Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-прэм’ер Украіны беларусам: Лукашэнка цяпер ніхто, завяршыце, што распачалі два гады таму


Былы прэм’ер-міністар Украіны Арсені Яцанюк
Былы прэм’ер-міністар Украіны Арсені Яцанюк

Былы прэм’ер-міністар Украіны, адзін зь лідэраў «рэвалюцыі годнасьці» Арсені Яцанюк параўноўвае Пуціна і Лукашэнку з Гітлерам і Мусаліні, заклікае беларускіх вайскоўцаў не выконваць злачынныя загады, выказвае ўпэўненасьць, што зь перамогай Украіны ў вайне Беларусь вызваліцца ад дыктатуры.


«Украіна змагаецца за ўсіх у сьвеце, хто ведае, што такое свабода і вольны сьвет»

— Сёньня 14-ты дзень расейскай вайны ва Ўкраіне. Які ён для вас?

— Чатырнаццаты дзень ня проста супраціву, чатырнаццаты дзень барацьбы за ўкраінскую незалежнасьць, чатырнаццаты дзень увогуле барацьбы за свабоду ў сьвеце. Я прашу ўсіх зразумець, што Ўкраіна змагаецца за ўсіх у сьвеце, хто ведае, што такое свабода і вольны сьвет.

Гэтага чатырнаццатага дня дакладна не чакаў Пуцін. Ён чакаў, што Ўкраіна падзе, моцна спадзяваўся на тое, што пуцінская армія настолькі моцная, што яна хутка захопіць Украіну. Але сталася ня так, як падавалася Пуціну і яго памагатым. Украіна стаіць, Украіна змагаецца. Ва Ўкраіне цяпер кожны робіць сваю працу. Я раблю тое, што абавязаны рабіць, дапамагаючы Ўкраіне і ўкраінцам. Гэта і гуманітарная дапамога праз фонд, таксама купляем цеплавізары, прыцэлы, нават легальна зброю купляем, каб дапамагчы ўкраінскай арміі. Адзінства, якое ёсьць ва ўкраінскага народу і ўкраінскага грамадзтва, заслугоўвае найвялікшай павагі.

«Калі я Пуціна параўноўваю з Гітлерам сучаснасьці, то Лукашэнка — гэта Мусаліні сучаснасьці»

— Штодня ўводзяцца новыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі, Расея напала на Ўкраіну, Беларусь прадставіла сваю тэрыторыю для агрэсіі. Вы заўсёды вельмі крытычна ставіліся да рэжыму Лукашэнкі, які ўвесь час запэўніваў, што зь беларускай тэрыторыі на Ўкраіну нападу ня будзе. Ці стаў для вас нечаканасьцю такі ўдзел Беларусі ў вайне?

— Пуцін — гэта ваенны злачынца, Пуцін — гэта забойца, і Пуцін — гэта хлус. Лукашэнка таксама разам з Пуціным стаў вайсковым злачынцам, стаў забойцам, і ён быў, ёсьць і будзе хлусам. Калі ён цяпер кажа, што не задзейнічаны ў вайне супраць Украіны, то ён хлусіць, таму што на руках Лукашэнкі ўкраінская кроў.

Лукашэнка даў расейскім войскам, пуцінскай зграі зялёны калідор для таго, каб паспрабаваць захапіць Кіеў (гэта ў іх не атрымаецца), каб бамбаваць украінскую тэрыторыю з расейскіх самалётаў, якія ўзьлятаюць зь беларускіх аэрадромаў. Гэта азначае толькі адно: ён саўдзельнік вайсковага злачынства. Калі я Пуціна параўноўваю з Гітлерам сучаснасьці, то Лукашэнка — гэта Мусаліні сучаснасьці.

«Разумею, што вам там складана і цяжка ў Беларусі, але нам цяжэй і складаней, бо ў нас кожны дзень забіваюць людзей»

— У жніўні 2020-га вы казалі, што аплядуеце беларускаму народу, які паўстаў, вы павіталі мільённыя мірныя пратэсты. Цяпер у Беларусі практычна канцлягер, тысячы людзей за кратамі, сотні тысяч вымушаныя былі выехаць, у тым ліку ва Ўкраіну, на тэрыторыі Беларусі не засталося незалежных СМІ, за значок зь бел-чырвона-белым сьцягам і жоўта-блакітным сьцягам кідаюць за краты. І для мільёнаў беларусаў, якія паўсталі ў жніўні 2020-га, да паразы ў мірнай рэвалюцыі, да жорсткіх рэпрэсій дадалося яшчэ страшнейшае. Краіна, грамадзянамі якой яны зьяўляюцца, стала агрэсарам, зь яе тэрыторыі ляцяць ракеты ва ўкраінцаў, якіх яны лічаць братамі, за якіх яны моцна перажываюць. Ці ёсьць ва ўкраінскіх элітаў, ва ўкраінскага народу разуменьне трагічнасьці гэтай сытуацыі?

— Я б хацеў скарыстацца нагодай і зьвярнуцца да беларускага народу. Вашы сыны і дочкі, якія служаць у беларускай арміі, яшчэ маюць магчымасьць адмовіцца ад таго, каб на іх руках была кроў. Я разумею, што вам там складана і цяжка ў Беларусі, але нам цяжэй і складаней, бо ў нас кожны дзень забіваюць людзей, забіваюць дзяцей. Дзяўчынка ў Марыюпалі памерла, бо вады не было. У нас бамбяць гарады, бамбяць расейскамоўныя гарады Харкаў і Марыюпаль. У нас бамбяць сталіцу.

Як бы вам ні было цяжка, адмаўляйцеся ад злачынных загадаў, не ідзіце ваяваць супраць Украіны. І завяршыце тое, што вы распачалі два гады таму. Вы, як і мы, заслугоўваеце свабоды. Як і вам, так і нам трэба змагацца за гэтую свабоду. Мы за яе змагаемся, вам трэба працягнуць барацьбу, шаноўны беларускі народ.

«Некалькі сотняў беларусаў пагадзіліся ўзяць удзел у барацьбе за незалежнасьць Украіны»

— Што, з вашага гледзішча, могуць зрабіць беларусы ў гэтай сытуацыі, каб падтрымаць Украіну? Сьвятаслаў Вакарчук казаў мне ў інтэрвію, што словаў мала. Патрэбныя дзеяньні. Што могуць беларусы зрабіць для вызваленьня Ўкраіны — і для вызваленьня Беларусі, адпаведна?

— Па-першае, шараговыя беларусы павінны адмаўляцца ваяваць супраць Украіны. Гэта рэальна. І кожны беларус павінен гэта ўсьвядоміць, што вы ня можаце мець украінскую кроў на вашых руках.

Па-другое, беларусы павінны ў самой сваёй краіне навесьці парадак. Беларусы павінны мець дэмакратычную краіну, беларусы павінны мець права на жыцьцё.

Па-трэцяе, Украіна запрасіла ўсіх, хто гатовы абараняць Украіну са зброяй у руках. Я ведаю пра тое, што некалькі сотняў беларусаў пагадзіліся ўзяць удзел у барацьбе за незалежнасьць Украіны. Кожны на сваім месцы здольны зрабіць штосьці, каб дапамагчы Ўкраіне выстаяць у гэтай сьвятой вайне за нашу свабоду.

«Лукашэнка зьнішчыў сваю краіну, кінуў Беларусь пад ногі Пуціна»

— Як вы лічыце, ці зьяўляецца цяпер, ці зьяўляўся два гады таму Аляксандар Лукашэнка самастойным палітыкам?

— Лукашэнка ніколі ня быў самастойным палітыкам. Цяпер ён стаў вайсковым злачынцам. І Лукашэнка зьнішчыў сваю краіну, ён кінуў Беларусь пад ногі Пуціна. І такім ён увойдзе ў сусьветную гісторыю, якая запіша яго калябарацыяністам, здраднікам сваёй краіны і свайго народу.

— З вашага досьведу, ці трэба ўкраінскім уладам цяпер размаўляць з Лукашэнкам? Ці можна давяраць яму, ці трэба з асьцярогай ставіцца да перамоўнага працэсу на беларускай тэрыторыі?

— Лукашэнка цяпер ніхто. Мы дзясяткі раз гаварылі... Згадайце, як ён расказваў, што ніколі з тэрыторыі Беларусі ніхто не нападзе на Ўкраіну, што ён ніколі не дазволіць, каб тэрыторыю Беларусі выкарысталі супраць Украіны. Гэта паталягічны хлус. Весьці зь ім размову? Пра што? Ён саўдзельнік разам з Пуціным. Таму ўвогуле сталася так, што фактычна Расея праз Лукашэнку зьдзейсьніла анэксію Беларусі. Сёньня Беларусь анэксаваная Расеяй. Мажліва, што не юрыдычна, але фактычна так.

«Я перакананы, што сапраўдны беларускі сьцяг залунае над Менскам»

— Украіна не прызнала Лукашэнку прэзыдэнтам пасьля жніўня 2020-га. Ці ёсьць у вас тлумачэньне, чаму Ўладзімір Зяленскі не сустрэўся з дэмакратычнай лідэркай Сьвятланай Ціханоўскай, зь якой сустрэліся, і не адзін раз, бадай, усе лідэры дэмакратычных краінаў?

— Я б вельмі хацеў, каб у Беларусі быў законна абраны прэзыдэнт. Я ўпэўнены і перакананы, што Ўкраіна выстаіць і надыдзе час, калі ўкраінскі прэзыдэнт сустрэнецца з новаабраным, законным прэзыдэнтам вольнай Беларусі.

— Калі Ўкраіна пераможа ў гэтай вайне, пэрспэктывы Расеі як дзяржавы выглядаюць катастрафічнымі. Якія будуць пэрспэктывы Беларусі пасьля перамогі Ўкраіны, і што павінна адбывацца, каб перамога Ўкраіны стала для Беларусі і вызваленьнем ад дыктатуры?

— Я перакананы, што калі пераможа Ўкраіна, пераможа і ўвесь вольны сьвет. Нас чакаюць кардынальныя зьмены на нашай прасторы. Я перакананы, што Беларусь вернецца да сваёй гістарычнай, эўрапейскай сям’і. Я перакананы, што сапраўдны беларускі сьцяг залунае над Менскам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG