Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ваенны камунізм не цярпіць багацеяў». Як беларускія ўлады атакуюць банкі


Банк БелВЭБ
Банк БелВЭБ

Ад Віктара Бабарыкі да Васіля Мацюшэўскага — як у Беларусі арыштоўвалі банкіраў падчас палітычнага крызісу і што было далей.

Віктар Бабарыка

Былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка заявіў пра намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 12 траўня 2020 году, а ўжо 20 траўня ён зарэгістраваў ініцыятыўную групу больш як з 8 тысяч чалавек.

Ужо 11 чэрвеня 2020 году ў «Белгазпрамбанку» пачаліся ператрусы, затрымалі трох сяброў ініцыятыўнай групы Бабарыки, а таксама 15 былых і дзейных супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку».

18 чэрвеня затрымалі самога Віктара Бабарыку і ягонага сына Эдуарда, іх зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. 6 ліпеня 2021 году Віктару Бабарыку прысудзілі 14 гадоў пазбаўленьня волі нібыта за ўхіленьне ад сплаты падаткаў у буйным памеры і легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры.

Віктар і Эдуард Бабарыкі прызнаныя палітзьняволенымі.

Затрыманьне былых і дзейных банкіраў «Белаграпрамбанку» ў лютым 2021 г.

3 лютага 2021 году СМІ паведамілі пра затрыманьне некалькіх былых і дзейных банкаўскіх мэнэджараў зь «Белаграпрамбанку», а менавіта Генадзя Сысоева, Уладзіміра Падкавырава і Натальлі Шаўцовай.

Генадзь Сысоеў некаторы час працаваў у «Белаграпрамбанку» намесьнікам Сяргея Румаса. Таксама ён працаваў старшынём праўленьня «Белінвэстбанку», гэтую пасаду Генадзь Сысоеў пакінуў у 2016 годзе. Апошні час працаваў у «Беларускай лясной кампаніі». Пасьля навінаў аб затрыманьні інфармацыі пра ягоны лёс не было. На сайце «Беларускай лясной кампаніі» цяпер пазначаны кантакты намесьніка кіраўніка Дзьмітрыя Прыгары, кантактаў кіраўніка няма.

Тады ж паведамлялася аб затрыманьні Ўладзіміра Падкавырава — намесьніка старшыні праўленьня «Белаграпрамбанку». Таксама паведамлялася пра затрыманьне Натальлі Шаўцовай — яшчэ адной намесьніцы старшыні «Белаграпрамбанку». Цяпер на сайце банку няма інфармацыі пра кіраўніцтва.

Затрыманьне кіраўніка «Прыёрбанку»

6 сакавіка зьявілася інфармацыя аб затрыманьні кіраўніка «Прыёрбанку» Сяргея Касьцючэнкі. Фармальнай падставай для арышту сталі падатковыя праблемы ў IT-кампаніі, у якой Касьцючэнка сузаснавальнік. Згодна з інфармацыяй у СМІ, Сяргея Касьцючэнку запрасілі на гутарку ў КДБ, пасьля чаго ня выпусьцілі.

9 сакавіка інфармацыю аб затрыманьні пацьвердзілі Інтэрфаксу ў Raiffeisen Bank International без падрабязнасьцяў.

Цяпер абавязкі дырэктара банку выконвае Вадзім Мацюшкін, які быў намесьнікам старшыні праўленьня.

Затрыманьне кіраўніка банку «БелВЭБ»

Пра затрыманьне Васіля Мацюшэўскага і яго намесьнікаў стала вядома 29 сакавіка. Сярод затрыманых былі таксама першы намесьнік Мацюшэўскага Тарас Надольны, намесьнікі старшыні Анатоль Барысевіч, Віктар Перапяліца і Дзьмітрый Ляўданскі, сябра праўленьня Анатоль Паўловіч і дырэктар па разьвіцьці банку Аляксей Мазжухін.

Банк «БелВЭБ» — гэта даччыная структура расейскага «Зьнешэканомбанку». «БелВЭБ» уваходзіць у вялікую сямёрку беларускіх банкаў і крэдытуе ў асноўным дзяржаўныя беларускія прадпрыемствы.

У лютым банк трапіў пад санкцыі ЗША. 30 сакавіка зьявілася інфармацыя, што Мацюшэўскі выйшаў на волю, а ягоных намесьнікаў пакінулі ў ізалятары.

На сайце банку Мацюшэўскі ўсё яшчэ пазначаны старшынём праўленьня.

«Такі ў Лукашэнкі спосаб вядзеньня дыялёгу зь людзьмі, якія маюць грошы»

Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, падобныя затрыманьні цалкам упісваюцца ў кадравую палітыку Лукашэнкі.

«Кадравая палітыка Лукашэнкі даўно вядомая: чалавека прызначаюць на пасаду, ён багацее, пасьля яго адпраўляюць ці то ў дыпляматыю, ці то ў турму, ці то ва ўтыль. Так было з Чыжом, так было зь людзьмі, якія былі каля Лукашэнкі ў 90-х гадах. Усе гэтыя людзі былі зьвязаныя з уладай, і проста прыйшоў час іх затрымаць. Альбо яны шмат ведалі, альбо не хацелі рабіць таго, чаго ад іх хацела ўлада, — тут могуць быць толькі здагадкі. Лукашэнка пацьвярджае тэзіс, што толькі ён і ягоная сям’я нешта вырашае, а іншых выкарыстоўваюць і выкідаюць. Такі спосаб вядзеньня дыялёгу зь людзьмі, якія маюць грошы. Можа быць шмат прычын, але фундамэнтальна: ваенны камунізм не цярпіць багацеяў», — кажа Яраслаў Раманчук.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG