Свабода прааналізавала, што найчасьцей пішуць расейскія карыстальнікі сацыяльных сетак пра вучэньні, пра дысьлякацыю і перамяшчэньне войскаў, і чаго зычаць сваім сваякам, якія накіраваліся на вучэньні.
Уся геаграфія Расеі
Расейка Дыяна Казанцава выклала ў Тіk-Tok відэа свайго мужа, які ў вайсковай форме, з заплечнікам і сумкай выходзіць з кватэры і спускаецца па лесьвіцы на вуліцу. «Я буду вельмі моцна сумаваць. Вяртайся хутчэй!» — напісала яна.
У камэнтарах пад допісам Дыяны яшчэ некалькі карыстальнікаў з Хабараўску і Мурманску паведамілі, што іхныя «сыны і мужы» таксама паехалі ў Беларусь або ў Смаленск.
«Майго таксама адправілі, з Хабараўску»
«Мой таксама цяпер там, невядома на колькі. Няма ніякай сувязі, вельмі перажываю. Веру, што ўсё будзе добра».
«У мяне таксама сын у Беларусь паехаў. 18-га праводзіў, сказалі — на месяц. Навіны глядзіш і ўздрыгваеш».
Яшчэ адзін карыстальнік у сваім камэнтары паведаміў, што сам служыць у Мурманску ў пяхоце: «Таксама заўтра грузімся, пасьлязаўтра ад’яжджаем». На сваім профілі ён нават прадэманстраваў відэа, якія боепрыпасы загружаюць.
Што пішуць вайскоўцы
Што праўда, у большасьці вайскоўцаў на профілях няма публікацый — яны толькі камэнтуюць відэазапісы іншых, але інфармацыяй дзеляцца вельмі абмежавана. Некаторыя пішуць, што перадысьлякаваныя ў Пінск, Гомель, Смаленск, Растоў ці Крым. У асноўным, як гэта можна зразумець зь іхных камэнтароў, яны служаць у войску паводле кантрактаў. Жаўнераў тэрміновай службы не залучаюць да гэтых вучэньняў.
Адзін зь іх напісаў, што едзе з кепскім настроем, бо плянаваў сваё 20-годзьдзе сьвяткаваць у кватэры, а не на мяжы Беларусі і Ўкраіны.
У камэнтарах пад гэтай публікацыяй паведамляюць, што едуць у Гомель да 20 лютага, а іншыя — у Валгаград ці Крым на тры месяцы.
Што пішуць сваякі і знаёмыя вайскоўцаў
Юлія Башан, якая мае свой аўтабізнэс у Екацярынбургу, апублікавала відэа начнога вайсковага эшалёну. Адзін зь яе падпісчыкаў напісаў, што гэтую вайсковую акругу «паднялі па трывозе, а зь Пермі ў Астрахань паехалі».
«Ну перавозяць тэхніку, далей што? Раней ганялі проста цягнікі з тэхнікай, каб замежную выведку заблытаць. І цяпер вярнуліся да гэтага ж мэтаду», — піша іншы карыстальнік.
Занепакоенасьць і адначасова гонар
Некаторыя карыстальнікі называюць вайсковыя эшалёны магутнасьцю Расеі, іншыя выказваюць занепакоенасьць.
- «Дай Божа здароўя ўсім, хто паехаў на гэтыя вучэньні. Але, мне здаецца, ні хр...а гэта не вучэньні».
- «Усё будзе добра. Сынок зь Белагорску 7 чысла паехаў. Гэта вучэньні. Мне дзядзечка зь вельмі вялікімі зоркамі з Масквы, сябар сям’і, сказаў спаць спакойна».
- «У мяне сынок у Лесазаводзку (Прыморскі край РФ. — РС) служыць, таксама паехалі. Толкам нічога не сказаў. Сказаў, нельга. Таксама перажываю».
- «Нашым сказалі, што таксама ў Беларусь. У мяне пытаньне — чаму на Далёкім Усходзе не правесьці вучэньні?»
«Вы самыя магутныя і моцныя, нашы сыны! Мы вас любім, і ўсё будзе добра!»
У адказ на гэта іншая карыстальніца запытала: «А чаму вы дзяцей адпраўляеце на сьмерць? Навошта?».
Карыстальнікі называюць расейскія гарады і рэгіёны, зь якіх адпраўляюць іхных сваякоў-вайскоўцаў на вучэньні ў Беларусь і да межаў Украіны — Забайкальскі край, Бурація, Омск, Новасібірск, Барнаул, Алтайскі край, Бірабіджан, Кузбас, Камсамольск, Цюмень, Тальяці. Многія не разумеюць, навошта і куды перакідаюць такую колькасьць баявой тэхнікі.
Але сярод вайскоўцаў пануе патрыятызм. «Мы едзем. За вас, родныя, за Расею!».
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.