«Ваенная выведка Ўкраіны валодае інфармацыяй аб тым, што расейскія спэцслужбы замінавалі шэраг абʼектаў сацыяльнай інфраструктуры ў Данецку з мэтай іх далейшага падрыву. Гэтыя меры накіраваныя на дэстабілізацыю абстаноўкі на часова акупаваных тэрыторыях нашай дзяржавы і ствараюць падставы для абвінавачваньня Ўкраіны ў тэрарыстычных актах», — гаворыцца ў заяве, апублікаванай у Фэйсбуку службай па сувязях з грамадзкасьцю Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны.
Ведамства заклікае жыхароў Данецку не выходзіць з дамоў і не карыстацца грамадзкім транспартам.
У самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» аб'явілі ўсеагульную мабілізацыю
Так званыя кіраўнікі самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» 19 лютага падпісалі ўказы аб усеагульнай мабілізацыі і забаранілі выезд мужчынам ад 18 да 55 гадоў. Лідэр самаабвешчанай «ДНР» Дзяніс Пушылін зьвярнуўся да ўсіх мужчын, якія жывуць на падкантрольнай тэрыторыі і «здольныя трымаць у руках зброю», з заклікам абараніць «свае сем'і, Данбас і ўсіх рускіх людзей».
18 лютага ўлады самаабавешчаных «ДНР» і «ЛНР» абʼявілі эвакуацыю мясцовага насельніцтва ў Расею, заяўляючы, што Ўкраіна рыхтуецца да «сілавога захопу». Украіна гэтыя заявы абвергла.
«Мы катэгарычна абвяргаем паведамленьні расейскай прапаганды аб нібыта наступальных апэрацыях Украіны ці дывэрсіях на хімічнай вытворчасьці. Украіна не праводзіць і не плянуе ніякіх падобных дзеяньняў на Данбасе. Мы цалкам адданыя выключна дыпляматычнаму ўрэгуляваньню», — заявіў кіраўнік МЗС Украіны Дзьмітрый Кулеба.
У Растоўскай вобласьці Расеі, куды эвакуююць жыхароў Данбасу, з 19 лютага ўвялі рэжым надзвычайнага становішча. Рэгіён атрымаў зь бюджэту Расеі 5 млрд расейскіх рублёў (каля 64,5 млн даляраў) на дапамогу ўцекачам.
Мабілізацыя і эвакуацыя ў «ДНР» і «ЛНР» адбываецца на фоне рэзкага абвастрэньня сытуацыі на Данбасе. Спэцыяльная маніторынгавая місія АБСЭ зафіксавала рост інтэнсіўнасьці абстрэлаў у рэгіёне за апошнія дні.
Увечары 19 студзеня ў самаабвешчанай «ДНР» заявілі аб выбуху машыны кіраўніка «народнай міліцыі» Дзяніса Сіненкова «на паркоўцы каля будынка дома ўраду» і апублікавалі відэа машыны. Было заяўлена, што справу будуць расьсьледаваць сьледчыя з Расеі.
У ноч на 19 студзеня расейскія СМІ паведамілі пра «магутны» выбух у раёне Луганску, сьцьвярджаючы, што выбух адбыўся на газаправодзе «Дружба». Мясцовыя жыхары пацьвярджаюць факт выбуху, але пакуль дакладна не вядома, ці гэта газаправод.