З пачатку сутак баевікі 19 разоў парушылі рэжым спыненьня агню. Большая частка абстрэлаў была з мінамётаў і артылерыі. «У выніку абстрэлу адзін украінскі вайсковец атрымаў асколачнае раненьне, несумяшчальнае з жыцьцём», — гаворыцца ў паведамленьні.
Спэцыяльная маніторынгавая місія АБСЭ заявіла, што на гэтым тыдні інтэнсіўнасьць ваенных дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны рэзка ўзрасла і і наблізілася да таго ўзроўню, які назіраўся да ўступленьня ў сілу пагадненьня аб спыненьні агню ў ліпені 2020 году. Місія заклікала бакі канфлікту прыняць усе неабходныя меры для зьніжэньня напружанасьці і неадкладнай дээскаляцыі.
За апошнія некалькі дзён сытуацыя зь бясьпекай на ўсходзе Ўкраіны пагоршылася. У выніку абстрэлу з боку прарасейскіх баевікоў на Данбасе раніцай 17 лютага быў пашкоджаны будынак дзіцячага садка ў Станіцы Луганскай (пацярпелі трое супрацоўнікаў установы), а таксама лякаматыўнае дэпо «Кіндрашоўска-Нова».
Лідары самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» абвясьцілі аб эвакуацыі сваіх жыхароў у Расею і ўсеагульнай мабілізацыі, зьвязваючы гэта з ростам напружанасьці ў рэгіёне. Украіна падкрэсьлівае, што не плянуе ніякіх наступальных апэрацый на Данбасе.
Узброены канфлікт на Данбасе доўжыцца з 2014 году пасьля расейскай акупацыі Крыму. Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ва ўзброенай падтрымцы баевікоў. Крэмль абвяргае гэтыя абвінавачаньні і заяўляе, што на Данбасе могуць знаходзіцца толькі расейскія «добраахвотнікі».
У 2021 годзе, паводле зьвестак Узброеных сіл Украіны па стане на 21 сьнежня, падчас баёў загінулі 65 чалавек з Узброеных сіл Украіны. Паводле зьвестак Упраўленьня вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, па стане на ліпень 2021 году агульная колькасьць страт у баях на Данбасе склала больш за 13 тысяч чалавек.