Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна Расеі супраць Украіны стала шокам для беларускага грамадзтва, кіроўная намэнклятура дэмаралізаваная


Лукашэнка выступае перад намэнклятурай падчас афіцыйнага падпісаньня рашэньня рэфэрэндуму. 4 сакавіка 2022
Лукашэнка выступае перад намэнклятурай падчас афіцыйнага падпісаньня рашэньня рэфэрэндуму. 4 сакавіка 2022

Вайна — гэта моцны каталізатар усіх сацыяльных працэсаў. Яна паскарае іх, выцягвае на паверхню лятэнтныя трэнды, прабуджае сьпячыя архетыпы паводзінаў, у шмат якіх сфэрах робіць сытуацыю больш яснай і чыстай, безь нюансаў, адценьняў і прымешак.

  • Калі б не расейская агрэсія, абяцаньні Лукашэнкі падтрымаць Расею, то аднаўленьня вулічных пратэстаў у Беларусі давялося б чакаць шмат часу.
  • Вайна будзе садзейнічаць дэградацыі беларускай сацыяльнай мадэлі.
  • Напад РФ на Ўкраіну высьвеціў ступень залежнасьці Беларусі ад Расеі, абмежаванасьць беларускага сувэрэнітэту.
  • Апошнія падзеі паглыбляюць крызіс даверу грамадзтва да ўлады.

Калі гаварыць пра паскарэньне міжнародных працэсаў, то, напрыклад, вайна рэзка паскорыла рух Расеі па шляху фармаваньня таталітарнай сыстэмы. А таксама моцна ўзмацніла тэндэнцыю на тэхналягічны разрыў паміж Расеяй і Захадам (а таксама Кітаем).

Агрэсія РФ супраць Украіны стала чыньнікам кансалідацыі Эўразьвязу. Шмат гаварылі пра крызіс эўрапейскай інтэграцыі — у сувязі з наплывам мігрантаў, выхадам Вялікай Брытаніі з ЭЗ, парушэньнем правілаў ЭЗ Польшчай і Вугоршчынай, самаізаляцыяй краін-сяброў падчас віраваньня ковіду. І вось здарылася гэтая вайна — і яна падштурхнула Эўразьвяз да хуткіх, узгодненых і эфэктыўных дзеяньняў.

Больш за тое, напад Расеі на Ўкраіну кансалідаваў калектыўны Захад, NATO; пакінуты ў баку былыя рознагалосьсі паміж Эўропай і ЗША.

Асобнае пытаньне, як гэтая вайна паскорыла сацыяльныя працэсы ў Беларусі. Відавочна, што яна стала шокам для грамадзтва і ўлады, для абываталяў і эліты.

Напрыклад, калі б не расейская агрэсія, абяцаньні Лукашэнкі падтрымаць Расею, то аднаўленьня вулічных пратэстаў у Беларусі давялося б чакаць шмат часу. А вось жа 27 лютага людзі выйшлі на вуліцу. Вайна будзе садзейнічаць дэградацыі беларускай сацыяльнай мадэлі. Яе гніеньне магло цягнуцца гадамі. А цяперашні эканамічны шок можна параўнаць з ударам, нанесеным эканоміцы распадам СССР у пачатку 1990-х гадоў. Экспарт у краіны ЭЗ і Ўкраіну становіцца праблематычным. Гэта будзе мець значныя сацыяльныя і палітычныя наступствы, якія пакуль немагчыма дакладна прагназаваць.

Напад РФ на Ўкраіну высьвеціў ступень залежнасьці Беларусі ад Расеі, абмежаванасьць беларускага сувэрэнітэту. Безь цяперашняга стрэсу вызначыць гэтую залежнасьць было складана. А цяпер усё стала відавочна.

Паралельна зьмізарнеў вобраз Лукашэнкі як абаронца, гаранта сувэрэнітэту. А такі вобраз гадамі раскручвала дзяржаўная прапаганда.

Апошнія падзеі паглыбляюць крызіс даверу грамадзтва да ўлады. Можна назіраць прыкметы дэмаралізацыі кіроўнай намэнклятуры.

У гэтым сэнсе вельмі паказальная гісторыя, як падчас нарады 1 сакавіка Лукашэнка з указкай стаяў каля мапы і праводзіў палітінфармацыю для вышэйшага кіраўніцтва дзяржавы. Аказваецца, нават гэтай аўдыторыі трэба было растлумачыць палітычную лінію і апраўдацца.

Выступаючы падчас цырымоніі падпісаньня рашэньня рэфэрэндуму 4 сакавіка Лукашэнка прызнаўся, што яму ня вераць. Прычым ня вераць людзі, якія сабраліся ў залі, гэта значыць найвышэйшы эшалён кіроўнай эліты.

Ён сказаў: «Але я пра гэта пераканаўча гавару, пажадана б апошні раз. Ведаеце, мне часам нават крыху крыўдна, што я з дня ў дзень пачынаю паўтараць і пераконваць... Вы ведаеце, калі вы мяне ня чуеце, то вам час выбіраць новага прэзыдэнта... Трэба разумець, што сёньня, калі мы знаходзімся пад беспрэцэдэнтным ударам санкцый, правакацый, інфармацыйнага маніпуляваньня, краіне як ніколі патрэбны вашыя разуменьне, давер, падтрымка і сабранасьць... Вы ж зразумейце... Няўжо вы не разумееце?».

Можна меркаваць, што па меры нарастаньня шокаў, асабліва ў эканоміцы, крызіс даверу будзе паглыбляцца. У што гэта можа выліцца, дзе і калі стрэліць (і ці стрэліць увогуле), можна толькі здагадвацца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG