Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прымус да ўдзелу ў агрэсіі? Навошта Лукашэнку выклікалі ў Маскву


Уладзімір Пуцін чакае Аляксандра Лукашэнку. 11 сакавіка 2022
Уладзімір Пуцін чакае Аляксандра Лукашэнку. 11 сакавіка 2022

Выкажу гіпотэзу, што Пуцін выклікаў Лукашэнку да сябе, каб абмеркаваць больш актыўны ўдзел Беларусі ў вайне. Ці паддаўся Лукашэнка ціску Крамля?

Сьцісла:

  • Мала сумневу ў тым, што паміж Масквой і Менскам ідзе нейкая вострая спрэчка.
  • Развагі Лукашэнкі падчас сустрэчы з Пуціным можна патлумачыць і як апраўданьне расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, і як абгрунтаваньне непасрэднага ўдзелу Беларусі ў вайне.
  • Лукашэнка загадзя падрыхтаваў аргумэнты для любых, нават супрацьлеглых варыянтаў дзеяньняў. На ўсе выпадкі жыцьця.
  • Яшчэ Лукашэнка прапанаваў заклікаць да парадку чальцоў АДКБ і ЭАЭС. Яму яўна некамфортна ў адзіноце, ізаляцыі, саюзе з Расеяй у статусе агрэсара. Хацелася б падзяліць адказнасьць.

Мінулым разам Лукашэнка быў у Маскве тры тыдні таму. З пачаткам вайны паміж кіраўнікамі Беларусі і Расеі адбываліся інтэнсіўныя тэлефанаваньні. Высьветлілася, што гэтага недастаткова, і тэрмінова спатрэбілася новая сустрэча. Зразумела, не для абмеркаваньня працэсаў беларуска-расейскай інтэграцыі, як пра гэта кажуць афіцыйныя крыніцы.

Мала сумневу ў тым, што паміж Масквой і Менскам ідзе нейкая вострая спрэчка. Таму і спатрэбілася сустрэча сам-насам.

Відавочна, што Беларусь мае вострую патрэбу ў расейскай эканамічнай падтрымцы. Эканамісты кажуць пра магчымасьць дэфолту, бо няма грошай, каб вяртаць пазыкі. Але галоўны доўг (звыш 50%) Беларусь мае перад Расеяй. І каб пазьбегнуць дэфолту, РФ павінна рэфінансаваць, рэструктураваць пазыкі.

Але, здаецца, пытаньне пра рэфінансаваньне доўгу бакі маглі лёгка вырашыць праз тэлефон. Выглядае, што галоўным пытаньнем на перамовах было іншае.

Выкажу гіпотэзу, што Пуцін выклікаў на дыван Лукашэнку, каб абмеркаваць больш актыўны ўдзел Беларусі ў вайне. На карысьць гэтай вэрсіі сьведчыць той факт, што прэзыдэнт Расеі прыняў рашэньне запрасіць 16 тысяч арабскіх «добраахвотнікаў». Гэта значыць, што ў Расеі існуе дэфіцыт людзкіх рэсурсаў у гэтай вайне. А тады навошта патрэбны арабы, калі тут пад бокам ёсьць беларусы, ёсьць Лукашэнка, які шмат разоў абяцаў падтрымаць Расею ўсімі сіламі?

І развагі Лукашэнкі падчас сустрэчы з Пуціным можна патлумачыць і як апраўданьне расейскага нападу на Ўкраіну, і як абгрунтаваньне непасрэднага ўдзелу Беларусі ў вайне. Ягоныя рэплікі, як заўсёды, былі супярэчлівыя і сумбурныя.

Першы тэзіс: вайну пачала Ўкраіна. Лукашэнка кажа: «Ня мы на іх напалі. Ня мы! Прэвэнтыўна УСУ пачалі страляць, калі мы яшчэ за два дні былі ў вас дома... Яны пачалі». Такім чынам, першай напала на Расею і Беларусь Украіна. І цяпер зразумела, хто агрэсар.

Але далей Лукашэнка супярэчыць сабе і кажа, што Ўкраіна толькі зьбіралася напасьці, толькі плянавала атаку, але не пасьпела, бо Расея яе апярэдзіла: «А я зараз вам пакажу, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад. І калі б за шэсьць гадзін да апэрацыі ня быў нанесены прэвэнтыўны ўдар па пазыцыях (4 пазыцыі, я зараз пакажу — мапу прывёз), яны б атакавалі нашы войскі — Беларусі і Расеі, якія былі на вучэньнях... Добра, што пачалі... Не зрабілі б гэтага за суткі да таго, паверце, празь некалькі дзён мы б выпілі ўсю гэтую чару зь вялізнымі стратамі. Яшчэ раз кажу: яны ня толькі па Данбасе рыхтаваліся нанесьці ўдар. Яны выбудавалі пазыцыі для нанясеньня па Беларусі ўдару».

Дык за шэсьць гадзін ці за суткі Расея нанесла прэвэнтыўны ўдар? Нагадаю, дагэтуль Масква агучвала вэрсію, што Ўкраіна, маўляў, зьбіралася напасьці на Данбас. Цяпер, аказваецца, і на Беларусь рыхтаваўся напад. У Расеі, мусіць, пра гэта ня ведалі, і Лукашэнка адкрыў вочы Пуціну на сапраўднае вераломства паўднёвага суседа.

Вельмі злавесна гучыць аповед Лукашэнкі пра нейкіх незразумелых наймітаў, якія нібыта рухаюцца ўздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы да Чарнобыльскай АЭС: «І што яны хочуць у Чарнобылі зрабіць, нам яшчэ давядзецца з вамі разгадаць... Біялягічная зброя, самыя вялікія атамныя электрастанцыі — і ўсё гэта былі гатовыя падарваць».

На гэтым тле, калі ня ўдасца выкруціцца ад расейскага патрабаваньня, то ўвод беларускіх войскаў дзеля абароны АЭС — гэта не агрэсія супраць суседа, а акт гуманізму, выратаваньня чалавецтва ад атамнага армагедону. І Лукашэнка выступае ў ролі збавіцеля сьвету ад агульнаэўрапейскай трагедыі. Што тут скажаш: вялікай душы чалавек!

І адначасова гучыць супрацьлеглы аргумэнт. Маўляў, гэта ворагі хочуць уцягнуць Беларусь у вайну ва Ўкраіне і тым самым агаліць заходнія межы Саюзнай дзяржавы.

Такім чынам, Лукашэнка загадзя падрыхтаваў абгрунтаваньне для любых, нават супрацьлеглых варыянтаў дзеяньняў. На ўсе выпадкі жыцьця. Калі чалавек не адказвае за свае словы, то можна казаць што заўгодна, не асьцерагаючыся за рэпутацыю.

Хутка мы даведаемся, ці ўдалося Пуціну прымусіць Лукашэнку да больш актыўнага ўдзелу Беларусі ў гэтай ганебнай вайне.

Усё астатняе, што гаварылася на публічнай частцы сустрэчы, менш важна. Санкцыі ня страшныя, казалі абодва лідэры, наадварот, яны стымулююць разьвіцьцё. Такая добрая міна пры дрэннай гульні.

Яшчэ Лукашэнка прапанаваў заклікаць да парадку чальцоў АДКБ і ЭАЭС. А то ад рук адбіліся, ня хочуць падтрымліваць Расею. Лукашэнку яўна некамфортна ў адзіноце, ізаляцыі, саюзе з Расеяй у статусе агрэсара. Хацелася б падзяліць адказнасьць. І гэтае адчуваньне ўласнага ізгойства вельмі адметнае.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG