Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны: Мы не плянуем наступальнай апэрацыі на Данбасе


Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валерый Залужны
Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валерый Залужны

Украіна не плянуе наступальнай апэрацыі на Данбасе, бо гэта пагражала б жыцьцю мірнага насельніцтва. Пра гэта 18 лютага паведаміў галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валерый Залужны.

«Заявы кіраўнікоў акупацыйных адміністрацый аб нібыта наступе Ўзброеных сіл Ўкраіны і сілавых сцэнарах вызваленьня часова акупаваных тэрыторый не адпавядаюць рэчаіснасьці. Інфармацыя, якую я прывёў, таксама пацьвярджаецца АБСЭ. Яшчэ раз паўтараю, што вайскова-палітычнае кіраўніцтва дзяржавы не плянуе і не праводзіць наступальных дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны. Адзіны варыянт дэакупацыі нашых людзей і тэрыторый для нас — гэта палітыка-дыпляматычны», — гаворыцца ў заяве галоўнакамандуючага.

Сьледам за гэтай заявай Міністэрства замежных спраў Украіны адмовіла любыя пляны наступу або сабатажу ў непадкантрольных украінскаму ўраду частках Данецкай і Луганскай абласьцей.

У заяве таксама ёсьць заклік да міжнароднай супольнасьці «неадкладна асудзіць правакацыі Расейскай Фэдэрацыі і яе акупацыйных адміністрацый на Данбасе, якія падрываюць працэс палітычнага і дыпляматычнага ўрэгуляваньня».

Раней 18 лютага кіраўнікі груповак «ДНР» і «ЛНР» заявілі аб пачатку эвакуацыі мірных жыхароў у Расею з падкантрольных ім раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей.

З раніцы 17 лютага паступаюць паведамленьні аб моцных абстрэлах на Данбасе, у тым ліку па цывільных аб’ектах. Як паведамілі ў штабе Абʼяднаных сіл Украіны, па стане на 14-ю гадзіну 18 лютага было зафіксавана 45 парушэньняў рэжыму спыненьня агню баевікамі, у тым ліку 34 — з ужываньнем зброі, забароненай менскімі пагадненьнямі.

Баевікі абвінавачваюць у абстрэлах украінскі бок.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG