Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка спрабуе пераканаць сябе і ўвесь сьвет, што Расея пераможа. Атрымліваецца кепска


Упершыню пасьля пачатку вайны супраць Украіны Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію замежнаму мэдыя — японскаму тэлеканалу TBS. Ён чарговым разам спрабаваў пераканаць сябе і ўвесь сьвет, што Расея пераможа ў вайне з Украінай.

Варта зьвярнуць увагу на некалькі момантаў у гэтым інтэрвію.

Першы мэсыдж. «Мы не нападаем на Ўкраіну, мы не бамбім Украіну... Я практычна перакананы, што нам не давядзецца ваяваць з Украінай». Гэтую думку Лукашэнка апошнім часам выказвае рэгулярна, яна становіцца дамінантнай.

Другі мэсыдж. Паводле Лукашэнкі, гэта ўкраінскі бок нібыта праяўляе агрэсію супраць Беларусі. «Калі толькі Ўкраіна будзе працягваць эскаляцыю ў дачыненьні да Беларусі, то мы адкажам». І апавядае, як Украіна нібыта плянавала нанесьці ўдар па Беларусі, парушала мяжу. Раней гаворка ішла пра бесьпілётнік, цяпер на гарызонце зьявіўся гелікоптэр. Апошнім тыднем Украіна нібыта запусьціла дзьве ракеты па Беларусі. А 15 сакавіка Лукашэнка паведаміў толькі пра адну ракету, запушчаную з украінскай тэрыторыі. Некаторыя блукаюць у трох соснах, а тут Лукашэнка заблытаўся ў дзьвюх ракетах.

Усе гэтыя расповеды пра агрэсію з боку Ўкраіны вельмі патрэбны для той карціны сьвету, якую Лукашэнка малюе, бо ён іх паўтарае раз за разам. Каб неяк апраўдаць факт выкарыстаньня тэрыторыі Беларусі для нападу на паўднёвага суседа. І каб мець індульгенцыю на выпадак, калі давядзецца пад ціскам Расеі ўсё ж уступіць у паўнавартасную вайну з Украінай.

Наступны мэсыдж выглядае занадта экзатычным, тым ня менш ён добра ўпісваецца ў тую прапагандысцкую гістэрыю, якая ладзіцца расейскімі і беларускімі дзяржаўнымі СМІ.

«Захаду ня ўдасца ўцягнуць нас у гэты канфлікт. У нас дастаткова розуму для таго, каб не ўцягнуцца ў гэты канфлікт, як нас сёньня амэрыканцы разам са сваімі партнэрамі штурхаюць да гэтага канфлікту», — кажа Лукашэнка.

Такім чынам, уцягнуць Беларусь у вайну імкнецца ня толькі Ўкраіна, але і Захад. І дарма ўсе думаюць пра Расею, яна тут зусім ні пры чым.

Ключавы момант пасланьня Лукашэнкі зусім немудрагелісты: мы за мір. «Мы прыхільнікі перамоваў... Мы жадаем, каб там быў мір. Калі там ня будзе міру, то ня будзе міру і ў Беларусі зь цягам часу». Тое, што вобраз міратворца дрэнна пасуе краіне, якую сьвет лічыць памагатым агрэсара, яго не бянтэжыць.

І апошні мэсыдж. Расея прапануе мір, але яго ня хоча Ўкраіна. У такім разе Кіеву «давядзецца празь невялікі часу падпісаць акт аб капітуляцыі». Лукашэнка ўпэўнены: «Расея ў гэтай вайне не прайграе. У гэтым вы 100% перакананыя таксама».

На ўпэўненасьці ў перамозе Расеі грунтуецца ўся стратэгія паводзін Лукашэнкі ў гэтай вайне. Уласна кажучы, іншых варыянтаў у яго цяпер проста няма. Усе яйкі ён склаў у адзін кошык, на гэтым крывавым гіпадроме паставіў на аднаго каня. І яму нічога іншага не застаецца, як пераконваць сябе і ўвесь сьвет у правільнасьці свайго выбару. А калі факты сьведчаць супраць гэткай карціны сьвету, то тым горш для фактаў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG