Чаму беларусы маўчаць, назіраючы, як чужыя танкавыя гусеніцы «бразгаюць» ужо не за Бугам (чым палохаў Лукашэнка ў жніўні 2020-га), а па родных гасьцінцах і прасёлках, па берагах Прыпяці, Сожа і Дняпра? Але як людзі могуць выказацца і пратэставаць, калі за любое публічна сказанае насуперак «генэральнай лініі» слова могуць звольніць, абылгаць, пабіць, арыштаваць? Шматтысячныя антываенныя маніфэстацыі зь ціскам грамадзтва на свае ўрады — гэта магчыма недзе далёка там, на Захадзе, у свабодным сьвеце. А што ў Беларусі?
Грамадзкая атмасфэра ў сёньняшняй Беларусі вельмі нагадвае тую, якая была ў СССР у апошнія тыдні 1979-га і на пачатку 1980 году. Трывожныя размовы на кухнях — асабліва ў тых сем’ях, дзе расьлі падлеткі, маладыя хлопцы напярэдадні прызыву, альбо дзе чакалі сваіх родных са службы ў войску. Многія — напалоханыя, абураныя, разгневаныя. Але як ты можаш выказаць пратэст у таталітарнай дзяржаве?
Адкрыта свой голас супраць вайны спрабавалі падаць хіба што дысыдэнты. Ці не адзіны яркі прыклад— антываенныя звароты акадэміка Андрэя Сахарава, якія зьявіліся ў заходнім друку ў першыя тыдні савецкага ўварваньня. Вынік: у студзені 1980-га Сахарава адмысловым указам пазбавілі ўсіх узнагародаў і званьняў.
Потым, 22 студзеня, схапілі па дарозе на працу, затрымалі, саслалі без суду з Масквы ў Горкі. Добра памятаю публікацыі таго часу ў савецкіх газэтах з наступнымі характарыстыкамі Сахарава: «духоўны адшчапенец», «правакатар», «сваімі падрыўнымі дзеяньнямі даўно паставіў сябе ў становішча здрадніка свайго народу і дзяржавы». (Якая знаёмая лексыка: у сёньняшніх дзяржаўных беларускіх СМІ дакладна тыя ж словы гавораць пра ўсіх, хто адважваецца не пагаджацца з Лукашэнкам).
«Загінуў пры выкананьні інтэрнацыянальнага абавязку»
У сёньняшняй Расеі нешта падобнае. Рэшткі праваабаронцаў і апазыцыянэраў, якіх яшчэ не пасадзілі і ня выціснулі за мяжу, разгублена азіраюцца па баках, спрабуючы разгледзець праціўнікаў вайны на бязьлюдных плошчах расейскіх гарадоў. Але адкрытыя антываенныя выступы і там практычна немагчымыя. З усіх праяваў грамадзкага пратэсту супраць афіцыйнага мілітарызму — хіба што калектыўная заява праваабаронцаў, палітыкаў і творчых дзеячаў, пад якой сабрана некалькі тысяч подпісаў. З тых, якія на слыху, — Андрэй Макарэвіч, Лія Ахеджакава, Віктар Шэндэровіч. Каб падпісацца пад гэтымі словамі заявы, і ў Расеі, і ў Беларусі патрэбна грамадзянская мужнасьць:
«Грамадзянаў Расеі ніхто не пытаецца. Грамадзкая дыскусія адсутнічае. На дзяржаўнай тэлевізіі прадстаўлены толькі адзін пункт гледжаньня, і гэта пункт гледжаньня прыхільнікаў вайны. Адтуль гучаць прамыя ваенныя пагрозы, ліюцца агрэсія і нянавісьць у адносінах да Ўкраіны, Амэрыкі і краін Захаду.
Але самае небясьпечнае, што вайна падаецца як дапушчальнае і непазьбежнае разьвіцьцё падзей. Людзей спрабуюць падмануць, разбэсьціць, навязаць ім ідэю сьвяшчэннай вайны з Захадам замест разьвіцьця краіны і падвышэньня ўзроўню жыцьця яе грамадзянаў. Пытаньне цаны не абмяркоўваецца, але плаціць гэту цану — цану вялізную і крывавую — давядзецца менавіта простым людзям». Але каго ў Крамлі здольная спыніць няхай нават самая пранікнёная заява?
Што будзе далей, калі вайна ўсё ж пачнецца і калі Беларусь будзе ў яе ўцягнутая? Яны будуць хаваць праўду пра яе.
У СССР аж да 1987 году прысланыя з Афганістану цынкавыя труны хавалі ў атмасфэры паўсакрэтнасьці, а на помніках забаранялася пазначаць, што салдат загінуў у Афганістане. Дзе-нідзе на беларускіх могілках дагэтуль можна ўбачыць казённы надпіс таго часу: «Загінуў пры выкананьні інтэрнацыянальнага абавязку». Вось цытата з пратаколу паседжаньня Палітбюро ЦК КПСС ад 30 ліпеня 1981 году:
«...Суслаў. Таварыш Ціханаў прадставіў запіску ў ЦК КПСС адносна ўвекавечваньня памяці воінаў, якія загінулі ў Афганістане. Прычым прапануецца выдаткоўваць кожнай сям’і па тысячы рублёў для ўсталяваньня надмагільляў. Справа, вядома, не ў грашах, а ў тым, што калі мы цяпер будзем увекавечваць памяць, будзем пра гэта пісаць на помніках, а на некаторых могілках такіх магіл будзе некалькі, то з палітычнага пункту гледжаньня гэта будзе не зусім правільна».
«Няправільна», бо савецкія людзі могуць здагадацца, што на незразумелай і невядома каму патрэбнай вайне гінуць іхныя дзеці. І што ахвяраў шмат. Але савецкія людзі ўсё роўна ўсё ведалі. Бо вечарамі цішком слухалі Радыё Свабода і «Голас Амэрыкі». І ўмелі між радкоў у ілжывых і рэдкіх паведамленьнях савецкіх газэт з Афганістану разгледзець, што значыць той «інтэрнацыянальны абавязак». І ні для кога не было сакрэтам, чаму ў 1983 годзе ў СССР раптам пачалі забіраць у армію студэнтаў, не даючы ім давучыцца...У тых сьлязах, якімі душыліся на сваіх кухнях сотні тысяч няшчасных бацькоў, ня маючы магчымасьці ня тое што пратэставаць, а нават скардзіцца ці хаця б ганарыцца сваімі дзецьмі, гінулі рэшткі даверу і павагі да нялюдзкага таталітарнага рэжыму.
Прафэсійныя абаронцы міру
Як ні дзіўна, у сёньняшняй Беларусі існуе грамадзкая арганізацыя, якая галоўнай мэтай сваёй статутнай дзейнасьці абвяшчае барацьбу за мір — Беларускі фонд міру. Яе не чапаў ГУБАЗІК у ліпені 2021-га, ніхто не арыштоўваў, не абшукваў і не саджаў у турму яе актывістаў. А арганізацыя, калі верыць яе афіцыйнаму сайту — агромністая: нібыта 950 тысяч актывістаў і 148 гарадзкіх і раённых арганізацый.
Доўга шукаў на іхным сайце хаця б згадку пра мілітарысцкую гістэрыю, якая бушуе ў Расеі і Беларусі, пра тое, што трывожыць і палохае кожную беларускую сям’ю. Ні слова. Апошняя навіна — «У страі — заўжды, у памяці — навечна»: пра тое, што ў кожнай школе трэба вывесіць стэнды пра вэтэранаў вайны. Такія вось першачарговыя клопаты прафэсійных абаронцаў міру.
Напэўна, гэта і ёсьць узор той «грамадзянскай супольнасьці», якую хацела б выбудаваць улада на руінах разгромленых грамадзкіх арганізацый.
Хоць вонкава беларускае чынавенства цалкам падтрымлівае любое рашэньне Лукашэнкі, насамрэч пэрспэктыва вайны палохае і іх. Завуаляваная спроба намэнклятуры данесьці свае сапраўдныя трывогі да вушэй галоўнакамандуючага — першае пытаньне, зададзенае яму на мінулым тыдні адразу пасьля агучанага ім «пасланьня парлямэнту і народу». Тое, што такое пытаньне («Ці пашлюць нашых сыноў ваяваць за межы Беларусі?») дазволілі задаць магілёўскай намэнклятурніцы Галіне Бяляевай, зусім не выпадковасьць.
Імправізацыі на такіх «форумах» выключаныя. Але шматслоўны і патасны адказ Лукашэнкі наўрад ці супакоіў устрывожаную высокапастаўленую публіку.
«Вы перажываеце за сваіх сыноў, а ў мяне іх трое... Яны хавацца ніколі ня будуць за чужыя сьпіны. Калі трэба, пойдуць»; «У нас армія створана дзеля таго, каб на нашай тэрыторыі абараняць сябе. Прыйдуць нас забіваць — атрымаюць на поўную катушку і на нашай, і на чужой тэрыторыі» — ваяўнічыя і прыгожыя словы, але слабое суцяшэньне для беларускіх маці. У тым ліку і тых маці, якія пры пасадах.
А пакуль людзі вымушаны маўчаць, краіну запаўняюць войскі суседняй дзяржавы, улада прамаўляе мілітарысцкія лёзунгі, а дзяржава апынулася на парозе вайны за чужыя інтарэсы. Вайны, якой зусім ня хоча грамадзтва.
Як гаварыў на схіле жыцьця адзін вядомы беларус, лепш дзесяць гадоў перамоваў, чым адзін дзень вайны. Андрэй Грамыка, які амаль трыццаць год узначальваў МЗС СССР і пры якім пачыналася афганская авантура, ведаў, чым заканчваюцца ўварваньні на чужую тэрыторыю.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.