Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ля Харкава вызвалілі тры вёскі, на Данбасе ідуць баі. 65-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны


Ілюстрацыйнае фота. Украінскія вайскоўцы аглядаюць драўляную царкву ХІХ стагодзьдзя, пашкоджаную ракетным абстрэлам, у вёсцы Вязаўцы Жытомірскай вобласьці Ўкраіны, 28 красавіка 2022 г.
Ілюстрацыйнае фота. Украінскія вайскоўцы аглядаюць драўляную царкву ХІХ стагодзьдзя, пашкоджаную ракетным абстрэлам, у вёсцы Вязаўцы Жытомірскай вобласьці Ўкраіны, 28 красавіка 2022 г.

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 5 мільёнаў чалавек ужо сталі ўцекачамі. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Расейскія вайскоўцы абстралялі Кіеў падчас візыту генсакратара ААН. Было выпушчана 5 ракет, 2 трапілі ў дом. Ад абстрэлу 10 чалавек атрымалі раненьні, загінула адна жанчына.
  • Ва Ўкраіне паведамілі аб вызваленьні стратэгічна важнага паселішча ў Харкаўскай вобласьці
  • Расея ўзмацняе інтэнсіўнасьць агню на Данбасе. У горад Ізюм Харкаўскай вобласьці расейцы сьцягнулі дадатковыя сілы дэсантнікаў і 500 адзінак тэхнікі, працягваюцца абстрэлы Харкава.
  • З Херсонскай вобласьці расейцы спрабуюць наступаць на Мікалаеў і Крывы Рог.
  • Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьвярнуўся да Кангрэсу з просьбай выдзеліць дадатковыя $33 млрд на падтрымку Ўкраіны, тым часам амэрыканскія кангрэсмэны ўхвалілі законапраект аб лэнд-лізе і абароне дэмакратыі ва Ўкраіне.
  • Нямецкі Бундэстаг прагаласаваў за пастаўкі цяжкога ўзбраеньня Ўкраіне.
  • Генсакратар ААН падчас візыту ва Ўкраіну наведаў зруйнаваныя расейцамі Барадзянку, Бучу і Ірпень, а пасьля сустрэўся зь Зяленскім.
  • У парлямэнце Канады прызналі злачынствы Расеі ва Ўкраіне генацыдам.
  • У Эўразьвязе і ЗША абмяркоўваюць канфіскацыю расейскіх актываў на карысьць Украіны.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 29 красавіка

Зяленскі расказаў, што знайшлі новае масавае пахаваньне

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што ў Кіеўскай вобласьці знайшлі брацкую магілу, дзе пахаваныя 900 цывільных жыхароў. Пра гэта ён сказаў на сустрэчы з польскімі журналістамі.

Пазьней прэс-сакратар Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Сяргей Нікіфараў у камэнтары «Ўкраінскай праўдзе» паведаміў, што 29 красавіка ў Кіеўскай вобласьці сапраўды была знойдзена яшчэ адна брацкая магіла. Аднак, паводле яго слоў, прэзыдэнт, маючы на ўвазе 900 загінулых, меў на ўвазе агульную колькасьць целаў на тэрыторыі каля нядаўна знойдзенай магілы.

СБУ затрымала трох расейцаў, якія ўдзельнічалі ў захопе Паўднёваўкраінскай АЭС

Служба бясьпекі Ўкраіны затрымала трох расейскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў захопе Паўднёваўкраінскай АЭС. Як паведаміла прадпрыемства «Енергоатом», расейцы хаваліся ў Вазьнясенскім раёне Мікалаеўскай вобласьці.

Ад расейскага ракетнага ўдару па Кіеве загінула журналістка ўкраінскай службы Радыё Свабода

Ад расейскай ракеты, якая трапіла ў шматпавярховік у Шаўчэнкаўскім раёне Кіева, загінула журналістка ўкраінскай службы Радыё Свабода Вера Гірыч.

Вера Гірыч была прадусаркай украінскай службы Радыё Свабода ў Кіеве з 1 лютага 2018 году. Да гэтага яна працавала на вядучых украінскіх тэлеканалах.

Увечары пры абстрэлах Кіева пацярпелі 10 чалавек, адзін загінуў

У выніку вечаровага абстрэлу Кіева 28 красавіка ў Шаўчэнкаўскім раёне пацярпелі 10 чалавек, паведамляе Дзяржаўная служба надзвычайных сытуацый Украіны. Там удар часткова зруйнаваў жылы 25-павярховы дом: пашкоджаньні атрымалі 1 і 2 паверхі. Пажар пасьпеў пашырыцца на плошчу 100 квадратных мэтраў.

На месцы праводзяць пошукава-ратавальныя працы. Паводле папярэдніх зьвестак, пакуль удалося ўратаваць 5 чалавек. Інфармацыю пра пацярпелых і выратаваных удакладняюць. Да ліквідацыі наступстваў падключылі 12 адзінак пажарнай тэхнікі і 98 ратавальнікаў.

«Ратавальнікі, якія працягваюць агляд і разборку завалаў жылога дома ў Шаўчэнкаўскім раёне, куды ўчора трапіла ракета, толькі што знайшлі цела загінулага», — паведаміў мэр гораду Віталь Клічко 29 красавіка.

Як удакладніў падчас вечаровага відэазвароту Ўладзімір Зяленскі, па Кіеве было выпушчана 5 ракет.

Шаўчэнкаўскі раён — адзін з цэнтральных раёнаў сталіцы. Цяпер у Кіеве знаходзіцца зь візытам генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш.

На Кіеўшчыне таксама прагрымелі выбухі, прынамсі два пачулі жыхары Фастава. «У Кіеўскай вобласьці адбыўся ўдар па інфраструктурных аб'ектах. Цяпер там працуюць ратавальнікі», — пацьвердзіла прэс-сакратарка ДСНС па Кіеўскай вобласьці Вікторыя Рубан.

Ранішнія абстрэлы ў Днепрапятроўскай вобласьці

Раніцай 29 красавіка расейскія вайскоўцы абстралялі з «Градаў» два паселішчы ў Днепрапятроўскай вобласьці. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма, расказаў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Валянцін Разьнічэнка.

Ва Ўкраіне паведамілі аб вызваленьні стратэгічна важнага паселішча ў Харкаўскай вобласьці

Штурмавое падразьдзяленьне Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны пад кіраўніцтвам камандуючага сухапутнымі войскамі Аляксандра Сырскага вызваліла ад расейскіх войскаў вёску Руская Лазавая ў Харкаўскай вобласьці.

Як паведаміла камандаваньне сухапутных войскаў, гэта стратэгічна важны населены пункт, якія знаходзіцца на трасе Харкаў — Белгарад (Расея). Менавіта зь яго ваколіц расейскія войскі вялі прыцэльны агонь па цывільнай інфраструктуры і жылых раёнах Харкава.

Пазьней ва Ўзброеных сілах Украіны паведамілі аб вызваленьні яшчэ дзьвюх вёсак на Харкаўшчыне – Кутузаўкі і Моматава.

У Луганскай вобласьці ідуць баі за Арэхава і Сьвятлічнае

Расейцы 10 разоў абстрэльвалі гарады Луганскай вобласьці: ідуць баі за Арэхава, пад агонь расейскіх вайскоўцаў трапілі Севераданецк, Лісічанск, Горскае, Прывольле, Папасная, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

Паводле яго, чатыры разы расейцы абстралялі Лісічанск і двойчы Папасную, у Горскім выбухі амаль бесьперапынна. У кожным з гэтых гарадоў ёсьць пашкоджаньні жыльля і гаспадарчых пабудоваў.

Паводле Гайдая, расейскія вайскоўцы неаднаразова спрабавалі штурмаваць пазыцыі Ўзброеных сіл Украіны ў раёне Арэхава і Сьвятлічнага, украінскія вайскоўцы даюць адпор, але расейцы «з усёй зброі адкрываюць агонь па населеных пунктах, зьнішчаюць дамы і інфраструктуру — аднавіць там ваду, сьвятло і газ ужо немагчыма».

Галоўнай мэтай Расеі застаецца Данбас, — брытанская выведка

Бітва за Данбас застаецца галоўным стратэгічным напрамкам Расеі для дасягненьня сваёй галоўнай мэты — атрыманьня кантролю над Данецкай і Луганскай абласьцямі, паведамляе Мінабароны Вялікай Брытаніі 29 красавіка са спасылкай на выведку.

«Баявыя дзеяньні ў Лісічанскім і Севераданецкім раёнах былі асабліва жорсткімі пры спробе прасунуцца на поўдзень ад Ізюма да Славянску», — гаворыцца ў паведамленьні.

Пры гэтым у міністэрстве падкрэсьліваюць, што з прычыны моцнага супраціўленьня Ўкраіны тэрытарыяльныя захопы Расеі пакуль нязначныя.

Расейскія вайскоўцы працягваюць абстрэльваць Харкаў

Цягам усяго дня 28 красавіка расейскія вайскоўцы зноў амаль бесьперапынна працягвалі абстрэльваць Харкаў і Харкаўскі раён, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў. У выніку 5 чалавек загінулі, яшчэ 11 атрымалі раненьні.

Тым часам Узброеныя сілы Ўкраіны вярнулі пад свой кантроль пасёлак Кутузаўку ў Харкаўскай вобласьці, паведамляе Генштаб УСУ.

За час вайны ва Ўкраіне пашкодзілі 369 лякарняў, — міністар аховы здароўя

Ад пачатку поўнамаштабнай вайны з Расеяй ва Ўкраіне было пашкоджана 369 шпіталяў, 39 зь іх цалкам разбураныя, паведаміў у эфіры 29 красавіка міністар аховы здароўя Ўкраіны Віктар Ляшко. Паводле яго, каб аднавіць разбураныя шпіталі, трэба каля 39 мільярдаў 500 мільёнаў грыўняў.

Найбольш складаная сытуацыя на ўсходзе і поўдні Ўкраіны, дзе ідуць баі: у мясцовыя шпіталі прымаюць багата параненых, а лекары працуюць дзень і ноч.

Ва Ўкраіне завялі 8600 спраў аб ваенных злачынствах. У адной зь іх ужо вынесьлі прысуд

«14 гадоў атрымаў мужчына, які перайшоў на бок ворага ў Крыме ў 2014 годзе і прыехаў ваяваць ва Ўкраіну ў 2022 годзе. Гэты вайсковец быў асуджаны за здраду і дэзэртэрства», — паведаміла генэральны пракурор Украіны Ірына Венядзіктава ў інтэрвію DW.


Сама меней 617 дзяцей пацярпелі з пачатку вайны ва Ўкраіне

219 дзяцей загінулі з пачатку вайны ва Ўкраіне 24 лютага, яшчэ 398 атрымалі раненьні, паведамляе Офіс генпракурора Ўкраіны 29 красавіка.

Украінскі Генштаб: страты расейскіх войскаў у вайне склалі каля 23 тысяч чалавек

У Генштабе Ўзброеных сіл Украіны заяўляюць, што страты расейскіх войскаў з пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на раніцу 29 красавіка склалі:

  • каля 23 тысяч чалавек (толькі за мінулыя суткі – каля 200 вайскоўцаў),
  • 986 танкаў, 2418 баявых браняваных машын, 435 артылерыйскіх сыстэм, 151 рэактыўная сыстэма залпавага агню, 73 сродкі супрацьпаветранай абароны, 189 самалётаў, 155 верталётаў, 1695 адзінак аўтатранспарту, 8 караблёў / лодак, 76 паліўных бакаў, 229 БПЛА апэратыўна-тактычнага ўзроўню, 31 адзінка спэцтэхнікі, 4 пускавыя ўстаноўкі апэратыўна-тактычных ракетных комплексаў.

Масква аб сваіх стратах у вайне супраць Украіны не паведамляе з канца сакавіка.

Амбасады 25 краін аднавілі сваю працу ў Кіеве

Пра гэта паведаміў 28 красавіка намесьнік кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Сыбіга. Чакаецца, што астатнія таксама адновяць сваю працу.

Адбыўся сёмы абмен палоннымі

Пра гэта паведаміла 28 красавіка віцэ-прэм'ер Украіны Ірына Верашчук. Паводле яе, падчас гэтага абмену дадому вярнуліся 45 украінцаў: 13 афіцэраў, 20 салдатаў і 12 мірных жыхароў.

Пра новыя ваенныя злачынствы Расеі на ўкраінскай тэрыторыі расказалі з трыбуны ААН

ЗША маюць надзейныя доказы, што Расея забіла ўкраінцаў, якія спрабавалі здацца ў Данецкай вобласьці, заявіла пасол ЗША па асаблівых даручэньнях у глябальным крымінальным правасудзьдзі Бэт Ван Шаак на пасяджэньні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН).

«Цяпер мы маем вартую даверу інфармацыю аб тым, што расейская вайсковая частка, якая дзейнічала ў ваколіцах Данецку, расстраляла ўкраінцаў, якія спрабавалі здацца, а не ўзяла іх пад варту», — сказала яна на пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН, прысьвечаным адказнасьці ва Ўкраіне.

«Южная Русь». Перахоплены расейскі сцэнар аб квазідзяржаве на тэрыторыі Ўкраіны

У Крамлі разглядаюць сцэнар арганізацыі квазідзяржавы пад назвай «Паўднёвая Русь» на захопленых расейскім войскам украінскіх тэрыторыях. Пра гэта сьведчыць перахоплены дакумэнт пад назвай «Манифест Южнорусского народного Собора», які ёсьць у распараджэньні праекту ўкраінскай службы Радыё Свабода «Схеми».

Журналісты выявілі датычных да распрацоўкі такога сцэнара сярод кіраўніцтва кіроўнай у РФ партыі «Единая Россия». Дакумэнт датаваны 16 красавіка, у красавіку яго перасылалі паміж сабой у расейскіх уладных колах. На якіх менавіта тэрыторыях Украіны плянуецца ўтварыць «Паўднёвую Русь», у ім не ўдакладняецца.

Кіеў: Расейцы вывозяць з акупаванага Мелітопалю збожжа і музэйныя артэфакты

У сельскагаспадарчых прадпрыемствах часова акупаванага горада Мелітопалю, што ў Запароскай вобласьці, працягваецца рабаваньне і вываз маёмасьці, паведамілі ў Запароскай абласной вайсковай адміністрацыі.

«На пачатку тыдня была зафіксаваная калёна грузавых аўтамабіляў з заплямбаванымі дзяржаўнымі рэгістрацыйнымі нумарамі і аўтамабіляў суправаджэньня, якая вывозіла рэшткі сельскагаспадарчай тэхнікі і збожжа з элеватара ў Крым», — гаворыцца ў паведамленьні.

Акупантаў цікавіць ня толькі чужы ўраджай, але і музэйныя каштоўнасьці, дадалі ў адміністрацыі. Так, паступіла інфармацыя аб захопе Мелітопальскага гарадзкога краязнаўчага музэю.

«Калябаранты ўказалі расейцам месца, дзе захоўваецца скіфскае золата, якое было выяўлена археолягамі ў 50-х гадах мінулага стагодзьдзя», — гаворыцца ў паведамленьні.

Расея заяўляе, што вывезла з Украіны ўжо больш за мільён украінцаў

З пачатку вайны 24 лютага на расейскую тэрыторыю вывезьлі ўжо больш за мільён чалавек, у тым ліку 183 тысячы дзяцей, заявіў начальнік нацыянальнага цэнтру ўпраўленьня абаронай Расеі Міхаіл Мізінцаў.

Мізінцаў таксама сьцьвярджае, што больш за 2,75 мільёна замежнікаў і ўкраінцаў нібыта папрасілі эвакуаваць іх у Расею, так званыя «ДНР» і «ЛНР», а таксама на падкантрольныя расейскім акупантам тэрыторыі Запароскай, Мікалаеўскай, Харкаўскай і Херсонскай абласьцей Украіны. «У цэлым у базе дадзеных 2 753 625 такіх зваротаў з 2132 населеных пунктаў Украіны», — сказаў Мізінцаў.

Тым часам кіраўнік Данецкай вайсковай адміністрацыі Павел Кірыленка сёньня расказаў, што ў Расею вывезьлі больш за 30 тысяч жыхароў Марыюпалю.

У Харкаве пашкоджаныя 2,5 тысячы жылых дамоў

Мэр Харкава Ігар Церахаў расказаў, што паводле стану на 28 красавіка ў Харкаве ад расейскіх абстрэлаў пашкоджаныя 2583 жылыя дамы і 420 адміністрацыйных будынкаў.

«Таксама пашкоджана 108 школ і 95 дзіцячых садкоў. Акупанты і далей працягваюць абстрэльваць Харкаў. Інтэнсіўнасьць абстрэлаў узрастае бліжэй да вечара. У выніку дзеяньняў акупантаў ёсьць загінулыя і параненыя», — паведаміў Церахаў.

Таксама ён расказаў, колькі гараджан пацярпелі ад расейскіх абстрэлаў: «Усяго ў гарадзкіх бальніцах знаходзяцца 1410 дарослых і 92 дзіцяці. За суткі ў бальніцу паступіла 130 чалавек. У рэанімацыі знаходзіцца 61 чалавек», — адзначыў мэр Харкава.

Пракуратура Ўкраіны абвінаваціла 10 расейскіх вайскоўцаў у злачынствах у Бучы

Генпракурор Украіны Ірына Венядзіктава назвала імёны 10 расейскіх вайскоўцаў, якія, паводле яе, маюць дачыненьне да катаваньняў мірных жыхароў і марадэрства ў горадзе Бучы Кіеўскай вобласьці, дзе за час расейскай акупацыі загінулі сотні мірных жыхароў. Па дадзеных Бучанскай акруговай пракуратуры, гаворка ідзе пра вайскоўцаў 64-й асобнай мотастралковай брыгады Сухапутных войскаў расейскай арміі, якая ў сакавіку займала пазыцыі ў Бучы.

Імёны расейскіх вайскоўцаў, якіх украінская пракуратура падазрае ў злачынствах, пералічаныя на старонцы Венядзіктавай у фэйсбуку, там жа апублікаваныя фатаграфіі. Гаворка ідзе пра салдатаў у званьнях ад шарагоўца да яфрэйтара, афіцэраў сярод іх няма.

Уцекачы ад вайны

Паводле зьвестак ААН, ад пачатку вайны па 21 красавіка Ўкраіну пакінулі ўжо больш за 5 мільёнаў 133 тысячы чалавек. Зь іх:

  • 2 млн 867 тысяч прыехалі ў Польшчу,
  • 769,6 тысячы — у Румынію,
  • 578,3 тысячы — у Расею,
  • 480,9 тысячы — у Вугоршчыну,
  • 430,2 тысячы — у Малдову,
  • 349,3 тысячы — у Славаччыну,
  • 23,9 тысячы — у Беларусь.

Насельніцтва Ўкраіны (уключаючы кантраляваную Расеяй тэрыторыю) складае каля 44 мільёнаў чалавек.

Што адбываецца ў Расеі

Аэрафлот выйшаў з найбуйнейшага авіяальянсу SkyTeam

Гэта было агульнае рашэньне, гаворыцца на сайце арганізацыі. SkyTeam аб'ядноўвае амаль 20 найбуйнейшых сусьветных авіякампаній.

У Маскве прызналі, што Расея паўтара-два гады будзе ў «складанай сытуацыі»

«Цяпер, канец году і наступны год, то бок амаль паўтара, два гады мы будзем жыць у вельмі складанай сытуацыі. Таму вельмі важна ацаніць свае сілы і рэсурсы», — цытуе расейскае агенцтва «РИА Новости» кіраўніка Падліковай палаты Расеі Аляксея Кудрына.

  • На яго думку, інфляцыя ў Расеі, паводле базавага прагнозу, складзе 20,7% у 2022 годзе і яшчэ больш на 6% у 2023-м.
  • На падтрыманьне эканомікі ва ўмовах маштабных заходніх санкцый давядзецца выдаткаваць больш як шэсьць трыльёнаў расейскіх рублёў (каля 82,5 мільярда даляраў ЗША).

Аўтамабільныя гіганты пакідаюць Расею

Volvo Cars і Jaguar Land Rover скарачаюць свае расейскія офісы — JLR фактычна пакідае Расею, застануцца толькі супрацоўнікі штату для каардынацыі адміністрацыйных узаемадзеяньняў пры закрыцьці юрыдычнай асобы. Пра гэта піша «Коммерсантъ» са спасылкай на свае крыніцы.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

Расейская тэхніка пакідае Беларусь

Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» паведаміў, што 85% расейскай тэхнікі ўжо вывезена зь Беларусі. Жыхары беларускага Палесься таксама заўважылі, што вайскоўцаў з Расеі ў гарадах усё менш. Жыхары Гомля кажуць, што наогул не заўважаюць цяпер на сваіх вуліцах расейскіх вайскоўцаў.

Як рэагуе сьвет

NATO дапаможа Ўкраіне перайсьці ад зброі савецкіх часоў да сучаснай

Генсакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што альянс гатовы падтрымаць Украіну ў вайне супраць Расеі, нават калі вайна зацягнецца на гады. Паводле яго, NATO дапаможа Кіеву мадэрнізаваць узбраеньне савецкіх часоў да ўзроўню заходняй вайсковай тэхнікі.

Злучаныя Штаты, найбуйнейшы сябра NATO, ужо перадалі Ўкраіне зброю на 3 мільярды даляраў з пачатку маштабнага ўварваньня Расеі.

ЗША вывучаюць магчымасьці прызнаньня Расеі спонсарам тэрарызму за яе ўварваньне ва Ўкраіну

З такой заявай выступіў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен.

Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна вывучае заканадаўчыя магчымасьці прызнаньня Расеі дзяржавай, якая спансуе тэрарызм.

«Ня маю сумневаў, што Расея тэрарызуе ўкраінскі народ. Пытаньне ў тым, і гэта вывучаюць юрысты, што патрэбна пераканацца, што сытуацыя сапраўды адпавядае патрабаваньням для такога азначэньня», — заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен, адказваючы на пытаньне аднаго з амэрыканскіх сэнатараў, перадае «Голас Амэрыкі».

Амэрыканскія кангрэсмэны прагаласавалі за законапраект аб лэнд-лізе і абароне дэмакратыі ва Ўкраіне

Закон дазваляе істотна паскорыць пастаўкі ва Ўкраіну амэрыканскай дапамогі, у тым ліку баявой тэхнікі і боепрыпасаў. Пасьля яго прыняцьця кіраўнік Белага Дому абавязаны на працягу 60 дзён вызначыць паскораныя працэдуры дастаўкі амэрыканскага ўзбраеньня, транспарту, харчоў і іншай дапамогі.

Байдэн просіць Кангрэс выдзеліць 33 млрд даляраў на падтрымку Ўкраіны

У гэтую суму ўваходзяць 20 мільярдаў вайсковай дапамогі і дапамогі ў сфэры бясьпекі, а таксама 8,5 мільярда эканамічнай дапамогі і 3 мільярды на гуманітарныя апэрацыі.

МЗС Вялікай Брытаніі рэкамэндуе грамадзянам пакінуць Украіну

«Расейскае ўварваньне ва Ўкраіну працягваецца з нападамі на шэраг буйных гарадоў. Існуе рэальная небясьпека для жыцьця. Мы рэкамэндуем грамадзянам Вялікай Брытаніі неадкладна пакінуць Украіну, калі вы думаеце, што гэта бясьпечна. Паветраная прастора Ўкраіны закрытая», — гаворыцца ў паведамленьні.

Аўстралія ўвяла новыя санкцыі супраць Расеі

Аўстралійскі ўрад зацьвердзіў новыя санкцыі 22 красавіка. Гэтым разам пад іх трапілі 144 чальцы Савету Фэдэрацыі РФ (з двухсот), Кацярына Ціханава і Марыя Варанцова — іх аўстралійскі ўрад называе дочкамі Ўладзіміра Пуціна (раней санкцыі супраць іх увялі ЗША і Вялікая Брытанія). Пад санкцыі трапіла і дачка кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова Кацярына Вінакурава.

Усяго ў аўстралійскім санкцыйным сьпісе ўжо каля 750 расейцаў. Таксама забаронены экспарт у Расею, у прыватнасьці, алюмінію і прадметаў раскошы.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG