру Малдовы, зьвярнулася да прэзыдэнтаў Расеі і Турэччыны з просьбай дапамагчы ёй выйсьці на волю.
Як паведаміла Малдоўская служба Радыё Свабода, лісты на яе старонцы ў Facebook апублікавалі яе адвакаты.
Яўгенію Гуцул затрымалі паводле падазрэньня ў махлярстве з выбарчымі фондамі на выбарах 2023 году, але яна назвала сваю справу палітычнай.
У лісьце да Ўладзіміра Пуціна кіраўніца Гагаузіі заявіла, што малдоўскія ўлады перасьледуюць апазыцыю і такім чынам правакуюць «грамадзянскую вайну ў рэгіёне».
«Прашу вас як кіраўніка вялікай дзяржавы і гістарычнага абаронцу правоў народу (Гагаузіі. — РС) выкарыстаць усе магчымыя мэханізмы дыпляматычнага і палітычнага ціску на Кішынёў, каб мяне неадкладна вызвалілі», — папрасіла Яўгенія Гуцул Уладзіміра Пуціна.
У лісьце да прэзыдэнта Турэччыны Яўгенія Гуцул часткова паўтарыла тое, што пісала і Пуціну, але нагадала, што 30 гадоў таму менавіта Турэччына выступіла пасярэднікам у падпісаньні дамовы паміж «гагаускім народам і Рэспублікай Малдова».
Кіраўніца Гагаузіі падкрэсьліла, што ўлады Малдовы перасьледуюць тых, хто выступае «за дружбу з Турэччынай і Расеяй». Яна папрасіла Рэджэпа Эрдагана публічна асудзіць «палітычны ціск на гагаускі народ» і запатрабаваць ад уладаў Малдовы вызваліць яе.
Улады Малдовы адкідаюць абвінавачаньні ў палітычных падставах крымінальнай справы. Міністарка ўнутраных справаў Даніела Місаіл-Нікіцін заявіла, што праваахоўныя органы Малдовы дзейнічалі адпаведна законным працэдурам, і папрасіла бакі не «палітызаваць» справу Яўгеніі Гуцул.
Міністарка таксама паведаміла аб праверцы вэрсіі, паводле якой Яўгенія Гуцул зьбіралася ўцячы ў Стамбул. Але яе адвакат пераконвае, што кіраўніца Гагаузіі мела зваротны квіток на 30 сакавіка.
У Расеі затрыманьне Яўгеніі Гуцул назвалі незаконным.
Яўгенія Гуцул удзельнічала ў зьезьдзе партыі «Шор», на якім у красавіку 2024 году абвясьцілі аб стварэньні палітычнага блёку «Victorie» («Перамога») для ўдзелу ў выбарах. За гэтай палітычнай сілай стаяў зьбеглы малдаўскі алігарх Ілан Шор, чый міжнародны вышук абвешчаны ў справе аб крадзяжы мільярда даляраў з банкаўскай сыстэмы Малдовы.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму аб уступленьні Малдовы ў Эўразьвяз, якія адбыліся 3 лістапада 2024 году, малдоўскія ўлады абвінавацілі Расею і Ілана Шора, які хаваецца ад правасудзьдзя ў Расеі, ва ўмяшаньні ў выбарчы працэс напярэдадні галасаваньня, заявіўшы, што запушчаная ім схема была накіраваная на куплю 300 тысяч галасоў.
Форум