Расейская служба Радыё Свабода і Conflict Intelligence Team у сумесным расьсьледаваньні расказваюць, куды прыбываюць з усходу краіны расейскія падразьдзяленьні і што гавораць родныя салдат і афіцэраў, якія адпраўляюцца ў «камандзіроўку», а таксама самі вайскоўцы.
У панядзелак, 17 студзеня, Аляксандр Лукашэнка анансаваў сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Саюзная рашучасьць — 2022», якія павінны адбыцца ў лютым на тэрыторыі Беларусі. Расейская ваенная тэхніка, якую незалежныя дасьледчыкі заўважалі на відэароліках у сацсетках, сапраўды паступова прыбывае ў Беларусь — але толькі частка яе ідзе да заяўленых для вучэньняў палігонаў. Іншая частка спынілася на паўдарогі, пад Гомлем, у раёне, які знаходзіцца ўсяго за 40 кілямэтраў ад Чарнігаўскай вобласьці Ўкраіны і за 90 — ад Кіеўскай.
Экспэрты Conflict Intelligence Team адзначалі, што раней перакіданьне войскаў не суправаджалася масавай перавозкай асабовага складу — колькасьць пасажырскіх вагонаў для вайскоўцаў у эшалёнах прыкладна адпавядала колькасьці вайскоўцаў, якія патрэбныя для абслугоўваньня тэхнікі і аховы палігонаў. За апошні тыдзень у ціктоку зьявілася некалькі новых відэа, у тым ліку зьнятых падчас праезду эшалёнаў праз Хабараўск і Яўрэйскую аўтаномную вобласьць. Запісы адрозьнівае ад іншых тое, што яны сталі вельмі папулярнымі ў гэтай сацсетцы і сабралі сотні камэнтароў.
Практычна ў кожным другім зь іх сваякі і сябры кантрактнікаў пішуць пра іх адпраўку «у камандзіроўку» і «на вучэньні». Большасьць паведамляе, што пунктам прызначэньня зьяўляецца «Беларусь», іншыя пішуць, што іх знаёмых і родных адправілі «ва Украіну» ці «на ўкраінскую мяжу».
Якія відэа вывучалі?
Практычна ўсе прыведзеныя намі камэнтары знойдзены пад трыма відэазапісамі з вайсковай тэхнікай. Кожная з гэтых трох публікацый зьмяшчае некалькі соцень камэнтароў, якія мы ўважліва вывучылі і праверылі. У мэтах бясьпекі аўтараў камэнтароў мы не прыводзім спасылкі на арыгінальныя ролікі, камэнтары, профілі аўтараў. Мы гатовыя даць арыгінальныя зьвесткі без цэнзуры іншым СМІ або журналістам для вэрыфікацыі выяўленай намі інфармацыі.
Мы таксама ўступілі ў перапіску зь некаторымі з аўтараў гэтых камэнтароў, каб даведацца — якія часткі і куды адпраўляюцца з Далёкага Ўсходу. Мы не выдавалі сябе за іншых людзей, а на пытаньне, чаму нас цікавіць такая інфармацыя, адказвалі, што журналісты. Нават пасьля гэтага некаторыя з суразмоўцаў ахвотна працягвалі дыялёг.
З камэнтароў ясна, што многія маці і жонкі вайскоўцаў занепакоеныя лёсам сваіх родных: дзясяткі людзей, якія пішуць аб адпраўцы сваіх блізкіх на захад, не хаваюць, што баяцца пачатку вайны Расеі з Украінай. Гэтую занепакоенасьць можна зразумець: у 2014 годзе многія вайскоўцы, якія прыяжджалі ў Данбас, даведваліся аб тым, што знаходзяцца не на «вучэньнях», у самы апошні момант.
Камэнтары могуць служыць толькі ўскосным сьведчаньнем на карысьць вэрсіі пра адпраўку ваенных «ва Ўкраіну» або для «вайны з Украінай» — жыхары Хабараўску, Бірабіджану, Уладзівастоку і іншых расейскіх гарадоў, у якіх у сем’ях ёсьць вайскоўцы, гэтак жа глядзяць тэлевізар і абмяркоўваюць навіны, як і любыя іншыя людзі. Многія камэнтатары, у тым ліку тыя, хто спасылаецца на інфармацыю ад камандзіраў падразьдзяленьняў, пішуць аб адпраўцы не ва Ўкраіну як такую, а на «украінскую мяжу» — што ня супярэчыць вэрсіі аб «беларускіх вучэньнях».
Радыё Свабода і Conflict Intelligence Team супаставілі дадзеныя з камэнтароў і зьвесткі, атрыманыя зь перапіскі з іх аўтарамі, зь іншымі сьведчаньнямі адпраўкі расейскіх вайсковых падразьдзяленьняў, знойдзенымі раней у адкрытых крыніцах.
З Забайкальля да Берасьця — за 11 дзён
18 студзеня жонка аднаго з вайскоўцаў напісала карэспандэнту Радыё Свабода, што эшалён, зь якім 7 студзеня выехаў з гораду Борзя Забайкальскага краю яе муж, знаходзіцца ўжо ў беларускім Берасьці. Шлях з Забайкальля да Берасьця, такім чынам, заняў у гэтага эшалёна ўсяго 11 дзён. У профілі гэтага вайскоўца ў сацыяльнай сетцы «УКантакце», які знайшло Радыё Свабода, указана, што з 2014 году ён служыць у вайсковай частцы 06705, якая належыць да 36-й асобнай гвардзейскай мотастралковай брыгады.
Карыстальніца ціктоку з горада Завіцінск Амурскай вобласьці, якая напісала ў камэнтары, што яе адзіны сын едзе «у камандзіроўку на мяжу Расеі», удакладніла ў перапісцы з Радыё Свабода, што ваенныя эшалёны адпраўляліся тры дні запар — з 9 па 11 студзеня. Іх прыбыцьцё «пад Бранск», паводле яе слоў, чакаецца да канца месяца:
Вяртаньне «баявых буратаў»
Камэнтары ў ціктоку актыўна пакідаюць і самі кантрактнікі, якія едуць у эшалёнах, якія трапілі на відэа на захад. Некаторыя зь іх, як вынікае ь іх профіляў і пастоў, служаць у падразьдзяленьнях згаданай у сувязі са сьцягваньнем Расеяй войскаў да ўкраінскай мяжы 5-й асобнай танкавай брыгады — гэта тыя самыя «баявыя бураты Пуціна», якія «праславіліся» у 2014-2015 гадах удзелам у вайне на Данбасе.
У прыватнасьці, на захад едуць вайскоўцы 64-й мотастралковай брыгады ў Млечніку, Хабараўскі край. У 2015 годзе іх таксама ўжо перакідвалі за тысячы кілямэтраў ад месца дысьлякацыі — у Растоўскую вобласьць.
Як распавяла Радыё Свабода яшчэ адна з камэнтатараў паста ў ціктоку, яе муж служыць танкістам у 69-й асобнай казачай брыгадзе прыкрыцьця, дысьлякаванай у вёсцы Бабстава Яўрэйскай аўтаномнай вобласьці.
Радыё Свабода таксама ўдалося высьветліць, што ў складзе сілаў, якія перавозяцца на захад, ёсьць вайскоўцы 14-й асобнай гвардзейскай інжынэрнай брыгады, дысьлякаванай у Хабараўскім краі.
Яшчэ адзін цікавы камэнтар са словамі «заўтра пагрузка ў нас» быў пакінуты карыстальнікам, які ў сваім акаўнце выклаў відэа танкаў Т-72Б узору 1985 году. Зь іншага ціктоку гэтага ж карыстальніка вынікае, што гаворка ідзе пра 114-м гвардзейскі мотастралковы поўк, дысьлякаваны ва Ўсурыйску.
Спэцназ «для паказухі»
Адным з неабходных элемэнтаў маштабных вучэньняў (ці вайны, асабліва калі ёсьць неабходнасьць утрымліваць пад кантролем населеныя пункты) зьяўляецца вайсковая паліцыя. Як вынікае з камэнтароў у ціктоку, яе службоўцы таксама адпраўляюцца з эшалёнамі ў заходнім кірунку.
«На вучэньні ў Беларусь» перакідваюць і спэцназ. На нашае паведамленае адказала жанчына, якая раней напісала ў камэнтарах пад відэа з ваенным эшалёнам пра адʼезд мужа ў «камандзіроўку». Яна паведаміла, што гэта ня першая яго «вылазка» «з Расеі» — зрэшты, яна сьцьвярджае, што краіну ён на самой справе не пакідаў, а езьдзіў «для паказухі» на мяжу з Украінай:
Мы знайшлі профіль гэтай жанчыны ва «УКантакце», а празь яго — профіль яе мужа, які выкладваў у сябе на старонцы фота параднага шыхтаваньня «блакітных бэрэтаў» на Краснай плошчы. Месца жыхарства жанчыны — Хабараўск. Можна выказаць здагадку, што яе муж служыць у 14-й асобнай брыгадзе спэцназу (раней такія брыгады зваліся «брыгадамі спэцназу ГРУ»): брыгады спэцназу носяць форму паветрана-дэсантных войскаў.
Аналітыкам CIT удалося таксама знайсьці ў інтэрнэце відэазапісы з пагрузкай і перавозкай тэхнікі, тыповай для падразьдзяленьняў спэцназу (напрыклад, з бронеаўтамабілямі «Тыгр»). Частка відэазапісаў была зьнятая пры пагрузцы ў Хабараўску, частка — ужо падчас руху цягніка ў Сібіры:
«Спачатку ў Маскву, потым на Ўкраіну»
Дзяўчына з Уладзівастоку ў камэнтарах пад адным зь відэа ў ціктоку выказала ўпэўненасьць, што яе хлопец едзе «не на вучэньні». На пытаньне Радыё Свабода яна адказала, што маладога чалавека адпраўляюць «на Ўкраіну», не сказаўшы, адкуль у яе такая інфармацыя. У далейшым яна ўдакладніла, што ён служыць у «дэсантна-штурмавым батальёне», і ў адным з наступных паведамленьняў пацьвердзіла меркаваньне, што гаворка ідзе пра 155-ю асобную брыгаду марской пяхоты.
Як нагадваюць аналітыкі CIT, марская пяхота таксама ўдзельнічала ў вайне з Украінай у 2014-2015 гадах — напрыклад, 61-я асобная брыгада марской пяхоты Паўночнага флёту. Аб тым, што Ціхаакіянскі флёт ВМФ Расеі, штаб якога знаходзіцца ва Ўладзівастоку, прыцягнуў 155-ю асобную брыгаду марской пяхоты да перакідкі з усходу на захад, сьведчаць і іншыя знойдзеныя CIT камэнтары ў ціктоку.
«Тэхніка заводзіцца праз раз»
Хутка перакінуць з Далёкага Усходу ў Беларусь або да заходніх межаў Расеі вялікую колькасьць асабовага складу — няпростая задача, калі вырашаць яе толькі з дапамогай чыгуначнага транспарту. Некаторыя камэнтары паказваюць на тое, што вайскоўцаў будуць адпраўляць самалётамі (падчас нядаўняй апэрацыі ў Казахстане расейскае войска паказала, што можа з гэтым пасьпяхова справіцца). Радыё Свабода не ўдалося знайсьці незалежных пацьверджаньняў выкарыстаньня авіяцыі пры перакідцы войскаў з Далёкага Ўсходу да ўкраінскіх межаў ці ў Беларусь.
На паведамленьне Радыё Свабода адгукнуўся таксама адзін з вайскоўцаў, які цяпер, як вынікае зь ягонага камэнтару, ужо больш як тыдзень едзе ў ваенным эшалёне з Далёкага Усходу на захад. Ён распавёў, што палова тэхнікі, якая перавозіцца, «заводзіцца праз раз», а мэта «камандзіроўкі» — «пастаяць для пантоў».
У перапісцы з журналістам Радыё Свабода малады чалавек удакладніў, што служыць у 38-й асобнай мотастралковай брыгадзе ў пасёлку Кацярынаслаўка Амурскай вобласьці, адкуль, як зафіксавалі ў CIT, за апошні месяц было адпраўлена некалькі эшалёнаў, якія трапілі на відэа. У іх складзе можна адзначыць рэактыўныя сыстэмы залпавага агню БМ-21 «Град», якія таксама ўжываліся ў расейска-украінскай вайне ў 2014–2015 гадах.
Па словах нашага суразмоўцы, «плюсаў» камандзіроўкі два: ім і яго таварышам выдалі новае абмундзіраваньне і аўтаматы Калашнікава АК-12 (узору 2012 году) замест АК-74 (узору 1974 году).
Атрыманая Радыё Свабода і Conflict Intelligence Team інфармацыя сьведчыць, што ў апошнія месяцы з Далёкага Ўсходу на захад (на захад Расеі ці ў Беларусь) перакідваюцца часткі, безь якіх цяжка ўявіць сабе поўнамаштабную ваенную апэрацыю: вайсковая паліцыя, дэсант, спэцназ. Гэтыя войскі ўдзельнічалі і ў актыўнай фазе расейска-украінскага канфлікту 2014-2015 гадоў.
У камэнтарах пад відэа таксама часта сустракаюцца фразы, якія сьведчаць аб колькасьці вайскоўцаў, якія адпраўляюцца: «700 чалавек», «амаль усе кантрактнікі», «сотні салдат». Акрамя таго, сумесныя расейска-беларускія вучэньні заяўленыя на пэрыяд з 10 па 20 лютага, тады як у большасьці камэнтароў родныя і блізкія вайскоўцаў пішуць, што камандзіроўка працягнецца 6-9 месяцаў.
Як пішуць у сваёй частцы гэтага расьсьледаваньня аналітыкі CIT, гэта сьведчыць, што па меншай меры зь некаторых злучэньняў Усходняй ваеннай акругі да межаў з Украінай перакідваюць значную частку асабовага складу, а ня толькі тэхніку — і што гэтыя падразьдзяленьні могуць затрымацца ў Беларусі і/ці на захадзе Расеі на параўнальна доўгі тэрмін.