У дзяржаве, якой ён кіруе, большасьць прамысловых прадпрыемстваў на мяжы спыненьня, фінансавая сыстэма вось-вось будзе паралізаваная, чужая армія займае ўсю паўднёвую мяжу і ажыцьцяўляе агрэсію зь ягонай тэрыторыі... А ён склікае адмысловую нараду пра тое, як ачысьціць лясы ад буралому.
Робіць выгляд, што нічога надзвычайнага наўкол не адбываецца. Выконвае ролю дбайнага гаспадара, які на кожным зламаным дрэве хоча зарабіць: цэны на драўніну цяпер на замежным рынку высокія. І гэта прытым, што ўсяго дзень таму, 8 сакавіка, і расейская, і беларуская дрэваапрацоўка трапілі пад жорсткія санкцыі: экспартаваць драўніну з 14 сакавіка стане немагчыма.
Нічога, супакойвае Лукашэнка: «Ня кіем, дык палкай — яе будуць прасіць купляць. І Эўрапейскі зьвяз, і паўднёвыя нашы дзяржавы і суседзі». Прыемна, вядома, што паважліва спадзяецца на «паўднёвых суседзяў». Праўда, пакуль што да «паўднёвых суседзяў» накіроўваюцца не вагоны з драўнінай, а расейскія танкі і ракеты. І сама беларуская тэрыторыя праз гэта неўзабаве можа стаць аб’ектам ракетных і бомбавых атак.
Разбураны сьвет беларускага чыноўніка
Лукашэнка адчувае, які маральны дух пануе ў ягонай калісьці так добра вымуштраванай «вэртыкалі».
Публічна чыноўнікі, праўда, маўчаць, але што гавораць між сабой, для яго не сакрэт. Лукашэнка гэтыя размовы чуе: «Дысцыпліну трэба падцягваць. Разбалбаталіся далей няма куды. Больш ва Ўкраіне ваююць языком, чым займаюцца сваёй краінай. Дык вось, каб войнаў не было на тэрыторыі Беларусі, трэба эканоміку мацаваць сваю» (з выступу на нарадзе 9 сакавіка).
І некалькімі днямі раней ён крыўдаваў, што яму «даводзіцца паўтараць і пераконваць», што яны яго «ня хочуць пачуць», што не давяраюць ягоным словам (з выступу 4 сакавіка).
Чыноўнікі, на паслухмянасьці і маўклівасьці якіх доўгія дзесяцігодзьдзі трымаўся гэты рэжым, сёньня ў роспачы і разгубленасьці. Іхны звыклы сьвет разбураецца. Прычым у значна большай ступені, чым у не надзеленага ўладай шараговага беларуса.
Вядома, сярэдняй рукі беларускі «вертыкальшчык» — зусім не расейскі алігарх. Арышту яхты ў італьянскіх партах яму баяцца няма чаго. І асабнякоў у Лёндане ці на Блакітным беразе ў яго няма, то і не адбяруць. Але ён ужо даўно прывык да пэўнага жыцьцёвага стандарту. Напрыклад, да добрага эўрапейскага ці японскага аўтамабіля, да італьянскай мэблі і нямецкай бытавой тэхнікі. У штогадовых плянах на летнія вакацыі ў ягонай сям’і калі не Маёрка, то Рыміні ці Канары. Ягоная жонка прывыкла апранацца ў Guess, Тommy Hilfiger ці Boss. І што з гэтым усім цяпер будзе?
А што здарыцца зь ягонымі даходамі? І размова ня толькі пра афіцыйны рублёвы заробак, які, натуральна, рэзка зьменшыцца прапарцыйна лічбам абменнага курсу беларускага рубля адносна цьвёрдай валюты. Многія зь іх рабілі розныя негалосныя гешэфты — ці то спрыяючы камэрцыйным кампаніям на падпарадкаванай тэрыторыі, ці здаючы ў арэнду офісы або склады, аформленыя на падстаўных асобаў. Але дзе цяпер апынуцца тыя заможныя камэрсанты? Каму спатрэбяцца офісы і склады? Колькі можна зарабіць на іхнай арэндзе, калі кампаніі масава закрываюцца, а бізнэсоўцы ды айцішнікі натоўпамі пакідаюць краіну?
Сытуацыю не параўнаць з той, што была ў жніўні 2020 года. Усё ж тады за сьпінай разгубленага Лукашэнкі, які бегаў з аўтаматам вакол свайго палаца, нябачна лунаў цень усёмагутнага Пуціна. І чынавенства ў сваёй масе тады ня надта вагалася: у большасьці была пэўнасьць, што рэжым вытрымае.
Цяпер усё інакш. Яны з жахам сочаць за тым, што адбываецца ва Ўкраіне, у Маскве і вакол яе. Яны добра ўсьведамляюць, якімі будуць наступствы зьніштажальных санкцый. І яны задаюць сабе пытаньне пра ўласны лёс, які можа напаткаць іх у тым выпадку, калі Лукашэнка болей ня зможа разьлічваць на расейскае ўтрыманьне і абарону.
«На якую халеру было ўсё гэта пачынаць? Нармалёва ж жылі», — шчыра прызнаўся ў размове адзін мой даўні знаёмы, які па-ранейшаму застаецца пры пасадзе. Не сумняваюся, што прыблізна такое ж пытаньне задаюць тысячы і тысячы ягоных калегаў. Яны сьцішыліся і замёрлі ў чаканьні і няпэўнасьці.
Перачакаць — і застацца пры пасадах
Такія настроі мне нагадваюць тыя, якія былі ў іхных папярэднікаў 19 жніўня 1991 года, падчас путчу ў Маскве. Усім было зразумела, што адбываецца нешта надзвычайнае, што звыклы парадак рэчаў вось-вось абрынецца і ўсё можа перакуліцца дагары нагамі. Як у гэтай сытуацыі паводзіць сябе беларускі чыноўнік? Хаваецца «пад плінтус» і чакае, чым усё скончыцца, на чыім баку будзе перамога.
Памятаю, як раніцай 19-га жніўня 1991 года спрабаваў знайсьці хоць каго-небудзь з прадстаўнікоў тагачаснай беларускай улады, каб атрымаць камэнтар для свайго выданьня. І што чуў у адказ? Раптам усе начальнікі аказаліся ці ў адпачынку, ці ў службовай выправе, ці «на аб’екце». А тыя, каго ўдавалася злавіць, не маглі выціснуць зь сябе нічога пэўнага, апроч: «Ну гэта складанае пытаньне, трэба падумаць...». Перачакаць, перамаўчаць, павіншаваць пераможцу і застацца пры сваіх пасадах — няхітрая і апрабаваная тактыка. Вонкава ўсё выглядала нібыта як заўсёды. Але ў сапраўднасьці ўся канструкцыя трымалася на валаску.
Гэтак сама сёньня, у той час, калі вырашаецца лёс Беларусі на многія наступныя гады, калі яна непасрэдным чынам задзейнічаная ў ваеннай авантуры Расеі, а беларускія салдаты сёньня-заўтра могуць быць пасланыя на бойню, — тыя, хто мог бы спыніць усё гэта, маўчаць. Што праўда, і публічна падтрымліваць расейскую агрэсію ўжо ніхто не адважваецца. Нават «наш глашатай» Азаронак неяк зьніякавеў і без ранейшага імпэту расказвае пра «бандэраўскую» Ўкраіну і яе вызваліцеляў.
А згадайце, як у канцы студзеня кіраўнікі «вэртыкалі» ў многіх рэгіёнах (у Мазыры, у Баранавічах, у Гомлі) асабіста сустракалі эшалёны з расейскімі войскамі, з урачыстымі мітынгамі, пірагамі і нават скокамі пад баян. Гучала шмат патасных слоў пра абарону Айчыны і вернасьць традыцыям. Многія з тых, хто частаваўся тымі караваямі і танцаваў зь дзяўчатамі на тле танкаў — цяпер ляжаць абапал украінскіх дарог у тых згарэлых танках і БМП, якія выгружаліся на беларускіх станцыях пад гукі беларускіх аркестраў усяго месяц таму.
9 сакавіка. 14-ы дзень вайны. Лукашэнка расказвае народу пра тое, як трэба парадкаваць зламаную ветрам драўніну і наводзіць парадак у лесе. Пакліканыя на нараду чыноўнікі моўчкі схіліліся над сталом і ўсё пішуць, пішуць, баючыся адарваць вочы ад сваіх нататнікаў і сустрэцца позіркам з тым, хто робіць выгляд, нібы нічога надзвычайнага не адбываецца. Хоць і гэтым чыноўнікам, і яшчэ 9 мільёнам беларусаў так хацелася б спытаць менавіта ў яго: на якую нам халеру гэта чужая вайна, чужыя войскі на нашай зямлі і праз гэта — нянавісьць і пагарда цэлага сьвету, якія вельмі хутка з жалезнай непазьбежнасьцю ператворацца ў доўгую паласу неўладкаванасьці, нестабільнасьці і галечы?..
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.