Мікалай Красоўскі, старшыня Берасьцейскага гарадзкога савету дэпутатаў, днямі выступіў у 28-й сярэдняй школе Берасьця ў межах «Школы актыўнага грамадзяніна».
Ён расказаў, што Эўропа «хоча ўцягнуць Беларусь у канфлікт паміж Расеяй і Ўкраінай», патлумачыў, якую пазыцыю з гэтай нагоды займае Лукашэнка, а таксама назваў шматлікія кадры з прыгарадаў Кіева «фэйкамі і правакацыямі, арганізаванымі ангельцамі».
Свабодзе не ўдалося датэлефанавацца да Мікалая Красоўскага.
Пасьля вызваленьня гораду Буча, што пад Кіевам, 2 красавіка фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах, пошук загінулых працягваецца. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы. Таксама вядома пра шэраг згвалтаваньняў, у тым ліку немаўляці.
Лукашэнка і Пуцін назвалі масавыя забойствы ў Бучы «спэцапэрацыяй англічан» і «фэйкам».
Беларускія прапагандысты і дзяржаўныя СМІ таксама паўтараюць тэзісы расейскай прапаганды пра забойствы цывільных людзей у Бучы: усьлед за расейскімі СМІ яны гавораць пра «змову» і «пастаноўку» і заніжаюць якасьць здымкаў, якія можна ўбачыць у сеціве ў высокім разрозьненьні.