У гэты дзень па ўсёй краіне аб’явяць жалобу і забароняць любыя сьвяткаваньні, паведамляе «Настоящее время». Сацыял-дэмакратычная партыя «Согласие» і НКО 9may.lv, якія звычайна арганізоўвалі ў Латвіі ўсе мерапрыемствы 9 траўня, абвясьцілі, што ў цяперашняй сытуацыі рабіць гэта зусім недарэчна.
«Вайна ва Ўкраіне. Расейская агрэсія. Цалкам цынічным, блюзьнерскім спосабам расейская прапаганда выкарыстоўвае менавіта дату 9 траўня. Сэнс сымбаляў мяняецца з часам, пераасэнсоўваецца. Прыклад таму — георгіеўская стужачка. Раней для многіх людзей яна была сымбалем вайсковай доблесьці. Але ў апошнія гады ў выніку ўсёй гэтай „пераможнасьці“ георгіеўская стужачка стала сымбалем расейскай агрэсіі», — кажа Барыс Цылевіч, дэпутат парлямэнту ад партыі «Согласие».
Бацькі Цылевіча ваявалі, маці перажыла блякаду Ленінграда. Па словах дэпутата, перамога над нацызмам застаецца для яго выключна важнай асабістай падзеяй. Але пры гэтым ён ня бачыць «ніякай неабходнасьці згаджацца з новай расейскай інтэрпрэтацыяй гэтага сьвята».
Раней 9 траўня ў Рызе адзначалі каля мэмарыяльнага комплексу «Помнік воінам Савецкай Арміі — вызваліцелям Савецкай Латвіі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». На імпрэзу прыходзілі тысячы чалавек. Фармат сьвята выклікаў шмат пытаньняў: канцэрт зорак з РФ, палявая кухня, расейскія сьцягі, алькаголь, шашлыкі і надпісы «На Бэрлін». Такім 9 траўня ў Латвіі ня будзе ўжо ніколі.
Тэхнічная камісія рыскай думы прызнала ўсталяваны ў 1985 годзе помнік аварыйным. Грошай на рамонт у гарадзкіх улад няма. У паведамленьні сказана, што ў канструкцыі выяўлены расколіны. Многія дэкаратыўныя элемэнты помніка развальваюцца, і знаходзіцца побач зь ім занадта небясьпечна. Будучыня манумэнту туманная, разглядаюць нават варыянт зносу. Але для гэтага Латвія павінна будзе ў аднабаковым парадку разарваць пагадненьне з Расіяй аб яго ахове.
Прэзыдэнт краіны Эгілс Левітс лічыць аварыйны манумэнт помнікам савецкай акупацыі Латвіі. Ён катэгарычна супраць адзначэньня перамогі над Гітлерам у «маскоўскім» фармаце, гэта значыць як перамогі СССР над фашызмам.
«Сьвяткаваньне 9 траўня, якое мы кожны год бачым у Рызе, — гэта, па сутнасьці, сьвяткаваньне латвійскай акупацыі. Гэта сьвята акупанта. Перамогай у Другой сусьветнай вайне рэжым Пуціна ў Расеі зацэмэнтаваў свой імпэрскі наратыў. Цяпер гэтую перамогу Расея выкарыстоўвае як нагоду пачаць вайну ва Ўкраіне, не прызнаючы права незалежнай Украіны на існаваньне», — заявіў Эгіл Левітс.
Супраць закрыцьця помніка і забароны адзначаць 9 траўня актыўна выступае левацэнтрысцкая партыя «Расейскі саюз Латвіі». Яе прадстаўнікі не раз публічна ўхвалялі дзеяньні Крамля, але пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне нават іх рыторыка істотна зьмянілася.
«Ускладаючы кветкі да падножжа помніка вызваліцелям 9 траўня, мы шануем памяць ахвяраў вайны і дзякуем тым, хто разграміў нацызм. Кветкі да падножжа мэмарыялу ня маюць дачыненьня ні да Латвійскай Рэспублікі, ні да Расейскай Фэдэрацыі. Гэта даніна памяці не краінам, а людзям, якія жылі, які памерлі і перамаглі 77 гадоў таму. А той, хто спрабуе знайсьці сувязь 9 траўня з ушанаваньнем сучаснага расейскага войска, падонак або прапагандыст, што ў сучасных умовах амаль адно і тое ж», — кажа ў афіцыйным відэазвароце заснавальнік «Расейскага саюзу Латвіі» Міраслаў Мітрафанаў.
Дэманстраваць георгіеўскую стужачку на публічных мерапрыемствах латвійскі сэйм забараніў яшчэ ў лістападзе 2021 года. У красавіку тое ж самае адбылося з сымбалямі Z і V, якія ў Расеі выкарыстоўваюць прыхільнікі ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне.
Перамогу над гітлераўскай Нямеччынай у Эўропе адзначаюць 8 траўня.