Сьцісла:
- Вайна заклала міны пад асноватворныя прынцыпы, на якіх будаваліся інтэграцыйныя аб’яднаньні.
- Паводле заяваў Пуціна, Расея не прызнае вынікаў распаду СССР.
- Акрамя Беларусі, ніхто з саюзьнікаў Расеі па АДКБ і ЭАЭС не падтрымаў агрэсіі РФ супраць Украіны.
- Ва ўмовах санкцый эканоміка Расеі дэградуе, яе магчымасьці дапамагаць суседзям рэзка зьменшацца. У выніку мінімізуюцца стымулы дзеля эканамічнага саюзу з РФ.
- Санкцыі — дадатковая крыніца праблем для функцыянаваньня эканамічнага саюзу, мытнага саюзу, прасторы вольнага гандлю.
Цывілізаванага разводу не атрымалася
За 30 гадоў пасьля распаду СССР Расея зрабіла шмат высілкаў дзеля інтэграцыі постсавецкай прасторы, фармаваньня розных арганізацый: СНД, АДКБ, ЭўрАзЭС, ЭАЭС. Масква лічыла згаданыя аб’яднаньні важным мэханізмам кантролю над гэтай тэрыторыяй, таму ўсяляк стымулявала, падштурхоўвала, фарсіравала інтэграцыйныя працэсы. Паколькі такая лінія лічылася прыярытэтам расейскай замежнай палітыкі, то ў гэтыя праекты ўкладваліся вялікія рэсурсы: палітычныя, эканамічныя, дыпляматычныя, інфармацыйныя і інш.
Аднак вайна Расеі супраць Украіны шмат што памяняла, паставіўшы пад сумнеў усю папярэднюю працу Масквы ў гэтым кірунку. Прычым міны закладзеныя пад асноватворныя прынцыпы, на якіх будаваліся згаданыя інтэграцыйныя аб’яднаньні.
Напрыклад, хоць з СНД і не атрымалася сапраўднай Садружнасьці незалежных дзяржаў у выглядзе канфэдэрацыі, як першапачаткова плянавалася, але гэтая арганізацыя выканала іншую функцыю. У экспэртнай супольнасьці зацьвердзілася ўяўленьне, што СНД стала мэханізмам цывілізаванага разводу былых рэспублік СССР. І вось цяпер высьвятляецца, што вайна супраць Украіны перакрэсьліла такое ўяўленьне. Калі расейцы абстрэльваюць Кіеў, Харкаў, то пра які цывілізаваны развод можна гаварыць?
Расея не прызнае вынікаў распаду СССР
Другі момант. Пуцін у сваім выступе напярэдадні нападу на Ўкраіну заявіў, што Расея не прызнае вынікаў распаду СССР, тыя межы, якія былі зафіксаваныя ў 1991 годзе. І абвяшчае сваё гістарычнае, маральнае, а значыць, і палітычнае права на перагляд таго, што ён неаднаразова называў «геапалітычнай катастрофай».
Такі ідэалягічны канцэпт разбурае аснову постсавецкай інтэграцыі, якая апрыёры грунтавалася на прызнаньні дзяржаўнасьці, незалежнасьці ўсіх краін, створаных пасьля распаду СССР. А вайна супраць Украіны паказала, што развагі Пуціна — гэта ня проста тэарэтычная канструкцыя, а цалкам рэальная пагроза сувэрэнітэту. Ва ўмовах недаверу да Расеі складана гаварыць пра ўзмацненьне інтэграцыйных працэсаў. Бо цяпер усе лідэры постсавецкіх краін будуць вельмі падазрона ставіцца да любой прапановы Расеі аб «паглыбленьні інтэграцыі» ці стварэньні наднацыянальных органаў.
Варта адзначыць, што, акрамя Беларусі, ніхто з саюзьнікаў Расеі па АДКБ і ЭАЭС не падтрымаў агрэсіі РФ супраць Украіны. Тут вельмі паказальны казахстанскі кейс. Зусім нядаўна краіны АДКБ на чале з Расеяй зладзілі інтэрвэнцыю ў гэтую краіну, каб выратаваць рэжым Такаева. І апошні, згодна зь лёгікай салідарнасьці паміж аўтарытарнымі рэжымамі, здавалася б, павінен быў падтрымаць Маскву, хаця б рытарычна. Аднак не, кіраўніцтва Казахстану выказалася за тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны і нават аказала ёй гуманітарную дапамогу. Тут спрацавала лёгіка салідарнасьці краін, якія адчуваюць расейскую пагрозу.
Эканамічныя магчымасьці Расеі зьмяншаюцца
Паколькі галоўным рухавіком эўразійскай інтэграцыі зьяўляецца Расея, то гэты працэс у вырашальнай ступені залежыць ад стану, у якім яна знаходзіцца. Усе чальцы ЭАЭС уступілі ў гэты саюз, каб атрымаць ад РФ нейкія даброты ў выглядзе льготных цэнаў на энэргарэсурсы, свабоднага выхаду тавараў і працоўнай сілы на вялікі расейскі рынак і інш. Цяпер жа, ва ўмовах санкцый, эканоміка Расеі дэградуе, яе магчымасьці дапамагаць суседзям рэзка зьменшацца. У выніку чаго зьнікаюць ці мінімізуюцца стымулы дзеля эканамічнага саюзу з РФ. Саюзьнікі пачнуць шукаць новых апекуноў.
А ўжо тым больш цяжка цяпер гаварыць пры чыньнік «мяккай сілы», які магла б выкарыстаць Расея для ўплыву на суседзяў. З пачатку вайны РФ апынулася ня проста ў міжнароднай ізаляцыі, а ператварылася ў сусьветнае зло, у жывы прыклад маральнай дэградацыі. Зь ёй цяпер мала хто хоча мець справу.
Лукашэнка падчас сустрэчы з Пуціным 11 сакавіка прапанаваў выкарыстаць існыя інтэграцыйныя аб’яднаньні для выратаваньня ад заходніх санкцый. Ён казаў: «Нам трэба неяк сабрацца ў АДКБ, нам трэба ў ЭАЭС сабрацца, згуртавацца разам. Бо ўсе гаварылі аб тым, што нам трэба разам быць. Ну дык давайце зьбяром. І, паверце, яшчэ дадаўшы гэтыя рынкі, мы празь месяц забудзем, што ў нас ёсьць санкцыі. Таму АДКБ і ЭАЭС, вось я ўношу прапанову (думаю, вы мяне падтрымаеце) — нам трэба сабрацца ў Маскве, сесьці за стол перамоваў і дамовіцца: мы вам гэта прадаём, вы нам гэта. І выбудоўваем нашу агульную эканамічную палітыку». Якія пражэкты!
Санкцыі — дадатковая крыніца праблем для інтэграцыі
Досьвед санкцый Захаду і контрасанкцый Расеі пасьля Крыму ў 2014 годзе паказаў, што папраўдзе ўсё наадварот. Сытуацыя, калі адна (ці дзьве, як у нашым выпадку) краіны — удзельніцы ЭАЭС трапляюць пад санкцыі ці ўводзяць контрасанкцыі супраць трэціх краін, а іншыя ўдзельніцы эканамічнага саюзу да іх не далучаюцца, аб’ектыўна спараджае праблемы. Успомнім, як шмат Расея папракала Беларусь у кантрабандзе тавараў з краін ЭЗ. Таму папраўдзе санкцыі — дадатковая крыніца праблем для функцыянаваньня эканамічнага саюзу, мытнага саюзу, прасторы вольнага гандлю.
Вось расейская газэта «Коммерсантъ», вядомая доступам да інсайдэрскай інфармацыі, апавядае, што паседжаньне Савету Эўразійскай эканамічнай камісіі — кіроўнай структуры ЭАЭС — 17–18 сакавіка адбылося ў напружанай атмасфэры на тле рэзкага росту ўзроўню супярэчнасьцяў у інтэграцыйнай рабоце ЭАЭС ва ўмовах жорсткіх санкцый супраць двух яго чальцоў — Беларусі і Расеі. Бо саюзьнікі вельмі зацікаўлены ў нераспаўсюджаньні заходніх санкцый на свае краіны.
Ці паўтораць АДКБ і ЭАЭС лёс Арганізацыі Варшаўскай дамовы ці Савету эканамічнай узаемадапамогі, якія існавалі ў савецкія часы?
Думаю, не. Фармальнае існаваньне гэтых аб’яднаньняў захаваецца. Аднак далейшы працэс іх інтэграцыі затармозіцца. Хутчэй можна казаць, што АДКБ і ЭАЭС паўтораць лёс СНД, то бок паступова ператворацца ў нейкую перамоўную пляцоўку для двухбаковых кантактаў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.